У мінулы чацвер у Нацыянальным прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь у рамках прэс-тура беларускіх і расійскіх журналістаў па знакавых мясцінах аперацыі “Баграціён” пры падтрымцы Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы прайшоў экспертна-медыйны семінар. Навукоўцы, музейшчыкі, прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі, міністэрстваў адукацыі, абароны, юстыцыі, грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў абмяркоўвалі малавядомыя старонкі славутай аперацыі.
“Малавядомыя факты” — паняцце адноснае. Усё залежыць ад узроўню інфармаванасці аўдыторыі. Для тых, хто на прафесійным узроўні займаецца гісторыяй, малавядомае можа быць элементарным. Аднак для пераважнай большасці нашых суайчыннікаў, асабліва моладзі, якая чэрпае звесткі па ваеннай гісторыі з інтэрнэту і тэлебачання, агучаныя на семінары факты могуць аказацца сапраўдным адкрыццём.
У гэтыя дні 71 год назад (з 23 чэрвеня па 29 жніўня 1944 года) ажыццяўлялася самая маштабная наступальная аперацыя не толькі Вялікай Айчыннай, але і Другой сусветнай вайны. Толькі з боку нямецкай арміі на тэрыторыі Беларусі напярэдадні аперацыі было сканцэнтравана 1,2 млн чалавек, 10 тысяч гармат і мінамётаў, 900 танкаў і штурмавых гармат. Перавага Чырвонай Арміі толькі ў жывой сіле была ў 2 разы. Удзельнікам аперацыі “Баграціён”, подзвігу яго салдат, афіцэраў, генералаў мы ў многім абавязаны сваёй незалежнасцю. Формула даволі простая: не было б “Баграціёна” — не было б вызвалення, не было б 3 ліпеня, не было б, адпаведна, і Дня Незалежнасці.
Па словах намесніка начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь па навуковай рабоце Мікалая Яўгенавіча Бузіна, беларуская стратэгічная наступальная аперацыя “Баграціён” вельмі дорага каштавала краіне, як чалавечых, так і матэрыяльных рэсурсаў. Як толькі беларускую зямлю акупіравалі нямецка-фашысцкія захопнікі, пачалося стварэнне абарончых рубяжоў. Згодна з архіўнымі данымі, у канцы 1943 — першай палове 1944 года каля 200 тысяч мірных жыхароў Магілёўскай, Віцебскай абласцей, а таксама Калужскай, Арлоўскай і Смаленскай абласцей, перамешчаных з гэтых рэгіёнаў Расіі, рыхтавалі абарончыя рубяжы ў Беларусі. Іх размясцілі ў працоўных лагерах на лініі фронту. Начальнікамі лагераў былі камандзіры нямецкіх воінскіх часцей. Норма адпрацоўкі капання траншэй у зімовы дзень складала для аднаго чалавека: даўжыня 8 м, глыбіня 1,2 м, шырыня 75 см. У якасці ежы выдавалі на дзень 150—300 г хлеба і 1 л баланды. Хворых расстрэльвалі на месцы.
Удалае правядзенне аперацыі “Баграціён” — гэта вынік работы над памылкамі папярэдніх няўдалых 11 наступальных аперацый Чырвонай Арміі з 12 кастрычніка 1943 года па 1 красавіка 1944 года, калі загінула больш за 62 тысячы, было паранена 219 тысяч чалавек. Тлумачыцца гэта не толькі няўдалымі дзеяннямі камандавання. Нямецкая абарона была глыбока эшаланіравана. На асобных напрамках да 200—250 км. Толькі кардынальнае ўмяшанне Стаўкі і перагляд пытанняў камандавання прывёў да поспеху.
