Англічанка

- 11:01Людзі адукацыі

Не, гэта не мянушка, як вы, магчыма, падумалі. Хаця вучні і называюць яе так паміж сабой, але ўкладваюць у гэтае слова зусім іншы сэнс. У іх інтанацыі адчуваецца піетэт. Яны ёй зачараваны, і гэтага дастаткова, каб палюбіць англійскую мову.

У палоне зачараванасці аказалася і я. Пачуццё захаплення ўзнікла літаральна на першых хвілінах гутаркі, а ў канцы размовы Ніна Уладзіміраўна Плашкевіч, настаўніца сярэдняй школы № 2 Капыля, канчаткова скарыла маё сэрца. Спачатку яна, сумеўшыся, захвалявалася, але потым яе голас выраўняўся, і пачалася наша размова, спакойная і разважлівая.
Гэты навучальны год для Ніны Уладзіміраўны юбілейны — саракавы. І яе душу па-ранейшаму саграваюць вучні, цяперашнія і былыя. Многія натхніліся прыкладам гэтай настаўніцы, таксама звязаўшы свой прафесійны лёс з педагогікай. Цяпер некаторыя з іх працуюць побач, у 2-й капыльскай школе, а некаторых лёс раскідаў па ўсім свеце, але не сумняваюся, што ўсе яны памятаюць сваю англічанку. Ніна Уладзіміраўна ганарыцца сваімі вучаніцамі, такімі дасціпнымі, сучаснымі настаўніцамі. Гэтак жа па-чалавечы цёпла і з задавальненнем гаварыла яна і пра Дашу Маліноўскую, выпускніцу гэтага года, якая, таксама натхніўшыся педагогікай Ніны Уладзіміраўны, стала студэнткай Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. І гэта пры тым, што Дар’я — медалістка, якая, апроч усяго, падчас ЦТ здолела набраць прыстойную колькасць балаў (341).
— Мая цяга да педагогікі таксама пачалася ў школе. У нас выкладала настаўніца англійскай мовы, пра якую цяпер сказалі б: вельмі матываваная на педагагічную дзейнасць. Яна лічыла, што англійскую мову павінен ведаць кожны вучань класа. І калі хто-небудзь з настаўнікаў хварэў ці ад’язджаў у камандзіроўку, то замест іх урокаў абавязкова была англійская мова. Яна шмат увагі ўдзяляла нам і развіццю свайго прадмета, таму ў выніку мы атрымалі выдатныя веды, а я — яшчэ і жаданне стаць педагогам.
Акрамя таго, мая родная цётка вучылася ў гэтай настаўніцы, а пасля сама пачала выкладаць англійскую мову, што таксама аказала адпаведны ўплыў. Вось так на мой прафесійны выбар паўплывалі два чалавекі, дзве выдатныя жанчыны. Я закончыла Мінскі інстытут замежных моў і з таго часу працую ў школе, — расказала Ніна Уладзіміраўна.
Свае першыя крокі ў прафесіі настаўніца ўспамінае з лёгкай усмешкай.
— Канечне, было страшнавата. Перад табой — праграма, падручнік, а ў класе — дзеці з чакаючымі вачыма. Ты разумееш, што іх трэба вучыць. Спачатку ставішся да дзяцей як да навучэнцаў, а пасля ўжо можаш у кожным разгледзець асобу. Далей пачынаецца вывучэнне гэтай асобы, яе звычак, схільнасцей, інтарэсаў. І перад табой адкрываецца чалавек. Яшчэ дзіця, а ўжо чалавек, таму падыходы ў навучанні і ў фарміраванні матывацыі мяняюцца.
Безумоўна, на пачатку ўсяго гэтага я не ведала. На жаль, у інстытуце не вучылі, як будаваць адносіны з вучнямі, арганізаваць цікавы ўрок. Усё прыйшло паступова, з вопытам. Ключык можна знайсці да кожнага вучня, але на гэта патрэбен час, таму вельмі добра, што ёсць магчымасць весці дзіця з 3 па 11 клас. Мы ідзём побач шмат гадоў, і рана ці позна знаходзіцца прыём, які дапамагае вучню палюбіць твой прадмет, зразумець яго неабходнасць і прыняць гэтую думку спакойна і ўзважана. А цяпер замежная мова патрэбна ўсім і ўсюды.
