Аптэка для душы

Прафесія бібліятэкара на першы погляд непрыкметная, але вельмі патрэбная грамадству, бо з’яўляецца дакладным барометрам яго інтэлектуальнага жыцця.

Родныя сёстры Людміла Андраюк і Ірына Андрайчук звязалі свой лёс з кнігамі. Людміла Анатольеўна працуе бібліятэкарам у сярэдняй школе № 1 Маларыты, Ірына Анатольеўна — бібліятэкарам у сярэдняй школе № 2 Маларыты. У кожнай з іх свой шлях у прафесію і адна агульная любоў да кніг.

— У нашым родзе ніколі бібліятэкараў не было, — расказвае Людміла Андраюк. — Продкі шчыравалі на зямлі. У дзяцінстве я і сястра марылі пра розныя прафесіі, але заўсёды памяталі наказ бацькі і маці. Яны не раз нам гаварылі, што не важна, кім ты працуеш, галоўнае, каб быў сапраўдным чалавекам, каб людзі ўспаміналі цябе толькі добрым і шчырым словам. Бацькі не перашкаджалі ў выбары прафесіі. Кожная з нас свой шлях выбірала сама. Але так склалася жыццё, што я бібліятэкарам працую ўжо 41 год, а сястра Ірына — 30.

Дзяўчаты Людміла і Ірына раслі непадобнымі адна на адну, з рознымі інтарэсамі. Старэйшая, Людміла, любіла музыку, таму скончыла Маларыцкую школу мастацтваў па класе акардэона. Пасля сярэдняй школы марыла стаць настаўніцай рускай мовы і літаратуры, але не прайшла па конкурсе і паступіла ў Маларыцкае кааператыўнае вучылішча. Працавала спачатку прадаўцом, затым бухгалтарам.

Малодшая, Ірына, хацела звязаць лёс з медыцынай, але таксама не сышлося.

Адзінае, што сясцёр аб’ядноўвала, — гэта любоў да кніг. Чыталі Людміла і Ірына заўсёды шмат і з задавальненнем. Павагу да кнігі выхавала маці, якая часта чытала дочкам казкі Андэрсена.

— Маці не раз казала, што нас можна было і не карміць, галоўнае, каб у руках была цікавая кніга, — успамінае Ірына Андрайчук. — У выхадныя адарваць ад чытання нас было цяжка. Мы з сястрой падчас вучобы не адзін год былі лепшымі чытачамі дзіцячай бібліятэкі.

Ірына Андрайчук уладкавалася ў аддзел камплектавання Маларыцкай ЦБС. Тады ёй здавалася, што гэта той участак работы, які ёй падыходзіць больш за ўсё. Пасля няўдалай спробы стаць медыкам Ірына Андрайчук паступіла ў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум.

— Канец 80-х — пачатак 90-х гадоў мінулага стагоддзя — нялёгкі час, — гаворыць Ірына Анатольеўна. — У пошуках лепшай долі рызыкнула змяніць прафесію: уладкавалася на службу ў вайсковую час ць. Як ганарылася, калі атрымала званне сяржанта! Можа, засталася б служыць і далей, але Савецкі Саюз знік з карты свету, таму ракетную час ць, у якой служыла, расфарміравалі. Зноў паўстала пытанне з працаўладкаваннем. Варыянтаў было шмат. Але вырашыла вярнуцца ў бібліятэку. У 1993 годзе ўладкавалася ў сярэднюю школу № 2 Маларыты, дзе працую да гэтага часу.

Людміла Андраюк таксама заўсёды і ўсюды працавала шчыра і аддана, але адчувала, што чагосьці не хапае. І калі ў 1977 годзе ўладкавалася бібліятэкарам у Маларыцкую ЦБС, зразумела, што гэта тое, да чаго заўсёды імкнулася душа. Потым паступіла ў тагачасны Мінскі інстытут культуры.

— Школьным бібліятэкарам стала выпадкова, — расказвае Людміла Анатольеўна. — Калі павяла дачку ў 1 клас, сустрэла каля школы яе дырэктара. Ён прапанаваў пасаду бібліятэкара. Я пагадзілася.

За плячыма Людмілы Андраюк і Ірыны Андрайчук багаты прафесійны вопыт. Яны спрактыкаваныя работнікі, майстры сваёй справы, якія кожны дзень з радасцю і задавальненнем ідуць на работу. Ім у бібліятэцы камфортна. А калі выпадае вольная хвіліна, як у дзяцінстве, чытаюць кнігі. Чытаць — значыць жыць! Так лічаць Людміла Анатольеўна і Ірына Анатольеўна, бо ўпэўнены, што людзі перастаюць думаць, калі перастаюць чытаць.

Сёстры-бібліятэкары імкнуцца арыентаваць вучняў на духоўныя і агульначалавечыя каштоўнасці, выхоўваюць пачуццё любові да роднага краю, фарміруюць патрыятычныя пачуцці, далучаюць да здаровага ладу жыцця. Значную ўвагу ўдзяляюць краязнаўству.

— Люблю, калі ў бібліятэку прыходзяць вучні, заўсёды чакаю іх з нецярпеннем, — гаворыць Людміла Андраюк. — Іх усмешкі, жаданне пагартаць кнігі, газеты і часопісы, азнаёміцца з навінкамі настройваюць на пазітыўны лад. Толькі ў школе я па-сапраўднаму зразумела, што азначае кожны дзень адначасова знаходзіцца ў акружэнні дзяцей і соцень кніг, часопісаў. Гэта сапраўднае шчасце!

Каб зацікавіць вучняў чытаннем і заняць іх вольны час, бібліятэкары пастаянна прыдумваюць нешта новае, праводзяць розныя мерапрыемствы, ладзяць выставы, прэзентуюць новыя выданні. Нядзіўна, чаму вучні з’яўляюцца частымі наведвальнікамі іх бібліятэк, бо там пашыраюць свой кругагляд і папаўняюць веды.

— Бываюць моманты, калі здаецца, што нібыта мяняю род дзейнасці, — прызнаецца Ірына Андрайчук. — Адчуваю сябе не толькі бібліятэкарам, але яшчэ і выкладчыкам, псіхолагам, літаратуразнаўцам, мовазнаўцам, перакладчыкам і проста добрым сябрам і дарадцам. Часта вучні давяраюць свае таямніцы і сакрэты. Шчыра кажучы, ніколі не памяняла б прафесію. Бібліятэчная справа назаўсёды стала і прызваннем, і сэнсам жыцця. Бібліятэка — гэта аптэка для душы.

Задаволена сваім прафесійным выбарам і Людміла Андраюк. Яна ніколі не думала, што выпадкова можна выбраць працоўны шлях, які будзе прыносіць радасць і задавальненне.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *