Ангажуе вучняў у працэс навучання

Спрэчкі паміж адэптамі перавернутага навучання і тымі, хто супраць яго, знаходзяцца ў рэчышчы дамашняга задання, якое атрымліваюць вучні ад настаўніка. Калі другія лічаць, што настаўнік павінен задаваць на дом параграф падручніка, які ён патлумачыў вучням, то першыя прапануюць навучэнцам самім разабрацца з новай тэмай. Пры перавернутым навучанні дамашняя і класная работы мяняюцца месцамі: новая тэма вывучаецца дома, а “дамашка” выконваецца ў класе. Праціўнікі перавернутага навучання лічаць, што вучні не могуць самі разабрацца з новай тэмай, таму такое дамашняе заданне прыводзіць да вучэбнай перагрузкі вучняў.    

Давайце разбяромся, хто мае рацыю. Для гэтага спачатку нагадаю сутнасць перавернутага навучання. Што пераварочваецца?

 Свядомасць (мысленне) настаўніка, якая ў перавернутым навучанні характарызуецца зменай яго адносін перш за ўсё да адукацыйных вынікаў навучэнцаў: прадметныя вынікі, па меншай меры, не адзіная мэта; важна сфарміраваць у дзяцей жаданне, патрэбу, звычку і ўменне вучыцца, а таксама сацыяльныя і пазнавальныя кампетэнцыі.

 Дзейнасць педагога: з пазіцыі “гаворачая галава” на пазіцыю арганізатара дзейнасці і пазнавальнай камунікацыі навучэнцаў. Сучасным дзецям (пакаленне Z) не цікавы настаўнік у якасці крыніцы інфармацыі, бо інфармацыя знахо­дзіцца “на кончыку пальца”; ім цікавы і паважаны імі педагог, які ўмее арганізаваць іх навучанне.

 Стаўленне навучэнцаў да працэсу пазнання, да сваёй місіі ў навучанні, што патрабуе высокага ўзроўню матывацыі, якая забяспечваецца дэлегаваннем ім адказнасці за адукацыйныя вынікі, актуалізацыяй іх патрэб і стварэннем умоў для самарэалізацыі.

 Дзейнасць навучэнцаў: з пазіцыі спажыўца гатовай інфармацыі на пазіцыю актыўнага ўдзельніка адукацыйнага працэсу, суб’екта, які сам сябе вучыць, дзеліцца атрыманымі ведамі з аднакласнікамі, набывае вопыт вучэння.

 Сутнасць дамашняй работы вучняў, якая не зводзіцца да паўтору і прымянення раней вывучанага, а забяспечвае падрыхтоўку да наступнай пазнавальнай дзейнасці, арыентаванай на атрыманне практычнага вопыту ў класе.

 Сам урок: з месца, на якім даюць веды, на месца, на якім веды прымяняюцца для іх замацавання і паглыблення, на якім у навучэнцаў развіваюцца творчыя здольнасці, выпрацоўваюцца актуальныя ключавыя кампетэнцыі.

Як ажыццяўляецца перавернутае навучанне?

Настаўніку пажадана спачатку вывучыць тэарэтычныя асновы і існуючы вопыт па перавернутым навучанні. Выб­раць тыя тэмы вучэбнай праграмы, якія ён плануе выкладаць у рамках мадэлі перавернутага  навучання. (Заўважце: не кожны ўрок, бо ёсць складаныя тэмы, якія сапраўды патрабу­юць настаўніцкага тлумачэння.) Далей — растлумачыць навучэнцам сутнасць работы па-новаму: чаму гэта неабходна, як гэта будзе выглядаць, на якія адукацыйныя вынікі арыентавана гэтая тэхналогія.  Неабходна дасягнуць разумення вучнямі, што ў перавернутым навучанні  важныя абедзве часткі: і дамашняя работа, і практычная дзейнасць у класе. Важна пераканаць навучэнцаў, што яны пры гэтым маюць шанс вучыцца з больш высокімі адукацыйнымі вынікамі.

