Анталогія поспеху баранавіцкіх школьнікаў

- 12:27Навіны рэгіёнаў

Завяршыўся навучальны год. Школьнікі развітваюцца з дзяцінствам і пачынаюць дарослае жыццё. У клубе “Анталогія поспеху” Баранавіч таксама выпускны — 82 пераможцы прадметных алімпіяд рознага ўзроўню.

Нядаўна адбылася чарговая цырымонія ўшанавання актыўных удзельнікаў алімпіяднага руху. Штогод урачыстае мерапрыемства збірае таленавітую моладзь, педагогаў-прафесіяналаў і кіраўніцтва Баранавіч ва ўтульнай зале гарадскога Палаца дзіцячай творчасці.
Клуб “Анталогія поспеху” быў створаны летась. Гэта аб’яднанне юнакоў і дзяўчат з высокімі вынікамі ў алімпіядным руху. Жыццёвае крэда клубаўцаў — “Жыць — зна-чыць мысліць”. Аб’яднанне мае сімвал у выглядзе кубіка Рубіка. Папярэдні рэкорд клуба — 60 пераможцаў абласнога і заключнага этапаў рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, сёлетні — 82.
Кіраўніцтва горада зацікаўлена ў тым, каб моладзь у будучыні працавала на карысць родных Баранавіч, каб навуковыя праекты здольных юнакоў і дзяўчат удасканальвалі работу мясцовых прадпрыемстваў. Улада ўважліва сочыць за поспехамі школьнікаў, падтрымлівае іх, забяспечвае самарэалізацыю праз прадметныя алімпіяды.
З прывітальным словам да пераможцаў інтэлектуальных спаборніцтваў звярнулася начальнік гарадскога аддзела адукацыі, спорту і турызму А.С.Салавей, якая падзякавала школьнікам за добрасумленную працу, стараннасць, любоў да ведаў, неабыякавасць і актыўную жыццёвую пазіцыю. Штогод вынікі баранавіцкіх вучняў у алімпіядным руху радуюць усё больш. Сёлета 21 прадстаўнік горада стаў пераможцам заключнага этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. Гэта адзін з лепшых вынікаў на Брэстчыне.
Зразумела, што поспехі школьнікаў немагчымы без вопытных настаўнікаў. Дзякуючы высокаму прафесіяналізму, самаадданай творчай працы педагогаў, вучні Баранавіч паказваюць высокія вынікі на алімпіядах і конкурсах рознага ўзроўню. 70 настаўнікаў працавалі для таго, каб 82 школьнікі сталі пераможцамі абласнога этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды.
Ключавым момантам цырымоніі ушанавання алімпіяднікаў была перадача кубка клуба ўстанове адукацыі, якая стала лідарам алімпіяднага сезона 2014/2015 навучальнага года. Сімвал перамогі захавала гімназія № 1, якая другі год запар утрымлівае лідарства па колькасці пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды (13 дыпломаў на абласным этапе і 3 — на заключным). Дырэктару ўстановы М.М.Шырко была ўручана эмблема клуба.
За дасягненнямі педагогаў гімназіі № 1 стаіць тытанічная праца, бо кожны год на змену адным пераможцам алімпіяд прыходзяць новыя юнакі і дзяўчаты, з якімі даводзіцца пачынаць падрыхтоўчую работу спачатку. Тыя ж, хто аднойчы спазнаў радасць перамогі, здабытай цяжкай працай, застаюцца, як правіла, пераможцамі ў жыцці, выбіраючы для пакарэння новыя вяршыні.
— Мы ўважліва сочым за поспехамі нашых выпускнікоў, — адзначыў М.М.Шырко. — Вельмі прыемна бачыць дзяцей, якія з’яўляюцца інтэлектуальнай элітай айчыннай сістэмы адукацыі. Перамога ў алімпіядзе — гэта вялікая праца не толькі дзяцей, але і іх бацькоў, педагогаў.
— Перамогі школьнікаў — гэта ўмова расквіту грамадства, — дадала А.С.Салавей. — Заўтра моладзь возьме адказнасць за горад, вобласць, краіну. За апошнія гады ў гарадскую сістэму адукацыі былі ўкладзены вялікія сродкі і сілы. Сістэмная работа прыносіць плён. Будучыня Баранавіч і краіны ў цэлым — за інтэлектуальнай моладдзю. Сучаснасць патрабуе адукаваных, працавітых і мэтанакіраваных людзей з лідарскімі якасцямі. Задача педагогаў — знайсці здольную моладзь у школе, правесці да яе заканчэння, дапамагчы раскрыць таленты і аказаць неабходную падтрымку.
Лепшыя з лепшых атрымалі сувеніры ад гарадской арганізацыі ГА “Белая Русь” і гарадскога аддзялення Беларускага фонду міру. Наперадзе юнакоў і дзяўчат чакаюць новыя алімпіяды, конкурсы і фестывалі, новыя дасягненні і перамогі.

Ала МАМОНЧЫК,
метадыст вучэбна-метадычнага кабінета Баранавіч.
Фота Барыса НАВАГРАНА.