Анлайн-алімпіяда па інфакамунікацыйных тэхналогіях для школьнікаў

- 9:40Адукацыйная прастора

У БДУІР прайшла анлайн-алімпіяда па інфакамунікацыйных тэхналогіях для школьнікаў з выкарыстаннем вучэбных матэрыялаў сеткавай акадэміі Cisco. Арганізатарам алімпіяды выступіў факультэт інфакамунікацый універсітэта.

Алімпіяда праводзілася ў два этапы (адборачны і заключны), заданні якіх фарміраваліся на базе вучэбных матэрыялаў сеткавай акадэміі Cisco. У гэтым інтэлектуальным спаборніцтве прынялі ўдзел навучэнцы 10—11 класаў школ, гімназій і ліцэяў, а таксама 1—2 курсаў каледжаў з усіх абласцей Беларусі. Зарэгістраваліся для ўдзелу ў алімпіядзе 1554 чалавекі.

Да выканання выніковага задання заключнага этапу членамі журы былі дапушчаны 20 удзельнікаў, якія набралі найбольш высокія балы па выніках адборачнага этапу за меншы час.

Журы вызначыла двух прызёраў алімпіяды. Імі сталі Дзмітрый Лемяшонак, вучань 10 класа сярэдняй школы № 200 Мінска, і Цімафей Трафімовіч, вучань 10 класа гімназіі № 2 Салігорска, якія набралі па выніках адборачнага і заключнага этапаў найбольш высокія балы. Пераможцам алімпіяды стаў Назар Лупенка, вучань 10 класа гімназіі № 2 Полацка.

На ўрачыстую цырымонію ўзна-гароджання былі запрошаны ўсе ўдзельнікі заключнага этапу. Пераможцу і прызёрам былі ўручаны дыпломы і каштоўныя падарункі. Таксама хлопцам адкрыты бясплатны доступ да анлайн-навучання і сертыфікацыі па кірунку “Асновы пабудовы сетак інфакамунікацый”, “Асновы інфакамунікацыйных тэхналогій”.

Усе ўдзельнікі заключнага этапу алімпіяды былі заахвочаны памятнымі падарункамі. Акрамя гэтага, яны змогуць прайсці бясплатнае анлайн-навучанне з магчымасцю сертыфікацыі па кірунку “Асновы інфакамунікацыйных тэхналогій”. Ва ўсіх алімпіяднікаў ёсць доступ да сучасных вучэбных матэрыялаў па інфакамунікацыйных тэхналогіях.

Акрамя таго, удзельнікі алімпіяды наведалі вучэбныя лабараторыі факультэта інфакамунікацый, а таксама прынялі ўдзел у майстар-класе, які быў арганізаваны на базе кафедры ІКТ у сеткавай лабараторыі акадэміі Cisco. Удзельнікі змаглі пагутарыць са студэнтамі 1 і 3 курсаў і з першых вуснаў даведацца пра асаблівасці студэнцкага жыцця ў БДУІР.

Падрыхтавала Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота прадастаўлена факультэтам інфакамунікацый БДУІР.