Так яно і ёсць, і для настаўнікаў замежнай мовы такі прыярытэт з’яўляецца вялікім матывацыйным бонусам. Тым не менш гэта зусім не азначае, што цяперашнія школьнікі вельмі хутка ўсё ўсвядомяць і пачнуць з задавальненнем вывучаць замежную мову. Каб запусціць неабходны працэс, настаўніку трэба прыкласці намаганні, прычым немалыя. Улюбіць у свой прадмет не проста. Хаця калі ты сам улюбёны, то не заўважаеш, што прыкладваеш намаганні. Усё адбываецца неяк незаўважна, само сабой. Прынамсі, гэтыя думкі цябе не абцяжарваюць, бо ты проста займаешся любімай справай. Так і з Нінай Уладзіміраўнай. Некаторыя мае пытанні былі для яе нечаканымі, але яна старалася растлумачыць, што поспех дзіцяці непасрэдна залежыць ад настаўніка, яго прафесіяналізму і чалавечых якасцей.
— Дзіця трэба настройваць на пазітыў, фарміраваць станоўчае стаўленне да сябе. Я ніколі не ставіла і не стаўлю нізкіх балаў. Заўсёды размаўляю з вучнямі, прапаноўваю сваю дапамогу. Калі нешта не вывучыў ці кепска засвоіў, значыць даю магчымасць давучыць і адказаць так, як трэба. Такія адносіны фарміруюць нашу з вучнем узаемапавагу. І мае навучэнцы ведаюць, што калі яны не падрыхтуюцца, то я буду засмучанай. Мы стараемся ісці адно аднаму насустрач, — адзначыла Ніна Уладзіміраўна.
У размове з настаўніцай не раз лавіла сябе на думцы, што сапраўды яна — англічанка. Выхаваная, стрыманая, ветлівая, добразычлівая і свабодна валодае англійскай мовай. Мяркую, што і ўрокі яе такія ж, бо манеры, паводзіны настаўніцы настройваюць на адпаведны лад. Яшчэ мне здаецца, што яе вучні нават не падазраваюць, што іх англічанка рыхтуецца да ўрока, прыдумвае маўленчыя сітуацыі з безліччу пытанняў і адказаў, распрацоўвае цікавыя заданні на картках. Ім здаецца, што яна сама па сабе такая і ёй нічога не трэба прыдумляць.
Але Ніна Уладзіміраўна ўвесь час займаецца самаадукацыяй, не лянуецца прыдумаць яшчэ адно заданне. З галавы не выходзяць вучні, а дакладней, тыя асобы, якіх яна здолела разгледзець у кожным. І вось цяпер трэба падумаць, што сказаць аднаму і як заахвоціць другога. Яна ўвесь час у дынаміцы, у развіцці. Ёй падабаецца новая канцэпцыя выкладання замежнай мовы, тое, што з’явіўся выпускны экзамен. Усё гэта, на яе думку, зрабіла прадмет больш цікавым, прыцягальным.
Мяркую, што Даша — не апошняя вучаніца Ніны Уладзіміраўны, якая натхніцца яе прыкладам. Такія вучні — працяг настаўніка. Магчыма, гэта самае высокае дасягненне для кожнага педагога.
— Мне вельмі камфортна працаваць з маімі былымі вучнямі. З іх атрымаліся выхаваныя людзі і высакакласныя спецыялісты. Каб стаць сапраўдным настаўнікам, трэба прыкласці шмат намаганняў. І пачынаць трэба з універсітэцкай лаўкі, таму не толькі Дашы, але і ўсім студэнтам педуніверсітэта жадаю поспехаў. Развівайце ў сабе крэатыўнасць, што дапаможа вам самарэалізавацца, адкрые ў вас новыя якасці, а вучні будуць чакаць сустрэчы з вамі. Але спачатку трэба выхаваць асобу ў сабе, навучыцца паважаць сябе. Толькі тады ты зразумееш, як гэтаму можна навучыць астатніх, — рэзюмавала Ніна Уладзіміраўна.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.