Англійская без хайпа

- 11:20Суразмоўца

Мая сённяшняя суразмоўніца — педагог, ментар, філолаг Таццяна Размысловіч. З ёй больш знаёмы настаўнікі-замежнікі, бо Таццяна вучыць англійскай і італьянскай мовам. Але, мне падаецца, вопыт настаўніцы будзе цікавы многім, бо гэта педагог без меж, прынамсі, метадычных. Яна ўвесь час развіваецца сама і набытым вопытам з ахвотай дзеліцца з калегамі на фармальных і нефармальных педагагічных пляцоўках.

“Сваю першую класічную педагагічную адукацыю я атрымала ў Барысаўскім педагагічным каледжы. Цяпер яго ўжо не існуе, але гэта была выдатная навучальная ўстанова, дзе культывавалася ідэя шматфункцыянальнага настаўніка. Мы вывучалі педагагічную этыку, псіхалогію (узроставую, спецыяльную, школьную), методыку выкладання, маляванне, рытміку, спевы, фізкультуру, педагогіку і шмат чаго яшчэ. Нам гаварылі, што настаўнік павінен умець намаляваць плакат, паставіць танец, выканаць песню, правесці фізкультхвілінку, арганізаваць работу ў садзе, а таксама з бацькамі.

Пры гэтым настаўнік — гэта ўзор паводзін, гэта чалавек, які разумее і ўлічвае псіхалагічныя асаблівасці сваіх навучэнцаў, гэта чалавек, які выхоўвае, развівае, вучыць, натхняе і дапамагае ісці наперад. Шмат усяго, праўда? Але гэта так! У выніку я маю выдатную базу ведаў і дагэтуль лічу, што добры настаўнік — гэта чалавек-аркестр, які ўмее рабіць усё, а нават калі не ўмее, то ведае, як навучыцца гэтаму ў кароткі тэрмін”, — пачала гаворку Таццяна.

Пасля заканчэння каледжа яе адукацыйны шлях прадоўжыўся ў сценах БДУ, на філалагічным факультэце. Таццяна пажадала паглыбіцца ў італьянскую і нямецкую мовы. З нямецкай стасункі не склаліся, а пяць гадоў, прысвечаныя італьянскай мове і культуры, дарма не прайшлі. Нягледзячы на большую папулярнасць англійскай мовы, італьянская таксама цікавая для некаторых вучняў. Дарэчы, дзякуючы філалагічнаму факультэту, Т.Размысловіч пачала пісаць і працаваць як капірайтар (піша пра адукацыю на сайце http://nastavnica.by/), так што мы з ёй калегі.

“Будучы студэнткай БДУ, я пачала працаваць настаўніцай англійскай мовы ў звычайнай школе, дзе вяла ўрокі ў чац­вёртакласнікаў. Мой педагагічны шлях пачаўся на 3 курсе, што было цалкам заканамерна: у мяне ж быў дыплом педкаледжа. Гэты вопыт дапамог зразумець, як можна і трэба працаваць, каб вучні прыходзілі на твае ўрокі з задавальненнем. Але пасля ўніверсітэта я вырашыла паспрабаваць сябе ў лагістыцы, дзе хутка зразумела, што гэтая сфера зусім мне не падыходзіць”, — працягвала мая суразмоўніца.

Не знайшоўшы паразумення з лагістыкай, Таццяна пайшла працавац­ь у адну з моўных школ Мінска, дзе ёй і ўдалося ўвасобіць у жыццё многія метадычныя ідэі і выпрацаваць уласны стыль выкладання. “Я люблю творчасц­ь, digital-сродкі навучання, гульні, актыўныя метады і масмедыя на ўроках. Не люблю манатонных і аднатыпных заданняў, менавіта таму рэгулярна мяняю падручнікі і абнаўляю сваё выкладанне. Што тычыцца выбару методыкі і падыходу да навучання, то вызначаю яго як enlightened eclecticism. Я ўвесь час павышаю сваю кваліфікацыю і лічу гэта адным з прыярытэтных пунктаў у сваім спісе асобаснага самаразвіцця”, — заўважыла Таццяна.

На дадзены момант у скарбонцы дасягненняў педагога — сертыфікат TESOL (Teaching English to Speakers of Other Languages) і Cambridge English: Proficiency (CPE). Спіс можна дапоўніць рэгулярнымі вэбінарамі, наведваннем метадычных воркшопаў, канферэнцый і чытаннем спецыялізаваных кніг. “Дарэчы, апошняя кніга, якая зрабіла на мяне ўражанне, — гэта “Teaching lexically” by Hugh Dellar and Andrew Walkley”, — дадала Таццяна Размысловіч.

