Апорная ўстанова па пытаннях атэстацыі

- 6:00Адукацыйная прастора

Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці Іўя з’яўляецца раённай апорнай установай па пытаннях атэстацыі педагагічных кадраў устаноў дашкольнай адукацыі з 2009 года.

Стварэнне апорнай установы на базе дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці было выклікана неабходнасцю вырашэння шэрагу праблем, якія існуюць у раёне. Такіх як адсутнасць атэстацыйных камісій у шасці з дзесяці ўстаноў дашкольнай адукацыі па прычыне малой колькасці педагагічных калектываў; пытанні, якія ўзнікаюць у ходзе правядзення атэстацыі выхавальнікаў, музычных кіраўнікоў, кіраўнікоў фізічнага выхавання не толькі ва ўстановах дашкольнай адукацыі, але і ў большасці выпадкаў у вучэбна-педагагічных комплексах “школа — сад”; недастатковы ўзровень падрыхтоўкі педагогаў, якія прэтэндуюць на прысваенне першай і вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі; адсутнасць уменняў у правядзенні самааналізу ўласнай дзейнасці з улікам выяўлення прычын няўдач, уменняў уносіць карэктывы ў сваю работу, планаваць работу па самаадукацыі ў цэлым. Менавіта апошні фактар уплываў на адсутнасць матывацыі педагогаў да павышэння катэгарыяльнага ўзроўню.

Адукацыйны працэс ажыццяўляюць 12 педагогаў, 51% з якіх маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Педагогі нашага дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці — гэта захопленыя, творчыя, ініцыятыўныя людзі, якія імкнуцца да прафесійнай дасканаласці. Адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці мы разглядаем работу па павышэнні ўзроўню педагагічнага майстэрства, прафесійнага развіцця педагогаў пры дапамозе атэстацыі. Высокі ўзро­вень прафесійнай падрыхтоўкі педагогаў нашай установы неаднаразова адзначаўся аддзе­лам адукацыі.

Невыпадкова наш дашкольны цэнтр стаў апорнай установай сярод устаноў дашкольнай адукацыі раёна. Гэта вынік сістэмнай шматгадовай работы па прафесійным развіцці педагогаў у нашай установе. Можна адзначыць такія яркія дасягненні, як перамога ў раённым аглядзе-конкурсе работы метадычных кабінетаў устаноў дашкольнай адукацыі, у конкурсах па вырабе лялек “Свет гульні і цацкі”, афармленні тэрыторыі да Новага года, конкурсе прафесійнага майстэрства сярод выхавальнікаў устаноў дашкольнай адукацыі “Выхавальнік года-2012”, на лепшую арганізацыю харчавання.

З атрыманнем статусу апорнай установы дашкольнай адукацыі па арганізацыі і правядзенні атэстацыі сваю дзейнасць будуем па двух напрамках. Першы — удасканаленне ўнутранага патэнцыялу ўстановы адукацыі па стварэнні ўмоў для павышэння ўзроўню прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў. І другі — арганізацыя знешняга ўзаемадзеяння з установамі дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі па пытаннях атэстацыі педагагічных кадраў.

Адміністрацыя Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці лічыць, што ў ходзе атэстацыі важна не толькі вызначыць стан працэсу педагагічнай дзейнасці педагога, але і выявіць дынаміку яе развіцця. А гэта немагчыма без стварэння сістэмы педагагічнага маніторынгу.