Потым падрыхтаваць бацькоў, іншых законных прадстаўнікоў вучняў да таго, што іх дзеці будуць вучыцца па-іншаму: растлумачыць ім  актуальнасць і сутнасць новаўвядзення; даць рэкамендацыі па аказанні сваім дзецям неабходнай тэхнічнай дапамогі і падтрымкі. Не засмучайцеся, калі перавернутае навучанне не спадабаецца многім ці асобным баць­кам, якія памятаюць свае школьныя гады і настаўнікаў, што падрабязна тлумачылі новы матэрыял на ўроку. Разам з тым поспех укаранення новай практыкі навучання шмат у чым будзе залежыць ад таго, наколькі бацькі вашых навучэнцаў павераць у яе эфектыўнасць і карысць для іх дзяцей.

Далей трэба ажыццявіць метадычны аналіз тэмы і ацаніць: 1) праграмныя патрабаванні, інфармацыйныя рэсурсы, іх адпаведнасць зместу навучання і ўзроставым асаблівасцям навучэнцаў; 2) змястоўную і тэхналагічную гатоўнасць навучэнцаў для самастойнага вывучэння вучэбнага матэрыялу; выбраць тыя рэсурсы, якія будуць рэкамендаваны навучэнцам для самастойнага вывучэння (заўважым, што гэта могуць быць і рэсурсы з інтэрнэту, і старонкі падручніка ці іншых крыніц (напрыклад, часопіса).

Планаванне будучага ўрока: пастаноўка мэты з указаннем яго запланаваных адукацыйных вынікаў, вызначэнне зместу дзейнасці навучэнцаў на кожным з этапаў урока, а таксама крытэрыяў для выніковага (напрыканцы ўрока) ацэньвання адукацыйных вынікаў педагогам і самімі навучэнцамі.

Прадумванне дамашняга задання навучэнцам, якое яны, прагледзеўшы ролік (падручнік або іншыя рэкамендаваныя настаўнікам матэрыялы), павінны будуць выканаць. Дамашняе заданне можа ўключаць наступныя патрабаванні:

 сфармуляваць пытанні настаўніку, якія ўзніклі ў працэсе самастойнай работы з матэрыяламі тэмы (вельмі важная кампетэнцыя — бачыць праблемы і фармуляваць адпаведныя пытанні);

 прыдумаць і намаляваць табліцу (схему, інфаграфіку, логіка-сэнсавую мадэль, карту памяці, малюнак, комікс і г.д.), якая павінна адлюстроўваць асноўны змест тэмы (уменне пераводзіць адну форму падачы інфармацыі ў другую, напрыклад, тэкставую ў графічную, вельмі карыснае, бо дазваляе лепш зразумець матэрыял);

 запоўніць апорны канспект з “белымі плямамі” (важна для асэнсавання вучэбнага матэрыялу і фарміравання лагічнага мыслення) і інш.

Вучням пажадана прапанаваць крытэрыі для ацэнкі выкананых дамашніх заданняў (напрыклад, якім патрабаванням павінны адпавядаць пытанні, колькі іх, што павінна ўтрымліваць табліца або малюнак і інш.)

На ўроку, які папярэднічае перавернутаму, настаўнік тлумачыць навучэнцам сутнасць работы па-новаму, задае дамашняе заданне да будучага ўрока, прапануе крытэрыі ацэнкі. Дамашняя работа вучняў па падрыхтоўцы да ўрока: вывучэнне дома новага матэрыялу да ўвядзення яго настаўнікам (з дапамогай ролікаў або тэкстаў з інтэрнэту, падручніка ці іншых друкаваных тэкстаў). Фармулёўка навучэнцамі пытанняў па самастойна вывучаным матэрыяле. Складанне імі карт памяці, логіка-сэнсавых мадэлей, табліц, схем, коміксаў ці інш. Праверка сябе з дапамогай Googlе-сэрвісаў або тэста і адказаў, якія яны атрымаюць ад настаўніка (на паперы або спасылку на рэсурс у інтэрнэце).

Як выглядае сам урок
пасля выканання вучнямі такога задання?

1-ы  этап (актуалізацыйна-дыягнастычны): магчымы самакантроль па тэорыі (калі вучні гэтага не зрабілі дома). У парах, групах абмеркаванне выкананых заданняў тэста, а таксама падрыхтаваных навучэнцамі пытанняў і ілюстрацый. Дэманстрацыя класу лепшых ілюстрацый.

2-і этап (абагульняюча-мэтавы): адказы прадстаўнікамі іншых груп або настаўнікам на пытанні, на якія не знайшлі адказы ў групах, настаўніцкае абагульненне новага матэрыялу. 

