Аптымальнае абнаўленне сістэмы адукацыі Мінскай вобласці ідзе па трох напрамках: мадэрнізацыя, інфарматызацыя і падтрымка моладзі

- 15:56Рознае, Суразмоўца
Галіна Мікалаеўна Казак, начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама, заўсёды разумела, што педагагічная дзейнасць — гэта яе жыццё. Скончыўшы з адзнакай Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя Максіма Горкага, яна атрымала размеркаванне ў Барысаў. Праз некалькі гадоў маладая настаўніца хіміі стала намеснікам дырэктара школы па выхаваўчай рабоце, а пасля і дырэктарам школы. У 2006 годзе расфарміроўваліся два выканкамы ў Барысаве: гарадскі і раённы — і ствараўся новы раённы выканаўчы камітэт, дзе аб’ядноўваліся дзве адукацыйныя сістэмы рэгіёна. Галіна Мікалаеўна ўзначаліла новы аддзел адукацыі. “Гэта быў складаны перыяд, бо ў мяне было малавата практычнага вопыту, — дзеліцца Г.М.Казак. — Сёння, азіраючыся на той перыяд свайго жыцця, я магу сказаць, што гэта быў дзівосны час, калі мы аб’ядалі калектывы, зрабілі адзіным напрацаваны імі вопыт”.
Затым Таіса Іванаўна Данілевіч, якая на той час была начальнікам упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама, запрасіла Г.М.Казак на вакантную пасаду свайго намесніка — курыраваць вучэбна-выхаваўчы працэс. А калі Т.І.Данілевіч стала дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу і вызвалілася вакансія начальніка ўпраўлення адукацыі, гэтую пасаду прапанавалі Галіне Мікалаеўне Казак (пры ўзгадненні з Мінаблвыканкамам і Міністэрствам адукацыі). 30 кастрычніка спаўняецца год яе кіраўніцкай дзейнасці.
Год — гэта многа ці мала для кіраўніка такога ўзроўню? Што атрымалася за гэты перыяд, а над чым яшчэ варта папрацаваць? Якія задачы ставіць перад начальнікам упраўлення адукацыі дзяржава і само жыццё? На гэтыя, а таксама многія іншыя пытанні адказвае начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Галіна Мікалаеўна КАЗАК.

— Галіна Мікалаеўна, як вы можаце ахарактарызаваць і ацаніць дзейнасць сістэмы адукацыі Мінскай вобласці за мінулы навучальны год? У чым унікальнасць сістэмы адукацыі Мінскай вобласці? Якія мэты і задачы пастаўлены перад педагогамі вобласці ў новым навучальным годзе?
— Дэталёвы аналіз работы сістэмы адукацыі Міншчыны ў мінулым навучальным годзе мы правялі на жнівеньскай канферэнцыі педагагічных работнікаў. Мы паставілі задачу абнавіць сістэму адукацыі Мінскай вобласці праз тры падыходы: мадэрнізацыю, інфарматызацыю і падтрымку моладзі.
Што такое мадэрнізацыя для нашай сістэмы? Гаворка ідзе не пра кардынальную перабудову. Мы працуем над тым, як аптымальна дабіцца якасці за кошт аптымізацыі сістэмы. У мінулым годзе за кошт продажу будынкаў устаноў адукацыі, якія ўжо не выкарыстоўваліся, было выручана больш за 4 млрд рублёў. За першае паўгоддзе гэтага года мы зарабілі такім чынам каля 2 млрд рублёў. Гэтыя сродкі паступаюць у бюджэты выканкамаў і выкарыстоўваюцца на патрэбы сістэмы адукацыі.
Добра ў нас пачалі працаваць міні-прадпрыемствы на базе ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Нядаўна адкрыўся ўжо трэці вучэбны цэнтр Ceresit сумесна з прадпрыемствам “Хенкель Баўтэхнік”. Сяргей Рыгоравіч Навіцкі (генеральны дырэктар прадпрыемства) на адной з канферэнцый у прысутнасці старшыні Мінаблвыканкама Барыса Васільевіча Батуры паабяцаў, што створыць такія цэнтры, каб рыхтаваць там спецыялістаў для будаўнічай галіны, здольных працаваць на новым абсталяванні з сучаснымі матэрыяламі. Сваё слова бізнесмен трымае: вучэбныя цэнтры адкрыліся ў Барысаве, Салігорску і Маладзечне — на базе ўстаноў ПТА. Тут мы даём адукацыю сваім навучэнцам і аказваем паслугі даросламу насельніцтву — магчымасць адпрацаваць навыкі ў рамонце.
Калі гаварыць пра інфарматызацыю, то мы ўжо маем неабходнае абсталяванне для гэтага працэсу. Галоўная задача — правільна яго выкарыстоўваць. Ствараем медыятэкі, закупаем праграмны прадукт, выкарыстоваем рэсурсы для работы электронных дзённікаў. У Салігорску сёлета адкрылася новая агульнаадукацыйная ўстанова на 720 навучэнцаў, якая па аснашчанасці цалкам задавальняе патрэбы: працуе сучасны кабінет фізікі, лінгафонныя кабінеты, кабінет інфарматыкі.
Новым напрамкам у інфарматызацыі з’яўляецца праект па ўкараненні робататэхнікі ў адукацыйны працэс, апрабацыя якога была праведзена Мінскім абласным інстытутам развіцця адукацыі падчас профільнай змены лінгвістычнага лагера ў Маладзечне. На пачатковым этапе мы плануем навучыць педагогаў выкарыстоўваць адукацыйныя праграмы LEGO на практыцы.
Падтрымку моладзі мы разумеем як падтрымку нашых навучэнцаў і маладых педагогаў (у тым ліку і маладых кіраўнікоў). У мінулым навучальным годзе мы правялі конкурс “Малады дырэктар установы агульнай сярэдняй адукацыі — 2013”. У творчым спаборніцтве прынялі ўдзел 19 перспектыўных кіраўнікоў са стажам на пасадзе ад двух да пяці гадоў. Прадстаўнікі 14 сельскіх і 5 гарадскіх устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Мінскай вобласці змагаліся за званне лепшага дырэктара. У конкурсе перамагла дырэктар сярэдняй школы № 9 Жодзіна Наталля Міхайлаўна Сушко. Гэты конкурс даў нам магчымасць убачыць нашы кадры. І як вынік — два дырэктары школ сталі начальнікамі аддзелаў адукацыі, спорту і турызму: у Старых Дарогах працуе Сяргей Іванавіч Усік, Аляксандр Часлававіч Пуцейка ўзначаліў аддзел у Вілейцы.
Мінская вобласць — гэта вельмі прыгожы ўнікальны рэгіён, на тэрыторыі якога размешчана вялікая колькасць сельскіх населеных пунктаў, невялікіх гарадкоў. Таму выхаванне патрыятызму, павагі да народных традыцый, гістарычнага мінулага рэалізуецца праз адукацыйныя праграмы культурна-этнаграфічнай накіраванасці, пошукавую дзейнасць і турызм. Спалучэнне інавацыйнага падыходу, мадэрнізацыі ў розных сферах адукацыйнага працэсу з творчасцю, энтузіязмам, талентам — адметныя рысы педагогаў Міншчыны. У гэтым заключаецца ўнікальнасць нашай сістэмы адукацыі.

— Як праходзіць у вобласці працэс аптымізацыі ўстаноў адукацыі? Якіх балючых наступстваў у сувязі з правядзеннем аптымізацыі ўдалося пазбегнуць?
— Кантынгент навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў рэгіёне за апошніх 10 гадоў скараціўся на 33%. У мінулым навучальным годзе было закрыта 37 і рэарганізавана 31 установа адукацыі. З 1 верасня 2013 года спынілі сваю дзейнасць 28 устаноў адукацыі, у тым ліку 11 вячэрніх школ і 3 міжшкольныя вучэбна-вытворчыя камбінаты, рэарганізавана 25 устаноў агульнай сярэдняй і 1 прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Адкрыты вучэбна-педагагічны комплекс “дзіцячы сад — сярэдняя школа” ў Салігорску.
