Беларусь цвёрда мае намер захоўваць адкрыты характар эканомікі і прыцягваць замежныя інвестыцыі. Аб гэтым заявіў Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў на адкрыцці беларуска-еўрапейскага інвестыцыйнага форуму Belarus. Invest in tomorrow у Люксембургу.
“Мы цвёрда маем намер захоўваць адкрыты характар эканомікі, прыцягваць замежныя інвестыцыі. На любым дзяржаўным прадпрыемстве можа быць створана сумесная вытворчасць. Прамысловасць, тут я маю на ўвазе машынабудаванне, нафтахімію, электроніку, — гэта чвэрць ВУП Беларусі. Мы вітаем прыход у гэтыя і іншыя сферы транснацыянальных кампаній, лідараў рынку”, — сказаў Андрэй Кабякоў. Пры гэтым ён падкрэсліў, што галоўнае не грошы, якія пойдуць у бюджэт, ключавымі пытаннямі з’яўляюцца эфектыўны ўласнік, будучае прадпрыемства і яго ўклад у стварэнне новых рабочых месцаў, а таксама эканамічны рост Беларусі.
“Мы ўпэўнены, што свабода бізнесу, нізкая падатковая нагрузка, бюджэтная і макраэканамічная дысцыпліна — гэта неабходныя ўмовы для доўгатэрміновага росту. Неабходныя, але недастатковыя. Мы гатовы і зробім больш для павышэння канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі, яе прывабнасці для замежнага капіталу”, — падкрэсліў прэм’ер-міністр.
Ён праінфармаваў, што ва ўрада Беларусі ёсць стратэгія, якая дае вынікі. Трансфармуецца структура экспарту на карысць новых высокатэхналагічных тавараў. Эканоміка Беларусі становіцца больш інавацыйнай з доляй ІТ-сектара ў ВУП на ўзроўні самых развітых краін.
“Можаце быць упэўнены: мы не пакінем без увагі вашы прапановы і канкрэтныя інвестыцыйныя праекты. Па грынфілд-праектах мы прадастаўляем практычна беспадатковы рэжым у індустрыяльным парку “Вялікі камень”. Для сферы паслуг і навукі прапануем найбуйнейшы ІТ-парк у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе”, — сказаў Андрэй Кабякоў, звяртаючыся да ўдзельнікаў форуму.
Галоўная мэта беларуска-еўрапейскага інвестыцыйнага форуму — стварэнне эфектыўнай і арыентаванай на вынік рознаўзроўневай пляцоўкі для наладжвання ўстойлівага ўзаемадзеяння беларускіх крэдытна-фінансавых устаноў і суб’ектаў гаспадарання з еўрапейскімі партнёрамі і развіцця моцных, шмат у чым унікальных бакоў беларускай эканомікі (ІТ, лагістыка) сярод заходніх дзелавых колаў.