Амаль гейзер

- 9:34Год гістарычнай памяці

Працягваем праект“Крыніцы зямлі беларускай”

Крыніцу “Ясянец” лёгка адшукаць у лагчыне, якая парасла лесам, паміж вёскамі Ясянец і Пруды, што ў Баранавіцкім раёне.

Гэтая крыніца належыць да тых, што рэдка сустракаюцца ў Беларусі. На дне запоўненай вадой лагчыны глыбінёй 13—16 метраў, “прарэзанай” некалі ледніком, з-пад зямлі б’юць, нібы кіпяць, адразу некалькі крыніц. Чатыры крыніцы-выхады размешчаны крыжнакрыж, а пятая — наўскос. Разам яны ўтвараюць праваслаўны крыж, падымаючы на паверхню разам з вадой пясок і бурбалкі газу. Верагодна, таму ў народзе крыніцу называюць “Кіпень”. А можа, яшчэ і таму, што вада ў ёй летам здаецца халоднай, а зімой — цёплай.

Вада ў крыніцы бясколерная, мяккая, смачная, мае яўны мінеральны прысмак, спецыфічны пах серавадароду. Па словах мясцовых жыхароў, яна доўга захоўваецца, валодае гаючымі ўласцівасцямі. Даныя хімічнага аналізу паказваюць на высокую колькасць жалеза і медзі. Крыніца добраўпарадкаваная, асвячоная, мае статус гідралагічнага помніка прыроды мясцовага значэння. Да яе вядзе дарожка са ступенькамі.

Ля крыніцы ўсталяваны праваслаўны крыж, на якім ёсць надпіс: “Крыніцу асвяціў 09.06.2006 г. а. Сергій, настаяцель прыхода храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы в.Паручын”.

Ля крыніцы ўсталяваны праваслаўны крыж, на якім ёсць надпіс: “Крыніцу асвяціў 09.06.2006 г. а. Сергій, настаяцель прыхода храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы в.Паручын”. І далей ідзе малітва: “Господи, благослови и освяти воду сию и всем приемлющим её даждь быти во здравие и изменение всякия страсти и недуга и во исцеления всякия болезни”.

Тэмпература ў крыніцы на працягу года пастаянная — каля 9 градусаў. Від “беларускага гейзера” зачароўвае — на крыніцу можна глядзець бясконца, назіраючы, з якой жыццёвай энергіяй вада выходзіць на паверхню. Гэта выдатнае месца для адпачынку ад гарадской мітусні і шуму. Лясная цішыня, журчанне вады…

Дарэчы, месца тут асаблівае, мемарыяльнае. Побач з крыніцай раней знаходзілася радавое гняздо апошняга канцлера Вялікага Княства Літоўскага Іахіма Храптовіча, які ўвайшоў у гісторыю як паэт і грамадскі дзеяч. Сядзібу акружаў парк, у якім раслі ў асноўным дрэвы мясцовых парод. У гэтых мясцінах знаходзіўся раней маёнтак Тугановічаў, адкуль паходзіла муза паэта Адама Міцкевіча Марыля Верашчака. Да гэтага часу захаваўся парк, дзе паэт прызначаў спатканне сваёй каханай.

Тут, каля так званага Філарэтава каменя, збіраліся і члены тайнага таварыства філарэтаў, беларускіх патрыётаў, у якое ўваходзіў Адам Міцкевіч. На жаль, і палац, і парк былі разбураны пасля Другой сусветнай вайны. Зараз Туганавіцкі парк, своеасаблівы прыродна-архітэктурны ансамбль мінулага, які ўпрыгожваў гэтую мясцовасць, аднаўляецца.

Алена ХАРАШЭВІЧ.