Анлайн-адукацыя для ўсяго свету

Заяўкі на конкурс “Інавацыі ў анлайн-адукацыі” можна даслаць да канца ліпеня. Арганізатар — кампанія па навучанні дзяцей чытанню на рускай мове па ўсім свеце з выкарыстаннем уласных методык і анлайн-платформы.

Анлайн-школу Kidskey, якая пачала працаваць у ліпені мінулага года, да гэтага часу скончылі сотні вучняў. Штомесяц праводзяцца некалькі тысяч урокаў, на дагаворнай аснове працуюць больш за 20 выкладчыкаў з розных рэгіёнаў Беларусі, у тым ліку з Гомельшчыны.

Арганізатары гавораць, што асноўнай мэтай конкурсу з’яўляецца пошук таленавітых педагогаў і метадыстаў, якія могуць ствараць навучальныя праграмы анлайн-адукацыі для дзяцей ва ўзросце ад 5 да 12 гадоў з выкарыстаннем новых ідэй і падыходаў.

Як паведаміў рэктар Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Віктар Акуленка, цяпер ідзе адбор патэнцыяльных распрацоўшчыкаў для адукацыйнага рэсурсу, вызначаюцца крытэрыі ацэньвання:

— Для нас важна, што нашы педагогі будуць прасоўваць беларускую культуру за межы краіны. Нашы людзі напрацоўваюць вопыт, каб ствараць прадукт, арыентаваны ўжо на наш рынак адукацыйных паслуг. Як паказала пандэмія, сёння гэта вельмі актуальна.

Конкурс праводзіцца па ініцыятыве аднаго з рэзідэнтаў Гомельскага тэхнапарка — кампаніі Kidskey — пры падтрымцы галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама і адміністрацыі Гомельскага тэхнапарка. Да ўдзелу ў ім прымаюцца навучальныя праграмы анлайн-курсаў па наступных дысцыплінах: матэматыка, навакольны свет, англійская мова, творчасць (маляванне, музыка і г.д.), развіццё кагнітыўных здольнасцей (памяць, увага, інтэлект), эмацыянальны інтэлект.

Пераможцы конкурсу атрымаюць грашовыя прызы, а таксама магчымасць су­працоўнічаць з кампаніяй Kidskey. Падрабязная інфармацыя і прыём конкурсных работ — на сайце https://konkurs2020.kidskey.org.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.