Уступная кампанія блізіцца да завяршэння
Сёння ў Грамадскім прэс-цэнтры падвялі вынікі цэнтралізаванага тэсціравання і засяродзілі ўвагу на прыёме дакументаў ва ўстановах адукацыі.

ЦТ: усе абітурыенты былі ў роўных умовах
Сёння сертыфікаты цэнтралізаванага тэсціравання атрымалі абітурыенты, якія здавалі іспыты ў рэзервовыя дні. Такім чынам, гэты этап уступнай кампаніі можна лічыць завершаным. Складанае, хвалюючае, нават крыху нервовае ва ўмовах эпідэміі ЦТ-2020 стала гісторыяй.
Было прынята некалькі валявых рашэнняў (зрушэнне графіка правядзення іспытаў, здача найбольш масавых прадметаў у двух патоках, павелічэнне колькасці пунктаў правядзення ЦТ у рэзервовыя дні). Да гонару Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў, з выпрабаваннямі ён справіўся.
Дырэктар РІКВ Юрый Міксюк агучыў некаторыя лічбы сёлетняга цэнтралізаванага тэсціравання.
Так, стабальныя вынікі паказалі 323 удзельнікі ЦТ (у мінулым годзе — 326), 15 з іх — па двух прадметах. У 134 выпадках абітурыенты атрымалі нуль балаў (летась такіх было 152).
Адметна, што з кожным годам змяншаецца колькасць парушальнікаў. Сёлета ад праходжання ЦТ было адхілена 13 чалавек (0,02% ад усіх удзельнікаў тэсціравання), у мінулым годзе — 17. Юрый Іванавіч заўважыў, што асноўнай прычынай з’яўляюцца мабільныя тэлефоны. Акрамя таго, ёсць выпадкі выкарыстання шпаргалак і парушэння парадку правядзення ЦТ.
Іспыты ў рэзервовыя дні праходзілі ў шасці пунктах (у Мінску і кожнай вобласці). Сёлета на іх зарэгістравалася крыху больш абітурыентаў, чым у мінулыя гады, — 1043 чалавекі.
— Гэта было прадказальна, — заўважыў Юрый Міксюк. — Мы меркавалі, што можа быць нават больш (летась — 927). Гэтыя абітурыенты атрымалі сертыфікаты і паспяваюць падаць дакументы ў каледжы і ўніверсітэты.
Методыка ацэньвання вынікаў тэстаў сёлета не мянялася, выкарыстоўваліся тыя ж падыходы, што і летась. Што да магчымасці ўгадвання, дырэктар РІКВ заўважыў наступнае:
— Сёлета мы правялі пэўную работу, і яна дала вынікі. У асноўным гаворка ідзе пра заданні закрытага тыпу з выбарам адказу (частка А). У прыватнасці, на шэрагу прадметаў павялічылася колькасць дыстрактараў: калі раней абітурыентам прапаноўваліся 4 варыянты адказу, то цяпер — пяць. Такім простым спосабам вырашаецца складаная задача. Мы і далей будзем працаваць у гэтым напрамку. Аднак трэба разумець, што нельга цалкам адмовіцца ад часткі А, бо ў такім выпадку мы страцім магчымасць за кароткі разумны час апытаць абітурыентаў па шырокім коле пытанняў. Частка А ўжо сёння не дае шмат балаў і будзе даваць яшчэ менш у будучыні.
Таксама дырэктар РІКВ абвергнуў меркаванне пра тое, што на іспыце па рускай мове, які праходзіў два дні, абітурыенты другога дня апынуліся ў больш выйгрышным становішчы.
— Іграць на пачуццях абітурыентаў дрэнна, — заявіў Юрый Іванавіч. — З нейкіх меркаванняў, маўляў калі мы ў першы дзень далі не 10 варыянтаў, як звычайна, а пяць, зрабілі выснову, што ў другі дзень пяць варыянтаў будуць аналагічнымі. Былі толькі здагадкі, але колькі хваляванняў было з-за іх, і для многіх, магчыма, яны сыгралі нядобрую ролю. Калі вы паглядзіце варыянты заданняў па рускай мове за многія гады, то ўбачыце, што ў прынцыпе яны адны і тыя ж. Заданні гучаць аднолькава, але кожнае з іх мае на мэце праверку да дзесяці правіл. Варыятыўнасць, магчымасць напаўнення кожнага задання канкрэтыкай вельмі вялікая. Дык ці выйгралі тыя, хто здаваў іспыт у другі дзень? Лічбы сведчаць пра тое, што не выйгралі. Калі ў першы дзень было 23 стабальныя вынікі, то ў другі — 4. Што да сярэдніх паказчыкаў, у цэлым размеркавання абітурыентаў па балах, то і тут больш высокія вынікі былі ў першы дзень. Мы настойваем на тым, што нам трэба было стварыць не проста розныя заданні, але і роўныя ўмовы. Правілы гульні вядомыя абітурыентам многія гады, усе бачылі заданні і на дыстанцыйным (яно ёсць на нашым сайце), і на рэпетыцыйным тэсціраванні, і ў зборніках ЦТ. Таму ўсе абітурыенты былі ў роўных умовах.

