Андрэй МУКАВОЗЧЫК: “Я стараўся не быць “батанікам”

Неяк, гледзячы па телевізары чарговую гульню КВЗ, прыгадаў, што калісьці і я таксама некалькі сезонаў супрацоўнічаў з БелКВЗ. Да яго мелі дачыненне вельмі цікавыя і абсалютна розныя людзі: фізікі і лірыкі, студэнты і выкладчыкі, чыноўнікі і бізнесмены. Спадзяюся, нашы чытачы добра памятаюць тагачаснага кіраўніка і бяззменнага вядучага беларускага КВЗ, а таксама вядомага шоумена Андрэя МУКАВОЗЧЫКА, які сёння стаў госцем праекта “Мая школа”.

— Андрэй, раскажы, калі ласка, як прайшлі твае школьныя гады.

— Вучыўся я ў 95-й мінскай школе на былой вуліцы Крапоткіна (зараз гэта вуліца Л.Карастаянавай). Са школай звязаны вельмі добрыя ўспаміны. Думаю, наўрад ці хто скажа, што ўспамінаць пра школу непрыемна.

Быў адзін факт, якому я тады радаваўся, а зараз шкадую. Я доўгі час ляжаў у бальніцы, потым быў на рэабілітацыі ў санаторыі, і маці вырашыла вызваліць мяне ад вывучэння беларускай мовы (тады ў школах была такая практыка). Сёння калегі мне кажуць: “Калі ты размаўляеш па-беларуску, такое ўражанне, што ты здзекуешся…” А я ўсё не магу ўцяміць: я ж размаўляю не горш за тых, хто гаворыць на Камароўскім рынку! А калі сур’ёзна, на неабходным мне ўзроўні беларуская мова засвоілася: разумею і чытаю. Ад літаратуры ж мяне не вызвалялі — усё чытаў, нават вершы на памяць вучыў, а вось сачыненні пісаў па-руску.

— Ці памятаеш сваіх настаўнікаў?

— Цікава, але ў твар памятаю многіх, а вось імёны пасціраліся з памяці. Найперш успамінаецца Зінаіда Рыгораўна Шпак, мая першая настаўніца. Што і як было ў пачатковай школе, не памятаю, бо асэнсаванае школьнае жыццё пачалося ў 4—5 класе — тады на нас выпрабоўвалі кабінетную сістэму (яе ў тыя часы толькі ўводзілі ў школах).

Памятаю нашу настаўніцу рускай мовы і літаратуры — у нас з ёй былі вельмі няпростыя ўзаемаадносіны (відаць, таму і памятаю!). Яна часта выганяла мяне з урока са словамі “Без маці не вяртайся!” (Смяецца.) Прычыны былі дастаткова трывіяльныя. Аднойчы, напрыклад, я замест школьнай формы апрануў світар кіслотна-зялёнага колеру — гэта, па яе словах, было “вызывающее пятно на третьем ряду”.

Соф’я Андрэеўна, настаўніца матэматыкі, прывіла мне любоў да свайго прадмета. Настаўніца фізікі Вольга Васільеўна ўвогуле была педагогам ад Бога. Я бачыў іншых настаўнікаў фізікі, і мне ёсць з чым параўнаць: яна была абсалютна ўнікальная. Па тым часе ў 50-й школе грымела фізічная школа, але я быў у той школе на алімпіядах, і тыя настаўнікі мяне не ўразілі. Мне больш падабалася мая школа, мая настаўніца і мая фізіка.
Памятаю ваенрука, былога франтавіка, які ніяк не мог зразумець, чаму дзеці не адчуваюць сябе салдатамі, і яму было крыўдна ад гэтага.

І толькі зараз, праз многа-многа гадоў, разумееш, якім жа ты быў боўдзілам і як настаўнікам было няпроста спраўляцца з намі.

— Якія асацыяцыі ў цябе звязаны са святам першага званка ў школе?

— Гладыёлусы. Гэтыя кветкі мне з тых часоў не палюбіліся — як і любы іншы навязаны атрыбут, яны таксама выклікаюць пратэст. Хаця прызнаю: кветкі сапраўды прыгожыя.

Не ведаю, чаму так атрымалася, але я ўвогуле не люблю мерапрыемствы для птушачкі. Зразумела, што для першакласнікаў і выпускнікоў гэта свята, але сам факт такога мерапрыемства — своеасаблівай агітбрыгады — мне не сімпатычны. У многім гэта звязана з тым, што пэўны час сам займаўся такімі агітбрыгадамі. Але гэта было ўжо не ў школе.

— Ці часта тваіх бацькоў выклікалі ў школу?

— Нячаста. Я стараўся не быць “батанікам” (вельмі цяжка, з’яўляючыся выдатнікам, не быць “батанікам”), і ў мяне вельмі многа сіл ішло на тое, каб адпавядаць двароваму — пацанскаму — этыкету. І ўсё было цудоўна: мяне нармальна прымала і разумная частка школьнага дзіцягача соцыуму, якая цуралася хуліганаў, і хуліганская частка.

Акрамя вучобы, я наведваў вельмі многа гурткоў. Некалі паспрабаваў палічыць, але хутка збіўся з лічэння: авія- і суднамадэляванне, радыётэлеграфія, баскетбол, футбол… Але гэта акрамя таго, чым я займаўся больш сур’ёзна. Бокс, плаванне і лёгкая атлетыка — там былі сур’ёзныя трэніроўкі. Ледзь не кожны вечар мы з сябрамі ў двары гулялі ў футбол ці хакей, а яшчэ веласіпед (я Мінск ведаю менавіта з тых часоў — увесь горад на веласіпедзе аб’ехаў).

Дзяцінства — гэта радасны час, як ні круці. Ужо хаця б таму, што табе не 50, а ўсяго толькі 10 ці 15.

Вучыцца было лёгка — і падабалася, і атрымлівалася. У старшых класах, бывала, ставіў сабе звышзадачы. Напрыклад, каб у панядзелак у дзённіку ў слупок стаяла 5 “пяцёрак” — гэта было лёгка. Потым задача ўскладнялася: напрыклад, зрабіць так, каб стаяла 5 4 5 4 5 4.

І гэтая лёгкасць была не таму, што я быў такі разумны. Я і зараз прытрымліваюся такога прынцыпу: калі ты чагосьці не разумееш, разбярыся. Не падманвай сябе і не рабі выгляд, што ты гэта зразумеў (ты гэта проста запомніў). Тут магчымы два варыянты: або зразумеў, або не. Запомніць не значыць разабрацца і ўсвядоміць — гэта розныя тыпы ведаў. І праз некаторы час гэтае “запомненае” ты не зможаш ні ўзнавіць, ні растлумачыць.

— Ці былі любімыя прадметы?

— А як без гэтага?! Фізіка і матэматыка. Гэта тое, што было не толькі лёгка, але і цікава. Фізіка — навука, дзе за кожнымі дзвярыма знаходзіцца пакой, поўны скарбаў, якія трэба памацаць. І кожны з гэтых скарбаў адчыняе новыя дзверы. І так далей і далей — чым глыбей, тым цікавей. Фізіка дае магчымасць пазнаць свет у дробязях.

З усіх школьных прадметаў толькі адзін успамінаю з незадаволенасцю — чыстапісанне ў першым класе. Тады яшчэ не было шарыкавых ручак, і я пайшоў у школу з чарніліцай-непралівайкай і пёравай ручкай. Калі атрымаў першую “тройку” ў пропісях, у мяне быў шок: “Я ж так стараўся! Гэтыя ж палачкі амаль прамыя!”

— Ці не крыўдна, што сам закапаў свае фізічныя веды, пайшоўшы ў іншую сферу дзейнасці?

— Пасля заканчэння ўніверсітэта я тры гады па размеркаванні працаваў ў Інстытуце цепла- і масаабмену імя А.В.Лыкава НАН Беларусі. Пачынаў пісаць кандыдацкую, але цікавей на той момант стаў КВЗ. Акрамя гэтага, паўплывалі водгукі сацыяльных змен канца 80-х гадоў. Хаця старэйшыя таварышы казалі мне: “Ты малады, гэта ўсё схлыне, а фізіка вечная”. І яно схлынула… Але для мяне гэты працэс зацягнуўся на паўжыцця. (Смяецца.)

Што вывучаў фізіку і не звязаў з ёй сваё жыццё, не шкадую. Фізіка мне дала разуменне свету, уменне лагічна думаць (і гэта не канкрэтная матэматычная формульная логіка). Тут фізіка вельмі падобна да ваеннага майстэрства, калі патрабуецца прыняцце рашэння пры недахопе інфармацыі. У фізіцы гэтак жа: ты павінен прыняць рашэнне, куды рухацца, і не факт, што выбраны табой шлях прывядзе да адкрыцця. Вельмі многа вучоных паклалі жыццё на даследаванне тупіковых шляхоў. Нізкі паклон ім за гэта, але сапраўды шкада… Іх бы розум выкарыстаць у іншым напрамку. Але нічога не вернеш.

Калі ацэньваць месца фізікі ў агульнай адукацыі, то яна б магла быць фундаментальнай асновай для многіх сучасных прафесій, і неабавязкова фізічнага профілю.

— На тваю думку, чаму школьная фізіка знаходзіцца ў такім заняпадзе?

— Я не ведаю ў падрабязнасцях, што зараз адбываецца ў школе, таму не трэба мяне лічыць экспертам у гэтай галіне. Найперш, фізіка — адзін з самых складаных прадметаў школьнай праграмы, і гэта адштурхоўвае дзяцей. Да таго ж, на маю думку, вывучэнне фізікі нявыгадна грамадству спажыўцоў, якое пачало фарміравацца ў нас у 80—90-я гады мінулага стагоддзя, а ў Еўропе і Амерыцы — яшчэ раней.

Фізіка найперш задумваецца пра тое, як пабудаваны свет (не з філасофскага, а з матэрыяльнага боку). Але хуткіх прарываў ад фізікі чакаць не варта: павінен прайсці час, назапаcіцца крытычная маса матэрыялу, павінен, нарэшце, у патрэбны час у патрэбным месцы з’явіцца талент. Толькі тады можа адбыцца адкрыццё, якое будзе выкарыстоўвацца і ў камерцыйных мэтах таксама.

А сучаснае спажывецкае грамадства знівеліравана на тое, каб карыстацца гатовымі вынаходствамі і гаджэтамі, не ўдаючыся ў падрабязнасці іх узнікнення і ўстройства. Логіка такая: ці я не разбяруся ў мабільным тэлефоне, не ведаючы будовы атама? Разбяруся!

На маю думку, таму ў значнай часткі грамадства і знікае цікавасць, у прыватнасці, да фізікі. Такія спажывецкія патрабаванні грамадства ў цэлым прама ці ўскосна трансліруюцца і на школу ў тым ліку. Спажывецкае грамадства ўзводзіць на п’едэстал сваіх геніяў: Сціў Джобс, які стварыў айфон, для іх геній, а Сяргей Паўлавіч Каралёў, магчыма, зусім невядомы чалавек. Каб даведацца пра Каралёва, трэба загугліць, прачытаць і… забыцца на гэта, бо “ракеты мяне не цікавяць”… Фундаментальныя веды (як і фундаментальныя навука і адукацыя) грамадству спажыўцоў не патрэбны — і ў гэтым, відаць, самая значная праблема сённяшняга часу.

Людзі патрабуюць практычныя веды, і для іх, на жаль, новая фіча для айфона больш цікавая, чым, напрыклад, вывучэнне фізікі. Але вывучэнне айфона нічога не дасць чалавецтву — гэта не тэма для ўласнага (і не толькі ўласнага) развіцця. Я не заклікаю ўсё адкінуць і вярнуцца ў эпоху правадных тэлефонаў, але да ўсяго новага трэба адносіцца больш спакойна, разумець, што гэта да навукі, да тэхналагічнага прарыву, да наступнай ступені развіцця не мае абсалютна ніякага дачынення. Як замена крэпдэшыну нейлонам — у свой час гэта была рэвалюцыя, жанчыны ледзь не забіваліся за нейлонавыя панчохі. (Смяецца.)