У нашай установе створаны банк даных прафесійнай дзейнасці педагогаў, куды заносяцца даныя па блоках і класіфікуюцца па пэўнай схеме. Ацэнка ўзроў­ню прафесійнай дзейнасці педагогаў Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці праводзіцца па наступных напрамках: удзел у рабоце метадычных фарміраванняў; удзел у рабоце педагагічных саветаў; абагульненне педагагічнага вопыту; распрацоўка адукацыйных праектаў; правядзенне адкрытых заняткаў, выхаваўчых мера­прыемстваў; работа па стварэнні прадметна-гульнёвага асяроддзя; удзел у семінарах, выставах; арганізацыя дзейнасці дзяцей на працягу дня; выніковасць удзелу ў конкурсах; выкарыстанне інфармацыйна камунікатыўных тэхналогій у адукацыйным працэсе; супрацоўніцтва з сям’ёй (бацькоўскія сходы, змест інфармацыйных стэндаў, ступень задавальнення дзейнасцю выхавальніка); вядзенне дакументацыі; выканаўчая дысцыпліна.

Стварэнне такой базы дазваляе аналізаваць прычыны і вынікі педагагічнай дзейнасці, а гэта не што іншае, як падстава для аб’ектыўнай ацэнкі дзейнасці педагога і вынікаў яго працы. Сістэматычнае адсочванне вынікаў дзейнасці педагога дазваляе праграмаваць работу па павышэнні кваліфікацыі як асобнага педагога, так і педагагічнага калектыву ў цэлым, планаваць метадычную работу з кадрамі.

Асаблівую ўвагу мы ўдзяляем рабоце па фарміраванні ў педагогаў уменняў правядзення самаацэнкі і самааналізу ўласнай дзейнасці. Гэта садзейнічае росту прафесійнага майстэрства, фарміруе адносіны да крытыкі ў свой адрас, павышае патрабавальнасць да сваёй работы, садзейнічае развіццю ўменняў прагназавання педагогамі ўласнай дзейнасці з улікам выяўленых праблем.

Ажыццяўляем адрасную дапамогу па запытах уста­новам дашкольнай адукацыі, вучэбна-педагагічным комплексам “школа — сад”; адміністрацыям, старшыням, намеснікам старшынь, сакратарам атэстацыйных камісій па розных напрамках дзейнасці ў рамках арганізацыі і правядзення працэдуры атэстацыі. Сёння самай распаўсюджанай формай узаемадзеяння застаецца кансультаванне. Найбольш запатрабаванымі з’яўляюцца кансультацыі па вывучэнні працэсу педагагічнай дзейнасці атэстуемага, аб’ектыўнай ацэнцы вынікаў яго дзейнасці. Падчас правядзення такіх кансультацый старшыням атэстацыйных камісій, прадстаўнікам адміністрацыі была дадзена магчымасць азнаёміцца з практычнымі матэрыяламі педагагічнага маніторынгу нашай установы, а менавіта па складанні аналітычнай даведкі па выніках вывучэння дзейнасці атэстуемага педагога; па складанні характарыстык на атэстуемых педагогаў; па падрыхтоўцы матэрыялаў пры атэстацыі педагогаў на вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю (патрабаванні да зместу матэрыялаў, афармленні вопыту работы), па падрыхтоўцы і правядзенні атэстацыйнага субяседавання, па вядзенні дакументацыі работы атэстацыйных камісій.

З’яўляючыся членам атэстацыйнай камісіі аддзела адукацыі, я выязджаю ва ўстановы дашкольнай, агульнай сярэдняй адукацыі, дзе мы вывучаем і ацэньваем дзейнасць атэстуемых педагогаў у адпаведнасці з праграмай. Гэта дазваляе ацаніць прафесійныя ўменні педагога ў рабоце з дзецьмі, на падставе атрыманых вынікаў падрыхтаваць аб’ектыўную інфармацыю для падачы яе на выніковым атэстацыйным субяседаванні.

Як паказвае практыка, такія выезды прадстаўнікі адміністрацый устаноў адукацыі выкарыстоўва­юць і ў якасці спосабу для атрымання дапамогі ў арганізацыі метадычнага суправаджэння атэстуемых. Падчас такіх паездак я знаёмлю з практычнымі матэрыяламі ўстановы адукацыі па планаванні работы па самаадукацыі, складанні індывідуальнага плана прафесійнага развіцця педагогаў, схемамі самааналізу і самаацэнкі спецыяльна арганізаванай дзейнасці, рэжымных момантаў, свят, вольнага часу, работы з бацькамі, з алгарытмам дзейнасці педагогаў па абагульненні і прадстаўленні вопыту работы, з алгарытмам па падрыхтоўцы да здачы кваліфікацыйнага экзамену пры атэстацыі на вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю.

