Амбіцыйная і складаная задача — зрабіць успрымальнымі да інавацый традыцыйныя галіны эканомікі

Савет па развіцці лічбавай эканомікі прапрацуе прапановы па стварэнні адпаведнага міністэрства. Аб гэтым заявіў прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў на першым пасяджэнні Савета, паведамілі ў прэс-службе беларускага ўрада.

Андрэй Кабякоў, пад старшынствам якога прайшло пасяджэнне, адзначыў, што для рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сферы лічбавай трансфармацыі неабходна фарміраваць у краіне цэласную сістэму кіравання гэтымі працэсамі. “Менавіта таму прэзідэнтам даручана ўраду ўнесці прапановы па стварэнні моцнага і эфектыўнага міністэрства ў гэтай сферы, дэталёва вывучыць і падлічыць усе аспекты работы такой структуры. І сёння на першым пасяджэнні савета перад намі стаіць задача прапрацаваць і ўнесці прапановы аб стварэнні такога міністэрства”, — сказаў ён.

Прэм’ер-міністр падкрэсліў, што задача па ператварэнні Беларусі ў ІТ-краіну прадугледжвае глабальнае асваенне новых лічбавых тэхналогій ва ўсіх сферах жыцця грамадства і эканомікі. “Органам дзяржаўнага кіравання, сістэме адукацыі, рэгулятарам розных сфер дзейнасці трэба будзе карэнным чынам перабудаваць сваю работу. Важны крок намі ўжо зроблены. Падпісаны ў канцы мінулага года дэкрэт аб развіцці лічбавай эканомікі стварае беспрэцэдэнтныя для нашай краіны прававыя ўмовы для работы ІТ-індустрыі. І мы разлічваем, што паспяховая апрабацыя шэрага заканадаўчых норм на базе Парка высокіх тэхналогій дасць магчымасць у будучыні паспяхова перанесці гэты вопыт на эканоміку ў цэлым”, — адзначыў Андрэй Кабякоў.

Пры гэтым, паводле яго слоў, ІТ-сфера, тэлекамунікацыі, сувязь — толькі малая частка эканомікі, якую трэба будзе пераўтварыць. “Перад намі амбіцыйная і складаная задача — зрабіць успрымальнымі да інавацый традыцыйныя галіны: прамысловасць, сельскую гаспадарку, транспартную сістэму”, — сказаў прэм’ер-міністр.

Андрэй Кабякоў звярнуў увагу на тое, што паспяховае развіццё лічбавай эканомікі не зводзіцца толькі да тэхналагічнага аспекту, а ў значнай ступені залежыць ад эфектыўнага адміністравання пераўтварэнняў, якое павінна ўпісвацца ў агульную сістэму дзяржаўнага кіравання, мець найвышэйшую гібкасць, здольнасць рэагаваць на змяненні знешніх умоў. “Зыходзячы з разумення гэтых задач, па даручэнні кіраўніка дзяржавы быў створаны наш Савет па развіцці лічбавай эканомікі, які стане стратэгічным цэнтрам кіравання працэсамі лічбавай трансфармацыі. У склад савета ўключаны прадстаўнікі вядучых дзяржаўных органаў, адказных за правядзенне дзяржаўнай палітыкі ў гэтай сферы, а таксама тых, у веданні якіх сёння знаходзяцца найбольш крытычныя для паспяховага ўкаранення лічбавых тэхналогій сістэмы. Не выпадкова і ўключэнне ў склад савета прадстаўнікоў бізнесу. У свеце новых тэхналогій погляд на кожную праблему з вашага боку бачыцца надзвычай каштоўным”, — сказаў кіраўнік урада.

Паводле яго слоў, з улікам важнасці і складанасці вырашэння праблем лічбавізацыі пасяджэнні савета будуць праводзіцца не радзей аднаго разу ў квартал, а пры неабходнасці і часцей.