3-і этап (практычны): прымяненне новых ведаў (практыкаванні, творчасць). Як правіла, групавая работа. На гэты этап ідзе большая частка часу ўрока. Настаўнік выконвае функцыі кансультанта, эксперта. Вось тут ён мае магчы­масць для індывідуальнага падыходу да вучняў.

4-ы этап: праверка засваення. Карэкцыя.

5-ы этап: дамашняе заданне.

Зараз звернемся да прычын, чаму ва ўсім свеце, а апошнім часам і ў нашай краіне, павышаецца цікавасць настаўнікаў да перавернутага навучання, чаму традыцыйнае навучанне не вытрымлівае крытыкі. Тут шмат прычын.

Па-першае, традыцыйнае навучанне прывяло да таго, што вучні не хочуць чытаць і амаль не чытаюць. Агульнавядомыя сумныя вынікі маніторынгу чытацкай пісьменнасці вучняў, які праводзіў Нацыянальны інстытут адукацыі. Навошта школьнікам чытаць падручнік, калі настаўнік патлумачыў тэму? Ці цікава будзе дома чытаць тое, пра што ён ужо чуў на ўроку? Рытарычныя пытанні. Вось і вырасла нечытаючае пакаленне, многія прадстаўнікі якога не могуць самі разабрацца з прапанаванымі тэкстамі.  Новая інфармацыя перадаецца навучэнцам у гатовым выглядзе, вучню не трэба прыкладаць намаганняў для яе здабывання, што прыводзіць да выхавання спажывецкага стаўлення да жыцця.

Тут будзе дарэчы ўзгадаць артыкул з савецкага часопіса “Камуніст” (1986 год) вядомага гісторыка акадэміка М.Нечкінай, якая напісала, што існуючая мадэль навучання ўзнікла, калі яшчэ не было падручнікаў, а настаўнік быў ­адзінай крыніцай ведаў. Тады, натуральна, настаўнік тлумачыў матэрыял.

 Па-другое, на традыцыйным уроку ў настаўніка практычна няма часу падысці да вучня (ці то да адстаючага, ці то да алімпіядніка), каб дапамагчы, выслухаць, падтрымаць. Спачатку мінут 15—20 настаўнік апытвае вучняў, потым столькі ж часу тлумачыць новую тэму. Гэта вельмі дрэнна, што няма магчымасці на індывідуальны падыход.

Па-трэцяе, на звычайных уроках у вучняў мала часу на адпрацоўку практычных уменняў. Не застаецца часу на рашэнне задач, на іншыя практыкаванні, на  замацаванне. Таму не трэба здзіўляцца, што мы маем такія нізкія балы на ЦТ. 

Якасць адукацыі, добрыя вынікі навучання — гэта не толькі веды, уменні і навыкі. Гэта яшчэ і пазнавальныя і сацыяльныя кампетэнцыі, спіс якіх, дарэчы, вызначаны новым адукацыйным стандартам і новымі вучэбнымі праграмамі. Думаю, што не будзеце спрачацца з тэзісам: пры традыцыйным навучанні настаўнік у большасці працуе на ВУН (на тое, што правяраецца на ЦТ, маніторынгамі і г.д.). Пераверну-­
тае ж навучанне мае вялікія магчымасці для авалодання навучэнцамі крытычным мысленнем, камунікатыўнымі навыкамі, уменнем вучыцца, творчымі здольнасцямі, адчувальнасцю да праблем і вопытам іх вырашэння і інш.  

Настаўнік, які працуе традыцыйна, часта задае вучням на дом тое, што не паспелі зрабіць у класе. Дамашнія заданні носяць пераважна рэпрадуктыўны характар, навучэнцы не мо­гуць пры іх выкананні атрымаць кансультацыю ў настаўніка.

На фоне пералічаных недахопаў традыцыйнага навучання вельмі прывабна выглядае навучанне перавернутае, якое з’яўляецца прыродаадпаведным цяперашнім дзецям. Таму не дзіўна, што ў многіх краінах свету, на захадзе і ўсходзе Беларусі яно становіцца ўсё больш папулярным. Напрыклад, шмат каму вядомая Khan Academy — некамерцыйная арганізацыя, місія якой — зрабіць якасную адукацыю даступнай кожнаму, мае 70 млн зарэгістраваных карыстальнікаў у 190 краінах. Khan Academy — гэта не толькі відэа з тлумачэннямі вучэбнага матэрыялу, але і сэрвісы, практыкаванні, тэсты, артыкулы, інструменты для настаўнікаў і вучняў. Яны рэальна дапамагаюць вучню самастойна авалодаць вучэбным матэрыялам. 

Тут, магчыма, мой апанент выкажа такую думку: што працуе ў іншых краінах, неабавязкова будзе прыдатным для нашых дзяцей. Каб вы пазбавіліся такіх сумненняў, прывяду некаторыя вынікі трохгадовага інавацыйнага праекта па ўкараненні тэхналогіі перавернутага навучання ў 12 школах і гімназіях, які рэалізоўваўся ў адпаведнасці з загадам Міністэрства адукацыі. Гэты праект ажыццяўляўся пад эгідай Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Аўтар артыкула як кансультант праекта мае справаздачы інавацыйных устаноў адукацыі.

З усіх крытэрыяў ацэнкі эфектыўнасці ўкаранення тэхналогіі спынімся на двух: 1) дынаміка паспяховасці вучняў;
2) павышэнне іх вучэбна-пазнавальнай матывацыі.

 “Вызначэнне дынамікі вынікаў інавацыйнай дзейнасці ажыццяўлялася згодна з распрацаванымі крытэрыямі, атрыманыя вынікі суаднесены з чаканымі. У цэлым дасягнуты чаканыя вынікі і назіраецца станоўчая дынаміка ў параўнанні з вынікамі 1-га і 2-га гадоў рэалізацыі праекта па ўсіх паказчыках выніковасці і якасці адукацыйнага працэсу, узроўню пазнавальнай актыўнасці і вучэбнай матывацыі вучняў. Па выніках анкетавання вучняў 8—11 класаў, у якім прынялі ­ўдзел 76 хлопчыкаў і дзяўчынак, 45 (59%) рэспандэнтаў адказалі, што ім падабаецца такая форма правядзення ўрокаў, не падабаецца — 11 (14,5%), 20 (26,5%) не змаглі адказаць. Сярод станоўчых момантаў тэхналогіі навучэнцы назвалі той факт, што падобная форма засваення матэрыялу больш цікавая і лёгкая, бо ёсць магчымасць вярнуцца да матэрыялу і праглядзець яго столькі разоў, колькі гэта патрэбна; работа на ўроку праходзіць больш цікава, падабаецца работа ў групах, многім навучэнцам падабаецца працэс анлайн-тэсціравання — хутка, цікава і аб’ектыўна” (Мікашэвіцкая гімназія).

“Вывучэнне дынамікі ўзроўню ведаў, уменняў і навыкаў вучняў дазваляе зрабіць выснову аб прырашчэнні сярэдняга бала і якасці ведаў па прадметах, выкладанне якіх ажыццяўлялася ў рамках перавернутага навучання: геаграфія 9 клас (настаўніца С.І.Мацкевіч), дынаміка сярэдняга бала за 3 навучальныя гады склала: 6,81 — 6,93 — 7,19, якасць ведаў — 75% — 75% — 86,67%; матэматыка 11 клас (настаўніца Т.І.Дуброўская), дынаміка сярэдняга бала: 7,75 — 8,5 — 8,5, якасць ведаў — 100%. Вырасла пазнавальная матывацыя вучняў па вучэбных прадметах, што пацвярджаецца лепшымі, чым раней, вынікамі ўдзелу вучняў у конкурсах і алімпіядах)”. (Міхалішкоўская сярэдняя школа Астравецкага раёна).

Некаторыя праблемы і абмежаванні

Між тым у справаздачах адзначаюцца і некаторыя праблемы/абмежаванні. Не ўсе вучні маюць дома хуткасны інтэрнэт, што абмяжоўвае магчымасці выкарыстання перавернутых урокаў. Але ж, па-першае, усё менш застаецца сем’яў, якія не маюць выхаду ў сусветную павуціну; па-другое, дамашняе заданне вучні могуць рыхтаваць з дапамогай падручніка. Некаторыя навучэнцы (каля 15%) аддаюць перавагу традыцыйнаму ўроку, што можна патлумачыць стэрэатыпам, які склаўся за многія гады навучання; стэрэатып заключаецца ў звычцы атрымліваць ад настаўніка гатовыя веды, а самому не прыкладаць намаганняў. Гэты стэрэатып пры сістэматычным выкарыстанні перавернутага навучання, як напісана ў некаторых справаздачах, паступова разбураецца. Ёсць ­бацькі і іншыя законныя прадстаўнікі вучняў, якія з асцярогай ставяцца да новай практыкі навучання. Калі яны самі вучыліся ў школе, прынялі мадэль паводзін настаўніка, які дамініраваў на ўроку: апытваў, тлумачыў, правяраў. Таму з бацькамі ў нашых інавацыйных школах вялася сістэматычная работа.  Трэба адзначыць, што ў выніку гэтай работы скаргаў ад бацькоў на настаўнікаў і на школу не было. Так што цяжкасці можна пераадолець. Такім чынам, агульны настрой у справаздачах аптымістычны: усе ўдзельнікі інавацыйнага праекта не збіраюцца пасля яго завяршэння адмаўляцца ад перавернутага навучання.

Вернемся да праблемы дамашніх заданняў. Ці перагружае вучняў  перавернутае навучанне? Са справаздач устаноў адукацыі можна бачыць, што перагрузкі не назіраецца. Гэтаму ёсць тлумачэнні.

Па-першае, часта стомленасць у чалавека з’яўляецца, калі ён выконвае нудную, нецікавую работу. Так і вучань, калі яму прыходзіцца чытаць параграф, які настаўнік ужо тлумачыў, то сум забяспечаны. Толькі высокаматываваныя і адказныя вучні могуць сябе прымусіць чытаць яго асэнсавана. Новы ж матэрыял аб’ектыўна выклікае цікавасць да яго зместу. Чалавеку ўласціва праяўляць пошукавую актыўнасць, адкрываць новае.  

Па-другое, перагрузкі не адбываецца, калі дамашняе заданне грунтуецца на дастаткова добра сфарміраваных апорных ведах. Новы параграф, новы матэрыял з інтэрнэту (тэкст або ролік) вучнямі лёгка ўспрымаецца і засвойваецца, калі педагог загадзя клапоціцца, каб апорныя  веды ў вучняў былі сфарміраваны і асэнсаваны. Пры гэтым новыя веды падчас выканання дамашняга задання далучаюцца да ўжо вядомых. Гэта адбываецца пры перавернутым навучанні.

Па-трэцяе, часта самае цяжкае для вучняў у дамашнім заданні — рашэнне задач. Многія вучні з гэтым самі не спраўляюцца. Спісваюць гатовыя рашэнні (зараз ёсць адкуль спісваць). Пры перавернутым навучанні рашэнне задач адбываецца на ўроку, калі можна атрымаць дапамогу, тлумачэнне ад настаўніка ці аднакласніка. Калі мы не задаём на дом заданні па рашэнні задач, то гэтым самым аблягчаем вучням выкананне дамашніх заданняў.

Па-чацвёртае, што аблягчае вучням падрыхтоўку дамашніх заданняў — гэта магчымасць атрымліваць зваротную сувязь: “Ці правільна я зразумеў новы вучэбны матэрыял?” Зараз у інтэрнэце ёсць шмат сэрвісаў, якія дазваляюць вучню выканаць тэст для самаправеркі і аператыўна даведацца, што ён зразумеў, над чым яшчэ трэба папрацаваць.       

Такім чынам, перавернутае навучанне пры ўмелым яго прымяненні не павялічвае дамашнюю вучэбную нагрузку вучняў, а, наадварот, змяншае яе. Гэта вельмі прывабная тэхналогія, прымяненне якой забяспечвае павышэнне якасці адукацыі вучняў. Наш вопыт паказвае, што, акрамя гэтага, яна пашырае магчымасці прымянення індывідуальнага падыходу, ангажуе вучняў у працэс навучання, забяспечвае фарміраванне і развіццё ў вучняў навыкаў для дарослага жыцця, дае магчымасць прадуктыўнага навучання па-за аўдыторыяй.

Мікалай ЗАПРУДСКІ,
прафесар кафедры педагогікі
і менеджменту адукацыі АПА.