Ананімна і эфектыўна

- 11:52Сацыяльны ракурс

У спіс Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі ўнесена больш за 60 рэабілітацыйных цэнтраў для нарказалежных. Здаецца, ён не зусім поўны, бо я не знайшла ў ім сацыяльна-рэабілітацыйнага аддзялення для падлеткаў, схільных да розных відаў наркатычнай залежнасці. Спіс, канечне, лёгка дапоўніць, а нам асабліва цікава, што аддзяленне адкрыта на базе сацыяльна-педагагічнага цэнтра з прытулкам Першамайскага раёна Мінска. Адбылося адкрыццё ў кастрычніку 2015 года па рашэнні Мінгарвыканкама.

Зусім нядаўна давялося пачуць аповед супрацоўнікаў цэнтра аб выніках іх работы. За мінулы час аддзяленне выпусціла 7 чалавек, якія цалкам прайшлі праграму рэабілітацыі. І, па словах яго супрацоўнікаў, скаргаў на сваіх выпускнікоў яны не атрымлівалі, а за лёсамі гэтых дзяўчат і хлопцаў сочаць пастаянна.

Усяго ж за час існавання цэнтра, які адкрыты ў рэжыме эксперымента, да тутэйшых спецыялістаў звярнулася больш за сто чалавек, 86 з іх непаўналетнія, астатнія — бацькі залежных падлеткаў, двое з якіх прайшлі поўны курс спецыяльных заняткаў. Калі камусьці падасца, што гэта зусім нямнога, то мушу паспрачацца: вы, напэўна, не ведаеце, наколькі гэта складаная справа — рэабілітацыя нарказалежных і псіхалагічная падтрымка іх родных. Зараз у аддзяленні праходзяць рэабілітацыю 11 чалавек. Праграма рэабілітацыі разлічана на 6 месяцаў, але яе тэрмін можа быць прадоўжаны. Дапамога абсалютна бясплатная.

Педагог-псіхолаг Віялета Міхайлоўская (адна з двух псіхолагаў сацыяльна-рэабілітацыйнага аддзялення) падкрэслівае, што работа арганізавана па праграме другаснай прафілактыкі наркаманіі для непаўналетніх, якія эпізадычна ўжываюць немедыцынскія наркатычныя сродкі, і падлеткаў, якія схільны да дэвіянтных паводзін. Зрэшты, тут працуюць і з тымі, хто злоўжывае таксічнымі рэчывамі, алкаголем. Зразумела, работнікі аддзялення супрацоўнічаюць з іншымі спецыялістамі, у тым ліку з урачамі-нарколагамі. Ідэальны жаданы вынік, безумоўна, — вяртанне падлеткаў да паўнацэннага здаровага жыцця.

Вельмі важнымі складнікамі работы аддзялення мне падаецца прынцып ананімнасці і гатоўнасць прымаць людзей з любога раёна сталіцы, а не толькі з Першамайскага. Так, пасля выступлення на круглым стале В.В.Міхайлоўскай, яе калегі С.М.Пальшынай і дырэктара СПЦ А.А.Шалаевай да іх звярнулася каардынатар аднаго з цэнтраў, дружалюбных да падлеткаў, з просьбай прыняць на рэабілітацыю дзяўчынку, якая ні за што не пагодзіцца лячыцца, раскрыўшы сваё імя. Ды і яе бацькі катэгарычна супраць любой агалоскі, магчымых сустрэч з суседзямі, знаёмымі, але ўсе пры гэтым імкнуцца да рэабілітацыі. Таму ананімнае аддзяленне якраз для іх. Працуе яно з панядзелка да пятніцы з 8.00 да 20.00, у суботу — з 9.00 да 15.00. Адрас: вуліца Цікоцкага, 59, нумар тэлефона 380-46-52. Магчыма, гэтая інфармацыя каму-небудзь зараз вельмі патрэбна.

Да таго ж нават самых замкнёных падлеткаў аддзяленне прыцягвае тым, што спецыялісты імкнуцца да раскрыцця творчага патэнцыялу сваіх падапечных, іх унутраных рэзерваў, павышэння самаацэнкі, да фарміравання новых узаемаадносін у сям’і і з навакольнымі, развіцця камунікатыўных навыкаў, зніжэння ўзроўню трывожнасці, умення ацэньваць, кантраляваць, канструктыўна вырашаць праблемныя сітуацыі. А магчымасць раскрыцца праз творчасць і падняць сваю самаацэнку, наладзіць адносіны з бацькамі, аднагодкамі — якраз той кручок, на які можна зачапіць самага яршыстага падлетка.

Пасля завяршэння карэкцыйнай праграмы праводзіцца другасная псіхадыягностыка падлеткаў, псіхолагі складаюць рэкамендацыі для непаўналетніх, іх бацькоў і педагогаў. Здаецца, эксперымент удаўся.

Марына ХІДДЖАЗ.