Апошні званок

30 мая празвінеў апошні званок для нашых вучняў. І радасна, і сумна адначасова. Пачалося мерапрыемства ўрачыстым шэсцем выпускнікоў пад гучныя апладысменты вучняў, настаўнікаў, бацькоў, гасцей, пад прывітальныя словы дырэктара ВПК Сяргея Анатольевіча Лазарава, а таксама ганаровых гасцей.

Людміла Іванаўна Банадысева, ветэран педагагічнай працы, якая не адзін дзясятак гадоў працавала дырэктарам Макранскай сярэдняй школы, пажадала выпускнікам правільнага выбару прафесіі. А Тамара Яўгенаўна Яромава, ветэран педагагічнай працы, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, пажадала добра адпачыць летам, паспяхова здаць экзамены і паступіць.

Для нашага ВПК гэты навучальны год заканчваецца добра, прадуктыўна: шмат выхаванцаў адзначаны дыпломамі, граматамі, падзячнымі лістамі, нягледзячы на тое, што наша школа сельская.

Цікавы флэшмоб зладзілі выпускнікі-адзінаццацікласнікі са сваім класным кіраўніком Таццянай Леанідаўнай Зюкінай. У нашай школе ёсць шматгадовая традыцыя: выпускнікі 11 класа перадаюць дзесяцікласнікам ключ ведаў. Паветраныя шары, якія ўзляцелі ў неба, вярнулі ўсіх дарослых у шчаслівую пару дзяцінства. А потым прагучаў апошні званок.

Хацелася б пажадаць выпускнікам мірнага неба, шчаслівай будучыні, радасных сустрэч са школай, аднакласнікамі, настаўнікамі і ніколі не забываць школьныя гады!

Алена ЦЫВІЛЬКА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі
Макранскага ВПК дзіцячы сад — сярэдняя школа Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці.