Англамоўны тур набывае ўсё большую папулярнасць

Заключны этап Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі прайшоў сёлета на базе сярэдняй школы № 30 Мінска, гаспадары якой стварылі цудоўныя ўмовы для работы ўдзельнікаў інтэлектуальных спаборніцтваў і членаў журы. Ва ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання юных знаўцаў геаграфіі прынялі ўдзел міністр адукацыі краіны С.А.Маскевіч, старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама М.У.Мірончык.

Арганізатары мерапрыемства паклапаціліся, каб алімпіяда пакінула незабыўны след у душы яе ўдзельнікаў. Яе закрыццё з музыкай, песнямі, танцамі прайшло ў выглядзе інтэлектуальнай гульні “Што? Дзе? Калі?”, дзе ў ролі галоўных дзеючых асоб выступілі навучэнцы, кіраўнікі каманд і госці, сярод якіх быў і сярэбраны прызёр Міжнароднай алімпіяды па геаграфіі Арцём Сахарэвіч.
“Мне прыемна сустрэцца з вамі, зазірнуць у вочы самым дапытлівым, цікаўным, самым паспяховым, — адзначыў, звяртаючыся да ўдзельнікаў алімпіяды, міністр адукацыі С.А.Маскевіч. — Геаграфія — адзін з унікальных прадметаў, у якім шмат таго, што па-сапраўднаму заварожвае, кожны дзень можна адкрываць у ім штосьці новае: варочаеш глобус — і ў кожнай яго кропцы можна спыніцца і задаць пэўнае пытанне. Можна глыбей зазірнуць у нетры альбо паглядзець уверх, у аблокі — і зноў адкрыць для сябе штосьці новае. Мне вельмі прыемна, што нашы вучні любяць геаграфію, паспяхова выступаюць на міжнародным узроўні. Гэта здорава! Тым больш, што міжнародныя алімпіяды праводзяцца на англійскай мове, і трэба быць на вышыні: шмат нюансаў адчуваць, разумець і ўмець адрэагаваць. Мне хочацца сказаць, што вы — лепшыя ў сваіх абласцях, у сваіх установах адукацыі. Вы — малайцы! Віншую з перамогай і жадаю далейшых поспехаў!”
Алімпіяда сабрала паспаборнічаць 111 юных знаўцаў геаграфіі: 40 адзінаццацікласнікаў, 35 дзесяцікласнікаў, 32 дзевяцікласнікі, 3 васьмікласнікі і аднаго сямікласніка. Большая палова ўдзельнікаў інтэлектуальных спаборніцтваў — 66 чалавек — прадстаўнікі навучальных устаноў новага тыпу — ліцэяў і гімназій, толькі 3 вучні з сельскіх школ, 1 прадстаўнік установы прафтэхадукацыі і 2 — ССУА. 28 навучэнцаў — пераможцы мінулагодняй рэспубліканскай алімпіяды.
Як адзначыла кансультант упраўлення вышэйшай адукацыі Міністэрства адукацыі Надзея Мікалаеўна Ганушчанка, Рэспубліканская алімпіяда па геаграфіі праводзіцца па міжнародным узоры. Інтэлектуальныя спаборніцтвы ўключаюць у сябе заданні менавіта практычнай накіраванасці. Юным географам неабходна было прайсці праз чатыры выпрабаванні: тэарэтычны тур, мультымедыйны тэст, практычны тур і стварэнне праекта.

Тэарэтычны тур прадугледжваў выкананне пісьмовых заданняў і доўжыўся 3 гадзіны. Ён уключаў пяць тэматычных блокаў, якія былі пабудаваны такім чынам, каб праверыць веды навучэнцаў па ўсіх раздзелах школьнага курса геаграфіі. Прычым было разлічана, што каля 10 працэнтаў — гэта веды, якія дзеці павінны атрымліваць самастойна ў працэсе сацыялізацыі з розных крыніц інфармацыі. Мультымедыйны тэст складаўся з 30 пытанняў, прадстаўленых на персанальным для кожнага з навучэнцаў камп’ютары ў выглядзе ілюстрацыйнага ці графічнага матэрыялу. Для паспяховага праходжання гэтага тура навучэнцам патрэбна было валодаць вялікім спектрам ведаў па геаграфіі, у іх правяраліся практычна ўсе базавыя навыкі і візуальны рад (калі, напрыклад, гэта горныя пароды, то вучні павінны іх адрозніваць; калі карты, то павінны ўмець іх чытаць).
Практычны тур — правядзенне палявых работ з абавязковым выездам алімпіяднікаў у канкрэтную мясцовасць для складання яе плана. Вокамерныя здымкі мясцовасці праходзілі на базе гарадскіх паркаў і ўключалі ў сябе абавязковы кампанент — складанне агульнай схемы характару рэльефу, аб’ектаў, якія размешчаны на тэрыторыі, расліннасці і г.д. Навучэнцы, якія выступалі за 9 клас, і дзесяцікласнікі выконвалі работу ў парку 50-годдзя Перамогі, а адзінаццацікласнікі — у Лошыцкім парку. Апошнім алімпіядным выпрабаваннем стала для навучэнцаў стварэнне праекта, які адлюстроўваў, як рацыянальна могуць быць выкарыстаны землі ўчастка, план якога яны напярэдадні складалі. Гэта творчае заданне. Праект складаўся з дзвюх частак: пісьмовае абгрунтаванне ідэі (што вучні хочуць прадставіць) і складанне плана мясцовасці з улікам праектных новаўвядзенняў. Сёлета навучэнцам было прапанавана выканаць канкрэтныя тэматычныя праекты. У 11 класе — дызайнерскі праект упарадкавання часткі тэрыторыі парку “Парк “Лошыца” — парк кветак”; у 10 класе — праект “Паўвостраў “Спартыўны” — месца для масавай фізкультуры”; у 9 класе — праект “Востраў “Птушыны” — рай для птушак” — стварэнне гарадской арніталагічнай пляцоўкі.

Акрамя таго, усе жадаючыя ўдзельнікі алімпіяды маглі паспрабаваць свае сілы і ў англамоўным туры, які быў арганізаваны з мэтай адбору школьнікаў, якія добра валодаюць замежнай мовай і ведаюць геаграфію, да падрыхтоўкі да ўдзелу ў міжнароднай алімпіядзе. Сёлета ўпершыню гэты тур складаўся з двух этапаў: пісьмовая работа і субяседаванне (накшталт вуснага экзамену па білетах), дзе правяралася жывое маўленне. Па выніках пісьмовай работы з 39 вучняў (а гэта сведчыць пра тое, што папулярнасць англамоўнага тура з кожным годам расце) журы адабрала 20, якія і прайшлі субяседаванне.
“Заданні аказаліся пасільнымі для навучэнцаў, таму праблем у вызначэнні колькасці прызёраў не было, — расказаў намеснік старшыні журы алімпіяды, кандыдат геаграфічных навук, дацэнт кафедры эканамічнай геаграфіі Беларусі і дзяржаў Садружнасці геаграфічнага факультэта БДУ Генадзь Зянонавіч Озем. — Наадварот, быў конкурс сярод тых, хто перайшоў 50-працэнтную мяжу. Яго пераадолелі больш за 70% навучэнцаў, а ўзнагародзіць мы маглі толькі 45%. Веды вучняў выраслі, нават у параўнанні з мінулагодняй алімпіядай. Лепшымі аказаліся прадстаўнікі Мінска, у асноўным дзякуючы дзевяцікласнікам. Уражваюць работы навучэнцаў з Магілёўшчыны, напрыклад, Ільі Бокача, які стаў абсалютным прызёрам у 11 класе — яго ўменне бачыць тэрыторыю, прастору. Добры вынік паказалі прадстаўнікі Віцебскай вобласці, якая па колькасці дыпломаў апынулася на другім месцы (9 дыпломаў). Па 7 дыпломаў узялі прадстаўнікі Мінскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцей. Крыху горш выступіла Гродзенская вобласць, але будзем спадзявацца, што гэта часовая з’ява, бо Гродзеншчына заўсёды знаходзілася ў ліку лідараў.
Спецыфіка заданняў тэарэтычнага тура вызначаецца ўдзелам навучэнцаў у міжнародных алімпіядах, якія праводзяцца пад эгідай Міжнароднага геаграфічнага саюза. Яны ўключалі такія новаўвядзенні, як міжнародную геастратыграфічную шкалу, міжнародную класіфікацыю глеб па сістэме ФАО Харчовай арганізацыі Аб’яднаных Нацый, якія не ўведзены пакуль у нашы вучэбныя праграмы. Таму, натуральна, пераможцамі ў тэарэтычным туры аказаліся тыя навучэнцы, якія шмат часу ўдзяляюць самападрыхтоўцы, пошуку новага і цікавага, якія маюць вопыт удзелу ў міжнародных алімпіядах і сімпозіумах. Што тычыцца практычнага этапу, то навыкі вокамерных здымкаў развіваюцца ў навучэнцаў яшчэ ў шостым класе. На жаль, аб’ектыўнасцю з’яўляецца тое, што на практычную работу па вычэрчванні плана мясцовасці ў 6 класе адводзіцца ўсяго толькі адзін урок, таму вучні, якія рыхтуюцца да алімпіяды, вымушаны развіваць гэты навык не на ўроках, а ў пазакласнай рабоце, на факультатыўных занятках. Таму ў гэтым туры і перамагаюць самыя падрыхтаваныя. Гэты тур унікальны тым, што ўменні, веды ўдзельнікаў выяўляюцца непасрэдна пры выкананні задання, а не накопліваюцца энцыклапедычна. Гэта тое, што або дадзена, або не. Навучэнцы добра справіліся з гэтым выпрабаваннем. У 11 класе быў вынік у 45 балаў з 50.
Творчыя праекты сёлета былі цікавыя, маштабныя, хаця адной з умоў іх праектавання з’яўлялася абмежаванасць фінансавых сродкаў. Напрыклад, у адным з праектаў было прапанавана стварэнне першага ў Беларусі парку з ByFly (да кожнай лавачкі прадугледжвалася падвесці разеткі). Спадзяёмся, што ідэя навучэнцаў ператварыць востраў “Птушыны” Парку Перамогі ў арніталагічную пляцоўку для дапытлівых наведвальнікаў таксама знойдзе ўвасабленне і рэканструкцыя гэтага вострава адбудзецца з улікам пажаданняў нашых алімпіяднікаў.
Мультымедыйнае тэсціраванне з’яўляецца для нас ужо традыцыйным. Яно капіруе тую сістэму заданняў, якая ёсць на міжнароднай алімпіядзе, але кожны год патрабуе ўсё новых ведаў. Гэты тур нацэльвае ў першую чаргу на факталагічнае веданне геаграфіі. Сёлетні тэст быў даволі складаным, але навучэнцы паспяхова з ім справіліся. Былі вынікі ў 49 балаў з 50 у 9 класе. Большасць вынікаў перавышала 30 балаў.

Добра сёлета прайшоў і англамоўны тур. Мы былі ўражаны тым, што ёсць навучэнцы, якія валодаюць англійскай мовай свабодна, бегла размаўляюць, спакойна будуюць фразы. У першую чаргу трэба адзначыць навучэнцаў Мінска — Глеба Васілеўскага і Багдана Іодчыка, якія добра валодаюць мовай. Больш за ўсіх уразіла нас навучэнка Гро-дзенскай гарадской гімназіі Вольга Лайкова. Яе адказ быў проста цудоўным!
Хацелася б выказаць удзячнасць настаўнікам геаграфіі рэспублікі, якія працуюць з дзецьмі, рыхтуюць іх да алімпіяд. У будучыні трэба звярнуць увагу на базавыя геаграфічныя навыкі: веданне геаграфічнай карты, уменне бачыць прастору, складаць план мясцовасці і праектную дзейнасць. Найбольш складанымі падаліся навучэнцам заданні, якія тычыліся краіназнаўчага характару. На жаль, не ўразілі членаў журы адказы на пытанні па краінах СНД. Спадзяёмся, што вывучэнню пытанняў пра нашых найбліжэйшых суседзяў — Расію, Казахстан, Украіну і г.д. — будзе ўдзелена большая ўвага”.
На заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі юныя інтэлектуалы заваявалі 50 дыпломаў. З іх І ступені — 10 дыпломаў, ІІ ступені — 16, ІІІ ступені — 24 і 4 пахвальныя водзывы. Шчаслівымі ўладальнікамі дыпломаў І ступені сталі дзевяцікласнікі: навучэнец гімназіі № 22 Мінска Арцём Зубрыцкі (настаўнік С.П.Шарамет), навучэнец сярэдняй школы № 73 Мінска Ілья Свірыдаў (В.М.Гузава), навучэнка сярэдняй школы № 5 Жлобіна Вольга Папко (Т.М.Дашкевіч); дзесяцікласнікі: навучэнец гімназіі № 1 Жодзіна Уладзіслаў Дагліс (І.М.Пічугіна), навучэнка Мінскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў Дар’я Трубліна (А.П.Варанец), навучэнец гімназіі Дзяржынска Даніла Чарняўскі (С.Р.Рагожкіна); адзінаццацікласнікі: навучэнец гімназіі № 1 Бабруйска Ілья Бокач (Л.М.Пазняк), навучэнец гімназіі № 4 Магілёва Глеб Лазовік (А.П.Аляксеенка), навучэнец гімназіі № 31 Мінска Аляксандр Куксоўскі (Ж.Г.Машкевіч), навучэнка сярэдняй школы № 1 Глыбокага Лізавета Дзмітрыева (Л.М.Дзмітрыева).
Прыз міністра адукацыі краіны быў уручаны навучэнцу гімназіі № 22 Мінска Арцёму Зубрыцкаму, а прыз мэра Мінска атрымаў адзінаццацікласнік сталічнай гімназіі № 56 Уладзімір Фядотаў (М.А.Гілеўскі). Віншуем пераможцаў!

 

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.