“Працэс выпрацоўкі рашэнняў і планавання аперацыі насіў выключна творчы характар. Так дабіліся ўнясення ўдакладненняў у план Генштаба камандуючыя франтамі. Іван Данілавіч Чарняхоўскі прапанаваў замест аднаго ўдара нанесці два на Багушэўскім і Аршанскім кірунках. Свае думкі ён абгрунтаваў, і з ім згадзіліся. Іван Хрыстафоравіч Баграмян запэўніў Стаўку, што пасля прарыву яго войскаў найбольш зручна развіваць наступленне не на паўднёвы захад, а ў заходнім кірунку. Падчас даклада Сталіну Канстанцін Канстанцінавіч Ракасоўскі прапанаваў наносіць не адзін, а два прыкладна аднолькавыя па моцы ўдары з мэтай акружэння і знішчэння бабруйскай групоўкі праціўніка. Сталін двойчы выправаджваў Ракасоўскага і гаварыў: “Падумайце яшчэ раз”. У выніку пагадзіўся з прапановай”, — паведаміў Мікалай Яўгенавіч.
Вялікая ўвага ў рамках аперацыі ўдзялялася пытанням дэзынфармацыі. Гітлер быў упэўнены, што беларускі кірунак будзе стрыманы, бо шмат сіл было аддадзена на яго абарону. Тут знаходзілася магутная групоўка. Для дэзынфармацыі праціўніка асобным злучэнням Чырвонай Арміі было загадана стварыць не менш за тры абарончыя рубяжы глыбінёй да 40 км. Населеныя пункты прыстасоўваліся да кругавой абароны. Франтавыя армейскія газеты друкавалі матэрыялы толькі па абарончай тэматыцы, што стварала ілюзію паслаблення стратэгічнага кірунку. Дзякуючы прынятым мерам, была дасягнута раптоўнасць наступлення ў Беларусі.
“Цяпер невялікі прыклад паважлівых адносін да людзей, асабліва таленавітых камандзіраў і палкаводцаў. Пры фарсіраванні Бярэзіны і далейшых баях няўдала дзейнічала 5-я гвардзейская танкавая армія, асабліва пры сустрэчным баі супраць 5-й нямецкай танкавай дывізіі, перакінутай з Украіны. У выніку быў адхілены ад пасады камандуючы арміяй Павел Аляксеевіч Ротмістраў, паважаны сярод танкістаў чалавек, вялікі палкаводзец. Але яго не адправілі ў адстаўку. Ён быў назначаны намеснікам камандуючага бранятанкавымі і механізаванымі войскамі. Потым ён быў вернуты, упэўнена камандаваў і стаў маршалам. Некаторыя даследчыкі пішуць, што зняты ён быў неабгрунтавана, бо армія не магла прасоўвацца з-за адсутнасці паліва. Назначаны замест Ротмістрава генерал-палкоўнік Міхаіл Дзмітрыевіч Саламацін прыняў цікавае рашэнне: ён загадаў сабраць рэшткі паліва з усіх танкаў, заліць іх у бакі 70—80 машын. Такім чынам перадавыя часці аднавілі наступленне, астатнія ў гэты час чакалі паліва. Задача была выканана”, — паведаміў Мікалай Яўгенавіч.
Па словах намесніка начальніка Генштаба, калі мы сёння не будзем грунтоўна даследаваць пытанні наступальнай аперацыі “Баграціён”, папулярызаваць іх у СМІ, даносіць іх да слухача і чытача, асабліва да маладога, то праз 10 гадоў на гэтую тэму не будзе каму гаварыць. Калі сыдзе пакаленне, якое яшчэ можа сказаць, як гэта было, то цалкам верагодна, што забойцы стануць анёламі, сапраўдныя героі ператворацца ў мярзотнікаў. “Памяць пра гераічны подзвіг савецкіх воінаў будзе захоўвацца толькі ў тым выпадку, калі пра яго будзе ведаць наша моладзь, калі яна будзе аналізаваць падзеі мінулага. Дзеля гэтага ў сістэме адукацыі краіны з 2004/2005 навучальнага года выкладаецца спецыяльны курс “Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны)”. Па гэтым курсе створаны не толькі вучэбны дапаможнік, але і хрэстаматыя, вучэбныя карты, падрыхтаваны атлас”, — паведаміла кансультант упраўлення вышэйшай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Надзея Мікалаеўна Ганушчанка.
У сферы адукацыі склалася сістэмная работа па захаванні памяці пра подзвіг народа. Гэта не толькі стварэнне даследчых работ вучнямі, курсавых работ студэнтамі, кандыдацкіх дысертацый выкладчыкамі, правядзенне навукова-практычных канферэнцый. Ва ўстановах адукацыі краіны дзейнічае каля паўтары тысячы музеяў, і з іх каля 300 — гэта музеі баявой славы. Аднак і ў краязнаўчых музеях, як правіла, ёсць раздзел экспазіцыі па Вялікай Айчыннай вайне. У гадавіну вызвалення Беларусі і Вялікай Перамогі навучэнцамі і студэнтамі вялася асабліва актыўная пошукавая работа. Знаходзіліся пахаванні воінаў, артэфакты вайны. Уся інфармацыя перадаецца ў ваенкаматы, музеі. Такая работа дапаўняе гісторыю вайны, выхоўвае моладзь, кансалідуе грамадства.
“Аперацыя “Баграціён” не з’яўляецца выключна нацыянальнай, як партызанскі рух, з’явай. Гэта перамога ўсіх народаў СССР. Таму пры даследаванні гэтай тэмы важна звяртацца да калег з краін былога Саюза”, — лічыць кандыдат гістарычных навук дацэнт гістарычнага факультэта БДУ Кузьма Іванавіч Козак. Партнёрамі БДУ ў даследаванні аперацыі “Баграціён” выступаюць, у прыватнасці, Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя М.В.Ламаносава, Тульскі дзяржаўны ўніверсітэт, бо сярод удзельнікаў аперацыі “Баграціён” больш за ўсё было прадстаўнікоў расійскіх рэгіёнаў. Важным з’яўляецца і супрацоўніцтва з германскімі даследчыкамі. Яскравы прыклад — дзейнасць Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Ёханеса Рау з яго партнёрамі ў Германіі (Гісэнскі, Бонскі, Берлінскі ўніверсітэты). Супрацоўніцтва з нямецкімі даследчыкамі вельмі важнае. Напрыклад, у Бундэсархіве ў Фрайбургу захоўваюцца асноўныя дакументы па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і, у прыватнасці, аперацыі “Баграціён”. Гэта дазваляе спазнаць усю яе значнасць.
“У нямецкіх сем’ях не любяць гаварыць пра Другую сусветную вайну. Часта пра яе мінулае немцы даведваюцца пасля таго, як сыходзяць з жыцця іх бацькі, дзяды. Яны знаходзяць іх ваенныя фотаздымкі, дзённікі, успаміны. Вельмі добра, што гэтыя дакументы яны лічаць патрэбным перадаць у беларускія музеі і архівы. Напрыклад, адна сям’я прывезла дзённік салдата 29-й пяхотнай дывізіі, якая пад Сталінградам была практычна ўся разбіта. Свой дзённік салдат пачынае весці 22 чэрвеня 1941 года пад Брэстам. Такім чынам у Беларусі з’яўляюцца першыя апублікаваныя мемуары салдата Вермахта. Для даследчыкаў, гісторыкаў гэта, канечне, адметная з’ява. Многія нашчадкі нямецкіх салдат праз інтэрнэт даведваюцца пра тое, што, скажам, іх дзядуля быў салдатам 35-й або 110-й пяхотнай дывізіі, дзейнасць якіх звязана з канцэнтрацыйным лагерам “Азарычы”. Родныя гэтых салдат з вялікай насцярожанасцю (яны пакутуюць ад усведамлення маштабаў злачынстваў, здзейсненых іх продкамі), але адважваюцца прыязджаць у Беларусь і нават сустракацца з роднымі вязняў. Такім чынам яны намагаюцца папрасіць прабачэння, устанавіць адносіны з беларусамі, у тым ліку з моладдзю. Падобныя сустрэчы праводзяцца на гістарычным факультэце БДУ. Такім кантактам будзе садзейнічаць і нядаўна адкрыты мемарыяльны комплекс “Трасцянец”, — паведаміў Кузьма Іванавіч.
