Аплата працы навукоўцаў залежыць ад эфектыўнасці работы

- 11:06Інфармацыйная гадзіна

Заработная плата вучоных значна павысілася, паведаміў старшыня прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Гусакоў.

Адказваючы на пытанне журналістаў аб аплаце работы вучоных, Уладзімір Гусакоў сказаў: “Заработная плата значна павысілася, асабліва ў тых вучоных, якія маюць гранты і рэалізоўваюць розныя праекты. Супрацоўнікі могуць атрымліваць заработную плату ў два і тры разы большую за ранейшую. Указ № 467 (“Аб аплаце працы работнікаў бюджэтных навуковых арганізацый”. — Заўвага БелТА.) дазволіў прывязаць заработную плату да выніку”.

Дырэктар Інстытута фізікі імя Б.І.Сцяпанава НАН Беларусі Мікалай Казак падкрэсліў, што з увядзеннем новых механізмаў аплаты працы вучоных павысілася эфектыўнасць іх работы. “Чым эфектыўней працуе супрацоўнік, тым большую ён атрымлівае надбаўку. Некаторыя супрацоўнікі атрымліваюць больш за Br4 тысячы ў месяц. Гэта добрая зарплата. Пры экспарце ажыццяўляецца прэміраванне”, — дадаў ён.

Старшыня Савета маладых вучоных НАН Беларусі намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута агульнай і неарганічнай хіміі НАН Беларусі Андрэй Іванец расказаў пра заработную плату маладых вучоных: “Раней іх зарплаты былі прывязаны да стаўкі першага тарыфнага разраду — і малодшы навуковы супрацоўнік або яго стажор не маглі атрымліваць больш высокую зарплату нават пры самай актыўнай рабоце. Цяпер маладыя людзі могуць пры ўдзеле ў тых ці іншых праектах атрымліваць надбаўкі. Малады спецыяліст можа атрымліваць да Br1 тысячы ў месяц з выкарыстаннем каэфіцыента 200 працэнтаў”.

Як паведамлялася, указам № 467 прадугледжваецца павышэнне тарыфных акладаў (да 300 працэнтаў) работнікам бюджэтных навуковых арганізацый. Пры гэтым рашэнне аб павышэнні да 200 працэнтаў прымаецца кіраўнікамі бюджэтных навуковых арганізацый, звыш 200 працэнтаў — органамі дзяржкіравання, у веданні якіх знаходзяцца бюджэтныя навуковыя арганізацыі, і НАН. Акрамя таго, указам размежаваны паўнамоцтвы дзяржорганаў, НАН ва ўстанаўленні галіновых стымулюючых выплат, пашыраны правы кіраўнікоў бюджэтных навуковых арганізацый у рэгуляванні ўзроўню аплаты працы работнікаў у залежнасці ад вырашаемых імі задач. Зняты абмежаванні ў памеры 40 працэнтаў фонду зарплаты і эканоміі сродкаў, прадугледжаных на аплату працы, пры накіраванні іх на прэміраванне і ўстанаўленне стымулюючых выплат работнікам за кошт бюджэтных і пазабюджэтных сродкаў.