Вышэйшая школа: заўтра завяршаецца прыём на бюджэт
Кансультант упраўлення вышэйшай адукацыі галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэма Герлоўская звярнула ўвагу на тэрміны ўступнай кампаніі. Так, заўтра апошні дзень прыёму дакументаў ва ўніверсітэты ад асоб, якія паступаюць за кошт сродкаў бюджэту, а таксама на платнай аснове, калі прадугледжаны ўнутраныя ўступныя выпрабаванні.
Залічэнне на бюджэт плануецца завяршыць 11 жніўня. Затым, пры наяўнасці вакантных месцаў, будзе праводзіцца дадатковы набор на бюджэтную форму. Адпаведныя аб’явы трэба шукаць на сайтах устаноў адукацыі.
Прыём дакументаў на платную форму навучання будзе доўжыцца па 15 жніўня, залічэнне — па 17 жніўня.
Рэма Пятроўна паведаміла, што на першую ступень вышэйшай адукацыі плануецца прыняць больш як 55 тысяч чалавек. Прыём вядуць 50 устаноў на больш як 380 спецыяльнасцей.
Адметна, што сёлета ва ўніверсітэтах адкрыта больш за 20 новых спецыяльнасцей. Сярод іх — “Праектаванне і эксплуатацыя атамных электрастанцый”, “Электрычны і аўтаномны транспарт”, “Эканамічная бяспека прамысловага прадпрыемства” ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце; “Прамысловая водападрыхтоўка і водаачыстка”, “Лясная інжынерыя” і “Лагістычная інфраструктура ляснога комплексу” ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце. Будучых дызайнераў, трэнераў чакаюць у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы.
— Сёлета вельмі шырокі выбар спецыяльнасцей, і абітурыент можа выбраць траекторыю паступлення, зыходзячы са сваіх жаданняў і магчымасцей, — адзначыла Рэма Герлоўская.
Таксама яна звярнула ўвагу на сёлетнія змены ў Правілах прыёму ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Так, ільготы пры паступленні атрымалі асобы, якія прайшлі тэрміновую ваенную службу (службу ў рэзерве) у гэтым ці мінулым годзе і маюць рэкамендацыі воінскіх часцей. Абітурыенты гэтай катэгорыі могуць па-за конкурсам паступаць ва ўніверсітэты на найбольш запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці ў завочнай форме.
Што да ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, то згаданыя асобы (пры наяўнасці ў дакуменце аб адукацыі адзнак па профільных прадметах, не ніжэйшых за 6 балаў) залічваюцца на найбольш запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці без уступных іспытаў.
Льготы таксама атрымалі выпускнікі аграрных класаў. Яны могуць паступаць на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці на мэтавую падрыхтоўку без уступных выпрабаванняў. Важная ўмова — адзнакі ў атэстаце па профільных прадметах павінны быць не ніжэйшымі за 7 балаў.
Падрабязная інфармацыя пра льготы, а таксама пералік спецыяльнасцей для згаданых катэгорый абітурыентаў ёсць на сайце Міністэрства адукацыі.

Прафесійная адукацыя: ёсць з чаго выбіраць
З 20 ліпеня ідзе прыём дакументаў ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Сёлета на гэты ўзровень плануецца прыняць каля 40 тысяч чалавек.
Абітурыенты, якія паступаюць за кошт бюджэту, павінны паспяшацца і падаць дакументы да 31 ліпеня (на базе 9 класаў) і да 12 жніўня (на базе 11 класаў). Прыём на платную форму будзе працягвацца па 14 і 18 жніўня адпаведна.
Як паведаміла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі — начальнік упраўлення прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Аляксандра Пятрова, на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі сёлета з’явіліся 4 новыя спецыяльнасці. Гэта “Эксплуатацыя мехатронных сістэм прамысловага абсталявання”, “Арганізацыя тэхнічнага сэрвісу транспартных сродкаў”, “Вытворчасць біятэхналагічнай прадукцыі” і “Арганізацыя гасцінічных паслуг”.
Што да прыёму ва ўстановы прафтэхадукацыі, то ён будзе весціся па 20 жніўня. Залічэнне на бюджэтную і платную формы — па 25 жніўня.
— Уступная кампанія на ўзроўні прафтэхадукацыі стартавала 15 чэрвеня, і ўжо больш за палову месцаў занята, — паведаміла Аляксандра Мікалаеўна. — Гэта даволі разнастайны ўзровень, тут можна атрымаць больш за 260 прафесій. Штогод яны абнаўляюцца з улікам заявак і патрэб заказчыкаў. Усё гэта знаходзіць адлюстраванне ў кантрольных лічбах прыёму. Сёлета на ўзровень прафтэхадукацыі плануецца прыняць больш за 28 тысяч чалавек. З’явіліся тры новыя рабочыя прафесіі: кушнер-раскройшчык, заліўшчык металу і апаратчык выцяжкі. Перавага гэтага ўзроўню відавочная для тых, хто хоча паспрабаваць сябе ў рэальным сектары.
Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.