Вялікая роля ў захаванні памяці пра подзвіг народа, у тым ліку падзеі аперацыі “Баграціён”, належыць Беларускаму дзяржаўнаму музею гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Па словах загадчыцы аддзела ваенна-франтавой гісторыі музея Святланы Міхайлаўны Прыбыш, пра падзеі вызвалення Беларусі, удзельнікаў, герояў аперацыі “Баграціён” музей расказвае праз прызму канкрэтных прадметаў. У спецыяльным раздзеле экспазіцыі прадстаўлены фотаздымкі, дакументы, узнагароды, асабістыя рэчы, зброя ўдзельнікаў вызвалення рэспублікі.
“У 1979 годзе вучань адной з сярэдніх школ Жлобінскага раёна Эдуард Бяляўскі знайшоў пахаванне чырвонаармейца. Сярод адкапаных там прадметаў быў медаль “За адвагу”, прабіты куляй. На медалі захаваўся нумар, па якім устанавілі, што ён належаў мінамётчыку яфрэйтару Сямёну Летаву, ураджэнцу Пермскай вобласці, які загінуў пры вызваленні Беларусі. Музей знайшоў яго дзяцей. Сёння медаль экспануецца ў нашым музеі”, — паведаміла Святлана Міхайлаўна. Праз удзельніцу семінара, міжнароднага аглядальніка “Расійскай газеты”, праўнучку Канстанціна Канстанцінавіча Ракасоўскага Арыядну Ракасоўскую Святлана Міхайлаўна выказала падзяку сям’і маршала за перадачу музею яго асабістых рэчаў. Гэта кіцель, а таксама самаробны пісталет-кулямёт, які маршалу падарылі беларускія партызаны.
“Усе мы цудоўна ведаем, што многія падзеі Вялікай Айчыннай і Другой сусветнай вайны працягваюць выклікаць ажыўленыя палітычныя дыскусіі. Адной з такіх падзей, звязанай з заключнай часткай аперацыі “Баграціён”, з’яўляецца Варшаўскае паўстанне. Існуе меркаванне, што няўдача Варшаўскага паўстання звязана з тым, што наступленне савецкіх войскаў на сталіцу Польшчы было спецыяльна спынена, і такім чынам паўстанне было падаўлена. Гэтая версія была шырока распаўсюджана ў гады халоднай вайны. На жаль, яна і цяпер шырока прадстаўлена ў медыйнай прасторы. Аднак архіўныя дакументы, як савецкія, так і нямецкія, дазваляюць нам сёння больш дакладна ўявіць ваенную сітуацыю вакол польскай сталіцы і паказаць, наколькі падобная палітызаваная версія не з’яўляецца праўдзівай”, — адзначыў доктар гістарычных навук галоўны навуковы супрацоўнік Усерасійскага навукова-даследчага інстытута дакументазнаўства і архіўнай справы Міхаіл Іванавіч Мельцюхоў.
Падобных спрэчных момантаў, а таксама белых плям у гісторыі аперацыі “Баграціён” дастаткова. Аднак трэба знаходзіць ісціну, прычым на аснове гістарычных дакументаў, сур’ёзных навуковых даследаванняў. Дзеля чаго? Адказ вельмі просты: не было б “Баграціёна” — не было б вызвалення, не было б 3 ліпеня, не было б, адпаведна, і Дня Незалежнасці.
Ігар ГРЭЧКА.