Анлайн-запрашэнне на экскурсію па ўніверсітэце

У незвычайным фармаце прайшлі дні абітурыента ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы.

На працягу трох субот Купалаўскі ўніверсітэт у рамках анлайн-марафону праводзіў для абітурыентаў і іх баць­коў, педагогаў віртуальныя экскурсіі па факультэтах, майстар-класы і міні-лекцыі. Кожны раз удзельнікамі анлайн-сустрэч станавіліся тысячы старшакласнікаў і педагогаў.

У першай такой анлайн-сустрэчы прынялі ўдзел педагогі школ, гімназій і ліцэяў Гродзеншчыны, якія ўжо маюць пэўны вопыт прафарыентацыйнай работы. А ў другую суботу на віртуальную сустрэчу былі запрошаны абітурыенты і іх бацькі, а таксама педагогі, адгукнулася больш за 1,7 тысячы чалавек.

Пра магчымасці, якія прадастаўляе ўніверсітэт сваім студэнтам, расказала рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка:

— Купалаўскі — універсітэт вашых магчымасцей, адзін з лепшых у краіне. Яго дасягненні прызнаны на сусветным узроўні. ГрДУ імя Янкі Купалы займае лідзіруючыя пазіцыі ў міжнародных рэйтынгах сярод устаноў вышэйшай адукацыі, і мы можам ганарыцца дасягненнямі не толькі ў адукацыі і навуцы, але і ў спорце, творчасці. За апошнія два гады мы пацвердзілі Прэмію Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці, а калісьці былі першым універсітэтам, хто яе атрымаў. Нягледзячы на тое, што гэта не профільная ўстанова фізічнай культуры, мы любім спорт і здаровы лад жыцця, два гады запар Купалаўскі ўніверсітэт становіцца пераможцам Рэспубліканскай універсіяды. Нашы дасягненні невыпадковыя, бо ў ГрДУ працуе цудоўная каманда супрацоўнікаў і вучыцца такая ж дружная каманда студэнтаў. Усе мы вельмі любім свой універсітэт, бо яго місія накіравана на чалавека, на тое, каб выявіць, раскрыць і рэалізаваць патэнцыял кожнага, хто вучыцца і працуе тут.

Абітурыентам быў прадэманстраваны прома-ролік “Купалаўскі ўніверсітэт”. Больш падрабязна пра ўстанову расказала рэктар. У прыватнасці, Ірына Кітурка адзначыла, што ГрДУ — мнагапрофільны ўніверсітэт, у яго склад уваходзяць 4 каледжы. За 81 год існавання ад ста першых студэнтаў універсітэт вырас да больш як 11 тысяч маладых людзей. Сёння яны не толькі атрымліваюць веды па выбранай прафесіі, але і маюць магчымасць развіваць свае здольнасці ў розных галінах, у тым ліку і рэалізоўваць свае бізнес-ідэі, універсітэт толькі дапамагае ў гэтым.

Абітурыенты маглі задаць сваё пытанне рэктару. Дарэчы, адно з пытанняў вучня гімназіі № 2 Гродна падчас анлайн-падключэння тычылася магчымасці пачаць сваю справу, стаўшы студэнтам. І малады чалавек атрымаў адказ, што падчас вучобы ва ўніверсітэце ён зможа атрымаць неабходныя для рэалізацыі сваёй ідэі веды ў студыі праектаў і стартапаў. Цэнтр трансферу тэхналогій дапаможа знайсці інвестара ці партнёра, правесці маркетынгавыя даследаванні ідэі, а навукова-тэхналагічны парк, новы будынак якога будзе ўведзены ў найбліжэшы час, дазволіць атрымаць не толькі пляцоўку для бізнес-кампаніі, але і юрыдычную, бухгалтарскую і іншую дапамогу для таго, каб стаць рэзідэнтам тэхнапарка і рэалізаваць свой бізнес.

Абітурыенты таксама цікавіліся, у якім выпадку можна разлічваць на павышаную альбо імянную стыпендыю, на скідку ў аплаце за навучанне. А адна з дзяўчынак марыць паступіць на ваенны факультэт. На жаль, у ГрДУ на яго прымаюць толькі юнакоў. Аднак кожная дзяўчына, стаўшы кваліфікаваным юрыстам альбо бухгалтарам, пры жаданні таксама можа пайсці на службу ў армію.

Падчас дня абітурыента ўсе ўдзельнікі маглі падключыцца да інтэрактыўных пляцовак факультэтаў і каледжаў ГрДУ і атрымаць адказы на свае пытанні. Таксама яны даведаліся пра праграму акадэмічнай мабільнасці Erasmus+, што раскрывае перад паспяховымі маладымі людзьмі шляхі для стажыровак у іншых краінах.

Пра асаблівасці ўступнай кампаніі і новыя спецыяльнасці расказала сакратар прыёмнай камісіі Ірына Карлюкова:

— У мінулым годзе ва ўніверсітэце з’явіліся 4 новыя спецыяльнасці, у 2021 го­дзе адкрываем 2 — “Электрычны і аўтаномны транспарт” на факультэце інавацыйных тэхналогій машынабудавання і “Сацыяльная і псіхолага-педагагічная дапамога” на педагагічным факультэце. І адзіныя ў Беларусі мы адкрываем набор па спецыяльнасці “Лагапедыя” ў завочнай скарочанай форме атрымання адукацыі. Для таго каб падаць дакументы для паступлення ў ГрДУ імя Янкі Купалы, маладыя людзі могуць скарыстацца лічбавым кабінетам абітурыента і ў рэжыме анлайн атрымаць кансультацыю спецыяліста факультэта, запоўніць дакументы і адправіць іх у электронным выглядзе. Акрамя таго, будзе працаваць электронная чарга для асабістай падачы дакументаў у прыёмную камісію. Інфармацыю аб залічэнні абітурыенты таксама будуць аператыўна атрымліваць у рэжыме анлайн.

Уся актуальная інфармацыя для абітурыентаў аб умовах і парадку паступлення ў ГрДУ імя Янкі Купалы размешчана на сайце abit.by.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.