Якія адукацыйныя паслугі выбіраюць бацькі для сваіх малышоў?
У дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 11 Гродна малышы атрымліваюць самыя разнастайныя навыкі: вучацца чытаць і лічыць, размаўляць на замежных мовах, танцаваць, спяваць і майстраваць. Яны асвойваюць правілы работы за камп’ютарам, займаюцца спортам, гуляюць у шашкі. Заняткі ў цэнтры праводзяцца па вучэбнай праграме дашкольнай адукацыі. Дадаткова арганізоўваюцца адукацыйныя паслугі звыш базавага кампанента. Ва ўстанове на платнай і бясплатнай аснове дзейнічаюць 14 гурткоў.
Як цэнтр сумяшчае жаданае з існуючым, ці супадаюць магчымасці ўстановы па аказанні дадатковых адукацыйных паслуг дзецям з запытамі бацькоў? Пра гэта расказвае загадчык установы Вольга Сяргееўна РУДАЯ.
Рознабаковае развіццё
— Сучасныя бацькі часцей за ўсё выбіраюць тую ўстанову адукацыі для свайго дзіцяці, якая прадастаўляе шмат адукацыйных паслуг, — адзначае Вольга Сяргееўна. — Не звяртаюць увагі, блізка яна ад дома, ці не. У наш цэнтр многія бацькі прыводзяць дзяцей менавіта таму, што мы задавольваем іх запыты па рознабаковым развіцці малышоў. Нашы педагогі ініцыятыўныя, адносяцца да выхаванцаў з вялікай цеплынёй, гатовы займацца з імі дадаткова. Мая задача як кіраўніка — заахвочваць такіх спецыялістаў, падтрымліваць, у тым ліку і матэрыяльна, праз прэміраванне. Сёння ў нашым калектыве працуе шмат выпускнікоў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і гуманітарнага каледжа пры ўніверсітэце. Дашкольны цэнтр з’яўляецца базай для праходжання практыкі студэнтамі каледжа. Да таго ж яго выкладчыкі вядуць заняткі ў гуртках цэнтра.
У лік платных звычайна трапляюць гурткі, якія карыстаюцца вялікім попытам у бацькоў і вызначаны вучэбнай праграмай. І гэта, лічу, нармальная з’ява, таму што дашкольныя адукацыйныя ўстановы існуюць у няпростых умовах: для таго каб інтэнсіўней развівацца, яны вымушаны шукаць спосабы для арганізацыі пазабюджэтнай дзейнасці. Аплата за дадатковыя паслугі ў мінулым навучальным годзе складала ў сярэднім 100 тысяч рублёў за месяц (за два разы на тыдзень).
У нашым цэнтры дадатковыя паслугі аказваюцца малышам да двух гадоў, якія не наведваюць дашкольную ўстанову. Разам з мамамі яны наведваюць групы кароткачасовага знаходжання або адаптацыйныя пляцоўкі. Дзеці з карысцю праводзяць тут час: робяць эмацыянальную зарадку, разглядаюць ілюстрацыі ў кнігах, малююць, лепяць, гуляюць у рухавыя і настольныя гульні, а таксама з пяском, удзельнічаюць ва ўсіх рэжымных момантах.
Як толькі дзеці ў тры гады пераступаюць парог цэнтра і становяцца нашымі выхаванцамі, іх бацькі адразу выбіраюць ім гурткі творчага і эстэтычнага кірунку, дзе малышы могуць раскрыць свае прыродныя схільнасці (вакальную студыю, тэатральна-мастацкі і харэаграфічны гурткі), а таксама гурткі спартыўна-аздараўленчай накіраванасці. Малышоў ясельнага ўзросту педагогі імкнуцца развіць фізічна, прадухіліць з дапамогай спецыфічных практыкаванняў парушэнні паставы, плоскаступнёвасці. У сярэднім і старшым дашкольным узросце заняткі стануць для іх больш сур’ёзнымі: яны будуць вучыцца хадзіць на лыжах, гуляць у футбол, баскетбол. Праводзяцца і інтэлектуальныя спартыўныя гульні. У цэнтры працуе гурток па шашках, на якім выхаванцы засвойваюць азы тэорыі і практыкі гэтай гульні, знаёмяцца з гісторыяй шашак. Маленькія шашысты вучацца разважаць у думках, аналізаваць, будаваць на шашачнай дошцы цікавыя камбінацыі, прадбачыць задумы партнёра.
