Анлайн-навучанне для пакалення Z

Школьнікі пакалення Z: якія яны? Як правесці эфектыўны і цікавы анлайн-урок? Якія інструменты і як выкарыстоўваць у навучанні? Як пазбегнуць прафесійнага выгарання пры арганізацыі навучання на адлегласці? Гэтыя і многія іншыя пытанні былі ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў навукова-практычнай анлайн-канферэнцыі “Онлайн-PRO.движение”. У ёй прынялі ўдзел вядомыя педагогі з Расіі, Украіны, Казахстана, Эстоніі і Беларусі.

Фота носіць ілюстрацыйны характар.

Быць у трэндзе

Адкрываючы мерапрыемства, дырэктар анлайн-школы Prime Таццяна Курэц адзначыла, што ў сучасным свеце з развіццём лічбавых тэхналогій пачала развівацца анлайн-адукацыя. У анлайн- і афлайн-навучанні існуюць свае мінусы і плюсы. У анлайн-адукацыі можна вылучыць такія мінусы, як адсутнасць сацыя­лізацыі вучняў, недастатковы ўзровень кантролю, эмацыянальная блякласць, лагістыка. Сярод недахопаў навучання афлайн — кансерватыўныя метады выкладання, якія адстаюц­ь ад рэальных патрэб, булінг і дэструктыўнае асяроддзе, абмежаванасць у выбары матэрыя­лу. Па меркаванні педагога, залатая сярэдзіна — у аб’яднанні афлайн- і анлайн-навучання, у арганізацыі змешанага навучання, дзе прысутнічае натуральная сацыялізацыя, сімбіёз тэхналогій і асобы настаўніка, інтэнсіфікацыя навучання, гарманічнае спалучэнне “школа — дом”, адбываецца прапарцыянальнае развіццё так званых мяккіх і цвёрдых навыкаў.

Аб асаблівасцях сучасных школьнікаў і тонкасцях работы з імі ўдзельнікам канферэнцыі расказала практыкуючы псіхолаг-прафарыентолаг анлайн-школы Prime Алена Ржавуцкая. Паводле яе слоў, пакаленне Z — гэта першае пакаленне, якое нарадзілася ў лічбавым свеце (пасля 2000 года) і ўжо не можа ўявіць сабе жыццё без мабільнага інтэрнэту і сучасных гаджэтаў. Зумеры задаюц­ь пытанні Google, а не настаўніцы, знойдуць дарогу па навігатары, зробяць пакупкі ў інтэрнэце, прычым не абавязкова ў той краіне, дзе жывуц­ь. Дзеці пакалення Z з дзяцінства валодаюць новымі тэхналогіямі; не глядзяць тэлевізар, не чытаюць газет; ім няважныя нацыянальныя адрозненні, яны спакойна ставяцца да разнастайнасці (кожны жыве як хоча); з дзяцінства жывуць у свеце постмадэрнізму, дзе няма дакладнага падзелу на праўду і выдумку: адсюль любоў да постыроніі і абсурднага гумару; не шукаюць стабільнасці любой цаной і не імкнуцца да офіснай работы з дзевяці да шасці.

Зумеры адначасова вучаць урокі, вядуц­ь СМС-перапіску з трыма сябрамі, слухаюць музыку, размаўляюць з бабуляй. Гэтая здольнасць бачыць адначасова некалькі экранаў прыводзіць да таго, што хуткасць успрымання інфармацыі рэзка расце. Гэтая якасць мае адваротны бок — мозг, прывучаны да высокай хуткасці апрацоўкі інфармацыі, пачынае сумаваць, калі інфармацыі мала, напрыклад, на ўроках. Акрамя таго, прадстаўнікі пакалення Z у сярэднім фіксуюць увагу толькі восем секунд, і кожнаму дзясятаму вучню ставяць дыягназ СДУГ (сіндром дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасць). Гэтае пакаленне не верыць словам, яно чакае фундаментальных пацверджаных даследаванняў. Для іх важныя зносіны з экспертамі і з тымі, хто валодае пэўнай вагой. Заходнія даследаванні вызначылі, што дзеці пакалення Z адрозніваюцца павышаным пачуццём адказнасці, прычым не толькі за сябе, але і за навакольны свет. Яны многае ўмеюць і могуць. Зумеры ўпэўнены ў сабе, патрабуюць павагі, адрозніваюцца канкурэнтаздольнасцю і саперніцкім духам. Старэйшыя прадстаўнікі пакалення Z аддаюць перавагу самастойнай працы і ацэнцы ўласных навыкаў, а не камандных.

