Апошні званок прагучаў у “Мінск-Арэне”

Больш за 10 тысяч лепшых выпускнікоў краіны сабраліся ў “Мінск-­Арэне”, каб разам развітацца са школьным жыццём. Рэспубліканскае свята “Апошні званок” прайшло 30 мая ў сталіцы.

Забаўляльныя зоны працавалі яшчэ днём. Працягнулася свята ўрачыстым узнагароджваннем. Намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Васіль Іванавіч Жарко павітаў выпускнікоў і зачытаў віншаванне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Пажаданні кіраўніка краіны выпускнікі сустрэлі гучнымі апладысментамі, а Васіль Іванавіч уручыў заслужаныя ўзнагароды найлепшым выпускнікам. Пераможцамі ў намінацыі “Інтэлект-2018” сталі 10 прызёраў міжнародных алімпіяд і конкурсаў, удзельнікі навуковых канферэнцый.

Дыплом атрымаў і Дзяніс Півавараў з сярэдняй школы № 1 Мазыра. Выпускнік займаецца спартыўным праграмаваннем з 6 класа, заваяваў сярэбраны медаль на Міжнароднай Жаўтыкаўскай алімпіядзе (Казахстан). Хутка ў хлопца выпускныя экзамены, а пасля — ЦТ. Дзяніс збіраецца штурмаваць Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, каб паглыбіць свае веды ў праграмаванні і выбраць цікавую спецыялізацыю ў гэтай папулярнай прафесіі.

Самыя творчыя выпускнікі атрымалі прызы ў намінацыі “Талент­2018” з рук Аляксандра Саладухі — аднаго з хэдлайнераў канцэрта, якім завяршылася свята. Лепшых спартсменаў узнагародзіў алімпійскі чэмпіён Аляксандр Багдановіч, а старшыня РГА “Белая Русь” Генадзь Давыдзька павіншаваў маладых лідараў краіны — дэпутатаў маладзёжнай палаты, пачынаючых парламентарыяў.

З вялікім хваляваннем вучні і настаўнікі чакалі ўзнагароджвання ў намінацыі “Класны кіраўнік — 2018”. Падзякі ад міністра адукацыі Ігара Васільевіча Карпенкі атрымалі таленавітыя педагогі школ, гімназій і ліцэяў Ліды, Баранавіч, Віцебска, Гомеля, Нясвіжа, Магілёва, Мінска… Кожны з настаўнікаў атрымаў білеты ў аквапарк, каб наведаць яго са сваімі вучнямі.

На працягу года ішло змаганне і паміж установамі адукацыі краіны. Сярод пераможцаў, якія змогуць бясплатна ўсталяваць у вучэбных кабінетах па 2 адукацыйныя мультыборды, — школа № 7 Баранавіч, гімназія № 1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага Гродна, Мазырскі дзяржаўны абласны ліцэй, Дзераўнянская сярэдняя школа Стаўбцоўскага раёна.

На свяце выпускнікі змаглі як след адпачыць перад экзаменамі і ЦТ, набрацца сіл для, напэўна, самага адказнага для станаўлення іх асобы лета.

— Жыццёвая школа паднясе ім яшчэ шмат розных экзаменаў, шмат іспытаў, — сказаў міністр адукацыі Ігар Васільевіч Карпенка ў інтэрв’ю перад урачыстай цырымоніяй. — І мне хацелася б, каб яны іх з гонарам вытрымалі як сапраўдныя грама­дзяне, як прафесіяналы ў сваёй справе.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *