Апошні этап самы адказны

На заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах Гродзеншчыну прадставяць больш за 200 старшакласнікаў. Сёння яны старанна рыхтуюцца да адказных іспытаў, дапамагаюць ім не толькі школьныя настаўнікі, але і выкладчыкі ГрДУ імя Янкі Купалы, гродзенскіх медыцынскага і аграрнага ўніверсітэтаў, Інстытута біяхіміі біялагічна актыўных злучэнняў НАН Беларусі.

Падчас падрыхтоўкі да заключнага этапу школьнікі не застаюцца сам-насам. Безумоўна, кожнаму вучню індывідуальна дапамагаюць вопытныя настаўнікі-практыкі. Вядзецца работа ў межах раёнаў, арганізоўваюцца раённыя, міжшкольныя факультатывы. Ужо стартавалі традыцыйныя абласныя двухтыднёвыя вучэбна-трэніровачныя зборы па вучэбных прадметах, якія праводзяцца пад патранажам галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама. Адметнасць бягучага года — іх дапоўнілі дыстанцыйныя заняткі з выкарыстаннем платформы Zoom.

Значную дапамогу ў падрыхтоўцы вучняў да алімпіяды аказвае Купалаўскі ўніверсітэт. Як рыхтуюцца да заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды юныя матэматыкі? З такім пытаннем звяртаюся да загадчыка кафедры сучасных тэхналогій даўніверсітэцкай адукацыі ГрДУ імя Янкі Купалы кандыдата фізіка-матэматычных навук Ірыны Карлюковай.

— Каманда Гродзенскай вобласці па матэматыцы складаецца з 20 навучэнцаў. Вельмі цяжка настаўніку аднаму падрыхтаваць алімпіядніка да заключнага этапу алімпіяды. Для дасягнення вынікунастаўнік і выкладчык універсітэта становяцца адной камандай. На зборах заняткі праводзяць выкладчыкі ўніверсітэта і трэнеры школ, вучні якіх маюць дастаткова высокія вынікі на абласных, рэспубліканскіх этапах алімпіяды, у іх ёсць вопыт, і хацелася б, каб яны дзяліліся ім са школьнікамі з усёй вобласці. Трэніруюць вучняў адразу некалькі чалавек, таму што кожны педагог падае інфармацыю са сваёй пазіцыі, адпаведна, вучні знаёмяцца з розным успрыманнем нават адных і тых жа задач. Праграма фарміруецца па найбольш важных і складаных тэмах, зыходзячы з аналізу алімпіяд мінулых гадоў, факультатыўных заняткаў. Зразумела, што яна выходзіць за рамкі школьнага ўрока.

Пачынаючы з лістапада факультэт даўніверсітэцкай адукацыі ГрДУ штотыдзень праводзіць анлайн-курсы. Іх слухачамі становяцца і вучні, і нават настаўнікі, якія затым трансфармуюць атрыманую інфармацыю для школьнікаў.

Калі гаварыць пра вынікі, то ў мінулым годзе з пяці 11-класнікаў, якія прымалі ўдзел у заключным этапе алімпіяды, трое атрымалі дыпломы.

Цікаўлюся, наколькі моцная сёлета каманда гродзенскіх матэматыкаў.

— Гэта заўсёды вельмі складаны прагноз. Што тычыцца поспехаў на абласным этапе, то ў гэтым годзе ў нас было 9 дыпломаў I ступені па чатырох паралелях, па два ў 9, 10 і 11 класах, а больш за ўсё — у 8 класе. Таксама дыплом I ступені на алімпіядзе за 8 клас заваяваў вучань 7 класа гімназіі № 1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага Гродна Глеб Сцяпанычаў, ён таксама ўдзельнік заключнага этапу. Увогуле, у абласным этапе алімпіяды па ма тэматыцы прынялі ўдзел 93 вучні, — адказала Ірына Карлюкова.

Таксама ў гімназіі № 1 імя Я.Ф.Карскага Гродна вучыцца Ілья Парфяненка, два гады назад ён атрымаў дыплом на заключным этапе алімпіяды. Адзінаццацікласнік расказаў, што ў асноўным займаецца самастойна, але ж абавязкова наведвае дадатковыя заняткі ў ГрДУ, яму гэта важна. Лічыць, што асновы ведаў, безумоўна, атрымаў у школе, настаўнікі і цяпер дапамагаюць пры падрыхтоўцы да заключнага этапу алімпіяды.

З 2002 па 2014 год Ірына Карлюкова рыхтавала каманду Гродзенскай гарадской гімназіі. Прыйшоўшы ва ўніверсітэт, працягнула гэтым займацца, такую задачу, калі ствараўся факультэт, паставіў рэктар. Педагог упэўнена, што пачынаць рыхтаваць да алімпіяд трэба з 5 ці нават з 4 класа і вучыць дзяцей логіцы. Але аднаму школьнаму настаўніку вельмі цяжка. Добра, калі ёсць група настаўнікаў, якія працуюць разам. У некаторых установах адукацыі, якія паказваюць высокія вынікі, так і атрымліваецца. Выкладчыкі ўніверсітэта пастаянна праводзяць аўтарскія курсы, вэбінары для настаўнікаў, у тым ліку і ў анлайн-фармаце. Напрыклад, у апошні год актыўна працавалі са школамі Смаргоні, і яны выставілі на абласны этап значна больш удзельнікаў. Вопыт паказвае: чым больш трэнераў, тым лепшы вынік у вобласці.

Гаворачы пра матывацыю школьнікаў, Ірына Карлюкова падкрэслівае:

— Дзеці, якія захапіліся алімпіядным рухам аднойчы, рэдка яго кідаюць. Прычым займаюцца не столькі для паступлення. Удзельнікі алімпіяд прызнаюцца, што яны ведаюць значна больш, чым іх аднакласнікі, пры падрыхтоўцы ім даюць шмат тэм, якія выходзяць за курс школьнай праграмы. Яны ўмеюць думаць лагічна, а ў тым жа IT-кірунку трэба мець моцную матэматычную падрыхтоўку і ўмець думаць, а не проста пісаць праграмы па вядомым алгарытме. У іх развіваецца працаздольнасць, бо працаваць даводзіцца шмат, трэба пастаянна вырашаць, умець знаходзіць інфармацыю, што важна сёння для любой прафесіі.

Не сакрэт, што часцей за ўсё выпускнікі школ з дыпломамі заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды паступаюць у сталічныя УВА, але застаюцца і ў Гродне. Другакурснікі факультэтаў эканомікі і кіравання, матэматыкі і інфарматыкі Купалаўскага ўніверсітэта Уладлен Лакцевіч, які з’яўляецца пераможцам Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы 2019 года, і Андрэй Хомбак, які ў 2019 годзе ў складзе каманды “Квант” заваяваў дыплом III сту пені на ХХ рэспубліканскім турніры юных матэматыкаў, у складзе каманды ГрДУ імя Янкі Купалы прымалі актыўны ўдзел у адкрытым чэмпіянаце БДУ па праграмаванні і Міжнароднай студэнцкай алімпія дзе па праграмаванні ACM-ICPC. Заваявалі дыплом III ступені ACM-ICPC Northern Eurasia Finals.

Сёлета на факультэт матэматыкі і інфарматыкі ГрДУ паступіў Павел Латашынскі з Ваўкавыска з дыпломам заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы 2020 года. Першакурснік таго ж факультэта Максім Сербул, які праявіў сябе на абласным конкурсе даследчых работ “Крышталёвая Альфа”, мае публікацыі ў сур’ёзных матэматычных часопісах. І яны працягваюць удзельнічаць у студэнцкіх алімпіядах. Яны разумеюць, што і ГрДУ, які ўваходзіць у топ-3 УВА Беларусі, можа даць ім тую адукацыю, да якой яны імкнуцца.

— Матываваныя школьнікі заўсёды ёсць. Важна іх убачыць і падтрымаць, — упэўнена Ірына Карлюкова.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ГрДУ імя Янкі Купалы.