Англійская мова ў сусветных тэндэнцыях

Міжнародная канферэнцыя настаўнікаў англійскай мовы IATEFL (International Association of Teachers of English as a Foreign Language — Міжнародная асацыяцыя настаўнікаў англійскай мовы як замежнай) з’яўляецца адной з галоўных падзей для супольнасці настаўнікаў англійскай мовы з розных краін. Канферэнцыя праводзіцца штогод вясной у розных гарадах Вялікабрытаніі. У мінулым годзе мне пашчасціла выйграць грант на ўдзел у канферэнцыі ў секцыі “Прафесійнае развіццё педагога” для членаў асацыяцыі IATEFL, якія ўпершыню наведваюць гэтае мерапрыемства. У 2017 годзе канферэнцыя праходзіла ў Глазга. Сёлета 52 Міжнародную канферэнцыю настаўнікаў англійскай мовы IATEFL прымалі ў Брайтане.

Атрымаўшы бясцэнны вопыт удзелу ў мінулым годзе, вядома, я адправілася ў Вялікабрытанію. IATEFL-2018 сабрала каля 3000 удзельнікаў з больш чым 100 краін свету. Чатырохдзённая праграма ўключала звыш 500 пленарных пасяджэнняў, семінараў і майстар-класаў. Таксама ў дзень, які папярэднічаў афіцыйнаму адкрыццю канферэнцыі, была арганізавана спецыяльная праграма работы 16 секцый (Special Interest Groups). Я ўдзельнічала ў рабоце секцый “Прафесійнае развіццё педагога” і “Лідарства і кіраванне”.

Канферэнцыя IATEFL — гэта ўнікальная магчымасць для настаўніка англійскай мовы сустрэцца з вядомымі лінгвістамі і выкладчыкамі сусветнага ўзроўню, абмяняцца ідэямі і вопытам з калегамі з іншых краін, азнаёміцца з сусветнымі тэндэнцыямі ў адукацыі ў цэлым і навучанні англійскай мове ў прыватнасці.

У час сумеснага пасяджэння секцый “Прафесійнае развіццё педагога” і “Лідарства і кіраванне” вялікая ўвага была ўдзелена павышэнню матывацыі педагога да пастаяннага прафесійнага развіцця, ролі прафесійнага супрацоўніцтва, або нэтворкінгу, пашырэнню магчымасцей сеткавага ўзаемадзеяння педагогаў. Дарэчы, тэма сеткавага ўзаема-дзеяння мне была вельмі цікавай, таму што ў нашай школе ўжо на працягу трох гадоў існуе і актыўна працуе сеткавая суполка настаўнікаў англійскай мовы на адукацыйнай анлайн-платформе Edmodo.

Цікавую і нечаканую інфармацыю пра апошнія даследаванні ў галіне навучання англійскай мове прадставіла на пленарным пасяджэнні Лурдэс Артэга, выкладчык і даследчык з Універсітэта Джорджтаўна ЗША. Згодна з праведзенымі даследаваннямі, ранняе навучанне замежнай мове зусім не гарантыя больш паспяховага авалодання ёй у познім, усвядомленым узросце.

У другі дзень канферэнцыі запомніўся семінар па навучанні англійскай праз гісторыі (storytelling), праведзены Джэрэмі Хамерам і Геабертам Пучтам. Чарговы раз было вельмі цікава паслухаць Джэрэмі Хамера, чый майстар-клас я наведала мінулым летам у Норыджы (Вялікабрытанія) у рамках двухтыднёвага курса прафесійнага развіцця “Брытанская культура і сучасная англійская мова” ў Норыджскім інстытуце лінгвістычнай адукацыі (NILE).

Натхнёная трохдзённым семінарам Teaching Lexically, які правёў у лістападзе ў Мінску выкладчык з Вялікабрытаніі і аўтар падручнікаў National Geographic Learning Х’ю Дэлар, я паспяшалася на яго майстар-клас. І не пашкадавала. Бліскучы аратар на гэты раз расказваў пра камунікатыўнае навучанне граматыцы, канечне ж, разам з лексікай.

Вельмі карысным быў і семінар Лінды Руас і Джульеты Шэнман пра навучанне крытычнаму мысленню і неабходнасць вучыць дзяцей адрозніваць сапраўдныя і непраўдзівыя навіны, што асабліва актуальна ў час інтэрнэту і сацыяльных сетак.

Акрамя шырокай адукацыйнай праграмы, на канферэнцыі была таксама прадстаўлена выстава вядомых выдавецкіх дамоў і сусветных лідараў у лінгвістычнай адукацыі, такіх як British Council, Oxford University Press, Pearson, National Geographic Learning, Cambridge University Press, Collins, Macmillan, Pilgrims, TELC, BAC, TOEFL, IELTS, NILE. Выстава дала магчымасць азнаёміцца з навінкамі метадычнай і вучэбнай літаратуры.

Усе семінары і майстар-класы, якія я наведала, былі карыснымі і інфарматыўнымі, на розныя актуальныя тэмы: праблема ацэньвання праектаў, практыка-арыентаванае навучанне і навыкі XXI стагоддзя, перавернуты клас, мабільныя тэхналогіі, гейміфікацыя навучання, змяшанае навучанне з выкарыстаннем адукацыйных анлайн-платформ, развіццё самастойнасці навучэнцаў на ўроку, самааналіз і рэфлексія педагагічнай дзейнасці, курсы МААК у прафесійным развіцці педагога.

Галоўнай думкай і вядучай ідэяй канферэнцыі стала тое, што на сучасным этапе важна не даваць веды і інфармацыю навучэнцам, а навучыць іх самім знаходзіць усю неабходную інфармацыю, фарміраваць навыкі самаадукацыі і самаразвіцця.

Пяць дзён канферэнцыі праляцелі непрыметна. Яе вынік — новыя сябры і аднадумцы, папоўнены багаж прафесійных ведаў, мора новых ідэй для прымянення ў класе са сваімі любімымі вучнямі, планы падзяліцца інфармацыяй з калегамі ў школе і раёне. І, канечне, у маім календары ўжо адзначана чырвоным 1 красавіка 2019 года. Гэта будзе Ліверпуль, дзе пройдзе 53 Міжнародная канферэнцыя настаўнікаў англійскай мовы IATEFL-2019.

Вольга КРУГЛОВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце,
настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 4 Салігорска.