Мэтазгоднасць дзейнасці апорнай установы дашкольнай адукацыі па арганізацыі і правядзенні атэстацыі педагагічных кадраў пацверджана практыкай і мае станоўчыя вынікі. За час работы ў статусе апорнай установы па правядзенні атэстацыі педагагічных кадраў мы дасягнулі добрых вынікаў у станаўленні і развіцці прафесійнай кампетэнтнасці сваіх педагогаў, іх адказнасці за вынікі ўласнай дзейнасці.

Адукацыйны праект “Мы твае сябры, прырода”, распрацаваны выхавальнікам Марынай Мікалаеўнай Балбатун, быў адзначаны як адзін з лепшых пры здачы экзамену ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі на прысваенне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. Марыя Мікалаеўна прапаноўвае свае аптымальныя шляхі па фарміраванні маральна экалагічных якасцей асобы дашкольніка праз абнаўленне зместу адукацыйнага працэсу: змены структуры і форм спецыяльна арганізаваных відаў дзіцячай дзейнасці, стварэнне ўмоў для праяўлення самастойнасці і творчасці дзяцей, стварэнне адкрытай мадэлі ўзаемадзеяння ўстановы дашкольнай адукацыі і сям’і.

Высокі ўзровень прафесійнага майстэрства быў прадэманстраваны педагогам першай кваліфікацыйнай катэгорыі Аленай Раманаўнай Анацкай, якая стала пераможцай раённага конкурсу “Выхавальнік года-2012”. Выкарыстанне ТРВЗ-тэхналогіі, праектнай дзейнасці ў адукацыйным працэсе дазволіла Алене Раманаўне разняволіць дзяцей, яны сталі актыўнымі, ініцыятыўнымі, не баяліся няўдач, памылак, былі ўпэўненымі ў сабе. Пастаянны аналіз уласнай педагагічнай дзейнасці, вызначэнне праблемных пытанняў, пошук шляхоў іх вырашэння сведчаць аб творчым падыходзе педагога, яе жаданні не спыняцца на дасягнутым, павышаць свой прафесійны ўзровень.

Высокі ўзровень уменняў педагогаў па арганізацыі адукацыйнага працэсу, уменняў па правядзенні самааналізу ўласнай дзейнасці адзначаўся калегамі падчас работы метадычных фарміраванняў, якія праходзілі на базе нашай установы дашкольнай адукацыі.

За тры апошнія гады павялічылася колькасць атэстуемых і праз атэстацыйную камісію раённага аддзела адукацыі. Калі ў 2009 годзе праз атэстацыйную камісію раённага аддзела адукацыі павысілі катэгарыяльны ўзровень 2 педагогі, у 2010 — 3, то ў бягучым навучальным годзе — 5, аднаму з якіх прысвоена вышэйшая кваліфікацыйная катэгорыя.

У самы бліжэйшы час плануем стварыць сайт, праз які мы зможам яшчэ больш аказваць дапамогу іншым установам дашкольнай адукацыі па праблемных пытаннях арганізацыі і правядзення атэстацыі педагагічных кадраў, пашырыць магчымасці атэстуемых педагогаў па самастойным вывучэнні неабходных матэрыялаў, выкарыстоўваючы магчымасць дыстанцыйнага навучання. Таксама спадзяёмся на абмен вопытам з установамі дашкольнай адукацыі, якія працуюць у якасці апорных устаноў адукацыі і рэсурсных цэнтраў.

Марына СВЁКЛА,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Іўя Гродзенскай вобласці.