У новым навучальны годзе сваім вучням яна прапануе засвойваць англійскую і італьянскую мовы з дапамогай змешанага навучання, якое аб’ядноўвае анлайн- і афлайн-метады. Гэта дыстанцыйнае навучанне, якое дае магчымасць працаваць самастойна ў рэжыме анлайн і не губляць жывых чалавечых стасункаў. Тут Таццяна працуе ўжо як ментар, якім, па яе меркаванні, з’яўляецца чалавек, што назірае за табой, курыруе тваю работу і, калі неабходна, падказвае, куды ісці далей.

“У ментарскай дзейнасці няма элемента выхавання або навучання. Як навучэнцу табе проста паказваюць шлях развіцця. Можа падацца, што гэтага мала, але гэта не так. Каб быць ментарам, неабходна мець вялікую ўнутраную сілу, веды і эмацыянальны інтэ­лект. Акрамя таго, трэба пазбавіцца дылетанцтва, жадання даваць парады, а таксама выключыць манію вялікасці. Я думаю, што ў найбліжэйшай будучыні вырасце попыт і з’явіцца большая колькасць прапаноў на ментараў і ад ментараў. Каб працаваць з ментарам, трэба быць гатовым глядзець праўдзе ў вочы, мяняць сябе, працаваць над сабой, ісці самому па шляху развіцця і навучання”, — мяркуе Таццяна. 

У спісе дасягненняў маёй гераіні — скончаны курс “Стратэгія актыўнай ацэнкі” ад Тавырыства беларускай школы. Курс дапамог ёй не толькі засвоіць адну з сучасных і запатрабаваных методык навучання, але і пазнаёміцца з педагогамі-наватарамі Беларусі. Ментарам Таццяны падчас праходжання курса была настаўнік-метадыст Нясвіжскай гімназіі Наталля Катчанка.

На пытанне “А што больш за ўсё падабаецца ў АА?”, Таццяна адразу адказала: “НаШтоБуЗУ” (на што буду звяртаць увагу), або ў англійскім варыянце WILF (What I am looking for). За гэтымі цікавымі абрэвіятурамі хаваецца пастаноўка мэт. Кожны педагог ставіць мэты перад урокам. Але калі раней для мяне, як і для многіх, гэта была руціна, набор разумных метадычных слоў, то зараз усё інакш. У пачатку кожных заняткаў мы разам з вучнямі абмяркоўваем мэты “НаШтоБуЗУ” — тое, чаго дасягнем у канцы заняткаў, і размяшчаем іх на дошцы. Прычым яны абавязкова павінны быць на мове навучэнца і быць рэальна дасягальнымі за адзін урок.

Кожны навучэнец павінен разумець, што яму трэба сёння рабіць на ўроку і як дасягнуць гэтага. Фактычна наша “НаШтоБуЗУ” — крытэрыі ацэнкі. У канцы заняткаў мы вяртаемся да яго, і (вы не паверыце!) вучні самі сябе ацэньваюць і падводзяць вынікі сваёй работы і набытых ведаў. Гэта мне падабаецца больш за ўсё. Цяпер мае  навучэнцы кантралююць адукацыйны працэс і самі нясуць адказнасць за асабістыя поспехі і навучанне”.

Пасля засваення курса па актыўнай ацэнцы Таццяна Размысловіч паўдзельнічала ў ІІ (не)канферэнцыі для школьных настаўнікаў EdCamp Belarus, дзе дзялілася вопытам выкарыстання Instagram пры вывучэнні замежнай мовы. “Канечне, гаворка не ідзе пра тое, што на базе гэтай сацыяльнай сеткі можна арганізаваць паўнавартаснае навучанне. Я выкарыстоўваю Instagram толькі як пляцоўку для дадатковага стымулявання цікавасці да ведаў. Гэта проста інструмент, які дапамагае захапіць працэсам максімальную колькасць людзей, зрабіць так, каб англійская мова была з імі заўсёды.

