Аповед пажаўцелых фотаздымкаў

- 13:00Да 70-годдзя Вялікай Перамогі

Аднойчы, праглядваючы старыя фотаздымкі майго прадзядулі Мікалая Данілавіча Ігнацьева, я натрапіла на маленькую пажоўклую картку, з якой на мяне глядзелі, злёгку ўсміхаючыся, два хлапчукі. На адваротным баку фотаздымка я прачытала надпіс: “Іран, 1941 г.”. “Няўжо гэтыя маладыя асобы бачылі сапраўдныя жахі вайны?!” — узнікла думка.

З гэтай фотакарткай я пайшла да прадзядулі, а ён, нібыта чакаючы гэтага моманту, пачаў аповед пра сваё жыццё. Дзяцінства яго прыйшлося на 20-я гады мінулага стагоддзя. Бацька, даведаўшыся пра тое, што сям’ю збіраюцца раскулачыць, сабраў 16-гадоваму сыну чамадан, даў сто рублёў і сказаў еха ць куды далей. Так адразу з роднай Вілейкі трапіў прадзед Мікалай у далёкі шахцёрскі гарадок Макееўка. Паспяхова скончыў школу механікаў, адкуль выйшаў памочнікам камандзіра ўзвода ў званні старшага сяржанта. Служба працягвалася ў лётных войсках на ТБ-3 (у той час магутная машына, якая брала 4 тоны боепрыпасаў і магла быць у паветры да 18 гадзін).
Неўзабаве прадзядулю прапанавалі працягнуць вучобу і стаць авіятэхнікам. Гэтая прыступка яго лётнай кар’еры таксама далася нялёгка. Спачатку ён быў памочнікам бортінжынера, а затым і бортінжынерам. Вучэбныя палёты неўзабаве змяніліся баявымі: пачалася фінская вайна, якую экіпаж “пяцёркі” (такім быў нумар іх самалёта) прайшоў, як кажуць, ад званка да званка. Пасля заканчэння фінскай вайны часць, у якой служыў Мікалай Данілавіч, была накіравана ў Казахстан, дзе бамбардзіроўшчыкі на некаторы час сталі транспартнымі самалётамі. Курсіраваць бортінжынерам давялося па ўсёй Сярэдняй Азіі, лёталі і ў Маскву. Вельмі часта ўспамінаў прадзядуля горы, чырвоныя макі ў стэпах, мясцовых жыхароў з іх традыцыямі.
Пераглядаючы свае фотакарткі, прадзед знаходзіць пажоўклыя, густа спісаныя прыгожым почыркам старонкі-ўспаміны. Ён расказвае: “22 чэрвеня 1941 года пачалася Вялікая Айчынная вайна. У гэты дзень у гарнізоне на стадыёне планавалася вялікае свята. Але замест гульняў нам загадалі па баявой трывозе сабрацца да выступлення ў поўнай баявой гатоўнасці. Мы забралі ўсю амуніцыю, забілі вокны казармы, сталі на плошчы перад будынкам штаба палка. Калі полк быў пастроены, выйшаў камандзір палкоўнік Адзінцоў і абвясціў загад аб пачатку ваенных дзеянняў, а затым маршрут руху часці да мяжы. Полк быў адпраўлены ў Іран, дзе меркавалася адкрыццё другога фронту, а праз месяц — пад Ленінград…”
Блакадны Ленінград… Яны павінны былі дастаўляць у горад прадукты і забіраць мірных жыхароў. Адзін з такіх палётаў скончыўся трагічна: завязаўся паветраны бой, і немцы падбілі правы матор самалёта. Машына ўпала на лёд і загарэлася. Цудам выбраўся экіпаж, страціўшы лётчыка і радыста. Да ночы праляжалі ў снезе, пакуль на дапамогу не прыйшлі лыжнікі. Лётчыкаў адправілі да пехацінцаў падсілкавацца і абагрэцца, а потым двое сутак па лютаўскім марозе і снезе яны дабіраліся да аэрадрома. Гэта было 22 лютага 1942 года. Прадзядуля часта ўспамінаў гэты выпадак і, хоць быў чалавекам, які не п’е, кожны год у гэты дзень падымаў “баявыя” сто грамаў у памяць аб загінуўшых таварышах.
Прадзядуля падчас свайго аповеду паўтараў: “Не хачу, каб вы гэта ведалі, не хачу, каб жахі вайны паўтарыліся. Добра, калі дзеці растуць у міры, не палохаюцца выбухаў бомб, калі маці не трэба думаць пра тое, ці вернецца яе сын жывым… Гэтая памяць павінна вучыць вас, маладых, дабрыні, чалавечнасці”.
Не адзін раз даводзілася Мікалаю Данілавічу губляць баявую машыну, сяброў… Пасля вайны прадзеда чакала выкладчыцкая дзейнасць. Баявую тэхніку ён ведаў як свае пяць пальцаў, ды яшчэ і амерыканскія самалёты некалькі месяцаў вывучаў. На “выдатна” здаў залік у Казані па азнаямленні з новым варыянтам бамбардзіроўшчыка ТУ-2. Спачатку выкладаў у Ачынску, дзе адкрылі ваеннае вучылішча, затым у нас у Беларусі: у Віцебску, Паставах, Лідзе. У Кобрыне ўзначальваў вучэбны аэрадром. У складзе экспертнай камісіі як спецыяліст па рэактыўным рухавіку выязджаў на розныя катастрофы. Дэмабілізавалі дзядулю ў канцы 50-х, калі пачалося амаладжэнне арміі. Быў выбар, дзе застацца працаваць, але пацягнула на Радзіму. І вярнуўся прадзед у родныя Чавусы. Больш за 10 гадоў узначальваў Таварыства паляўнічых і рыбаловаў, пакуль канчаткова не выйшаў на пенсію.
Заслугі перад Радзімай майго прадзядулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны адзначаны ордэнам Айчыннай вайны, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, ордэнам Чырвонага Сцяга, медалямі “За баявыя заслугі”, “За ўзяцце Берліна”, “За ўзяцце Кёнігсберга”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.”, “Ветэран Узброеных Сіл СССР”, а таксама юбілейнымі медалямі, медалём Жукава, іншымі ўзнагародамі.
Велізарны жыццёвы шлях за плячыма гэтага чалавека. Ён пайшоў з жыцця на 92-м годзе. Шмат пражыць — не галоўнае. Важна, як пражыць. І Мікалаю Данілавічу ніколі не было сорамна за сваё жыццё. І нам, яго нашчадкам, ёсць чым ганарыцца. З пакалення ў пакаленне мы будзем перадаваць узнагароды, абмытыя крывёю нашага дарагога чалавека, як сямейную рэліквію. Будзем расказваць гісторыі, якія захаваліся ў нашых сэрцах.

Дар’я ІГНАЦЬЕВА,
навучэнка 6 класа сярэдняй школы № 2 Чавус.