Альянс адукацыі і грамадскіх ініцыятыў

- 10:46Адукацыйная прастора

Тэма развіцця адукацыі ў мэтах дасягнення ўстойлівага развіцця днямі загучала з міжнароднай трыбуны. У Бухарэсце завяршыўся III Азіяцка-еўрапейскі форум па адукацыі, які праходзіў пад эгідай ЮНЕСКА. У абмеркаванні праблем у адукацыі ўзялі ўдзел дэлегацыі з 34 краін — ад ЗША і Мексікі да Японіі і Індыі. Гэта старшыні нацыянальных асацыяцый ці федэрацый клубаў ЮНЕСКА, члены клубаў, прадстаўнікі міністэрстваў адукацыі, кіраўнікі і выкладчыкі вышэйшых навучальных устаноў, супрацоўнікі бізнес-кампаній, настаўнікі, студэнты. Прадстаўнікамі Беларусі сталі старшыня беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА віцэ-прэзідэнт Еўрапейскай федэрацыі асацыяцый, цэнтраў і клубаў ЮНЕСКА Дзмітрый Субцэльны, прарэктар па навукова-метадычнай рабоце МГІРА Аксана Талкачова і журналіст “Настаўніцкай газеты”.

У пошуках агульнага рашэння

На двух папярэдніх форумах, якія праходзілі ў 2013 і 2014 гадах у Кітаі, абмяркоўваліся тэмы этыкі і ўдасканалення полікультурнай адукацыі. Тэмай сёлетняга форуму, які ўпершыню праходзіў на еўрапейскай глебе, стала “Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця”. Гэтая тэма актыўна абмяркоўваецца ва ўсім свеце на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, у межах нацыянальных і міжнародных рабочых груп, міністэрстваў адукацыі і грамадскіх аб’яднанняў, у розных краінах і рэгіёнах планеты ўкараняюцца вучэбныя курсы, рыхтуюцца канцэпцыі і даклады, але распрацоўка глабальных і рэгіянальных узгадненняў у гэтым кірунку пачалася толькі ў апошнія гады. У ЮНЕСКА 2005—2014 гады былі аб’яўлены ААН Дзесяцігоддзем адукацыі для ўстойлівага развіцця. Дарэчы, старт гэтай ініцыятыве дала менавіта Рэспубліка Беларусь. Вітаючы ўдзельнікаў форуму, міністр адукацыі і навуковых даследаванняў Румыніі Сорын Міхай Чымпіяна зазначыў: “Тэма адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця набыла міжнародны маштаб невыпадкова. Ад таго, наколькі нашы сістэмы адукацыі будуць прытрымлівацца яе прынцыпаў, залежыць уменне моладзі адаптавацца ў зменлівым соцыуме. Галоўнае ў стратэгіі Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН — стварыць эфектыўную сістэму адукацыі на ўсіх узроўнях — ад дашкольнай адукацыі да дактарантуры, ад фармальнай да нефармальнай адукацыі, ад пачатковай і бесперапыннай адукацыі да перападрыхтоўкі спецыялістаў на працягу ўсяго іх жыцця. Усе гэтыя аспекты адукацыі ахапіла арганізацыя ЮНЕСКА, якая стала кансалідуючым звяном паміж сістэмамі адукацыі ва ўсім свеце. Мы вельмі зацікаўлены ў глабальным прасоўванні ініцыятывы ЮНЕСКА і наладжванні ўзаемадзеяння і партнёрства”.
Згодна з рашэннем ААН, развіццё адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця было цэнтральным прыярытэтам да 2015 года. І ўдзельнікі форуму на працягу трох дзён дзяліліся, чаго ім удалося дасягнуць у гэтым кірунку. Тэмамі выступленняў сталі альянс цывілізацый, развіццё міжкультурнай адукацыі і шматмоўя. Было прадстаўлена шмат праектаў, накіраваных на забеспячэнне доступу да адукацыі ўсіх груп насельніцтва, развіццё партнёрства паміж установамі адукацыі і бізнес-структурамі, інавацый на рынку працы. Але, па меркаванні выступоўцаў, са зменай календара гэтыя задачы не павінны страціць актуальнасці, хоць наступныя 10 гадоў аб’яўлены ААН Дзесяцігоддзем збліжэння культур. Па меркаванні Дхірэндры Бхатнагара, прэзідэнта Сусветнай федэрацыі ЮНЕСКА, упор трэба будзе зрабіць і на рэалізацыю інклюзіўнай адукацыі ва ўсіх краінах, якаснай бесперапыннай адукацыі, дасягненні гендарнай роўнасці, засяродзіцца на рэалізацыі права на адукацыю дзяўчынак і жанчын.

Культура аб’ядноўвае

Гэтая тэма аб’яднала ў адну секцыю выступоўцаў з Іспаніі, Італіі, Кітая, Японіі і іншых краін. Так, выкладчык з Кітайскай Народнай Рэспублікі ўпэўнены, што канфуцыянства — спадчына не толькі для кітайскага народу, але і для ўсяго чалавецтва. Гэта стала прычынай заснавання ў КНР Неаінстытута канфуцыянства, ідэя якога — распаўсюджваць літаратурную спадчыну і філасофію Канфуцыя ў Еўропе.
Культура аб’ядноўвае — такога прынцыпу прытрымліваюцца ў Казахстане, дзе культурныя праекты — галоўны і, бадай, адзіны кірунак у рабоце іх 37 клубаў ЮНЕСКА. Сабіна Чугаева, генеральны сакратар Казахстанскай нацыянальнай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА, паведаміла:
“У 2013 годзе ў нас была прынята праграма развіцця “Будучыня пачынаецца сёння”, разлічаная на два гады. У яе межах у нас праводзіцца шмат творчых конкурсаў. Напрыклад, наш праект “Дзеці малююць мір” па выпуску альбомаў малюнкаў падтрымалі каля 40 краін свету. Ён доўжыцца ўжо 16 гадоў, і цяпер у ім прымаюць удзел 5 краін: Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан, Туркменістан і Узбекістан. Яго ўдзельнікамі раз у два гады становяцца каля 25 тысяч дзяцей ад 3 да 17 гадоў, якія захапляюцца любымі відамі творчасці: жывапісам, прыкладным і ювелірным мастацтвам, судна- і авіямадэляваннем і інш. У межах праекта для яго 12—17-гадовых удзельнікаў праводзіцца фестываль у Астане, на якім на працягу тыдня для іх ладзяцца майстар-класы ад мэтраў у галіне мастацтва з Цэнтральнай Азіі, блізкага і далёкага замежжа. Акрамя таго, у межах гэтага фестывалю праходзяць трэнінгі і лекцыі па культуры свету, талерантнасці, развіцці лідарскіх якасцей”.
Шмат праектаў, накіраваных на аб’яднанне прадстаўнікоў розных культур, былі прадстаўлены румынамі. Так, праблемай аб’яднання прадстаўнікоў розных культур, у прыватнасці еўрапейскіх, Румынская нацыянальная камісія па справах ЮНЕСКА занялася яшчэ ў 2009 годзе. Тады ж тут быў створаны культурны цэнтр, прысвечаны еўрапейскай ідэнтычнасці, і пачаты праект “Метамарфозы”. На мінулым тыдні паралельна з форумам у Бухарэсце прайшла шостая па ліку сустрэча студэнтаў у межах праекта “Метамарфозы”. Гэты праект штогод збірае разам моладзь на вялікі фестываль, падчас якога студэнты з розных краін вывучаюць культуру, архітэктуру, мастацтва адно аднаго і знаходзяць не толькі асаблівасці, але і агульныя рысы. Сёлета на працягу сямі дзён удзельнікі праводзілі майстар-класы па гатаванні сваіх нацыянальных страў, а таксама гатавалі ў інтэрнацыянальных групах. Акрамя кулінарных майстар-класаў, была арганізавана экскурсія ў нямецкую пякарню ў Бухарэсце, дзе можна было паспрабаваць сябе ў якасці прафесійнага пекара і спячы нямецкі чорны хлеб.
Як адзначыла Ана Думітрэску, спецыяліст сектара культуры ЮНЕСКА ў Румыніі і кіраўнік праекта, узаемнае пазнанне і ўзаемапранікненне паміж багатымі і еўрапейскімі нацыянальнымі культурамі прыводзіць да збліжэння і ўсведамлення агульнасці каранёў і інтарэсаў, адкрытасці. Знікаюць не толькі фармальныя бар’еры паміж дзяржавамі Еўрасаюза, але і будуецца агульная мультыкультурная прастора.
