Андрэй Іванец: кожнаму школьніку варта паспрабаваць сябе ў ролі экскурсавода

- 17:25Актуально, Образование

Рэспубліканскі фэст сабраў у сталіцы пераможцаў і прызёраў конкурсу юных экскурсаводаў музеяў устаноў адукацыі, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Разам з педагогамі 46 навучэнцаў правялі частку гэтых па-зімоваму вясновых канікул у Мінску. Для лепшых экскурсаводаў школьных музеяў паездка ў сталіцу стала своеасаблівай узнагародай. Хлопчыкаў і дзяўчынак чакалі творчыя майстэрні, насычаная экскурсійная праграма. Асабліва запомнілася сустрэча з міністрам адукацыі. Дарэчы, па ініцыятыве Андрэя Іванца і праводзіўся рэспубліканскі конкурс юных экскурсаводаў.

Міністэрства адукацыі нездарма ўдзяляе вялікую ўвагу развіццю музейнай справы. Школьныя музеі з’яўляюцца захавальнікамі гісторыка-культурнай спадчыны нашага народа, садзейнічаюць паглыбленню ведаў навучэнцаў, дапамагаюць выхоўваць сапраўдных грамадзян.

Гэта своеасаблівыя скарбніцы, дзе захоўваюцца рэчы мінулых эпох, рэчы, якія дыхаюць гісторыяй малой радзімы. Паняцці «сувязь часоў», «пераемнасць», «спадчына» ў музеі набываюць тую рэальнасць і значнасць, якіх немагчыма дасягнуць ні ў якой іншай сферы жыцця, – адзначыла дырэктар Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Алена Ануфровіч.

Цікавую думку наконт «прадметаў мінулых эпох» выказаў загадчык аддзела старажытнабеларускай культуры філіяла «Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы» Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт Барыс Лазука:

– Музейныя прадметы маўклівыя, яны маўчаць аб тым, што бачылі за сваю гісторыю, аб тым, які лёс напаткаў іх. А загавораць яны толькі тады, калі да іх дакрануцца вашы рукі, калі вы будзеце расказваць пра гісторыю экспаната, якая ўвасобілася ў лёсе нашага народа, краіны.

На фэсце музейныя прадметы сапраўды гаварылі. Дакладней, пра іх лёс расказвалі юныя экскурсаводы падчас выставы «Музей у чамадане», прэзентацыі экскурсій «Музейнымі сцежкамі» і творчых майстэрань «Ад ідэі да ўвасаблення». Азнаёміўся з музеямі ў чамаданах і міністр адукацыі. Пасля ён абмеркаваў з вучнямі развіццё краязнаўчай і музейнай справы, адказаў на пытанні, якія тычацца розных аспектаў школьнага жыцця.

Нават невялікія экспазіцыі, якія вы сёння прадставілі на выставе, паказалі, наколькі школьныя музеі разнапланавыя. Нам ёсць чым ганарыцца, ёсць што паказаць. Мне хацелася б, каб ваша захапленне абавязкова спатрэбілася вам у жыцці. Калі вы выйдзеце за сцены школы, паедзеце ў летнія лагеры, будзеце сустракацца з равеснікамі, сябрамі, абавязкова расказвайце ім тое, чым дзеліцеся з наведвальнікамі вашых музеяў, – адзначыў А. Іванец.

На думку міністра адукацыі, кожнаму школьніку варта паспрабаваць сябе ў ролі экскурсавода. Тут галоўная задача – не завучыць нейкі тэкст і прыгожа яго расказаць, а пасеяць у сэрцах дзяцей зерне цікавасці да мінулага роднага краю, з вывучэння якога і пачынаецца патрыятычнае выхаванне. Важна, каб кожная школа стала музейнай прасторай, а да пошуку экспанатаў далучыліся ўсе вучні.

Дзеці пацікавіліся ў ганаровага госця, ці даводзілася яму ў школьныя гады быць экскурсаводам.

На жаль, не, – шчыра прызнаўся ён. – У мае школьныя гады гэты рух не быў настолькі развіты. Але ў вашага пакалення ёсць цудоўная магчымасць адчуць сябе экскурсаводамі і расказваць пра гісторыю нашай краіны. Таму сёння Міністэрства адукацыі сумесна з Міністэрствам культуры ўдзяляюць вялікую ўвагу менавіта экскурсійнай дзейнасці. Мы запусцілі пілотны праект, у рамках якога кожную апошнюю сераду месяца нашы навучэнцы могуць бясплатна наведваць дзяржаўныя музеі сістэмы культуры. І гэтай магчымасцю вам трэба максімальна карыстацца.

Кожнаму школьніку варта паспрабаваць сябе ў ролі экскурсавода. Тут галоўная задача – не завучыць нейкі тэкст і прыгожа яго расказаць, а пасеяць у сэрцах дзяцей зерне цікавасці да мінулага роднага краю, з вывучэння якога і пачынаецца патрыятычнае выхаванне.

На пытанне «Якія мясціны Беларусі вы параілі б наведаць у першую чаргу?» міністр адзначыў, што калыскай нашай дзяржаўнасці з’яўляецца Полацкае княства, таму ў Полацку трэба пабываць кожнаму маладому жыхару нашай краіны. Як і ў Хатыні, 80-годдзе трагедыі якой нядаўна ўшаноўвалі. І, безумоўна, спазнанне Беларусі варта пачаць са спазнання сваёй малой радзімы.

Як вывучаць родны край цікава, з карысцю, якраз і ведаюць удзельнікі рэспубліканскага конкурсу юных экскурсаводаў музеяў устаноў адукацыі. Прыемным момантам фэсту стала ўрачыстае ўзнагароджанне яго пераможцаў і прызёраў. З іх імёнамі можна азнаёміцца на сайце Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства.

Ігар ГРЭЧКА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА