Апора на “галаву” і “сэрца”

Вырашэнне праблем у паводзінах дзяцей праз навучанне іх бацькоў метадам пазітыўнага выхавання

У апошні час павялічылася колькасць канфліктаў, звязаных з праяўленнямі фізічнага насілля сярод навучэнцаў агульнаадукацыйных школ. Гэта перш за ўсё бойкі, дэманстрацыя агрэсіўных паводзін, дэманстратыўнае непаслушэнства, частыя прыступы гневу, а тое і патэнцыяльныя правапарушэнні. Даследаванні, якія праводзяцца ў галіне праблемы фізічнага насілля, паказваюць узаемазалежнасць прымянення фізічных мер пакарання дзяцей і з’яўленне ў іх форм паводзін, якія сацыяльна не адабраюцца.

Часцей за ўсё для дзяцей, схільных да праяўлення фізічнай агрэсіі, тыповай з’яўляецца цяжкая сітуацыя ў сям’і, для якой характэрна непаслядоўная, малаэфектыўная або выключна суровая (ці вельмі слабая) дысцыпліна. Агрэсіўныя дзеці часта вырастаюць у сем’ях, дзе ў якасці дысцыплінарных уздзеянняў аддаюць перавагу сілавым метадам, асабліва фізічным пакаранням. Але гэта не стрымлівае агрэсію ў непаўналетніх, а, наадварот, падмацоўвае яе і нават патурае агрэсіўным паводзінам.

Па сутнасці справы фізічнае пакаранне прымушае ха­ваць знешнія праяўленні непажаданых паводзін, але не ліквідуе іх. Даследаванні псіхолагаў паказваюць, што тыя дзеці, якія ў дашкольным і раннім школьным узросце праяўлялі агрэ­сію, стаўшы больш дарослымі, з вялікай імавернасцю стануць праяўляць схільнасць да асацыяльных паводзін.

Узаемасувязь фізічных пакаранняў і парушэнняў паво­дзін абумоўлена наступнымі асаблівасцямі:

  • дзіця ідэнтыфікуе сябе з адным з бацькоў (ці іншым значным дарослым), які дэманструе негатыўную форму паводзін;
  • дзіця мадэлюе паводзіны аднаго з бацькоў;
  • неадэкватны клопат змяншае эмпатыю дзіцяці і павышае агрэсіўнасць.

Бацькі з’яўляюцца эталонам, па якім дзеці звяраюць і будуюць свае паводзіны. Перадаючы сацыяльна карысны вопыт, бацькі часам перадаюць і негатыўныя яго бакі, якія з’яўляюцца вельмі эмацыянальна заражанай “інструкцыяй да дзеяння”. Не маючы свайго асабістага вопыту, дзіця не ў стане суаднесці правільнасць мадэлей паводзін, якія навязваюцца, з аб’ектыўнай рэальнасцю.

Такім чынам, асноўваючыся на атрыманых даных, можна вывесці, што на развіццё агрэсіі ў дзяцей уплываюць два асноўныя фактары:

  • узор адносін і паводзін бацькоў;
  • характар падмацавання агрэсіўных паводзін з боку навакольных.

У прыватнасці, псіхолагамі была вызначана сувязь паміж бацькоўскім пакараннем і агрэсіяй у дзяцей. Дзіцяча-бацькоўскія адносіны маюць для псіхічнага здароўя дзяцей першараднае значэнне. Аналіз вынікаў псіхадыягнастычных даследаванняў сем’яў дазваляе зрабіць выснову пра тое, што ў псіхалагічнай карэкцыі маюць патрэбу не толькі дзеці, але і іх бацькі: ім трэба дапамагчы авалодаць навыкамі, якія спрыялі б развіццю пазітыўных дзіцяча-бацькоўскіх адносін. Таму мы бачым выхад з гэтай сітуацыі праз работу, перш за ўсё —  з баць­камі. Работа павінна быць накіравана на паляпшэнне ўзаемаадносін “бацькі — дзіця” і на навучанне бацькоў адэкватным метадам падтрымання дысцыпліны, што з’яўляецца альтэрнатывай фізічнаму насіллю. Гэтае навучанне бацькоў таксама будзе спрыяць прафілактыцы дамашняга насілля.

У сваёй дзейнасці па карэкцыі дзіцяча-бацькоўскіх адносін я выкарыстоўвала розныя метады работы: індывідуальныя кансультацыі, правядзенне класных бацькоўскіх сходаў, бацькоўскі лекторый. Але найбольш эфектыўным метадам навучання бацькоў з’яўляецца трэнінг. Ён дазваляе не толькі псіхалагічна адукоўваць бацькоў, але і карэкціраваць іх баць­коўскую пазіцыю, а таксама вучыць метадам пазітыўнага выхавання. Галоўная мэта такіх заняткаў — аптымізацыя і карэкцыя дзіцяча-бацькоўскіх адносін.

У сябе ў школе мы арганізавалі работу клуба для бацькоў “Разуменне”. Колькасны склад групы — 12—15 чалавек. Гэта ў асноўным бацькі, дзеці якіх вучацца ў 5-х ці 6-х класах. Група фарміруецца па прынцыпе добраахвотнасці. Мы спыніліся менавіта на гэтых паралелях, каб можа было прадухіліць падлеткавы крызіс і даць магчымасць і бацькам, і дзецям перажыць яго спакойна, без асаблівых узрушэнняў. Пры выбары тэм для разгляду на пасяджэннях клуба праводзіцца аналіз зваротаў бацькоў па дапамогу да педагога-псіхолага.

Найбольш шматлікую групу наведвальнікаў псіхалагічнай кансультацыі складаюць бацькі з дзецьмі, у якіх адсутніча­юць якія-небудзь адхіленні ад нармальнага развіцця, але ў той жа час ёсць пэўныя цяжкасці, звязаныя з узроставымі ці псіхалагічнымі асаблівасцямі.

Тыповыя скаргі бацькоў на непаслухмянасць і ўпар­тасць дзяцей (асабліва ў крызісныя перыяды), дрэнную памяць, няўважлівасць, неарганізаванасць паводзін, марудлівасць, баязлівасць, няўседлівасць, ляноту, бессаромнасць, ілжывасць, адвольнасць паводзін. Асноўная прычына зваротаў — гэта недастатковае веданне псіхалогіі дзіцяці (узроставых асаблівасцей, патрэб, тыповых форм паводзін).

Часта скаргі бацькоў на сваіх дзяцей звязаны з праблемамі саміх бацькоў. У многіх бацькоў ёсць устаноўка на заўсёды паслухмянае дзіця, якое павінна выконваць беспярэчна ўсе патрабаванні бацькоў, радаваць іх сваімі дасягненнямі, а таксама пераўзыходзіць іншых дзяцей. Гэта прыводзіць да завышэння патрабаванняў, якія прад’яўляюцца да дзяцей, да фарміравання няправільных выхаваўчых установак і ўяўленняў.

Стыль выхавання дзяцей таксама можа залежаць ад асобасных характарыстык бацькоў: аўтарытарнасць, эгацэнтрызм, рыгіднасць, недастатковая сталасць, трывожнасць і інш. Незадаволенасць паводзінамі дзяцей у такіх выпадках часта тлумачыцца механізмам праекцыі. У бацькоў саміх могуць быць псіхалагічныя праблемы. Напрыклад, жанчына перажывае развод з мужам. У яе з’яўляюцца стойкія негатыўныя пачуцці да мужа, якія жанчына можа трансліра­ваць на свайго сына: “Ён такі ж лянівы, як яго бацька…” Гэтыя (перабольшаныя ці нават надуманыя) уласцівасці маці лічыць атрыманымі ў спадчыну ад бацькі. Нявырашаныя асабістыя праблемы бацькоў перашкаджаюць паўнавартаснаму развіццю дзіцяці.

Асабліва часта бацькі падлеткаў скардзяцца на цяжкасці ў выхаванні, якія выяўляюцца ў негатывізме, упартасці, нежаданні падпарадкоўвацца патрабаванням старэйшых. У аснове такіх паводзін, з аднаго боку, ляжыць жаданне падлеткаў самасцвердзіцца, даказаць усім сваю грунтоўнасць, права на самастойныя рашэнні і ўчынкі. З другога боку, такія паводзіны могуць быць пратэснай рэакцыяй супраць дыктату з боку дарослых, якія не разумеюць тых змен, што адбываюцца з падлеткам, і не жадаюць мяняць свой стыль зносін з улікам гэтых пераўтварэнняў. Педагагічная і псіхалагічная недасведчанасць бацькоў прыводзіць да таго, што іх выхаваўчыя метады не прыносяць належнага эфекту.

Вельмі часта сустракаецца схаванае эмацыянальнае адхіленне: бацькі імкнуцца завуаліраваць рэальныя адносіны да дзіцяці павышаным клопатам і ўвагай да яго. Гэты стыль выхавання аказвае найбольш адмоўнае ўздзеянне на развіццё дзіцяці. Бацькі могуць адкрыта спаганяць зло на дзіцяці ці паводзіць сябе з ім вельмі холадна і варожа. Таксама многія бацькі спадзяюцца на асаблівую будучыню свайго дзіцяці, а дзіця баіцца іх расчараваць. Гэта толькі частка праблем, якія прыводзяць да парушэння дзіцяча-бацькоўскіх адносін.

Выхад з гэтых сітуацый мы бачым ва ўстараненні дэз­адаптыўных форм паводзін у дзяцей і бацькоў, у навучанні адэкватным спосабам рэагавання ў канфліктных сітуацыях, у дапамозе бацькам у захаванні кантакту з дзіцем, у знаём­стве з узроставымі асаблівасцямі дзяцей і навучанні метадам пазітыўных паводзін. У рамках клуба гэтыя мэты рэалізаваць лягчэй.

На занятках клуба можна мадэляваць праблемныя сітуацыі, у якіх бацькі вымушаны разважаць пра псіхафізічныя заканамернасці развіцця дзіцяці, вучыцца ўсебакова вывучаць праблему, разумець матывы паводзін дзіцяці.

Праграма заняткаў прызначана для бацькоў, дзеці якіх маюць праблемы паводзін: агрэсіўнасць, дэманстратыўная непаслухмянасць, удзел у бойках, а таксама для бацькоў, якія выкарыстоўваюць фізічныя меры пакарання, жадаюць навучыцца эфектыўным спосабам выхавання праблемнага дзіцяці.

Вядучая ідэя курса — ад інфармавання і асветы — да навучання бацькоў. Сённяшняя моладзь схільна да націску розных субкультур, што прыводзіць да развіцця шкодных звычак: наркаманіі, алкагалізму, экстрэмальных відаў спорту. Суп­рацьстаяць усяму гэтаму могуць толькі здаровыя адносіны ў сям’і. Калі падлеткі і моладзь бу­дуць увечары больш часу праводзіць дома, у сям’і, калі бацькі будуць правільна ладзіць зносіны са сваімі дзецьмі, улічваючы ўзроставыя асаблівасці і метады пазітыўнага выхавання, падлеткавы крызіс будзе праходзіць паспяхова, без прыводаў у міліцыю і фарміравання залежных ці агрэ­сіўных паводзін.

Мы распрацавалі 15 заняткаў па наступных тэмах:

1. “Уводныя заняткі. Знаёмства з праграмай. Усведамленне праблем у выхаванні дзіцяці. Пабудова асабістай праграмы навучання”.

2. “Самадаследаванне сваёй бацькоўскай пазіцыі. Пазітыўнае бацькоўства і пазітыўнае выхаванне”.

3. “Ступень задавальнення базавых патрэб дзіцяці ў сям’і. Методыка “Дом”.

4. “Стылі выхавання. Паталагічныя інструменты выхавання. Неўсвядомленыя прынцыпы і страхі ў выхаванні”.

5. “Як устроены мозг дзіцяці. Чаму нашым дзецям неабходна дысцыпліна”.

6. “Функцыя паводзін, ці Чаму дзіця так сябе паводзіць”.

7. “Як навучыцца чуць і разумець сваё дзіця”.

8. “Чатыры паводзінскія прынцыпы выхавання дысцыпліны. Чаму трэба пазбягаць пакарання як метаду карэкцыі паводзін”.

9. “Метады выхавання, якія дазваляюць дзецям кіраваць сваімі паводзінамі”.

10. “11 правіл дысцыплінавання дзіцяці. Выкарыстанне станоўчага падмацавання ў працэсе выхавання”.

11. “Майстэрства бесканфліктных зносін. Уплыў на дзяцей без націску”.

12. “Пабудова праграмы развіцця свайго дзіцяці”.

13. “Распрацоўка плана карэкцыі паводзін”.

14. “Стратэгіі змянення паводзін дзіцяці”.

15. “Выніковыя заняткі. Зона росту для мяне і для дзіцяці”.

Заняткі праводзяцца два разы на месяц. Праграма прадугледжвае выкананне штодзённай дамашняй работы баць­коў і дзіцяці (па 10—20 мінут). У рабоце клуба мы выкарыстоўваем метад групавой дыскусіі, метад відэакарэкцыі, ролевыя гульні, метад вучэбнага эксперымента, аналіз учынкаў дзяцей і бацькоў, навучанне метадам пазітыўнай дысцыпліны, персанальную дыягностыку, мазгавы штурм, розныя візуалізацыі і медытацыі.

Пазітыўная дысцыпліна — гэта асаблівы падыход да выхавання дзіцяці. Гэта новы спосаб мыслення, які павінны засвоіць бацькі. Пазітыўная дысцыпліна заснавана на 4 прынцыпах эфектыўнага выхавання: вызначэнне доўгатэрміновых мэт, пабудова цёплых адносін і стварэнне сістэмы адносін, разуменне ладу думак і пачуццяў дзіцяці і, нарэшце, вырашэнне праблем.

У выхаванні неабходна абапірацца на дзве рэчы — “галаву” і “сэрца”. Апора на “галаву” мае на ўвазе выкарыстанне лагічнага метаду выхавання, канкрэтных практычных навыкаў, якія дамагаюць змяніць паводзіны дзяцей. Апора на “сэрца” азначае праяўленне безумоўнай любові да дзяцей. Бацькі, якія прайшлі трэнінг, лепш спраўляюцца з бацькоўскімі абавязкамі, атрымліваюць ад іх большае задавальненне, а дзеці пачынаюць лепш сябе паводзіць.

Падчас правядзення адукацыйнага курса для бацькоў мы чакаем зніжэння колькасці канфліктаў ва ўстановах адукацыі, звязаных з праяўленнямі дзецьмі фізічнага насілля ў адносінах да сваіх аднакласнікаў, таксама зніжэння колькасці канфліктаў у сем’ях, умацавання сямейнай сістэмы навучэнцаў, схільных да праяўлення фізічнага насілля, павышэння яе адаптацыйных рэсурсаў, зніжэння яе залежнасці ад эканамічных і сацыяльных стрэсараў, стварэння ўмоў для паўнавартаснага выканання сям’ёй яе функцый. Гэта ў сваю чаргу будзе спрыяць зніжэнню колькасці правапарушэнняў сярод непаўналетніх, а таксама змяншаць колькасць выпадкаў праяўлення дамашняга насілля ў адносінах як да дзяцей, так і да жанчын.

Таццяна ГОВАР,
педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 13 Жлобіна.