Апошні званок для рэчыцкіх выпускнікоў

- 16:46Актуальна, Апошнія запісы, Рознае

Свой апошні школьны дзень выпускнікі Рэчыцы запомняць надоўга. А запомніць сапраўды было што: у гарадскім Палацы культуры адбылося шыкоўнае свята — “Апошні званок з “Настаўніцкай газетай”.

Рэкламна-інфармацыйная акцыя “Настаўніцкай газеты” “Будзем разам!”, якая праходзіць у розных рэгіёнах нашай краіны, ужо стала традыцыйнай, але кожны новы канцэрт адрозніваецца ад папярэдняга. Адно застаецца нязменным — атмасфера сапраўднага свята. Эмоцыі ліліся цераз край, танцпляцоўка віравала ў няспынным руху, а ўдзельнікі святочнай канцэртнай праграмы атрымлівалі асалоду ад гарачага прыёму рэчычан.
Як і раней, “Настаўніцкая” сабрала сваіх даўніх сяброў: спевакоў і танцораў з розных куткоў Беларусі, удзельнікаў творчых праектаў і зорак беларускай эстрады.

Узорны музычны тэатр “Папяровая фантазія” Палаца культуры энергетыкаў Светлагорска пад кіраўніцтвам Тамары Самкінай, як заўсёды, уразіў гледачоў папяровымі строямі і цудоўным вакалам Юліі Кірычэнка і Аляксандра Ласоўскага, танцавальныя калектывы “Драйв” і “Экшн” з Хойнікаў і Петрыкава настолькі завялі выпускнікоў у зале, што і яны пусціліся ў скокі, і перад сцэнай сама сабой утварылася танцпляцоўка. Дарэчы, кіраўнікі калектываў Алена Ляснічая і Ірына Буднік атрымалі віншаванні з паспяховай абаронай іх калектывамі звання “ўзорны”. Танцоры не толькі прадставілі свае ўласныя нумары, але і суправаджалі выступленні вакалістаў.
Радавалі слых выступленні фіналістаў конкурсу “Звонкая раніца”, які ўжо чатыры гады запар праводзіць “Настаўніцкая газета”, шукаючы таленты па ўсёй краіне і падтрымліваючы самых таленавітых выканаўцаў, многія з якіх потым звязваюць сваё далейшае жыццё са сцэнай. У гэтым канцэрце ўзялі ўдзел колішнія фіналісты конкурсу, а зараз студэнты творчых навучальных устаноў Вадзім Лукашэвіч (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў), Вольга Шамархан (Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў), Наталля Юрчанка (Гомельскі каледж мастацтваў імя Н.Ф.Сакалоўскага). Знаёмыя музычныя кампазіцыі гучалі таксама ў выкананні фіналісткі “Звонкай раніцы — 4” Іны Логіс з аграгарадка Халопенічы Крупскага раёна Мінскай вобласці.

Радавалі землякоў і мясцовыя таленты: Настасся Грыневіч з Рэчыцы, фіналістка першага сезона “Звонкай раніцы”, а таксама DSC_8414(сайт)педагог-арганізатар Рэчыцкай гімназіі Таццяна Касабука.
Канечне, асаблівым зрабіла свята выступленне зорак беларускай эстрады. Для выпускнікоў і іх настаўнікаў спявалі саліст групы “Атлантыка” Алекс Дэвід, Пётр Ялфімаў і заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Іна Афанасьева.
— Кожнага з вас чакае свая дарога, няхай яна будзе для вас лёгкай, — пажадаў рэчыцкім выпускнікам начальнік упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Сяргей Іванавіч Парошын. — Сёння, магчыма, вы яшчэ не зусім разумееце, што наперадзе — вялікія далягляды. Але не бойцеся ісці па нязведаных сцежках, не бойцеся шукаць сябе, трымайцеся ўпэўнена!”

Пажаданне Сяргея Іванавіча, “галоўнага настаўніка вобласці”, як называюць яго самі вучні, — яшчэ адзін сюрпрыз для адзінаццацікласнікаў з Рэчыцы. Але ж сюрпрыз чакаў і самога начальніка ўпраўлення.
Вось ужо амаль тры гады, з кастрычніка 2011 года, “Настаўніцкая газета” паспяхова рэалізуе праект па інфармацыйным узаемадзеянні з рэгіёнамі “Творчае супрацоўніцтва і ўзаемадапамога ў сферы адукацыйных і інфармацыйных тэхналогій”. Менавіта ў рамках гэтага праекта ў рэгіёнах пачалі адкрывацца карэспандэнцкія пункты, і першай стала Гомельшчына.
— Мы адчулі разуменне і вялікую падтрымку на Гомельшчыне, — адзначыў галоўны рэдактар “Настаўніцкай газеты” Вадзім Аляксандравіч Кнышаў. — Дзякуючы такому супрацоўніцтву мы палепшылі змястоўную насычанасць газеты і пашырылі чытацкую аўдыторыю.

За высокую арганізацыю работы па сумесным праекце С.І.Парошыну і ўсяму калектыву ўпраўлення адукацыі былі ўручаны дыплом і каштоўныя падарункі. Дыпломамі “За забеспячэнне стабільнага ўзроўню падпіскі ў рэгіёне” былі адзначаны таксама аддзелы адукацыі, спорту і турызму Рэчыцкага (начальнік аддзела А.В.Дземянчук), Хойніцкага (начальнік аддзела Л.Ф.Кулакоўская) і Мазырскага (начальнік аддзела Л.С.Клепчукова) райвыканкамаў.
Канцэртная праграма доўжылася больш як тры гадзіны. І гэтыя тры гадзіны драйву і станоўчых эмоцый праляцелі імгненна. “Такога Рэчыца яшчэ не бачыла”, — казалі, выходзячы з залы, удзельнікі свята. На такі вынік працавалі не толькі арганізатары канцэрта. Без дапамогі супрацоўнікаў аддзела адукацыі, спорту і турызму, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Рэчыцкага райвыканкама і персаналу Палаца культуры такога свята не адбылося б. Менавіта такія мерапрыемствы даюць магчымасць зразумець, што мы сапраўды разам!

Дзяўчаты ў прыгожых сукенках, хлопцы ў белых кашулях весела танцавалі, гучна апладзіравалі і час ад часу абдымалі адно аднаго, разумеючы, што гэта сапраўды апошні школьны званок і хутка яны разляцяцца хто куды, каб знайсці сваё месца ў жыцці.

 

Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ,
Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота Наталлі ЛУТЧАНКА.