Безумоўна, пытанне аб закрыцці ўстановы адукацыі з’яўляецца вельмі балючым. Вось чаму рашэнні пра закрыццё прымаюцца ўзважана, асцярожна. Мы поўнасцю адышлі ад такіх тыпаў устаноў, як вячэрнія школы. З базавай адукацыяй можна паступіць ва ўстанову ПТА. У той жа час у звычайных школах арганізавана 20 вячэрніх класаў. Для школы можа быць дастаткова і аднаго такога класа.
Навасадскае дзяржаўнае прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 12 з 1 верасня 2013 года далучана да Барысаўскага дзяржаўнага будаўнічага прафесійнага ліцэя. Прыняты ва ўласнасць Мінскай вобласці Мінскі дзяржаўны каледж харчовай прамысловасці.
Пасля аптымізацыі ў 2013 годзе вызвалены 336 педагагічных работнікаў. Зараз усе яны працаўладкаваны. Адзначу станоўчы момант: эканамічны эфект ад аптымізацыі сеткі ў 2013 годзе складзе больш за 11,6 млрд рублёў.

— А што з педагагічнымі кадрамі ўстаноў адукацыі Мінскай вобласці? Ці ёсць праблемы з кадравым патэнцыялам рэгіёна? Як вы збіраецеся іх вырашаць?
— Ад прафесіяналізму настаўніка залежыць тое, якімі ведамі, уменнямі і навыкамі будуць валодаць сённяшнія вучні, якімі людзьмі яны стануць. З упэўненасцю магу сказаць, што педагогі вобласці — сапраўдныя прафесіяналы. Чатыры педагогі ў мінулым навучальным годзе атрымалі новую кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст”.
Вядома, як і ў любой галіне, у нас існуюць праблемы з кадравым патэнцыялам. Па-ранейшаму найбольш запатрабаваныя ў галіне настаўнікі матэматыкі, фізікі, хіміі, выхавальнікі ўстаноў дашкольнай адукацыі. Выйсце знаходзім за кошт павышэння педагагічнай нагрузкі спецыялістаў па прадметах, прыцягнення работнікаў пенсійнага ўзросту, накіравання работнікаў на перападрыхтоўку, арганізацыі мэтавай падрыхтоўкі кадраў.
Сёння хочацца сказаць словы асаблівай падзякі нашым педагогам, якія з’яўляюцца аўтарамі метадычных выданняў, кіраўнікамі навуковых таварыстваў навучэнцаў, якія падрыхтавалі пераможцаў рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд і конкурсаў: Яўгену Яўгенавічу Валынцу, настаўніку фізікі гімназіі № 1 Барысава; Эле Мікалаеўне Якубоўскай, настаўніцы фізікі гімназіі № 1 Жодзіна; Наталлі Данілаўне Пашчук, настаўніцы хіміі гімназіі № 7 Маладзечна; Ірыне Мікалаеўне Пічугінай, настаўніцы геаграфіі гімназіі № 1 Жодзіна; Святлане Рыгораўне Пузіноўскай, настаўніцы інфарматыкі сярэдняй школы № 4 Дзяржынска; Алене Аляксандраўне Бурко, настаўніцы пачатковых класаў Нарацкай сярэдняй школы № 2 Мядзельскага раёна; Анатолю Станіслававічу Забароўскаму, намесніку дырэктара па вучэбнай рабоце ліцэя Барысава, члену творчай групы настаўнікаў гісторыі і грамадазнаўства Мінскай вобласці.
Мы самі рыхтуем сабе будучую змену як на стадыі навучання ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі праз прафарыентацыю выпускнікоў на педагагічныя спецыяльнасці, так і праз падрыхтоўку педагогаў у абласных каледжах, а таксама ва ўстановах вышэйшай адукацыі.
У вобласці асаблівая ўвага надаецца рабоце з маладымі спецыялістамі. Ва ўстановах адукацыі працуюць 1586 маладых спецыялістаў. Працэнт замацавання маладых кадраў у нас дастаткова высокі (85,6%). У жніўні за работу ўзяліся 726 маладых спецыялістаў.