Мне падабаецца ідэя мікразаданняў, асабліва калі ўлічваць вялікі паток інфармацыі, які кожнага з нас суправаджае штодзень. Мы ёй перагружаны, таму пры вывучэнні замежнай мовы актуальнай з’яўляецца невялікая па аб’ёме інфармацыя, якая дазваляе арганізаваць ненадакучлівае мікранавучанне. Instagram з гэтай задачай спраўляецца выдатна, таму я і складаю невялікія заданні. Падлеткам, напрыклад, падабаецца здымаць маленькія відэаролікі, якія таксама можна трансліраваць праз Instagram.

Дарэчы, цяпер на YouTube вельмі папулярныя вучэбныя ролікі па англійскай мове. Але яны вас ніколі не навучаць, калі да іх не падключаць дадатковыя інструменты”, — расказала Таццяна.

Адным з такіх інструментаў з’яўля­ецца засваенне лексікі. Банальна, але без завучвання слоў мову засвоіць не ўдасца. Гэта кагнітыўны працэс: калі не выдзяляць час на вывучэнне лексікі, то прагрэсу проста не будзе. А сродкі для запамінання могуць быць рознымі. Напрыклад, можна карыстацца электроннымі дадаткамі, якія дазваляюць ствараць спісы слоў.

“У нашых школах некалькі гадоў пры вывучэнні замежнай мовы выкарыстоўваецца камунікатыўны падыход. І ён працуе. Нашы падлеткі гавораць на анг­лійскай, разумеюць англамоўныя фільмы і кнігі. Гэта трэнд — глядзець кіно на мове арыгінала. Але пісаць на англійскай нашы старшакласнікі асабліва не ўмеюць. Вы ведаеце, што вывучэнне англійскай мовы дзеліцца на ўзроўні. Кожны ўзровень — набор канкрэтных навыкаў, да якіх адносіцца і ўменне пісаць. І калі ў вас нешта западае, то вы ніколі не зможаце перайсці на іншы ўзровень.

Сёння многія кампаніі патрабуюць ад сваіх супрацоўнікаў ведання англійскай мовы на пэўным узроўні, таму неабходна развіваць і ўдасканальваць усе навыкі. Я, дарэчы, здавала міжнародны моўны экзамен (лічыцца самай аб’ектыўнай ацэнкай твайго ўзроўню) і хачу адзна­чыць, што калі б я не ўмела пісаць і чытаць, то ніколі б яго не здала. Чытанне і пісьмо аўтаматычна павышаюць узровень маўлення, таму, калі вы лічыце, што ваш настаўнік замежнай мовы ўдзяляе гэтаму занадта шмат часу, ведайце: ён не старамодны, а проста да выкладання падыходзіць фундаментальна. Прынамсі, сёння набірае папулярнасць усім нам вядомы традыцыйны лексічны падыход у вывучэнні замежнай мовы, на якім хайпяць і зарабляюць вялікія грошы шматлікія замежныя трэнеры.

Песні і фільмы — добры рэсурс для лексічнага падыходу, таму што менавіта там ёсць кантэкст і адразу ёсць калакацыі (словазлучэнні). Каб прымяняць лексічны падыход, трэба мець не толькі грунтоўную падрыхтоўку, але і быць гібкім. Гэтага па­трабуюць сучасныя дзеці з кліпавым мысленнем. Яны ў нас практычна ўсе візуалы. І з гэтым трэба лічыцца.

Акрамя лексічнага падыходу, папулярнасць набірае навучанне, заснаванае на заданнях. Па сутнасці, гэта праектная методыка. Так, можна папрасіць распрацаваць экскурсійны маршрут для госця сталіцы з выкарыстаннем пэўнага набору слоў. Папулярным становіцца навучанне замежнай мове з дапамогай пэўнай галіны, напрыклад, мастацтва або матэматыкі. Гэта нагадвае міжпрадметнае навучанне: мы знаёмімся з нейкай гістарычнай з’явай — і я даю вучням гістарычную тэрміналогію ці мы разглядаем адпаведную карту. Атрымліваецца зварот да гісторыі, але на англійскай мове. Мова засвойваецца за кошт паглыблення ў іншую сферу. Таксама на вынік добра працуюць актыўная ацэнка і медыяадукацыя.

І не трэба забываць пра 4 навыкі ХХІ стагоддзя — калабарацыя, зносіны, крэатыўнасць і крытычнае мысленне, якія задаюць і будуць задаваць траекторыю ў развіцці адукацыі ва ўсім свеце”, — падзялілася Таццяна Размысловіч.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.