Анлайн-лекцыі для студэнтаў з Узбекістана

Да заняткаў у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы прыступілі студэнты з Узбекістана. Пакуль будучыя юрысты займаюцца анлайн.

Упершыню ГрДУ імя Янкі Купалы ў рамках сумеснай адукацыйнай праграмы з Ташкенцкім дзяржаўным юрыдычным універсітэтам пачаў рыхтаваць спецыялістаў для юрыдычнай сферы Узбекістана.

Ажыццявіць дасягнутыя паміж бакамі дамоўленасці ўдалося, нягледзячы на эпідэмічную сітуацыю. Прынята рашэнне пачаць заняткі ў рэжыме анлайн. Своеасаблівы мост дружбы падчас старту праекта аб’яднаў студэнтаў і кіраўніцтва дзвюх навучальных устаноў Беларусі і Узбекістана.

Рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка павітала новых купалаўцаў і выказала ўпэўненасць, што Купалаўскі стане і для іх універсітэтам магчымасцей, як гэта адбылося для ўсіх студэнтаў ГрДУ.

— Развіццё сумесных адукацыйных праграм — гэта стратэгічны кірунак у міжнароднай дзейнасці Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, — адзначыла Ірына Кітурка. — Пачалі мы ў 2016 годзе, гэта была першая сумесная адукацыйная праграма з Чунцынскім політэхнічным універсітэтам Кітая. На сённяшні дзень у нас ужо рэалізуецца 14 сумесных адукацыйных праграм з рознымі партнёрамі, сярод якіх — універсітэты ў Шры-Ланцы, Францыі, ЗША, Казахстане. І сёння мы пачалі новую сумесную праграму з Ташкенцкім дзяржаўным юрыдычным універсітэтам. Гэта першая адукацыйная праграма з вышэйшай навучальнай установай Рэспублікі Узбекістан. Мы сур’ёзна рыхтаваліся да гэтага, была праведзена вялікая работа.

Студэты з Узбекістана будуць вучыцца на спецыяльнасці “Міжнароднае права”. Навучанне плануецца арганізаваць на базе дзвюх устаноў адукацыі. Першыя два гады яны правядуць у сценах ГрДУ імя Янкі Купалы, спачатку — у рэжыме анлайн, затым год — у Ташкенцкім дзяржаўным юрыдычным універсітэце, пасля чаго зноў вернуцца ў Гродна, каб завяршыць навучанне на першай ступені атрымання вышэйшай адукацыі. Першакурснікамі сталі 34 маладыя чалавекі.

Ірына Кітурка падкрэсліла, што на сённяшні дзень спецыяльнасць “Міжнароднае права” вельмі запатрабаваная. Наборы невялікія, таму і прахадныя балы высокія. Спецыялісты з такой падрыхтоўкай не застануцца без работы.

А што тычыцца анлайн-навучання, то гэта мера вымушаная і часовая. Як запэўніла рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы, лічбавізацыя, што створана ва ўніверсітэце, шырокае выкарыстанне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій дазваляюць у анлайн-рэжыме праводзіць не толькі лекцыі, але і практычныя заняткі.

Да калег з Гродна і студэнтаў звярнуўся рэктар Ташкенцкага дзяржаўнага юрыдычнага ўніверсі­тэта Рахімжон Хакімаў:

— Рэалізацыя нашай сумеснай адукацыйнай праграмы — гэта значны крок у развіцці двухбаковага супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Узбекістанам. У будучыні, атрымаўшы дыплом, сённяшнія студэнты змогуць працаваць юрыстамі ў Беларусі і Узбекістане. Першы крок у гэтым кірунку імі зроблены, а конкурс на ўдзел у адукацыйнай праграме быў сур’ёзны. Упэўнены: гэта толькі пачатак, і з кожным годам наша супрацоўніцтва з Гродзенскім універсітэтам будзе толькі паглыбляцца.

Дэкан юрыдычнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы Святлана Чабуранава падкрэсліла, што за больш чым 40 гадоў існавання факультэта яго выпускнікі рэалізавалі сябе ў праваахоўных органах і навуковай галіне, судовай сістэме, займаюць кіруючыя пасады ў рэспубліканскіх і абласных органах улады. Поспехаў у вучобе яна пажадала першакурснікам, якія толькі прыступаюць да заняткаў.

Сваімі ўражаннямі ад вучобы ў Гродне падзялілася з землякамі Руслана Талсташэева. Дзяўчына таксама з Узбекістана, яна студэнтка другога курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму ГрДУ імя Янкі Купалы. У прыватнасці, Руслана расказала, што задаволена сваім выбарам, вучыцца цікава і няцяжка. Акрамя вучобы, яна прымае актыўны ­ўдзел у грамадскім жыцці ўстановы адукацыі.

Пасля анлайн-знаёмства з Гродзенскім універсітэтам і атрымання добрых парад ад педагогаў студэнты з Узбекістана трапілі на сваю першую лекцыю.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.