Па меркаванні вядомага румынскага пісьменніка і настаўніка Васіле Гіка, знікненню бар’ераў і адкрытасці паміж людзьмі спрыяе і дыялог. Як настаўнік і пісьменнік ён паспрабаваў наладзіць яго ў сістэме адукацыі праз кнігу — “Магчымы дапаможнік для школьнай адукацыі”. Аўтар правёў інтэрактыўнае даследаванне на аснове анкет навучэнцаў і высветліў іх погляды на такія паняцці, як “талерантнасць”, “дружба”, “каханне”, “шчырасць”, “гонар”, “патрыятызм”, “насілле”, “рэлігія”. Свае адносіны да гэтых разважанняў і адказы на іх Васіле выказваў афарызмамі. Кнізе была прысуджана 1-я прэмія у Рэспубліканскім конкурсе педагагічнай творчасці, яна перавыдавалася ўжо 4 разы. А самі афарызмы Васіле Гіка часта карыстаюцца папулярнасцю ў іншых краінах і перакладзены на турэцкую, італьянскую, іспанскую, французскую, арабскую і іншыя мовы свету.
Пра выхаванне асобы ва ўмовах полікультурнага асяроддзя ў сваім выступленні гаварыла прарэктар па вучэбна-метадычнай рабоце МГІРА Аксана Талкачова. Яна адзначыла, што беларусы складаюць 77,9 працэнта ад агульнай колькасці насельніцтва ў краіне, а астатнія — прадстаўнікі 130 нацыянальнасцей, і расказала, як рэалізоўваецца полікультурная адукацыя на гарадскім узроўні. У прыватнасці, гэты крытэрый выступае адным з галоўных на конкурсах прафмайстэрства, шырока прадстаўляецца на адукацыйных выставах, выязных семінарах, фестывалях, міжнародных праектах, падчас кансультавання і павышэння кваліфікацыі. Аксана Уладзіміраўна адзначыла, што вялікая роля ў працэсе полікультурнай і грамадзянскай адукацыі належыць БелАЮ. У прыватнасці, адна з чатырох галоўных праграм арганізацыі — праграма “Культура свету”. У яе межах у Беларусі праводзяцца ролевыя гульні па мадэляванні ААН, лінгвістычныя лагеры па вывучэнні размоўных замежных моў, валанцёрскія лагеры на гістарычных, культурных і прыродных аб’ектах, рэалізоўваюцца маладзёжныя ініцыятывы ў галіне вывучэння і папулярызацыі беларускай культуры і культуры іншых краін.
У размове пра перспектывы супрацоўніцтва сістэмы адукацыі і БелАЮ Аксана Талкачова зазначыла: “Пасля падпісання Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж МГІРА і БелАЮ, якое адбылося ў красавіку, мы пачалі планаваць сумесныя праекты з удзелам устаноў адукацыі краіны і міжнароднымі партнёрамі. Нашы настаўнікі не заўсёды ведаюць, чым займаюцца клубы ЮНЕСКА, у прыватнасці не ведаюць, што яны могуць уключаць сваіх навучэнцаў у іх праграмы і вучыцца самі на шматлікіх курсах у БелАЮ. Цяпер на курсах павышэння кваліфікацыі мы маем магчымасць расказваць нашым слухачам пра праекты ЮНЕСКА, накіраваныя на вырашэнне праблем выхавання, удасканаленне полікультурнай адукацыі, работу з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, арганізацыю валанцёрскай дзейнасці, работу з дзецьмі з асацыяльнымі паводзінамі”.

Беднасць і беспрацоўе пераможа шарыкавая ручка

Не перастае гучаць тэма ліквідацыі непісьменнасці. У сваёй Дэкларацыі тысячагоддзя ад 8 верасня 2000 года ААН сярод найважнейшых арыенціраў устойлівага развіцця цывілізацыі ў якасці галоўнага з іх пазначыла скарачэнне і выкараненне беднасці ва ўсім свеце, зрабіўшы асноўны ўпор на дасягненне ўсеагульнай пісьменнасці і доступу да якаснай адукацыі. І сапраўды, сёння не проста пісьменны, але толькі добра адукаваны чалавек здольны зразумець сапраўдныя, надзейна схаваныя ад недасведчанага позірку, глыбінныя прычыны беднасці і эканамічнай няроўнасці як асобных людзей, так і цэлых краін, рэгіёнаў і кантынентаў планеты. Сёння стала відавочным, што выкараненне беднасці праз усеагульную пісьменнасць і адукацыю — не толькі актуальная і высакародная, але і неверагодна маштабная і складаная задача, паколькі, нягледзячы на вельмі энергічныя і паслядоўныя намаганні, якія прымаюцца ААН і ЮНЕСКА для яе вырашэння, дасягнутыя поспехі даволі сціплыя. Безумоўна, доступ да адукацыі ва ўсіх краінах часткова змог бы знізіць сённяшнюю праблему з эмігрантамі, асабліва з краін Афрыкі. Аднак гэтая задача і дагэтуль застаецца актуальнай.Вырашыць гэтую праблему прызвана нефармальная адукацыя. Актыўна ў гэтым кірунку працуе Грэцыя. Як адзначыў Яніс Мараніціс, прадстаўнік клуба ЮНЕСКА ў Грэцыі, ролю шматмоўя ў барацьбе з беднасцю і беспрацоўем пераацаніць складана, але ў Грэцыі сацыяльна-эканамічны крызіс перашкодзіў многім студэнтам працягваць вывучэнне замежных моў. Таму яго клуб ЮНЕСКА стварыў сацыяльную структуру, якая аб’яднала дынамічную групу валанцёраў-настаўнікаў. Яны штодзень праводзяць бясплатныя моўныя курсы для грамадзян.У Румыніі праблема адукацыі асабліва актуальная ў дачыненні да дзяцей з сельскай мясцовасці. Тут шмат ізаляваных вёсак, жыхары якіх не атрымалі нават агульнай адукацыі, а постуніверсітэцкую адукацыю маюць менш як 3 працэнты маладых людзей. Прычыны гэтага — дрэннае абсталяванне і некваліфікаваныя работнікі ў сельскіх школах, недахоп часу на падрыхтоўку ўрокаў, абмежаваны доступ да інтэрнэту і тэлебачання, у прыватнасці, да праграм навуковых інфармацыйных каналаў, адлегласць да школы, адсутнасць бібліятэк. Усё гэта не дае магчымасці вучыцца і рабіць кар’еру. Таму ў Румыніі, дзякуючы клубам ЮНЕСКА, нефармальная адукацыя таксама набыла актуальнасць. У прыватнасці, самыя перспектыўныя дзеці адбіраюцца для ўдзелу ў адукацыйных курсах у розных сферах.
Яшчэ пра адзін з варыянтаў вырашэння гэтай праблемы расказаў Вернэр Браўн, старшыня эканамічнага клуба Германіі. Ён прадставіў сістэму дуальнай адукацыі, якая набыла вялікую папулярнасць у Германіі. Яе сутнасць у адначасовым навучанні і працоўнай дзейнасці на рабочых спецыяльнасцях. Па словах выступоўцы, раней абітурыенты пазбягалі такога віду прафесійнай падрыхтоўкі, бо лічылі, што пасля вучылішча будзе складана атрымаць перспектыўную высокааплатную работу. Але сістэма дуальнай адукацыі, дзе рыхтуюцца спецыялісты выключна па заказе работадаўцаў, даказала адваротнае. І цяпер у нямецкіх навучальных установах высокія конкурсы на паступленне і сярод мясцовых, і сярод замежных абітурыентаў. Для таго каб падрыхтаваць кваліфікаваных работнікаў сярод грамадзян Румыніі, спецыялісты эканамічнай школы Германіі ў 2012 годзе ў румынскім горадзе Брашове адкрылі першую сучасную прафесійную школу, якая па ўзроўні адукацыі суадносіцца з нашымі ўстановамі прафтэхадукацыі. Цяпер у ёй атрымліваюць адукацыю 493 студэнты па 5 кваліфікацыях. У мінулым навучальным годзе конкурс на паступленне склаў 6 чалавек на месца, а сярод абітурыентаў былі выхадцы з 7 краін. Паказальным з’яўляецца і тое, што 94 працэнты выпускнікоў гэтай навучальнай установы атрымалі працоўныя месцы.

Індыйскі падыход вырашэння агульных праблем

Адным з самых яркіх было выступленне члена канфедэрацыі асацыяцый і клубаў ЮНЕСКА Індыі Сінг Сарабджыт Чына. Яна прадставіла ў цэлым дасягненні Індыі ў галіне адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця: “З пачатку мінулага стагоддзя тэмп развіцця паскорыўся ў розных аспектах чалавечага жыцця — эканоміцы, адукацыі, ахове здароўя і г.д. Несумненна, развіццё прамысловасці лічыцца паказчыкам дабрабыту ў краіне, але ён мае свае негатыўныя пабочныя эфекты, напрыклад, забруджванне водных аб’ектаў, шкодныя выкіды ў атмасферу і г.д. Возьмем за прыклад сельскую гаспадарку, якая з’яўляецца крыніцай не толькі прадуктаў харчавання, але і сыравіны для прамысловасці. Каб задавальняць попыт насельніцтва, які вельмі расце, прыходзіцца прымяняць вялікую колькасць хімічных рэчываў. Гэтыя рэчывы трапляюць у паветра, ваду і глебу, робяць таксічнай ежу, што прыводзіць да розных захворванняў. Існуе неабходнасць у такой сістэме адукацыі, якая з маленства дае дзецям веды пра ўстойлівае развіццё з улікам экалагічнага балансу. Гэта павінна быць часткай вучэбнай праграмы адукацыі на ўсіх узроўнях адукацыі”.
Падтрымала яе і настаўніца з Індыі Хар’яна Лубс: “Балюча ўсведамляць, што сёння больш за чвэрць чалавецтва жыве ва ўмовах хранічнай беднасці, цяжкіх гуманітарных крызісаў, выкліканых міжнароднымі і ўнутранымі канфліктамі, дэградацыяй навакольнага асяроддзя і зменамі клімату, у выніку — частымі выпадкамі прыродных катастроф, якія пагражаюць чалавеку і ставяць ва ўмовы выжывання. Абавязковыя адукацыйныя праграмы павінны ставіць сваімі задачамі даць навучэнцам паглыбленае разуменне праблем і іх прычын, уменне іх прагназаваць і мець паўнамоцтвы прымаць меры па іх папярэджанні, выхаванне ў духу суперажывання, пераарыентацыю чалавечых каштоўнасцей з матэрыяльных на агульначалавечыя, мужнасць не баяцца прымаць культурныя адрозненні. А ў цэнтры адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця павінна быць спагада і эмпатыя да прадстаўнікоў іншых культур”.
Індыйская дэлегацыя расказала пра дзясяткі праектаў, у якіх школьнікі азеляняюць паркі і двары, ператвараючы пустэчы ў зялёныя аазісы, праводзяць ачышчэнне вады, захоўваюць жыцці жывёлам і аберагаюць іх ад насілля з боку чалавека; засяродзіліся на аспектах жорсткай дрэсіроўкі сланоў у цырках. У сістэме адукацыі Індыі ствараюцца школы жыцця, дзе дзеці праходзяць курсы агульнай медыцынскай падрыхтоўкі. Для дзяўчынак, якія ніколі не вучыліся, наладжана навучанне, прадстаўлены цэлы спектр алімпіяд і творчых конкурсаў, дзе дзеці могуць рэалізавацца.

Новыя кантакты — новыя вынікі

Нягледзячы на тое, што ў межах форуму беларуская дэлегацыя прадставіла толькі праграму кірунку “Культура свету”, яго ўдзельнікі намнога больш ведаюць пра дзейнасць Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА. Наша краіна адна з нямногіх, дзе актыўна прасоўваюцца адразу 4 праграмы: “Культура свету”, “Здаровы лад жыцця”, “Нефармальная адукацыя” і “Інфармацыя і камунікацыя”. І за межамі выступленняў вопыт Беларусі актыўна вывучаўся многімі замежнымі дэлегатамі. Але, тым не менш, як адзначыў старшыня Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА віцэ-прэзідэнт Еўрапейскай федэрацыі асацыяцый, цэнтраў і клубаў ЮНЕСКА Дзмітрый Субцэльны, нам ёсць чаму павучыцца і што пазычыць у калег. “Для нас была вельмі цікавая практыка выдачы пашпартоў членаў клубаў ЮНЕСКА, якія распаўсюджваюцца ў навучальных установах і грамадскіх арганізацыях Японіі, — гаворыць Дзмітрый Юр’евіч. — Гэта дазваляе валанцёрам, якія прымаюць удзел у праектах у галіне культуры, адукацыі і навукі, выдаваць ім дакументы з пячаткай, дзе будзе прапісвацца іх дзейнасць на працягу ўсяго іх жыцця. І мы ўжо абмяркоўваем пытанне выпуску і ўкаранення такіх пашпартоў у Беларусі. Яны будуць выдавацца пад эгідай Беларускай і Сусветнай федэрацыі клубаў ЮНЕСКА на беларускай і англійскай мове для таго, каб у наш мабільны час людзі маглі прадстаўляць іх не толькі ў сябе на радзіме, але і за мяжой, напрыклад, падчас вучобы ці работы”.
У межах маладзёжнага ўзаемадзеяння падчас праекта “Метамарфозы”, у якім Беларусь прадстаўляла студэнтка БДУКіМ Настасся Скалабан, узнікла ідэя партнёрскіх адносін паміж Беларуссю і Партугаліяй па стварэнні маладзёжнага праекта. Зараз абмяркоўваецца яго змест і тое, якая частка будзе праходзіць на тэрыторыі Беларусі, а якая — на тэрыторыі Партугаліі. Хутчэй за ўсё гэта будуць трэнінгі і семінары ў галіне ўстойлівага развіцця з маладзёжнымі абменамі і далучэннем экспертаў з двух бакоў. Магчыма, да праекта далучыцца Італія, дзе больш за 150 клубаў ЮНЕСКА, абмяркоўвацца будзе і ўдзел Расійскай Федэрацыі ці Казахстана.
У межах форуму прайшло і пасяджэнне выканаўчага камітэта Сусветнай федэрацыі клубаў ЮНЕСКА. На ім Дзмітрый Субцэльны агучыў ініцыятывы па стварэнні ў межах федэрацыі камунікатыўнай пляцоўкі і тэматычнага камітэта “Моладзь”, які ў межах сусветнага руху будзе курыраваць БелАЮ. Галоўным вынікам пасяджэння стала тое, што ў лістападзе 2016 года кангрэс Еўрапейскай і Паўночна-Амерыканскай федэрацыі клубаў, цэнтраў і асацыяцый ЮНЕСКА ўпершыню пройдзе ў Мінску. Ён праводзіцца раз у 4 гады, і стаць пляцоўкай для яго правядзення ганарова для любой краіны.

Святлана НІКІФАРАВА.