Апошнія акорды “Вясёлкавага карагода”

- 0:10Культура
Днямі ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня” адбыўся гала-канцэрт Х Рэспубліканскага фестывалю “Вясёлкавы карагод”. У ім прынялі ўдзел навучэнцы ўстаноў спецыяльнай адукацыі, дзіцячых дамоў, школ-інтэрнатаў, якія сталі пераможцамі фестывалю.

Рэспубліканскі фестываль “Вясёлкавы карагод” – вынік сістэмнай работы з дзецьмі па развіцці творчых здольнасцей, выхаванні. Фестываль закліканы папулярызаваць нацыянальную культуру, развіваць лепшыя традыцыі народнай творчасці, дэманстраваць дасягненні ў галіне музычнага, харэаграфічнага, эстраднага, цыркавога, выяўленчага мастацтва. Падчас фестывальных мерапрыемстваў дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ўзаемадзейнічаюць са звычайнымі дзецьмі, якія праяўляюць талерантнасць. Нагадаем, што фестываль праходзіць у двух кірунках: мастацкай самадзейнасці і дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Першы этап творчых выступленняў ладзіцца на ўзроўні ўстаноў адукацыі; другі этап — на раённым і гарадскім узроўнях і ў раёнах Мінска; трэці этап — на абласным узроўні і ў Мінску. Завяршае фестываль гала-канцэрт, які традыцыйна праходзіць у НДЦ “Зубраня”. Увогуле ў фестывальных мерапрыемствах прынялі ўдзел больш як 2500 дзяцей.
Пераможцы фестывалю былі вызначаны ў ходзе трэцяга этапу, падчас якога рэспубліканскае журы пад старшынствам начальніка аддзела спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Антаніны Міхайлаўны Змушко выязджала ў кожны рэгіён і давала ацэнку творчым выступленням дзяцей, узнагароджвала лепшых майстроў і выканаўцаў, установы адукацыі, якія яны прадстаўлялі, дыпломамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і прызамі.
Х фестываль быў адметны і вялікай колькасцю ўдзельнікаў, і высокім узроўнем харэаграфічнага і музычнага майстэрства выхаванцаў, іх сцэнічнай культурай. Кожнаму гледачу запаў у душу і запомніўся нейкі нумар, які быў сугучны яго пачуццям і перажыванням. Магчыма, гэта быў танец на калясцы “Сіньярыта” ў выкананні навучэнцаў Асіповіцкай спецыяльнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату або паказ калекцыі “Гжэльскія матывы” Мсціслаўскай спецыяльнай школы-інтэрната для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення. Пакарылі гледачоў і вакальныя нумары ў выкананні Настассі Слонімскай з Глускай санаторнай школы-інтэрната для дзяцей з саматычнай паталогіяй і Данііла Савені з Маладзечанскай спецыяльнай школы-інтэрната № 2 для дзяцей з парушэннямі зроку, які выступіў з песняй “Дарогаю дабра”. Выступленні ў некаторых жанрах былі характэрны толькі для “Вясёлкавага карагода”, як, напрыклад, жэставыя песні ці танцы на калясках.
Прафесійнымі былі выступленне аркестра і ўзорнага хору Гродзенскай спецыяльнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку і ігра на музычных інструментах навучэнцаў сярэдняй школы № 188 Мінска для дзяцей з парушэннямі зроку, а таксама выступленне ўзорнага хору Ашмянскай школы-інтэрната для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Актыўны ўдзел прынялі ў фестывалі выхаванцы цэнтраў карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.
Кожны рэгіён па-свойму аформіў выставу дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Пачэснае месца на іх займалі традыцыйныя рамёствы: выцінанка, ткацтва, вышыванне, пляценне з лазы і саломкі, разьба па дрэве, славянскія абрадавыя лялькі. Шмат прыгожых вырабаў, выкананых у гэтых тэхніках, прадставілі ўстановы адукацыі Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай абласцей. На выставах можна было ўбачыць пашытыя і вышытыя рукамі выхаванцаў нацыянальныя касцюмы, прадстаўленыя Гродзенскім дзіцячым домам і Антопальскай дапаможнай школай-інтэрнатам Брэсцкай вобласці; рыцарскія латы, змайстраваныя выхаванцамі Бабіцкай дапаможнай школы-інтэрната Гомельскай вобласці; вырабы з дрэва, прывезеныя з Парэцкай санаторнай школы-інтэрната Гродзенскай вобласці. Вабілі прыгажосцю вырабы з халоднага фарфору, дэкаратыўныя керамічныя лялькі з Бабруйскай школы-інтэрната для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, нітачны дызайн, прадэманстраваны Шклоўскай спецыяльнай школай-інтэрнатам для дзяцей з парушэннямі зроку, і шмат іншых сапраўдных твораў мастацтва, якія не пакінулі абыякавымі ні членаў журы, ні гледачоў.

***
Дыплом І ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь за актыўны ўдзел у мастацкай самадзейнасці атрымалі Мінская абласная дзяржаўная спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннем слыху (пасёлак Ждановічы Мінскага раёна), Бабруйская школа-інтэрнат для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў (Магілёўская вобласць), дзіцячы дом Наваполацка (Віцебская вобласць), спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат № 13 для дзяцей з парушэннем слыху Мінска, дапаможная школа-інтэрнат № 5 Гомеля, Пінская спецыяльная школа-інтэрнат для дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў імя К.Е.Казакова (Брэсцкая вобласць), Гродзенская спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі зроку.
Дыплом І ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь за ўдзел у выставе дэкаратыўна-прыкладной творчасці атрымалі Рудзенская дапаможная школа-інтэрнат для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў (Пухавіцкі раён Мінскай вобласці), Бабруйская школа-інтэрнат для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў (Магілёўская вобласць), Ветрынская школа-інтэрнат для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў (Полацкі раён Віцебскай вобласці), спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат № 13 для дзяцей з парушэннем слыху Мінска, Улукоўская дапаможная школа-інтэрнат (Гомельскі раён), Пярковіцкая санаторная школа-інтэрнат (Драгічынскі раён Брэсцкай вобласці), Панямуньскі дзіцячы дом (Гродна).

Падрыхтавала Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега БАГІНСКАГА.