Анлайн у школе

Дырэктар сярэдняй школы № 1 Ліды С.А.Фанасаў прызнаны пераможцам І Абласнога конкурсу “Кіраўнік года”. Навучальная ўстанова пад яго кіраўніцтвам дасягнула значных поспехаў, з 2015 года працуе ў інавацыйным рэжыме, з 2009 года з’яўляецца абласным рэсурсным цэнтрам, мэта дзейнасці якога — павышэнне якасці адукацыйнага працэсу праз укараненне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у вучэбны працэс.

У школе назапашаны значны вопыт па вучэбнай і выхаваўчай рабоце, выкарыстанні новых метадаў і кірункаў работы. Мы папрасілі дырэктара расказаць пра дзве ініцыятывы школы — па дыстанцыйным суправаджэнні навучання школьнікаў і развіцці пазабюджэтнай дзейнасці.

— Адным са складнікаў паспяховасці навучальнай установы, на нашу думку, з’яўляецца развіццё адкрытай інфармацыйнай адукацыйнай прасторы, — гаворыць Сяргей Анатольевіч. — У кожным кабінеце школы ўстаноўлены інтэрактыўныя комплексы — тэлевізар, камп’ютар з выхадам у інтэрнэт. Настаўнікі актыўна выкарыстоўваюць мультымедыйныя матэрыялы віртуальных кабінетаў на вучэбных занятках. Матэрыяламі гэтых кабінетаў могуць карыстацца і навучэнцы, з іх дапамогай рыхтавацца да алімпіяд, конкурсаў, пазакласных мерапрыемстваў. І не толькі тады, калі знаходзяцца ў школе.

У 2013 годзе сталі размяшчаць на сайце школы дыстанцыйныя курсы, якія ўключаюць завочныя ўрокі для самастойнага вывучэння. Яны ўтрым-ліваюць кароткі тэарэтычны матэрыял па асноўных тэмах праграмы, пакрокавыя інструкцыі, узоры выканання заданняў, задачы для самастойнага рашэння. Матэрыялы курсаў выкарыстоўваюцца навучэнцамі на ўроках, пры выкананні дамашняга задання, падрыхтоўцы да кантрольных работ, цэнтралізаванага тэсціравання, калі навучэнец прапусціў тэму.

Спачатку былі распрацаваны курсы па матэматыцы, хіміі, інфарматыцы і фізіцы. Сёння на сайце школы размешчаны 10 вучэбных электронных курсаў. Дабаўлены курсы па гісторыі, рускай мове, чарчэнні, створаны школы “Энегразберажэнне”, “Бяспечны інтэрнэт”, “Школа юнага даследчыка”. Аднак тут ёсць і недахоп — яны стацыянарныя. Каб змяніць ці дапоўніць матэрыялы, неабходна звяртацца да адміністратара сайта, няма магчымасці аператыўна адрэагаваць на запыты навучэнцаў. Гэтую праблему дазваляюць вырашыць блогі і сайты настаўнікаў, навучанне праз сетку “УКантакце” і выкарыстанне іншых платформ.

Нас цікавіў адзіны падыход да прадастаўлення электронных матэрыялаў у інтэрнэце. У кастрычніку 2016 года на сайце школы запушчаны новы праект — анлайн-школа па ўсіх вучэбных прадметах.

Ідэя анлайн-школы заключаецца не ў дыстанцыйным навучанні, а ў дыстанцыйным суправаджэнні навучання. Педагогі размяшчаюць у анлайн-школе матэрыялы, якія выкарысталі на ўроку: апорныя тэматычныя канспекты, алгарытмы, памяткі, відэа, прэзентацыі, матэрыялы для падрыхтоўкі да практычных і кантрольных работ, дадатковыя і персанальныя заданні. Такім чынам, вучань мае магчымасць дома паўтарыць і замацаваць матэрыял.

Як гэта працуе для навучэнца? Яму трэба зрабіць усяго тры крокі: зайсці на сайт школы, выбраць вучэбны прадмет і педагога, перайсці па спасылцы на Google-дыск педагога. Паколькі ў дзейнасць уключаны ўсе педагогі школы, усе яны прапануюць матэрыял у воблаках па адзіным алгарытме. Дастаткова сказаць: “Зайдзіце на сайт школы і ў маёй папцы вазьміце матэрыялы да ўрока”. Працаваць у анлайне проста, з гэтым можа справіцца нават першакласнік.

Перавагі анлайн-школы: не патрабуе грашовых і часавых выдаткаў педагога, арганізавана па ўсіх вучэбных прадметах, настаўнікі размяшчаюць інфармацыю на сваім Google-дыску, не звяртаючыся да адміністратара сайта, інфармацыю выкладваюць і мяняюць у любы час, аператыўна рэагуюць на запыты навучэнцаў, будуюць іх індывідуальныя адукацыйныя траекторыі, дыстанцыйна карэкціруюць веды па тэме, эфектыўна рыхтуюць да алімпіяд.

З моманту арганізацыі работы анлайн-школы значна павялічылася колькасць наведванняў школьнага сайта — з 300—500 наведванняў у дзень да 3000—4000.

У школе таксама развіваюцца платныя адукацыйныя паслугі па ўсiх прадметах вучэбнага плана. Запатрабаванымі з’яўляюцца індывідуальныя і групавыя заняткі з навучэнцамі (у мінулым навучальным годзе індывідуальныя заняткі праводзіліся ў 11 групах; групавыя заняткі з навучэнцамі — у 19 групах).

Чатыры гады назад мы прапанавалі бацькам заняткі для навучэнцаў у пары. Адзінае патрабаванне, каб навучэнцы былі прыкладна аднаго ўзроўню паспяховасці. Гэтая адукацыйная паслуга стала папулярнай (сфарміраваны 22 групы). Эфектыўнасць такіх заняткаў амаль роўная індывідуальным заняткам, а кошт у два разы меншы.

Арганізоўваем заняткі з дзецьмі дашкольнага ўзросту. Працавалі 4 групы (49 дзяцей).

Даходы ад аказання платных адукацыйных паслуг у 2017 годзе ўзраслі на 8% у параўнанні з 2016 годам і склалі 17 734 рублі. На гэтыя сродкі ў мінулым годзе была набыта камп’ютарная тэхніка коштам 7500 рублёў, што дазволіла ўстанавіць ва ўсіх прадметных кабінетах інтэрактыўныя комплексы, мэблю і стэнды на 8000 рублёў.

Зараз развіваем платныя адукацыйныя паслугі ў пары і працуем над стварэннем рэпетытарскага цэнтра для навучэнцаў 8—11 класаў. Заняткі ў цэнтры плануецца праводзіць па схеме 2 гадзіны + 1 гадзіна. Дзве гадзіны заняткі будуць весціся ў групе прыкладна з 8—10 вучняў, адну гадзіну — заняткі ў пары. На індывідуальных занятках вывучаецца або паўтараецца вучэбны матэрыял, на групавых занятках ажыццяўляецца замацаванне матэрыялу. У рэпетытарскага цэнтра ёсць магчымасці выкарыстання дыстанцыйных або воблачных тэхналогій праз анлайн-платформу, што дазваляе дадаткова прыцягнуць навучэнцаў з іншых рэгіёнаў.

Падрыхтавала Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Ігара ГРЭЧКІ.