Педагогам былі дадзены парады па навучанні сучасных школьнікаў. Паколькі пакаленне Z затрачвае 52% дзённага часу на анлайн-гульні, таму важна выкарыстоўваць гэты фармат у адукацыі. Гейміфікацыя запальвае дух саперніцтва і робіць вучобу займальнай. Зумеры лепш успрымаюць візуальную інфармацыю, таму варта выкарыстоўваць візуалізацыю. Доўгія лекцыі — не лепшы фармат для пакалення Z, якое прызвычаілася адцягваць увагу на сацсеткі і працаваць у рэжыме шматзадачнасці. Падзел задачы на сегменты павялічвае ўцягнутасць навучэнцаў. Пакаленне Z лічыць e-mail фармальнасцю і чакае імгненных адказаў на свае паведамленні. Сучаснае пакаленне любіць самаадукацыю і незалежнасць. А таму варта прадаставіць ім свабоду выбару — гэта ключ да развіцця матывацыі і ўпэўненасці ў сабе. Важна даваць вучню зваротную сувязь: заахвочваць, аргументавана крытыкаваць або накіроўваць, а таксама падтрымліваць і матываваць ачкамі або адзнакамі за праекты і своечасовае дасягненне мэт.

Па версіі аналітыкаў McCrindle Research, ёсць тры ўстойлівыя трэнды для навучання сучасных дзяцей:

• навучанне праз усё жыццё і інавацыйнае мысленне. Сучасныя настаўнікі павінны натхняць дзяцей вучыцца на працягу ўсяго жыцця, развіваць і прымяняць прадпрымальніцкія здольнасці, ствараць вучэбныя задачы, якія знойдуць рэальнае прымяненне. Вучні выступаюць у ролі даследчыкаў і стваральнікаў рашэнняў і роляў, якія дапамогуць у любой прафесіі будучыні — ад дыспетчара дронаў да прыроднага інжынера;

• адаптыўнае мысленне. Па меры з’яўлення новых прафесій пакаленню Z неабходна ўмець звязваць веды з розных сфер і думаць сістэмна. Мозг павінен навучыцца адаптавацца пад бясконцыя змены і хутка засвойваць новую інфармацыю. Для гэтага некаторыя настаўнікі выкарыстоўваюць новы падыход: замест чытання падручніка прапануюць разважаць над глабальнымі праблемамі, атрымліваючы інфармацыю з падкастаў, відэа і аналітычных артыкулаў;

• сумеснае навучанне. Трэба ўлічваць, што пакаленне Z прызвычаілася да навучання ў сацыяльным асяроддзі. Цяпер школа — не толькі месца для вывучэння матэматыкі і чытання, а прастора, дзе вучні набываюць навыкі зносін, супрацоўніцтва, вырашэння канфліктаў і абмену ідэямі. Для гэтага важна прымяняць тэхналогіі, якія заснаваны на сацыяльных інструментах і калабарацыі.

Па мадэлі SAMR

Настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 5 Салігорска Вольга Круглова азнаёміла ўдзельнікаў канферэнцыі з мадэллю SAMR у навучанні.

Мадэль SAMR (Substitute, Augmentation, Modification, Redefinition), прапанаваная Рубенам Пуэнтэдорам, тлумачыць магчымасці ўкаранення сучасных тэхналогій у выкладанне вучэбных дысцыплін, у тым ліку і замежнай мовы. Асноўная мэта мадэлі — дапамагчы педагогам стварыць, удасканаліць і ўкараніць у вучэбны працэс сучасныя лічбавыя тэхналогіі для павышэння паспяховасці і прадукцыйнасці вучнёўскай работы. Мадэль складаецца з чатырох прыступак. Лічыцца, што калі вы выкарыстоўваеце тэхналогіі на ўзроўні замены (substitution), гэта значыць на самым першым, ніжэйшым узроўні, то вы выконваеце тыя ж самыя дзеянні, што і раней, толькі замяніўшы прылады, напрыклад, друкарскую машынку на рэдактар Word. Гэта не спрыяе фарміраванню зоны развіцця і актыўнасці вучня. Другая стадыя — назапашвання (augmentation) — гэта стадыя, калі, выкарыстоўваючы тую ці іншую тэхналогію, педагог можа палепшыць вучнёўскія дасягненні. Тут не толькі прымяняецца новая тэхналогія для выканання ранейшых задач, але і ёсць спроба вырашыць задачу больш эфектыўна і лепш, менш фармальна. Для вучня гэта азначае невялікі крок наперад у развіцці і ўдасканаленні навыкаў. Напрыклад, не толькі напісанне эсэ ў рэдактары Word, але і выкарыстанне дадатковых опцый (праверка арфаграфіі, аўтаматычны падлік знакаў, слоў, выкарыстанне шаблонаў лістоў, рассылка дакументаў). Наступны ўзровень (modification) — гэта ўзровень мадыфікацыі, калі тэхналогіі выкарыстоўваюцца для змены і ўдасканалення заданняў. Сама сутнасць задання застаецца, але мяняецца настолькі, каб вучань мог на яго аснове выканаць новую, больш складаную і на першы погляд невыканальную задачу. Калі раней было зададзена напісаць эсэ, то цяпер заданне — напісаць эсэ для наступнай праверкі і крытыкі калег. Такім чынам, выкананне задання не толькі ўзбагачае ўласны вопыт школьнікаў у напісанні эсэ, але і спрыяе развіццю навыку напісання крытычных артыкулаў і аглядаў. Чацвёртым узроўнем з’яўляецца ўзровень пераўтварэння (redefinition). На гэтым узроўні становіцца магчымым замена або поўнае пераўтварэнне ранейшых задач і заданняў для выканання новых педагагічных задач, якія не маглі быць вырашаны раней. Гэта ўжо не напісанне эсэ, а агляд або крытычная нататка ва ўмовах іншых асяроддзяў: напрыклад, вусны крытычны агляд у лічбавым відэа ці рэцэнзаванне работы анлайн. Пры прад’яўленні крытэрыяў для выканання задання, вучні становяцца настаўнікамі для сваіх таварышаў. Такім чынам ахопліваюцца тыя галіны, якія былі недаступныя раней. Тут значна паляпшаецца якасная аддача вучня.

Вольга Круглова прапанавала разгле­дзець спосабы ўкаранення сучасных інфармацыйных тэхналогій у сістэму навучання замежнай мове з пункту гледжання мадэлі SAMR. Для выканання дамашніх заданняў па замежнай мове яе выхаванцы актыўна выкарыстоўваюць рэдактар Word, Excell, Power Рoint і іншыя дадаткі Microsoft Office. Гэта азначае, што прыступкі замены і назапашвання паспяхова асвоены. Сярод інструментаў, якія актыўна выкарыстоўвае педагог, — Socrative, Kahoot, Quzlet, Wordwall і інш. Хуткую зваротную сувязь дазваляе атрымаць сэрвіс для стварэння інтэрактыўных сшыткаў Liveworkssheets. Гэтыя інструменты прымяняюцца для замяшчэння маральна састарэлых інструментаў і сродкаў навучання, для паляпшэння традыцыйных інструментаў і форм навучання, для істотнай мадыфікацыі заданняў для навучэнцаў, для пераўтварэння і пастаноўкі немагчымых без прымянення інфармацыйных тэхналогій педагагічных задач.

У гарманічным спалучэнні

Пра метадычныя асаблівасці правядзення анлайн-урокаў расказала намеснік дырэктара анлайн-школы Prime настаўніца рускай мовы і літаратуры Настасся Ганчарова:

— Мы знаходзімся на стадыі станаўлення анлайн-навучання. Калі фармат дыстанцыйнага навучання прадугледжвае самастойную работу навучэнца і педагог прапаноўвае яму індывідуальную траекторыю навучання, то пры анлайн-навучанні на рэгулярнай аснове адбываюцца жывыя сустрэчы педагога з вучнямі па пэўным графіку. Настаўнік мае магчымасц­ь знаходзіцца з дзіцем побач і аказваць яму ўсемагчымую падтрымку. Спецыфіка анлайн-урокаў: адсутнасць прамога, зрокавага і тактыльнага кантакту з навучэнцамі; меншая зона кантролю педагога (вучань можа выйсці з віртуальнага пакоя, выключыць камеру, не рабіць задання); неабходнасць выкарыстання вялікай базы лічбавых інструментаў і платформ і абмежаваная камунікацыя паміж навучэнцамі. Для педагога адкрываецца больш магчымасці для індывідуальнага падыходу да кожнага вучня, праўда, урок для настаўніка становіцца больш эмацыянальна затратным.

Пры арганізацыі анлайн-навучання ў школе Prime вылучаюцца 4 кампаненты адукацыйнага працэсу: фенаменалагічны падыход, праектная дзейнасць, элементы ТРВЗ-педагогікі, новы фармат змешанага навучання (blended learning), калі на ўроку дзіця знаходзіцца сярод аднакласнікаў, яны могуць узаемадзейнічаць паміж сабой, выконваючы праектную дзейнасць. Каб быць на сувязі з навучэнцамі, было выбрана некалькі інструментаў узаема­дзеяння: платформа Vedamo, якая найбольш адаптавана для дзяцей, Google Сlassroom (для правядзення пісьмовых работ), Schools.by (для выстаўлення а­дзнак), разнастайнасц­ь лічбавых інструментаў з імгненнай зваротнай сувяззю.

На думку Н.Ганчаровай, анлайн-урок — гарманічнае спалучэнне некаторых традыцыйных эфектыўных метадаў навучання, якія перанесены ў анлайн, з лічбавымі інструментамі. Такі ўрок патрабуе змены відаў дзейнасці праз кожныя 5—7 мінут. Для большай уцягнутасці школьнікаў у навучанне вельмі важна зрабіць яркі пачатак урока з прыцягненнем асабістага вопыту. Калі, напрыклад, вывучаецца тэма “Падарожжа”, то вучням можна прапанаваць тэст наконт адпачынку, даць прыклады ўрыўкаў з некалькіх артыкулаў без загалоўкаў і прапанаваць вызначыць тэму заняткаў, падабрац­ь цікавыя цытаты па тэме і выбраць тую, якая больш спадабалася, і аргументавац­ь свой выбар і інш.

Эфектыўнымі метадамі на анлайн-уроках з’яўляюцца кросенс, мазгавы штурм. Актыўна на занятках задзейнічаны элементы ТРВЗ-педагогікі, якія развіваюць логіку і мысленне, актывізуюць вучняў. На этапе актуалізацыі ведаў вучні “ловяць памылку”, а на этапе рэфлексіі добра спрацоўвае метад “3—2—1”. Заняткі перапыняюцца “карыснымі пяцімінуткамі”, на якіх гаворка ідзе аб спосабах тайм-менеджменту, аб карысных камп’ютарных дадатках і г.д. У працэсе работы выкарыстоўваюцца лічбавыя інструменты WordWall.net (для стварэння інтэрактыўных заданняў, імгненнай зваротнай сувязі, магчымасці арганізацыі як індывідуальнай, так і каманднай работы), EdPuzzle.com — сэрвіс, які дазваляе прадэманстраваць відэа, перапыняецца пытаннямі, галасавымі каментарыя­мі настаўнікам. Каб максімальна задзейнічац­ь інтарэсы навучэнцаў, педагог прапаноўвае вучням арыгінальныя заданні (напрыклад, стварыц­ь дом для А.Блока ў Minecraft). Гэтае фінальнае заданне дазваляе прадэманстраваць, наколькі навучэнец зразумеў спецыфіку таго ці іншага пісьменніка. Перад гэтым заданнем складаецца матрыца ацэньвання, дзе вучні бачаць крытэрыі. За выкананне творчых заданняў балы назапашваюцца.

Лепш менш, ды лепш

У часы пандэміі COVID-19 грамадства сутыкаецца з многімі беспрэцэдэнтнымі сітуацыямі. Узнікаюць новыя патрэбы, і на іх трэба неадкладна рэагаваць. Калі ў настаўнікаў няма неабходных рэсурсаў для работы і асабліва калі аб’ём работы педагогаў пры гэтым павышаецца, яны адчуваюць пастаянны стрэс. Гэта прыводзіць да эмацыянальнага выгарання. Настаўнікі, схільныя да выгарання, менш эфектыўныя ў сваёй прафесійнай дзейнасці. Яны радзей маюць зносіны са сваімі вучнямі, у выніку гэтага ў апошніх зніжаецца паспяховасць.

Спецыялісты раяць у выкарыстанні інструментаў для анлайн-навучання прытрымлівацца прынцыпу “лепш менш, ды лепш”. Лепш за ўсё прадастаўляць настаўнікам усяго некалькі знаёмых ім інструментаў дыстанцыйнага навучання, а затым паступова ўскладняць задачы. Практыка сведчыць, што калі педагогам адразу прапанаваць шматлікія адукацыйныя сайты, платформы для навучання, то яны ў­спрымаюць іх не як рэсурсы, а як дадатковую нагрузку. Гэта прыводзіць іх да яшчэ большага выгарання.

Падтрымка з боку адміністрацыі школы таксама вельмі важная.

Па словах псіхолага Таццяны Азёма, вядучай трэнінгу “Коўчынг для настаўнікаў”, педагогу варта не саромецца прасіць дапамогі. Ён не Google, не энцыклапедыя. Калі ёсць у школе тэхнічны спецыяліст, то важна, каб ён суправаджаў правядзенне анлайн-урокаў. Нагрузка ўзрастае ў разы: трэба сфакусіравацца і на вучэбным прадмеце, і на журналах, і на тэхнічных момантах (як выводзіць на экран, аб’ядноўваць, перавесці на экран прэзентацыі). “Каб знізіць узровень стрэсу, не пашко­дзіць дапамога дзяцей, калег, бацькоў. Варта ўсвядоміць, што гэты шлях без памылак немагчыма прайсці. А таму трэба быць мяккімі да сябе і да сваіх вучняў. Памылкі стануць вопытам, які дзейнічае на рост і развіццё”, — лічыць Таццяна Азёма.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.