Амаль трэць атлетаў сталі стыпендыятамі другі год запар

- 11:25Інфармацыйная гадзіна

У Нацыянальным алімпійскім камітэце Беларусі адбылася цырымонія ўручэння пасведчанняў 253 перспектыўным спартсменам і трэнерам, якія вылучаны цэнтральным саветам рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання “Прэзідэнцкі спартыўны клуб” для атрымання імянных стыпендый у 2019 годзе.

Сярод 209 спартсменаў, якія ўвайшлі ў спіс, 161 прызёр найбуйнейшых міжнародных спаборніцтваў. З іх 67 атлетаў сталі стыпендыятамі другі год запар.

Найбольшых поспехаў на міжнародных спаборніцтвах дабіліся Эдуард Зязюлін (цяжкая атлетыка), які заваяваў чэмпіёнства Еўропы сярод юніёраў, дзюдаіст Арцём Коласаў, на яго рахунку дзве залатыя ўзнагароды юнацкіх Алімпійскіх гульняў у Буэнас-Айрэсе. Самым юным стыпендыятам стала васьмігадовая чэмпіёнка свету і Еўропы па шахматах у сваёй узроставай катэгорыі Кацярына Зубкоўская. Усяго ў ліку стыпендыятаў Прэзідэнцкага клуба прадстаўнікі 35 відаў спорту.

Звяртаючыся да спартсменаў, старшыня цэнтральнага савета Прэзідэнцкага спартыўнага клуба Дзмітрый Лукашэнка адзначыў высокія вынікі беларускіх атлетаў на міжнародных спаборніцтвах і пажадаў не спыняцца на дасягнутым. “Я рады, што краіна багатая на таленты. Нашы спартсмены рэгулярна паднімаюцца на п’едэсталы міжнародных спаборніцтваў. Няхай вашы дасягненні ў далейшым стануць не толькі вынікам вашай працы, але і нашай сумеснай работы. Галоўнае, каб цяперашнія поспехі не сталі вяршыняй, а з’явіліся зыходнай кропкай у кар’еры”, — сказаў ён.

У цырымоніі ўручэння імянных стыпендый прынялі ўдзел першы віцэ-прэзідэнт НАК Андрэй Асташэвіч, міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук, алімпійская чэмпіёнка па мастацкай гімнастыцы Марына Лобач.

Сярэдні памер стыпендыі спартсменам складзе Br7487 у год, трэнерам — Br8 тысяч у год.

Стыпендыі Прэзідэнцкага спартыўнага клуба будуць выплачвацца атлетам і трэнерам на працягу ўсяго 2019 года і дапамогуць у падрыхтоўцы да наступных буйных стартаў таленавітых беларускіх спартсменаў.