Можна многа гаварыць пра тое, што маладыя кадры сёння не падрыхтаваны да практычнай работы. Але я прывяду вам адзін прыклад. Сёлета мы адкрывалі новую школу ў Салігорску. Педагагічны калектыў — 60 настаўнікаў, 10 з іх — маладыя спецыялісты. Хто з іх будзе паказваць элементы першых заняткаў па тэме “55-годдзе Салігорска”? Гэта вельмі адказна, бо чакаецца візіт губернатара. Мы вырашылі даць магчымасць самім педагогам выбраць такіх калег. Дык вось, 6 педагогаў з 10 маладых спецыялістаў рыхтавалі гэтыя першыя заняткі. І ўсё атрымалася: заняткі па гандболе ў спартыўнай зале, прэзентацыя адмысловай сістэмы па навучанні дзяцей плаванню ў школьным басейне, праектная дзейнасць у кабінеце інфарматыкі, вывучэнне крышталяў кухоннай і калійнай солей на занятках хіміі. А маладая настаўніца фізікі запрасіла на свой першы ў жыцці ўрок свайго аднадумцу — навучэнца Цімафея Малахоўскага (пераможцу конкурсу Intel ISEF), каб ён улюбіў дзяцей у фізіку. Якая смеласць у нашых маладых настаўнікаў! Якое жаданне працаваць і паказваць свае веды, атрыманыя ва ўніверсітэце! Цяпер мяне ўжо ніхто не пераканае, што ў маладых педагогаў ёсць праблемы з падрыхтоўкай.
Калі ў школу прыходзіць малады настаўнік, калектыў павінен накіраваць усе памкненні, каб адбылося якаснае станаўленне маладога чалавека ў прафесіі. У пачатку кастрычніка ва ўсіх раёнах Міншчыны ў трэці раз прайшоў педагагічны марафон па тэме “Развіццё адукацыйнага асяроддзя Мінскай вобласці ва ўмовах эканоміі і беражлівасці”. Упершыню ў педагагічным марафоне ўдзельнічалі студэнты 4-5 курсаў БДПУ імя Максіма Танка. Такім чынам будучыя настаўнікі пазнаёміліся з педагагічнай дзейнасцю ў раёнах.

— У добрых настаўнікаў — выдатныя вучні. Кім з цяперашніх вучняў (або выпускнікоў апошняга навучальнага года) ганарыцца Мінская вобласць? Як вы падтрымліваеце даследчую і творчую дзейнасць навучэнцаў, маладзёжны лідарскі рух?
— Вы не выпадкова зацікавіліся даследчай і творчай дзейнасцю навучэнцаў, бо даследчая дзейнасць — гэта таксама творчасць: творчасць дзіцяці, педагога, бацькоў. Даследчая дзейнасць з’яўляецца эфектыўнай формай узаемадзеяння сям’і і школы.
Чатыры гады запар у нас праходзіць адзіны ў краіне абласны фестываль даследчых работ дзяцей дашкольнага ўзросту і конкурс даследчых работ малодшых школьнікаў “Я — даследчык”, якія штогод збіраюць больш за 120 юных даследчыкаў з усіх куткоў сталічнага рэгіёна і нават блізкага замежжа. Фестываль і конкурс спрыяюць выяўленню, падтрымцы і развіццю інтэлектуальна-творчага патэнцыялу адораных дзяцей Міншчыны з ранняга ўзросту.
Усё гэта дае вынікі. Сёння мы ганарымся сваімі вучнямі, якія годна прадставілі нашу краіну на міжнародным узроўні. Гэта Аляксандра Радчанка, Цімафей Малахоўскі, Яўген Курневіч, Алеся Мельнік, Ілья Брагінец, Ксенія Бароўская, Валерыя Сарока, Уладзіслаў Дагліс; выпускнікі ўстаноў адукацыі Міншчыны папярэдняга навучальнага года — Хрысціна Пічугіна, Сяргей Сіняк, Кацярына Гурыновіч, Захар Якубоўскі.