Амаль усе дзеці старшага дашкольнага ўзросту наведваюць групы ранняга развіцця, дзе педагогі Святлана Аляксандраўна Галун, Ганна Мяфодзьеўна Сінкевіч і Кацярына Іванаўна Бальчус рыхтуюць іх да школы. Асноўная ўвага на занятках удзяляецца развіццю фанетычнага ўспрымання, вымаўленню гукаў і слоў, азнаямленню з літарамі, фанетычнаму аналізу, падрыхтоўцы рукі да пісьма. Педагогі прапаноўваюць будучым школьнікам цікавыя заданні для развіцця дробнай маторыкі рук. Дзеці робяць і першыя спробы ў чытанні слоў, фраз, тэкстаў. І ўсё гэта ў гульнявой форме.
Да кожнага дзіцяці, зразумела, патрэбен свой падыход, што часам абумоўлена тымі ці іншымі асаблівасцямі ў яго развіцці. Ва ўстанове працуюць чатыры спецыяльныя групы і пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, дзе праводзіцца карэкцыя цяжкіх парушэнняў маўлення, у тым ліку карэкцыя заікання ў дзяцей. У кожнай дашкольнай установе ёсць дзеці, якім на цяперашні момант не патрабуюцца спецыяльныя заняткі з настаўнікам-дэфектолагам, але тэндэнцыя да ўзнікнення такой неабходнасці ў іх назіраецца. Такія выхаванцы цэнтра наведваюць гурток на бясплатнай аснове “Моўныя гульні”, які вядзе настаўнік-дэфектолаг Таццяна Вячаславаўна Крыштаповіч. Яна дапамагае дзецям удасканальваць маўленне, вучыць выкарыстоўваць правільныя словы для выказвання думак, складаць па плане або па карціне ці серыі сюжэтных замалёвак апавяданні, расказваць аб уласных жыццёвых назіраннях.
У якасці дадатковай платнай паслугі ў праграме дашкольнай адукацыі прапаноўваецца гурток па ткацтве. У найбліжэйшы час у цэнтр набудуць ткацкія станкі — і пачнецца работа ў гуртку “Ткацкія напевы”. Ужо сёння тут ідзе своеасаблівая падрыхтоўка да заняткаў ткацтвам у гуртку народнай творчасці, дзе дзеці з самых розных матэрыялаў вырабляюць нестандартныя і вельмі прыгожыя рэчы, знаёмяцца з тэрмінамі і паняццямі са сферы мастацтва, з прыёмамі адмысловай творчасці, вучацца вызначаць і класіфікаваць колеры, прымячаць гарманічныя каляровыя спалучэнні, адчуваць форму прадметаў, якія ствараюць,
адзначаць іх прасторавае размяшчэнне.
Мова родная і замежная
У апошні час вялікім попытам у дашкольнікаў карыстаюцца замежныя мовы. У ДЦРД № 11 Гродна на бясплатнай аснове выкладаюцца польская і нямецкая мова і платна — англійская мова.
Навучанне англійскай мове пяці- і шасцігадовых дзяцей ажыццяўляецца ў гуртку “Англійскі тэатр” выкладчыкам гуманітарнага каледжа Таццянай Віктараўнай Гілеўскай. Яна вучыць дзяцей успрымаць замежную мову на слых. Такі падыход не перашкаджае навучанню чытанню і пісьму на роднай мове. Тэмы, якія прапаноўвае для вывучэння Таццяна Віктараўна, самыя даступныя: “Жывёлы”, “Сям’я”, “Колеры”, “Цацкі”, “Сродкі перамяшчэння”, “Часткі цела”, “Ежа”, “Дом”, “Поры года”, “Дні тыдня”, “Адзенне”. На занятках педагог выкарыстоўвае дыдактычны маляўнічы матэрыял, прыёмы пераключэння ўвагі дзяцей з аднаго віду маўленчай дзейнасці на іншы. У арсенале педагога і разнастайныя наглядныя сродкі (маскі, карцінкі, цацкі), яна ладзіць з дзецьмі фізкультхвілінкі, рухавыя гульні.
Звычайнае паўтарэнне слоў або завучванне вершаў і ўрыўкаў з літаратурных твораў не вельмі цікавіць дзяцей. Яны робяць гэта аўтаматычна, не зусім разумеючы і не асэнсоўваючы, аб чым ідзе гаворка. А вось гульні і кароценькія драматызаваныя пастаноўкі іх вельмі захапляюць і дапамагаюць засвойваць матэрыял. Таму далучэнне да англійскай мовы ў цэнтры ажыццяўляецца праз тэатральную дзейнасць. Адчуванне сябе ў ролі казачнага героя надае дзіцяці пачуццё паспяховасці, яно становіцца больш адкрытым і смелым. Калі выхаванец дапусціў памылку, ён не смуткуе. Гэта ж не ён, а, напрыклад, Курачка Раба памылілася. У тэатральным куфэрку “Англійскага тэатра” на сёння пастаноўкі такіх казак, як “Церамок”, “Курачка Раба”, “Брыдкае качаня”, “Рэпка”, “Чырвоная Шапачка”. Сваімі спектаклямі дзеці бясконца радуюць бацькоў на тэатральных прэм’ерах.
Таццяна Віктараўна Гілеўская зрабіла і першыя паспяховыя спробы ў выкладанні нямецкай мовы для дашкольнікаў.
Выхавальнік цэнтра Алена Вітальеўна Андруконіс вядзе ў цэнтры гурток польскай мовы, інтарэс да якой у Гродне зразумелы, бо ў горадзе пражывае шмат палякаў. Методыку, якой карыстаецца педагог, можна ахарактарызаваць трыма словамі: прастата, гульня, практыка. Яна грунтуецца на звычайным запамінанні дзецьмі польскіх слоў: яны вучацца, гуляючы ў любімыя гульні, а педагог у працэсе гульняў называе ім прадметы і цацкі, якія яны бачаць вакол сябе, расказвае казкі і цікавыя гісторыі на польскай мове, развучвае з імі польскія вершы і сама танцуе пад польскія дзіцячыя песенькі.
З кожным годам усё больш бацькоў (на сёння 45 працэнтаў), якія выбіраюць для дзяцей беларускую мову. У цэнтры на бясплатнай аснове працуе гурток па вывучэнні роднай мовы, які на базе сваёй групы вядзе выхавальнік Надзея Аляксандраўна Пясецкая. На яе занятках дзеці не толькі папаўняюць свой слоўнікавы запас, але і вучацца суадносіць словы рускай і беларускай моў, разважаюць, наколькі яны падобныя ў вымаўленні. Дашкольнікі прымячаюць розніцу ў лексічным значэнні, вучацца ўжываць словы абагульнення, вымаўляць традыцыйна беларускія імёны. Выхаванцы пераказваюць беларускія творы, завучваюць на памяць вершы. Асабліва дзецям падабаецца ўжываць формы ветлівага звароту да сяброў, дарослых. У працэсе заняткаў Надзея Аляксандраўна выкарыстоўвае і беларускія народныя гульні.
Адметна, што ў гэтай беларускамоўнай групе ёсць выхаванцы, якія вывучаюць і польскую, і англійскую мову. Часта з дзіцячых вуснаў можна пачуць словы на некалькіх мовах, такія як “добры дзень”, “дзякуй”, “да пабачэння”.
Новыя кірункі дзейнасці
— Установы адукацыі павінны пастаянна развівацца, укараняць новыя формы работы, новыя паслугі, — падкрэслівае Вольга Сяргееўна. — Гэта дапаможа ім быць на ўзроўні сучасных патрабаванняў, адпавядаць запытам бацькоў і інтарэсам дзяцей. Cёння немагчыма знайсці малыша, які б не цікавіўся камп’ютарам. І ў цэнтры мы падтрымліваем такую цікаўнасць. Лічым, што пры разумным стаўленні камп’ютар стане дзецям сябрам, адным з эфектыўных сродкаў узаемадзеяння, выдатным вучэбным дапаможнікам і нават крыніцай натхнення і творчасці.
У нас існуе камп’ютарны клуб “Інтэлектуал”, у якім гуртковую работу вядзе педагог Жанна Аляксееўна Рашаціла. З дапамогай камп’ютара яна вучыць дзяцей чытаць і пісаць. Нават самым упартым нехачухам падабаецца друкаваць словы на экране манітора, устаўляць літары, якія адсутнічаюць у іх. Для самых маленькіх карыстальнікаў можна знайсці ў інтэрнэце прыдатныя сайты аб раслінным і жывёльным свеце, мастацтве, іншых дзіўных рэчах. Калі дзіця задае разумнае пытанне, напрыклад, чым дыхаюць жабы або дзе на планеце самы актыўны і высокі вулкан, дарослы можа адразу знайсці адказ на яго ў сусветнай павуціне. Не выходзячы на вуліцу, можна наведаць віртуальны музей або прыняць удзел у інтэлектуальным турніры.
Сёння ў продажы ёсць шмат якасных камп’ютарных гульняў для дзяцей любога ўзросту (пачынаючы з чатырох — пяці гадоў). Іх трэба выбіраць у залежнасці ад густаў і схільнасцей малыша. Калі яму, напрыклад, падабаюцца самаробныя лялькі і цацкі, падыдуць гульні з серыі “Маленькі шукальнік”. А героі яго любімых мультфільмаў і кніг дапамогуць дзіцяці асвоіць навыкі чытання, пісьма, матэматыкі, логікі, малявання і музыкі.
Пры дапамозе спецыяльнай прыстаўкі-сінтэзатара дашкольнік навучыцца складаць і запісваць музыку; выкарыстоўваючы праграмы Flash і Photoshop, зможа маляваць карціны, рабіць сапраўдныя мульцікі, анімацыі. Толькі маляванне на камп’ютары ні ў якім выпадку не павінна замяняць маляванне фарбамі і алоўкамі на паперы, а ўменне набіраць словы — не выключаць пісьма рукой.
Сярод новых кірункаў дзейнасці, якія мы ў апошні час выбралі, — арганізацыя дзіцячых свят у сценах установы. Супрацоўнікі цэнтра дапамагаюць сем’ям праводзіць дні нараджэння дзяцей з удзелам вясёлага клоўна, распрацоўваюць па жаданні бацькоў індывідуальныя сцэнарыі ўрачыстасцей, арганізоўваюць цікавыя конкурсы, шоу мыльных бурбалак і яшчэ шмат чаго чароўнага для малышоў.
Самая галоўная мэта маёй работы і работы ўсяго калектыву ўстановы — стварыць у дашкольным цэнтры такія ўмовы, каб дзеці кожную раніцу з радасцю прыходзілі да нас і з добрымі пачуццямі адыходзілі вечарам, каб яны запомнілі час, праведзены ва ўстанове, і ўспаміналі аб ім у далейшым сваім жыцці. І дзеці, і іх бацькі не могуць стрымаць слёз, калі развітваюцца з нашымі педагогамі на выпускных вечарах, значыць, наша работа чагосьці вартая.
Надзея ЦЕРАХАВА.