Усе хочуць зарабляць грошы і пры гэтым нічога не рабіць. Узяць хаця б у якасці прыкладу шматмільярдны рынак “Форэкс”, які ўрачыста (ледзь не пад фанфары!) увайшоў у Беларусь. Што гэта такое? Бярэш лічбы і гуляеш з імі з такімі самымі гульцамі, але пры гэтым дасылаеш нейкаму невядомаму дзядзьку свае ўласныя грошы. І потым ужо ўсё роўна — ты іх сам прайграў ці нехта ў цябе іх забраў. Скардзіцца можна хіба толькі на сябе. А на самай справе да рэальных працэсаў здабычы нафты і выплаўкі руды гэтыя гульні не маюць ніякага дачынення.

І вось гэтым выклікам мы імкнёмся (і пакуль што даволі ўдала!) супрацьстаяць, прычым на ўсіх узроўнях адукацыі.

— Ты выдатна вучыўся. Ці паўплывала тваё выхаванне ў дзяцінстве на вучобу ў школе?

— Для сябе я ведаю толькі адзін адказ на гэтае пытанне: я рана пачаў чытаць. Пасля таго як пачаў чытаць, мне стала вельмі цікава, якія гісторыі мне расказваюць гэтыя цёмныя літаркі, якія трэба складваць у словы. Напачатку было вельмі цяжка, а потым стала вельмі лёгка і захапляльна. Вось і ўвесь рэцэпт — у мяне не было асаблівай сям’і ці асаблівых адметных генаў.

Пры чытанні ты пазнаеш свет, развіваеш цікавасць, як вынік — паляпшаеш поспехі ў вучобе. Калі няма цікавасці да вучобы і да пазнання новага, вучыцца вельмі цяжка, вучоба ператвараецца ў вывучэнне правіл.

Чытаў я і да таго, як пайшоў у школу, і ў школе таксама чытаў. Менавіта адсюль у мяне веданне рускай мовы. Я дастаткова пісьменны, і гэтая пісьменнасць не ад ведання правіл, а ад таго, што я ведаю, як гэта павінна быць напісана. Я гляджу на напісаны радок і разумею: нечага не хапае… Тады пачынаю разбірацца.

Я і сёння шмат чытаю. Але з экрана я атрымліваю інфармацыю, а чытаю я менавіта кнігі. Мой сын зразумеў гэта гадоў у 20, калі амаль скончыў універсітэт. Ён адкрыў для сябе літаратуру. Зараз ён бярэ тоўстую кніжку і з задавальненнем чытае. Я наўмысна не кажу яму, колькі ён прапусціў, пакуль вучыўся ў школе і ў інстытуце, таму што ў яго быў айфон. А што гаварыць? Час ужо не вернеш…

Чаму я так кажу? Таму што, на маю думку, электронны дэвайс, які валодае мноствам функцый, мае яшчэ адну — ператварае мастацкі тэкст у інфармацыю.

— Што ты зараз чытаеш?

— Зараз перачытваю “Ад Русі да Расіі” Льва Гумілёва. І нават не столькі перачытваю, колькі ў чарговы раз захапляюся яго параўнальнымі хронатабліцамі, у якіх сінхранізаваны падзеі, што адбываліся ў Заходняй Еўропе, на Русі, у Залатой Ардзе, Кітаі, Індыі і іншых краінах азіяцкага рэгіёна. Калі ты бачыш гэтую карцінку цэласнай, а не вывучаеш асобныя падзеі, што адбываліся ў асобных краінах, у цябе складваецца поўная карцінка, што ў пэўны час адбывалася на еўразійскай прасторы, нібы цябе паднялі над зямлёй. І тады ў гэтым кантэксце кожная падзея займае сваё пачэснае месца і становіцца значнай для тваёй свядомасці.

І самы шырокі кантэкст дае менавіта фізіка. Яна дазваляе не спыніцца на веданні, напрыклад, таго, што чайнік шуміць не проста так: гэта не ўласцівасць гарачай вады, а вынік уздзеяння на яе. Як і што адбываецца ўнутры вады? Ці шмат каго сёння цікавіць гэтае пытанне?

— Ці спрабаваў сябе на педагагічнай ніве?

