Аляксандра ГЕРАСІМЕНЯ: “Не я выбірала плаванне — яно выбрала мяне”

Кожны сам выбірае сваю дарогу, але здараецца так, што жыццё падказвае і накіроўвае чалавека да вяршынь. Сённяшняя госця праекта “Мая школа” — неаднаразовая пераможца міжнародных спаборніцтваў па плаванні, уладальніца тытулаў “Спартсмен года Беларусі” і “Каралева спорту”, трохразовы прызёр Алімпійскіх гульняў Аляксандра ГЕРАСІМЕНЯ.

— Аляксандра, раскажыце пра тое, дзе вы вучыліся.

— Мае школьныя гады прайшлі ў некалькіх школах. Спачатку вучылася ў школе, што была непадалёк дома, — мінскай сярэдняй школе № 159. Там я вучылася да 5 класа. У 2 ці 3 класе нас чамусьці расфарміравалі, я стала вучыцца з іншымі навучэнцамі. У 5 клас прыйшлося пайсці ў іншую школу. Я ўжо актыўна займалася спортам і шмат трэніравалася — патрэбна была школа каля басейна. Так я стала вучаніцай 125-й мінскай школы, у якой вучылася да 8 класа, а пасля пайшла ў вучылішча алімпійскага рэзерву.

— Змена калектыву — заў­сёды стрэс. Як спраўляліся?

— Я вельмі камунікабельны чалавек і вельмі лёгка знаходжу кантакт з любой кампаніяй. Таму, відаць, змена асяроддзя для мяне не была праблемай. Тым больш што, калі перайшла ў спартыўны клас, асноўным колам зносін сталі менавіта сябры па камандзе, з якімі разам трэніраваліся. Стасункі былі заснаваны на агульных спартыўных інтарэсах. Дарэчы, шмат з кім да гэтага часу засталіся сяброўскія зносіны.

— У школьныя гады, напэўна, на першым месцы быў спорт?

— Канечне. Школьныя заняткі адыходзілі на другі план. Я зрабіла выбар, і таму акцэнт быў на спартыўных дасягненнях. Але і да вучобы ў школе ў мяне была жалезная матывацыя: бацькі сказалі, што калі я стану скочвацца ў вучобе, то мяне адразу забяруць у звычайную школу, пра спорт прыйдзецца забыцца. Яны ведалі, што такое вялікі спорт (бацькі маюць дачыненне да спорту — тата быў майстрам спорту міжнароднага класа па лёгкай атлетыцы). Ён разумеў, што спорт, асабліва калі ты выходзіш на высокі ўзровень, патрабуе шмат часу. Таму мне паставілі такую ўмову, аднак я не сказала б, што было цяжка вучыцца.

Я вельмі любіла гуманітарныя прадметы: мову, літаратуру — пераказы і сачыненні не ўяўлялі цяжкасцей. Дамашнія заданні паспявала зрабіць яшчэ на ўроку. Ды і матэматыка, нават у старэйшай школе, не выклікала праблем. А вось фізіка і хімія не былі самымі любімымі прадметамі, але я не завастрала на гэтым увагу, разумеючы, што ў будучай прафесійнай дзейнасці мне гэта не спатрэбіцца.

— Каго з настаўнікаў памятаеце?

— Маёй першай настаўніцай была Ніна Фёдараўна Шаршавіцкая. Яна жыла ў нашым доме і была ўжо ва ўзросце. Добра памятаю, што яе пастаянным атрыбутам была высокая прычоска.

У школе не вельмі любіла гісторыю, таму шмат прыхо­дзілася проста механічна завучваць. У старшых класах была настаўніца гісторыі, якая настолькі лёгка даносіла патрэбную інфармацыю, што нават захапіла мяне сваім прадметам. Было проста і цікава.

Ужо  ў вучылішчы класным кіраўніком у нас быў настаўнік матэматыкі Міхаіл Іванавіч Гушча. Ён разумеў, што мы найперш спартсмены і што мы шмат трэніруемся. Часам ён казаў (ці жартам, ці ўсур’ёз): “Можаце пайсці на заднія парты і крыху паспаць…” Хаця ў прынцыпе з матэматыкай мы сябравалі.

