Аптымальны варыянт

- 9:59Абмяркоўваем змяненні Кодэкса аб адукацыі, Актуально

Надзея Уладзіміраўна ЗДРОК, начальнік аддзела па адукацыі Ганцавіцкага райвыканкама:

–Прыняцце новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі — важны крок на шляху ўдасканалення пэўных норм з улікам сучасных рэалій. Абноўлены кодэкс устанаўлівае непарушныя (якасць адукацыі, сацыяльныя гарантыі) і новыя (інклюзія, абавязковая агульная сярэдняя адукацыя) прынцыпы.  

Апошняе новаўвя­дзенне надзвычай важнае: сфарміраваць асобу з устойлівым светапоглядам магчыма толькі пры атрыманні агульнай сярэдняй адукацыі, бо ў школах пра­во­дзі­ц-­
ца змястоўная работа, накіраваная на развіццё такіх якасцей, як патрыятызм, дабрыня, спагадлівасць, узаемадапамога і інш. 

Актуальнымі сталі змяненні, якія тычацца ўмоў паступлення ў 10 клас гімназій. Так, пры пераходзе вучняў у гэты клас для іх уводзіцца конкурс, па выніках якога залічваюцца дзеці з сярэднім балам не ніжэйшым за 7 і з адпаведнымі ацэнкамі па прадметах, што вывучаюцца на павышаным узроўні. Такім чынам, профільныя класы будуць складацца з вучняў, якія маюць трывалыя веды ў межах выбранага профілю. Акрамя таго, такая арганізацыя залічэння стане дадатковай матывацыяй для васьмікласнікаў і дзевяцікласнікаў. 

Змяненні закранулі і арганізацыю адукацыйнага працэсу ў шосты школьны дзень. Так, вучні 5—8 класаў змогуць наведваць факультатыўныя заняткі па суботах, што дазволіць знізіць нагрузку на дзяцей на працягу вучэбнага тыдня.

З новаўвядзенняў хацелася б адзначыць павелічэнне працягласці навучальнага года, які цяпер заканчваецца 31 жніўня. Гэта цалкам лагічна, бо на летніх канікулах на базе ўстаноў адукацыі право­дзяцца выхаваўчыя мерапрыемствы, дзейніча­юць школьныя лагеры, арганізавана другасная занятасць.

Карэнным чынам мяняецца прынцып правядзення экзаменаў у 11 кла­се. Гэтыя змяненні закрануць выпускнікоў наступнага года, якія будуць здаваць толькі 2 абавязковыя экзамены: па матэматыцы і рускай ці беларускай мове. Экзамены пройдуць у форме цэнтралізаванага экзамену, сертыфікаты якога будуць прыраўноўвацца да сертыфікатаў цэнтралізаванага тэсціравання. Цэнтралізаваны экзамен вырашыць не толькі пытанне аб’ектыўнасці адзнак (зда­ваць яго вучні будуць не ў школах, а ў спецыяльна вызначаных пунктах без сваіх настаўнікаў), але і пытанне нагрузкі на выпускнікоў, якім даво­дзілася рыхтавацца адначасова да выпускных экзаменаў і ЦТ. Усё гэта дазволіць старшакласнікам больш дасканала падрыхтавацца па профільных прадметах, што патрабуюцца для паступлення ва УВА.  

Уводзіцца новы від ­дадатковай адукацыі — дадатковая адукацыя адораных дзяцей і моладзі, накіраваная на выяўленне і развіццё ў вучняў здольнасцей да навукова-даследчай і вынаходніцкай дзейнасці. Установай дадатковай адукацыі адораных дзяцей і моладзі вызначаны дзіцячы тэхнапарк. 

Уведзены 10-гадовы тэрмін атрымання адукацыі асобамі, якія асвойваюць праграмы спецыяльнай адукацыі ў другім аддзяленні спецыяльнай школы, спецыяльнай школы-інтэрната для вучняў з інтэлектуальнай недастатковасцю і ЦКРНіР. 10-гадовы тэрмін навучання ў ЦКРНіР дазволіць перайсці вучням у тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва адразу пасля атрымання адукацыі ў ЦКРНіР.  

У сельскіх установах адукацыі спецыяльны клас цяпер можа адкрывацца пры наяўнасці аднаго вучня з АПФР, калі нельга арганізаваць адукацыйны працэс у класе інтэграванага навучання і выхавання. Гэта рэалізоўвае права асаблівых дзяцей на атрыманне адпаведнай адукацыі.

Лічу, што абноўлены кодэкс складзены аптымальна і адпавядае запытам часу.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.