— Прафесія настаўніка для мяне з’яўляецца крыху адмежаванай, нават фантастычнай. Я не ўяўляю сябе настаўнікам, аднак…

Неяк на працягу аднаго семестра я па сумяшчальніцтве выкладаў у тагачасным політэхнічным інстытуце — у завочнікаў вёў практычныя заняткі па праграмаванні. І зрабіў вывад, што я дрэнны выкладчык.

Калі я бачу, што чалавек дурны, у мяне ўсе стрэлкі зашкальваюць. На маю думку, у такіх людзей ёсць яшчэ дзве стадыі: калі ён дурны і не разумее гэтага і калі ён яшчэ і нічога не робіць, каб гэта выправіць. (Смяецца.) У звычайным жыцці я, калі гэта атрымліваецца, стараюся адысці ад размоў з неразумнымі людзьмі, а выкладчык такога зрабіць не можа…

— Як атрымалася, што ты адышоў ад фізікі і прысвяціў сябе творчасці?

— Я прыйшоў да вываду, што амаль усё свядомае жыццё імкнуўся займацца тым, што падабаецца мне і што прыносіць сапраўдную асалоду людзям. Дзякуй богу, што паўжыцця ў мяне атрымлівалася гэта рабіць.

Тут дарэчы ўспамінаецца даўні жарт: “У спорт я прыйшоў рана — яшчэ нікога не было”. І мой прыход у мастацкую самадзейнасць можна ахарактарызаваць так: “туды я прыйшоў позна — ужо ўсе былі”. (Смяецца.) У аргкамітэт дзён фізіка я трапіў толькі на трэцім курсе ўніверсітэта — першыя 2 курсы старанна вучыўся і спасцігаў студэнцкае жыццё і самастойнасць ва ўсіх іх шырыні і глыбіні.

На першых курсах я меў непасрэднае дачыненне толькі да падрыхтоўкі будатрадаўскіх агітбрыгад. А ў будатрад за час навучання ва ўніверсітэце ездзіў аж 4 разы (кожнае лета, за выключэннем аднаго, калі былі ваенныя зборы). Нават пасля 5 курса таксама з сябрамі паехалі — звычайна такога не рабілі. Кожны будатрад на Дзень будаўніка павінен быў “выкаціць” сваю праграму, і гэта, канечне, была агітбрыгада. Але гэты фармат не быў мне блізкім з прычыны яго штучнасці ў адрозненне ад таго, чым я потым працяглы час займаўся (дні фізіка, гумар, КВЗ).

Вось тады мяне зачапіла. Разам з аргкамітэтам дзён фізіка БДУ мы пабывалі ў Маскве, Ерэване, Львове, Казані, Новасібірску. 2-я і 6-я ўсесаюзныя дні фізіка праходзілі ў Мінску, і, безумоўна, я меў да іх правядзення самае непасрэднае дачыненне. Гэта былі нават па сённяшніх мерках вельмі маштабныя мерапрыемствы, звязаныя не толькі з творчасцю, але і з лагістыкай, уключаючы ўвязку канцэртаў і продаж білетаў. Усё рабілася на энтузіязме і без усялякай метадычнай базы, усё прыдумвалася на хаду.

Дакрануўшыся да тэатральнага мастацтва з усіх бакоў, я дакладна ведаю, што ў гледача ў зале можна выклікаць любую эмоцыю. Я ведаю, як зрабіць так, каб глядач плакаў, ведаю, як прымусіць тысячную залу ўстаць — не па камандзе, а па ўласных эмоцыях, апладзіраваць — у ідэале — там, дзе ты запланаваў… Аднаго нельга зрабіць: прымусіць публіку смяяцца. Смяяцца гледачы будуць толькі тады, калі смешна.

— Адкуль узяўся ў тваім жыцці КВЗ?

— Я выйшаў з дзён фізіка, а з мяне, што б пра тое ні казалі, выйшаў беларускі КВЗ. З мяне і Алега Чулкова, які тады быў загадчыкам аддзела мінскага абкама камсамола.