На працягу 2012/2013 навучальнага года выступленне школьнікаў Мінскай вобласці на прэстыжных міжнародных алімпіядах, конкурсах і канферэнцыях было адзначана 52 дыпломамі і 5 медалямі. А значыць, мы з упэўненасцю можам сказаць, што ў нас створаны ўсе ўмовы для ўключэння таленавітых дзяцей і моладзі ў інтэлектуальную і творчую дзейнасць.
Работы школьнікаў маюць не толькі навуковую, але і практычную каштоўнасць. На штогадовым конкурсе даследчых работ навучэнцаў устаноў адукацыі Мінскай вобласці, які ахоплівае на ўсіх этапах больш за 500 удзельнікаў, ужо трэці год будзе працаваць секцыя “Эканоміка і бізнес- планаванне”. Яе асаблівасць у тым, што ацэньваюць практычную значнасць даследчых работ прадстаўнікі вядомых у краіне прадпрыемстваў: “Август-Бел”, “Хенкель Баўтэхнік”, “Марозпрадукт” і “Алкід”. Радуе, што паспяховыя прадпрымальнікі Беларусі шчыра зацікаўлены ў падтрымцы таленавітай моладзі Мінскай вобласці.
Салідарны з імі і замежныя калегі. Так, сусветны вядучы вытворца першаснага алюмінію і алюмініевых вырабаў Alcoa Foundation аддаў спецыяльны прыз рабоце Цімафея Малахоўскага на конкурсе Intel ISEF — 2013 у ЗША. Гэтая ж работа была адзначана спецыяльным прызам Амерыканскай асацыяцыі права інтэлектуальнай уласнасці, якая з’яўляецца нацыянальнай асацыяцыяй адвакатаў, што ўдзельнічаюць у практыцы патэнтавання і забеспячэння аўтарскага права.
Праекты навучэнцаў вобласці па сістэматызацыі беларускага акраверша, гадоўлі ў хатніх умовах пекінскіх качак і іншыя былі адзначаны на рэспубліканскім конкурсе прадпрымальніцкіх ідэй “Мая ініцыятыва”. У конкурсе навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў Саюзнай дзяржавы “Таленты XXI стагоддзя” Ілья Шылко, вучань 9 класа гімназіі № 1 Дзяржынска, стаў абсалютным пераможцам. Ён распрацаваў нанакандэнсатар.
З 2005 года мы праводзім абласныя форумы дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў. Такая эфектыўная форма арганізацыі дыялогу моладзі і дарослых дае магчымасць кожнаму пачуць і быць пачутым. Створаны ў 2011 годзе Савет лідараў дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў ужо даказаў сваю запатрабаванасць. Яго кіраўнік — Васіль Дзямідчык, педагог-арганізатар Дома творчасці Барысава, прадстаўляў нашу краіну на Рэгіянальнай маладзёжнай кансультацыі краін Еўропы і Цэнтральнай Азіі ў Стамбуле ў верасні гэтага года.
Нам трэба расці, развівацца, таму плануем рэарганізацыю Савета лідараў у Маладзёжны парламент, а гэта чарговы этап у развіцці маладзёжнага руху на Міншчыне. Задача такога парламента — ускалыхнуць маладзёжны рух, знайсці лепшых і самых актыўных, вылучыць і падтрымаць іх, даць грамадству і краіне не проста ідэі, а і тых, хто здольны іх увасабляць у жыццё.

— Як будуеце работу па падтрымцы дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця? З якімі цяжкасцямі сутыкаецеся?
— Паводле Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, у Мінскай вобласці створана аптымальная сетка ўстаноў, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы спецыяльнай адукацыі. Дзякуючы ім кожнае дзіця з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця атрымлівае якасную карэкцыйна-педагагічную дапамогу ў аптымальных для яго ўмовах.
У мінулым навучальным годзе 303 навучэнцы з асаблівасцю псіхафізічнага развіцця (АПФР) навучаліся ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі, са 145 выпускнікоў 144 атрымалі накіраванне на работу па атрыманай кваліфікацыі, 1 выпускнік скарыстаўся правам самастойнага працаўладкавання па стане здароўя. У 2012 годзе ва ўстановах ПТА адкрыта 17 інтэграваных груп.
Цікавы “Аграсацыяпраект” пры ўдзеле дабрачыннага фонду “Дзіцячыя дамы Беларусі” (Галандыя) на працягу 10 гадоў рэалізоўваецца ў Капыльскай дапаможнай школе-інтэрнаце. Асноўная задача праекта заключаецца ў навучанні дзяцей з АПФР навыкам самастойнага жыцця, падрыхтоўцы да працоўнай і прафесійнай дзейнасці, фарміраванні культуры сямейных адносін. У рамках “Аграсацыяпраекта” дзейнічае праект “Самастойнае пражыванне”. З мэтай яго рэалізацыі на сродкі рэспубліканскага, абласнога бюджэтаў, а таксама сродкі, выдзеленыя фондам “Дзіцячыя дамы Беларусі”, пабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю 3 жылыя дамы для самастойнага пражывання выпускнікоў установы. Такім чынам, мы ідзём па шляху павышэння эфектыўнасці сацыялізацыі дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. У красавіку 2013 года вопыт работы ўстаноў спецыяльнай адукацыі Мінскай вобласці быў абагульнены на калегіі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

— Мінская вобласць — фаварыт у вучнёўскіх бізнес-кампаніях. Як вы лічыце, ці будзе вынік ад дзейнасці такіх кампаній у найбліжэйшыя гады?
— Дзякуй за такую высокую ацэнку нашай працы, аднак адзначу, што стварэнне школьных бізнес-кампаній, якія сёння сталі свайго роду візітнай карткай сістэмы адукацыі Мінскай вобласці, зусім не мода, а патрабаванне нашага часу. Гэтая ідэя з’явілася ў 2011 годзе. Ініцыятарам яе стаў старшыня Мінаблвыканкама Барыс Васільевіч Батура. На абласной канферэнцыі ў Год прадпрымальнасці Барыс Васільевіч спытаў: “І калі ж нашы вучні пачнуць зарабляць грошы?” Так з’явілася ідэя на абласны Савет па развіцці прадпрымальніцтва пры аблвыканкаме запрасіць нашых навучэнцаў, якія прыйшлі са сваімі даследчымі работамі, праектамі. Мы паказалі бізнес-супольнасці вобласці гэтыя работы, і менавіта ў той час з’явілася ідэя стварыць школьныя бізнес-кампаніі. Пачыналася гэтая справа з чатырох бізнес-кампаній: у Жыцькаўскай сярэдняй школе Барысаўскага раёна, Бараўлянскай гімназіі Мінскага раёна, Нясвіжскай гімназіі і гімназіі № 1 Салігорска, прыбытак ад дзейнасці якіх склаў крыху больш за 8 мільёнаў рублёў.
Зараз у нас працуе 71 школьная бізнес-кампанія. Лідарам па колькасці з’яўляецца Дзяржынскі раён, дзе іх 18. А Барыс Васільевіч Батура гаворыць, што трэба развівацца далей, трэба, каб дзеці зараблялі больш грошай.
Вынік ад дзейнасці школьных бізнес-кампаній ужо ёсць. Іх дзейнасць дала магчымасць навучэнцам зарабіць 128 млн 400 тысяч рублёў, а сума выплачанай членам бізнес-кампаній заработнай платы склала больш за 33 млн рублёў.
Школьнікам пад сілу многае: ад вырабу сувенірных рукавічак для гарачага посуду да арганізацыі свят на даму ў заказчыка. Амаль 30% школьных бізнес-кампаній выбрала аграрны напрамак — вырошчванне расады кветкавых культур і агародніны. Ёсць і іншыя ідэі: развіццё турыстычных паслуг, вытворчасць флікераў, адкрыццё ўласнай міні-пякарні, стварэнне мультымедыйнай і паліграфічнай прадукцыі, выраб арыгінальных сувеніраў, паштовак, запрашэнняў і інш.
Хачу адзначыць, што школьная кампанія ў 4-5 разоў павышае верагоднасць поспеху ў бізнесе, працаўладкаванні і развіцці кар’еры выпускнікоў праграмы. Яны больш канкурэнтаздольныя за сваіх аднагодкаў, умеюць зарабляць, у большай ступені задаволены прафесійным выбарам і працай.
Асабліва трэба сказаць пра ролю ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Умовы гэтых устаноў дазваляюць ажыццяўляць прадпрымальніцкую дзейнасць на зусім іншым узроўні. Так, у Барысаўскім лесаагратэхнічным прафесійным каледжы былі адкрыты вучнёўская цырульня і швейнае атэлье, у Маладзечанскім каледжы — Цэнтр дадатковай адукацыі, у Вілейскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы — цырульня, СТА і кафэ.
Выдатнай ідэяй для рэалізацыі прадукцыі, вырабленай рукамі навучэнцаў Міншчыны, стала інтэрнэт-пляцоўка, на якой прадстаўлена прадукцыя ўстаноў адукацыі Мінскай вобласці. І калі першапачаткова на ёй выстаўлялася прадукцыя ўстаноў ПТА, то цяпер асартымент віртуальнага каталога дапоўнены прадукцыяй школьных бізнес-кампаній.
Свой вопыт па развіцці прадпрымальніцтва мы ўжо прапанавалі калегам з іншых рэгіёнаў, правёўшы рэспубліканскі семінар. Упершыню ў Інструктыўна-метадычным пісьме Міністэрства адукацыі па арганізацыі ідэалагічнай і выхаваўчай работы наш вопыт быў рэкамендаваны для распаўсюджання. Мы лічым вельмі важнай задачай навучыць дзяцей жыць ва ўмовах рыначнай эканомікі, умець адкрыць сваю справу, правільна з эканамічнага пункта гледжання будаваць уласнае жыццё. А гэта можна ажыццявіць, калі навучэнцы атрымаюць эканамічныя веды ў працэсе практычнай дзейнасці і прымяняць іх у канкрэтнай справе.

— Падзяліцеся, калі ласка, вопытам супрацоўніцтва ўстаноў адукацыі з сям’ёй. Вашы маштабныя абласныя бацькоўскія сходы ўжо сталі традыцыйнымі. Чаму ў вас можна павучыцца калегам з іншых рэгіёнаў?
— Ва ўстановах адукацыі Мінскай вобласці ўзаемадзеянне з сям’ёй — гэта сістэма, у аснове якой — вывучэнне магчымасцей і рэсурсаў кожнай сям’і, кожнай установы, жадання бацькоў уключыцца ў жыццё навучальнай установы. Праведзена ўжо шэсць абласных бацькоўскіх сходаў, удзельнікамі якіх сталі больш за 12 тысяч бацькоў, педагогаў, прадстаўнікоў дзяржаўных і грамадскіх структур. З году ў год удасканальваюцца формы іх правядзення: адкрыты дыялог, майстэрні сямейных узаемаадносін, майстар-класы, бацькоўскія гасцёўні.
Што яны даюць? Ужо пасля першага бацькоўскага сходу ў нас з’явіўся Каардынацыйны савет па рабоце з сям’ёй. Мы атрымліваем інфармацыю з месцаў аб праблемах, думаем, як ускалыхнуць грамадскасць, як дайсці да бацькоў. Пасля пятага сходу мы ўбачылі, што недаацэньваем важны напрамак — ролю бацькі ў сям’і. На шостым бацькоўскім сходзе ў Маладзечне мы ўбачылі, што ў зале былі адны таты.
Ва ўстановах адукацыі вобласці створаны 232 клубы сямейнага выхавання. Прыкладам можа служыць клуб прыёмных сем’яў “Цяпло сэрцаў” (Барысаўскі раён), “Бацькоўскі дом” (Любанскі раён), “Пад бацькоўскім крылом” (Вілейскі раён), “Буслянка” (Стаўбцоўскі раён). Максімальна аб’ядноўваючы намаганні школы, сям’і і грамадскасці, мы спрыяем выхаванню адукаванага, здаровага, працавітага, адказнага пакалення моладзі, будучыні нашай краіны.

Гутарыла Наталля КАСТЭНКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.