На спорт затрачвалася шмат сіл, але я заўсёды імкнулася знаходзіць баланс з вучобай. З раніцы мы трэніраваліся, потым з іншага канца горада прыязджалі ў вучылішча на заняткі, пасля — яшчэ адна трэніроўка. Шмат часу гублялася на пераезды. Зараз я на такія подзвігі ўжо не падпісалася б. З узростам хочацца добра патрэніравацца і якасна адпа­чыць. У тыя часы гэта была жорсткая сістэма: я павінна была рэгулярна трэніравацца і адначасова вучыцца. Іншых варыянтаў не было.

— Вы скончылі ўніверсітэт фізкультуры і эканамічны ўніверсітэт, а яшчэ вучыліся ў Magna Carta College Oxford. Што вам дало навучанне ў замежнай ВНУ?

— Навучанне ў замежных ВНУ вельмі моцна адрозніваецца ад нашых універсітэтаў. Я прывыкла да запланаванай рэгулярнай дзейнасці. Свабодны рытм брытанскіх навучальных устаноў аказаўся не па мне — прывыкла ставіць тэрміны і выконваць канкрэтныя задачы. Але несумненнай карысцю было тое, што я вельмі добра падцягнула англійскую мову. У мяне былі актыўныя зносіны на англійскай мове з абсалютна рознымі людзьмі. Менавіта тады я зразумела, што такое акцэнт і наколькі яны адрозніваюцца. Рускамоўныя людзі, гаворачы па-англійску, разумеюць адно аднаго, а носьбіты іншых моў гавораць інакш (са сваім акцэнтам), хоць і на англійскай таксама, і па першым часе зразумець іх было вельмі складана.

Аляксандра Герасіменя з мужам беларускім плыўцом Яўгенам Цуркіным.

— Недзе чытаў, што вы пайшлі ў плаванне, бо аднойчы з сястрой ледзь не патанулі.

— Зразумела, што пайшла ў плаванне я не з-за гэтага. Хаця сапраўды ў дзяцінстве танула амаль 2 разы.

— Амаль?..

— Адзін раз сапраўды танула, і мяне ўжо шукалі пад вадой. Тады была зусім маленькая, гадоў 5—6. Мы з сяброўкай трапілі ў падводную яму. Але гэтага я не памятаю. Памятаю, як была ў вадзе і як потым ужо на беразе. Тады ўсё абышлося — выратаваў тата. Другі раз здарэнне было на той самай рэчцы ў вёсцы. Мы з сястрой адны, без бацькоў, гулялі каля рэчкі. Я стаяла на беразе. Захацелася пакратаць пясочак на дне. Але была паводка, я ніяк не магла дакрануцца да дна. Нахілялася ўсё больш і раптам павалілася ў ваду. Тады з вады дастала сястра. Атрымліваецца, я і не танула, але ў ваду ўвалілася.

— Чаму ўсё ж выбралі плаванне?

— Гэта не я выбірала плаванне, а яно выбрала мяне. Усё атрымалася выпадкова. Ваду я любіла з дзяцінства. З 2 класа частка ўрокаў фізкультуры праходзіла ў басейне, што мне вельмі падабалася. І калі ў 4 класе сябар неяк прапанаваў пайсці разам з ім у басейн, я пагадзілася (я не ведала, што тады праходзіў набор у секцыю па плаванні). Я хуценька ўзяла купальнік і шапачку і пайшла.

У групе я аказалася на год старэйшай, чым усе астатнія. Але з-за таго, што да гэтага займалася танцамі, я была падцягнутая і спартыўная — падышла па параметрах. А праз год прапанавалі пайсці ў спартыўны клас.

Аляксандра Герасіменя з мужам беларускім плыўцом Яўгенам Цуркіным.

Танцавала ў ансамблі “Мульцік”. Мне вельмі падабалася. І першы год я адначасова хадзіла і на трэніроўкі, і на рэпетыцыі. У такім рытме стала моцна стамляцца. Нарэшце прыйшлося выбіраць. Я разумела, што эстрадныя танцы — гэта прыгожа і цікава, але бесперспектыўна, таму засяродзілася на плаванні.

— Хто быў вашымі першымі трэ­нерамі?

— Не так даўно, дарэчы, успамінала сваіх першых трэнераў: Алену Уладзіміраўну Клімаву і Вольгу Сяргееўну Яскевіч. Яны не проста трэніравалі нас, а вучылі  жыццю. Былі не толькі трэніроўкі, але і гутаркі, лекцыі, якія тычыліся нашага віду спорту. Мы глядзелі відэа заплываў вядомых спартсменаў, разбіралі тэхнічныя моманты. Гэта сапраўды натхняла. Мы беглі на трэніроўку, каб паказваць свае максімальныя вынікі. Хадзілі ў паходы, разам святкавалі дні нараджэння. Узаема­дзеянне было вельмі цесным.

У нас была сапраўдная вялікая сям’я. І сёння, праз шмат гадоў, калі многія адышлі ад спорту і займаюцца зусім іншымі рэчамі, мы падтрымліваем зносіны. Нават на дзень сустрэчы выпускнікоў мы сустракаемся не з тымі, з кім вучыліся ў школе, а з сябрамі, якіх звязвае плаванне.

— Якую перамогу вы можаце ­згадаць як першую?

— Гэты быў чэмпіянат горада. Праходзіў ён яшчэ ў старым басейне “Трактар”. Басейн быў з глыбокай чашай (палова — звычайная, а палова — для скачкоў у ваду). Я вельмі баюся вышыні, і глыбіня для мяне была амаль тым жа самым. На размінцы я даплывала да сярэдзіны, разварочвалася і плыла назад, бо баялася плыць на глыбіню. Але ж на спаборніцтвах трэба было праплыць 100 метраў: 4 разы па 25 метраў. Прыйшлося змагацца з сабой: набралася смеласці, ­зажмурыла вочы і пераплыла.

Але на гэтым цяжкасці не скончыліся. Тумбачкі на краі басейна былі абліцаваны пліткай. Даюць каманду “На старт!”. Я станаўлюся на тумбачку, паслізгваюся… і падаю ў ваду. Першай думкай была: “Відаць, мяне здымуць з дыстанцыі за фальстарт”. Але мне прабачылі і прапанавалі скокнуць у ваду з борціка. Выступіла тады добра: першай не стала, але атрымала першы ў маім жыцці сярэбраны медаль. Прыемна было яшчэ і тое, што ў той дзень за спаборніцтвамі назіраў мой тата.

Аляксандра Герасіменя і славуты беларускі оперны спявак Уладзімір Громаў падчас перадачы эстафеты агню “Полымя міру” ў Навагрудку.

— Калі ўпершыню ўзялі ўдзел у Алімпійскіх гульнях?

— Гэта быў 2008 год, Пекін. Атрымалася так, што я адабралася ў алімпійскую зборную першай — гэтаму я не ­здзівілася, бо доўга ішла да гэтай мэты, мела добрыя вынікі і нядрэнную форму. Я разумела, што да медаля мне яшчэ далекавата, але за выхад у фінал можна пазмагацца (у прынцыпе, так і выйшла).

Памятаю гэтую паездку. Пасля прызямлення самалёта нас сустракаў вялізны традыцыйны кітайскі дракон. Потым было знаёмства з Кітаем, яго культурай, алімпійскай вёскай. Было адчуванне лёгкай эйфарыі. Бура эмоцый.

— Што адчувае чалавек, які стаіць на алімпійскім п’едэстале?

— У кожнага свае пачуцці. У мяне адчуванні былі абсалютна розныя. Падчас падрыхтоўкі да заплыву, у час заплыву знаходзішся ў стане эмацыянальнага напружання. Самыя моцныя эмоцыі — падчас фіналу заплыву. А калі ўзыходзіш на п’едэстал, ты ўжо эмацыянальна спустошаны. Унутры эмоцыі віруюць, але выказаць іх у цябе проста няма сіл. Але праходзіць нейкі час — накатваюць эмоцыі ад перамогі.