У тыя часы КВЗ быў пад забаронай. А вось дні фізіка, матэматыка, філолага ў розных навучальных установах заахвочваліся. Але нават пасля афіцыйнай забароны КВЗ у яго працягвалі гуляць па прынцыпе “ў нас КВЗ, толькі нікому не кажыце”. (Смяецца.) Гульні ладзіліся дзеля спаборніцтва розных факультэтаў: гэта была, бадай, адзіная магчымасць аргкамітэта дзён фізіка паспаборнічаць, напрыклад, з камандай арганізатараў дзён матэматыка. Але, як і ў любой творчай галіне, узнікала несправядлівасць судзейства. Мяне зацікавіла, ці існуе спосаб ад гэтага адысці?

Так ужо ўстроены чалавек, што ён гатовы безадрыўна глядзець на любыя спаборніцтвы. А калі ўлічыць, што на КВЗ збіраліся паўзалы гледачоў з аднаго факультэта і паўзалы — з другога, то эмоцыі былі нават ярчэйшыя, чым падчас матча “Ювентуса” і “Манчэстэр Юнайтэд”: тут сапраўды хварэлі за сваіх, а не за таго чарнаскурага, якога купілі англічане. (Смяецца.) А наступныя два тыдні члены каманды КВЗ былі на факультэце сапраўднымі героямі.

У пачатку 80-х гульні КВЗ былі вельмі рэдкімі. Мы займаліся іншымі факультэцкімі мерапрыемствамі, сярод якіх былі ўжо згаданыя дні фізіка, дзень першакурсніка, выезды і выступленні ў іншых ВНУ былога СССР. За год арганізоўваліся 1—2 гульні, і КВЗ асабліва ніхто не ўдзяляў асаблівай увагі. Усё змянілася, калі ў 1986 годзе на Цэнтральным тэлебачанні прайшла першая трансляцыя адноўленага КВЗ.

У першым турніры беларускага КВЗ удзельнічалі толькі мінскія каманды. І тады было зразумела: гэта менавіта тое, што доўгі час лунала ў паветры і было патрэбна аўдыторыі.

У мяне нават у думках не ўзнікала арганізоўваць сваю каманду — я хацеў арганізоўваць сам турнір. І мне хацелася арганізаваць усё так, каб было максімальна справядліва. Былі сфармуляваны правілы, якія з цягам часу мяняліся, але галоўны стрыжань заставаўся: КВЗ — гэта спаборніцтва ў дасціпнасці на пэўную тэму.

У Беларусі КВЗ быў даволі прадукцыйны і арыгінальны. Узгадаць хаця б конкурсы, якія нарадзіліся і абкатваліся ў беларускім клубе і потым перайшлі ў тэлевізійны КВЗ Аляксандра Маслякова: “Агучванне”, “Біятлон”, “Хакей”.

— Сёння ты працуеш у якасці журналіста. Як адчуванні?

— Крыху дзіўна… (Усміхаецца.) Гэта ж не толькі тэксты пісаць. Трэба ведаць тэхналогіі творчасці, а таксама ўзаемаадносіны ўнутры вялікага рэдакцыйнага калектыву вялікага холдынга. У гэтым я толькі раблю першыя крокі. Нешта атрымліваецца, нешта не вельмі. Шмат чаму прыходзіцца вучыцца.

— Калі б зараз табе далі карт-бланш, чым бы займаўся?

— На жаль, так не бывае… На самай справе хочацца ўсяго. Можа, вярнуўся б і да фізікі, хаця я калісьці свядома адышоў ад гэтага шляху, выразна разумеючы, што я не стану другім Ландау (прычым гэтае разуменне прыйшло яшчэ ва ўніверсітэце). Магчыма, я зрабіў бы так, каб у Беларусі быў адначасова КВЗ, “Камедзі клаб” і народны гумар тыпу Задорнава і Петрасяна. Яны б усе суіснавалі ў адзінай сістэме, усе мелі б “ліфты”, якія даюць магчымасць талентам рухацца ўверх, і ўсе разумелі б, што за якасны гумар ты можаш атрымліваць грошы. І на аснове ўсяго гэтага ў Беларусі была б наймагутнейшая фабрыка камедыйных серыялаў, якая працавала б на карысць краіны. У нас усё для гэтага было, у гэтым кірунку ўсё рухалася…

Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *