Анас Альхадж Хусейн: “Лепшай краіны не знайсці”

Ён не друкуе візітовак і не любіць публічнасці. Калегі і студэнты звяртаюцца да яго проста: доктар Анас. І ён ніколі не адмаўляе людзям, якія звяртаюцца па дапамогу, бо лічыць прафесію ўрача святой.

Урачы вучацца ўсё жыццё. Калі развівацца ў адным вузкім напрамку, не паглядаць ні ўлева, ні ўправа, ні ўверх, ні ўніз, цягнік цывілізацыі прамчыць міма. Кожны дзень у навуцы з’яўляецца нешта новае, і за гэтым неабходна сачыць: навед­ваць канфе­рэнцыі, кангрэсы ў краінах блізкага і далёкага замежжа. Вельмі важна мець дадатковую эксперыментальную і навуковую базу. Гэта пашырае магчымасці ля­чэння.

Асістэнт кафедры оталарынгалогіі з курсам афтальмалогіі Анас Альхадж Хусейн працуе ў Гомельскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце больш за 10 гадоў. Сам ён родам з Сірыі, нарадзіўся і вырас пад горадам Алепа ў сям’і ўрача. Бацька і дзед доктара Анаса былі педыятрамі, таму пытанне прафесійнага самавызначэння перад хлопцам не стаяла. Увесь вольны час ён право­дзіў у бацькоўскім кабінеце. Вельмі любіў завітаць і да сябра бацькі — афтальмолага: там было цікавае абсталяванне, а Анаса з дзяцінства цягнула да тэхнікі.

Як склалася, што сірыйскі хлопец стаў грамадзянінам Беларусі, і ці рады ён такому павароту лёсу? Пра гэта і многае іншае мы запыталіся ў доктара Анаса на яго працоўным месцы — у аддзяленні мікрахірургіі вока Рэспублікан­ска­га навукова-практычнага цэнтра радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека.

— Доктар Анас. Раскажыце, калі ласка, якім быў ваш шлях у Беларусь?

— Адразу пасля школы мы са знаёмым паступілі на падрыхтоўчае аддзяленне Кішынёўскага ўнівер­сітэта, вывучалі там рускую мову. Зараз я валодаю арабскай, англій­скай, нямецкай, турэцкай, рускай мовамі і яшчэ вельмі цікаўлюся беларускай. У Ерэване скончыў дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, пасля некаторы час працаваў разам з бацькам у Сірыі, займаўся педыятрыяй. Аднак мяне ўсё роўна цягнула да афтальмалогіі.

У пошуках моцнай школы накіраваўся ў Маскву, але сустрэў там старога сябра, які падказаў мне паехаць у Беларусь. Першае ўражанне ад Беларусі памятаю як зараз — гэта высокая якасць дзіцячага харчавання!

Ужо ў Мінску даведаўся, што выдатная афтальмалагічная школа ёсць у Гомелі. Тут працаваў яе заснавальнік — сусветна вядомы даследчык урач Фёдар Бірукоў, які стаў маім настаў­нікам і навуковым кіраўніком. Разам з ім мы працавалі з 2006 да 2014 года, ­пакуль яго не стала. Я скончыў інтэрнатуру, клінічную ардынатуру, вучыўся ў аспіран­туры, пакуль не пачалася вайна ў Сірыі (бацькам стала складана забяс­печваць маё далейшае навучанне).

У ГДМУ пачаў ­працаваць асістэнтам кафедры, навуковым су­працоўнікам і адначасова ажыццяўляў прыватны прыём. Сумяшчаць гэта ўсё было вельмі складана, таму зараз я працую толькі на кафедры оталарынгалогіі з курсам афтальмалогіі, займаюся навуковай дзейнасцю. Клінічнай базай курса з’яўляецца аддзяленне мікрахірургіі вока ­Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека — адно з найлепшых у краіне.

— Што вам найбольш падабаецца ў медыцын­скай справе і навуковай дзейнасці? Ці можа існаваць адно без другога?

— У медыцыне мне падабаецца, калі ты нешта робіш і бачыш вынік. Асабліва калі гэты вынік значна дапамагае пацыенту і ён кажа: “Доктар, дзякую вам!”. Гэта вельмі многа зна­чыць для мяне. А для таго каб атрымаць выдатныя вынікі, неабходна мець вялікую навуковую базу.

— Як лічыце, дзякуючы чаму ажыццявілася ваша мара стаць афтальмолагам?

— Дзякуючы таму, што я не спыніўся. Быў час пасля вучобы, калі я думаў пайсці ў прафесію бацькі і застацца педыятрам. І я
8 месяцаў працаваў разам з ім, але потым усё роўна пачаў шукаць ­афтальмалагічную школу. Нягле­дзячы на тое, што час паскараецца, я не спыняюся на дасягнутым, імкнуся пастаянна даведвацца пра нешта новае. 

— Вы ўдзячны лёсу за тое, што апынуліся ў Беларусі?

— Апошнім часам я вельмі сур’ёзна стаў думаць пра гэта, бо паехаў з краіны, якая ў той час перажывала бурнае развіццё. А ка­лі ў Сірыі пачалася вайна, падумаў: “Добра, што я застаўся ў Бела­русі”. У Гомелі я сустрэў жонку, у нас нарадзіліся дзеці. І я кажу калегам, што не знайду краіны лепшай, чым Беларусь, — па парадку, чысціні, добразычлівасці.

Асобная тэма — гэта бяспека. На першых у навучальным го­дзе занятках я размаўляў са сваімі англамоўнымі студэнтамі з Індыі і спытаў, чаму для атрымання адукацыі яны выбралі менавіта Гомель.
І тыя ў адзін голас адказалі: “Тут бяспечна. Ніхто не падыходзіць і не пытаецца, чаму ў нас іншы колер скуры”. Гомельскі медыцын­скі ўніверсітэт знаходзіцца на добрым месцы сярод універсітэтаў свету.

Асабіста я з таго моманту, як прыехаў у Беларусь, на многія рэчы гля­джу пазітыўна, бо ­бачыў, што адбываецца ў іншых краінах. Тут створаны вельмі добрыя ўмовы для жыцця, і нашы сусе­дзі, калі так можна сказаць, гля­дзяць і зай­здросцяць. Вельмі вялікая справа — даступ­насць медыцыны ў Беларусі для кожнага. Што б ні казалі пацыенты, у нас яна лепшая, чым у многіх краінах.

— Доктар Анас, і напрыканцы агульнае пытанне: што значыць для вас медыцына?

— Для мяне медыцына — гэта святое. У якіх бы ўмовах яна ні развівалася, гэтая справа павінна заставацца святой. Галоўная мэта ўрача —  дапамагаць лю­дзям. А калі хтосьці хоча зарабляць грошы — у медыцыне няма чаго рабіць, лепш выбраць іншую прафесію.

Праца ўрача — каласальная. Прыходзіш дадому і ду­маеш, якія прэпараты прызначыў пацыенту, хвалюешся ўсю ноч… А раніцай спяшаешся ў аддзяленне. Часам перажываеш, што слова не тое сказаў. Ведаеце, слова док­тара дзейнічае вельмі моцна. Важна не толькі ўмець право­дзіць ­дыягностыку, лячыць, але і правільна расказ­ваць людзям пра стан іх ­здароўя. ­Аднойчы адна мая калега паведаміла жанчыне, што ў яе катаракта. Але сказала так ціха, што тая пачула “рак”, потым паўгода перажывала. Да слова трэба ставіцца вельмі сур’ёзна.

Гутарыла Кацярына КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.