— Вы з’яўляецеся ўладальніцай вялікай колькасці нацыянальных рэкордаў. Прычым часцей за ўсё білі свае ж рэкорды. Цікава спаборні­чаць з сабой?

— Апошнім часам, асабліва на нацыянальным чэмпіянаце, мне так і прыходзіцца рабіць. На жаль, да апошняга часу не было сапернікаў, з якімі б можна было змагацца за месца, таму я змагалася з часам. Без гэтага ніяк. Барацьба заўсёды пачынаецца з сябе.

Калі мы выходзім на фінальны заплыў, не глядзім адна на адну, як дзеці. Выходзячы на старт, выконваеш тое, што ты напрацаваў за шмат гадоў. Я стаю і бачу канчатковую мэту, і мяне не хвалюе, што адбываецца вакол.

— Пройгрыш у сотыя долі секунды не крыўдны?

— Можна колькі заўгодна гаварыць сабе, што можна было лепш, але… Адбылося тое, што адбылося. Адзінае, што адбываецца абавязкова, — гэта аналіз заплыву, разбор памылак і хібаў, абмеркаванне таго, што можна было б палепшыць. Няма ні аднаго рэкорду, які б чалавек не мог пабіць. На тое ён і спорт. Самае галоўнае — удасканальваць сябе ў галаве, даць магчымасць сабе паверыць, што ты можаш гэта зрабіць. Усе “стопы” — толькі ў нашай галаве.

— Як ставіцеся да тытулаў “Спартсмен года Беларусі” і “Каралева спорту”, якімі вы былі ўганараваны ў 2011 годзе?

— “Спартсмен года” прысуджаецца за найлепшыя вынікі за пэўны перыяд. У 2011 годзе я якраз выйграла чэмпіянат свету на “каралеўскай” дыстанцыі (100 метраў вольным
стылем). Гэта стала сенсацыяй. Узнагарода была вельмі нечаканай, але прыемнай. На мяне сталі звяртаць больш увагі. Па версіі газеты “Прэсбол” я яшчэ стала лепшай жанчынай-спартсменкай і атрымала тытут “Каралева спорту”.

— Вы з’яўляецеся шматразовым прызёрам Алімпійскіх гульняў, але першую прыступку алімпійскага п’едэстала пакуль што не адолелі. Ці не крыўдна быць другой?

— Крыўдна быць чацвёртай… Каму не хочацца быць першым? Але ты разумееш, што ты атрымаў тое, што заслужыў і на што гатовы зараз. Зрабіў памылку — твае праблемы. Можаш хутчэй, але не праплыў, — твае праблемы. Значыць, ёсць той, хто хутчэйшы за цябе. Гаварыць “я магу” і не зрабіць не мае сэнсу… Магчыма, я таксама магла ўзяць “золата”, але зрабіла памылку… Памылку вартасцю ў залаты алімпійскі медаль.

— Спартыўныя балельшчыкі памятаюць гісторыю з вашай дыскваліфікацыяй у 2003 годзе. Як гэта адбылося і як вы потым знайшлі сілы вярнуцца ў вялікі спорт?

— Даўно гэта было. Усё вельмі проста. У той час допінг-афіцэры мелі права заявіцца ў любы момант і ўзяць пробы на допінг. Мы да гэтага ставіліся абсалютна спакойна: прыхо­дзяць — няхай сабе прыходзяць. І вось аднойчы пасля такога наведвання прыйшоў адказ, што мая допінг-проба аказалася станоўчай. Сказаць, што мы былі ў шоку, — значыць не сказаць нічога. Сталі разбірацца і спісваць на памылку тэста але другая проба таксама была станоўчай. Апраўдвацца і аспрэчваць сэнсу не было. Мы сапраўды не ведалі, адкуль што ўзялося.

— Кажуць, што з таго часу вы не п’яце ваду з адкрытых бутэлек…

— Тады мы харчаваліся цэнтралізавана, бывала, ежу нам прыносілі раней, чым мы прыходзілі. Акрамя гэтага, мы звычайна сядзелі кожны на сваім месцы. І той, хто захацеў мяне падставіць, разлічыў усё вельмі граматна. Пасля таго я ніколі не саджуся на адно і тое ж месца і не ем тое, што прынесена раней.

Было цяжка. Мне было 17 — вельмі прадуктыўны ўзрост, калі вынікі раслі самі, таму што ішоў натуральны рост арганізма. Я была ў вельмі добрай форме, быў рэзервовы год на падрыхтоўку. Чаканая Алімпіяда ў Афінах абяцала добрыя вынікі — ва ўсялякім выпадку за медаль я магла б па­змагацца.

Спачатку дыскваліфікацыя была на 4 гады. І калі б нічога не памянялася, то, магчыма, я пайшла б са спорту, бо 4 гады трэніравацца без мэты няма сэн­су. Але, на шчасце, у гэты час перагле­дзелі правілы і перыяд дыскваліфікацыі скарацілі да 2 гадоў.

— Ці адчулі ўздзеянне прэпарату, якім вас наўмысна “падкармілі”?

— Яшчэ да допінг-пробы трэнеры сталі заўважаць, што на трэніроўках у мяне пагоршыліся вынікі, стала цяжка трэніравацца фізічна. Ніхто не мог зразумець, што адбываецца: толькі што ўсё было добра, а тут рэзка памянялася. Нервавалася і я, і трэнеры. Я вельмі моцна схуднела. І калі спачатку мы не маглі зразумець прычын гэтага, то пасля ўсё стала на свае месцы…

Допінг не прынёс карысці. Доза гарманальнага прэпарату, які мне падсыпалі, была настолькі вялікай, што амаль паўтара года я аднаўлялася, каб выйсці на вынікі, якія мела да гэтага здарэння.

— Фестываль плавання “Залатая рыбка” — гэта ваша ідэя?

— Сёння праводзіцца шмат спаборніцтваў для дзяцей і падлеткаў: “Снежны снайпер”, “300 талентаў для Каралевы” і інш. Плаванне да некаторага часу ў гэтым плане не было прадстаўлена. І было вырашана распрацаваць такі праект для юных плыўцоў.

Думалі, як зрабіць, каб гэта былі не проста дзіцячыя спаборніцтвы, каб далучыць да плавання як мага больш людзей. Адной з нашых фішак стала сямейная эстафета. Ідэя прыжылася, і з цягам часу ­колькасць сем’яў-удзельніц істотна павялічылася. Фінал, на які з’язджаюцца пераможцы абласных этапаў, праходзіць у розных гарадах і на розных водна-спартыўных аб’ектах. Заснавальнікамі фестывалю плавання “Залатая рыбка” на прызы Аляксандры Герасімені сталі  Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскі цэнтр фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў і Беларуская федэрацыя плавання. Сёлета фестываль “Залатая рыбка” пройдзе ўжо шосты раз.

— Што ў вас пераважае — дзеючы спартсмен ці трэнер?

— Мне даводзіцца часта мець зносіны і з дарослымі, і з дзецьмі, таму пастаянна неабходна ўдасканальваць свае педагагічныя навыкі. Я дыпламаваны трэнер (скончыла БДУФК), але з цягам часу разумею, што вопыт напрацоўваецца гадамі.

Калі пачынала працаваць з дзецьмі, часам была ў стане панікі, бо не ведала, што з імі рабіць. Але пачынаеш працаваць — і многія рэчы прыходзяць самі сабой. Як і настаўнік, трэнер — чалавек творчай прафесіі. Безумоўна, ён павінен прытрымлівацца навуковых распрацовак — без гэтага ніяк. Але толькі выкананне дакладных указанняў карысці таксама не прынясе. Няма двух аднолькавых спартсменаў, і да кожнага патрэбны свой падыход, нават аднолькавую інфармацыю трэба даваць па-рознаму.

— Ці азіраецеся ў педагагічнай дзейнасці на сваіх трэнераў?

— У мяне не так многа вопыту, і я пастаянна цікаўлюся новым. А што да работы маіх трэнераў, то мне заўсёды было цікава, навошта мы робім нейкія практыкаванні на трэніроўках — задавала шмат пытанняў трэнерам. І трэнеры тлумачылі.

Мне трэба заўсёды пабудаваць у галаве пэўны ланцужок, навошта ўсё гэта патрэбна. Простага паўтарэння мне недастаткова. Зараз, калі я разумею, што пэўныя практыкаванні сёння “не ідуць”, я, ведаючы канчатковыя мэты, магу прапанаваць трэнеру альтэрнатыўны варыянт трэніроўкі. Тэорыя тэорыяй, а практыка практыкай.

— Чаму вас навучыў спорт?

— Найперш — выкананню пэўнага рэжыму для дасягнення высокіх вынікаў, дысцыпліне і самадысцыпліне. Трэба было прымусіць сябе кожны дзень рана ўстаць. Ды і без самаарганізаванасці таксама далёка не пойдзеш. Гэтыя выпрацаваныя за шмат гадоў якасці зараз вельмі дапамагаюць.

— У колькі зараз прачынаецеся?

— У 6 гадзін раніцы.

— Гэта вынік выпрацаванага рэжыму?

— Не. (Смяецца.) Гэта з-за дачкі — Соф’і зараз 9 месяцаў. Я з задавальненнем паспала б гадзін да 9.

— Чым зараз займаецеся, акрамя выхавання дачкі?

— Зараз трэніруюся і трэнірую дзетак. Развіваю свой спартыўны клуб — “Клуб плавання Аляксандры Герасімені”. Праводзім не толькі заняткі і спаборніцтвы па плаванні, але і майстар-класы для трэнераў і плавальныя летнікі. Ёсць некалькі праектаў, у якіх я таксама ўдзельнічаю. Адзін з іх — “Спорт-інклюзія”, у рамках якога мы навучаем плаванню дзяцей з аўтызмам. Таксама ёсць шмат дабрачынных праектаў, у якіх я прымаю ўдзел. Асаблівых прыярытэтаў у дабрачыннасці ў мяне няма: дапамагаю тым, каму гэта са­праўды патрэбна.

— Вы, як і многія іншыя славутыя спартсмены Беларусі, удзельнічалі ў эстафеце агню “Полымя міру” напярэдадні II Еўрапейскіх гульняў. Якія пачуцці былі ў той час, калі вы неслі факел?

— Пачуцці былі незвычайныя. Гэта было вельмі цікава: я была не адна. Мы былі камандай, якая выконвала сваю адказную місію са святочным і радасным настроем. Гэта быў першы вопыт такога кшталту і, спадзяюся, не апошні.

— Ваш від спорту па аб’ектыўных прычынах не быў уключаны ў
праграму Еўрапейскіх гульняў. Каго з беларускіх спартсменаў падтрымлівалі?

— Мне цікавы ўсе віды спорту, тым больш што шмат у якіх нашы спартсмены добра сябе паказваюць. Вельмі прыемна назіраць за перамогамі нашых хлопцаў і дзяўчат. Я з задавальненнем сачу за гімнастыкай — гэта вельмі прыгожы від спорту, люблю гля­дзець бокс. Што тычыцца лёгкай атлетыкі, то гэта від спорту, у якім кожны можа выбраць напрамак на свой густ. Што да гульнявых відаў спорту — яны па-за канкурэнцыяй. Гэта заўсёды відові­шча і азарт.

— Якія мэты зараз ставіце перад сабой?

— Пакуль у мяне няма глабальных мэт. З нараджэннем дзіцяці прыярытэты мяняюцца. Зараз Соф’я ў мяне на першым плане. Пра сябе таксама не забываю: трэніруюся, ­удзельнічаю ў шматлікіх праектах.

— А вялікі спорт?

— Паглядзім…

Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота з архіва Аляксандры ГЕРАСІМЕНІ.