Аптымізацыя, нармаванне сродкаў, галіновыя выплаты

- 11:59Сацыяльны ракурс

Сістэма аплаты працы педагогаў патрабуе змен. Гэта бадай што галоўная выснова, якую можна зрабіць, аналізуючы вынікі абмеркавання тэмы сацыяльна-эканамічнага становішча работнікаў сістэмы адукацыі на сумесным пасяджэнні галіновага прафсаюза, міністэрства і профільнай камісіі па адукацыі Палаты прадстаўнікоў. Прычым гаворка ідзе не столькі аб аднаразовых колькасных зменах, колькі аб якасных.

Павысіць заработную плату да… мінімальнай заработнай платы?

Сумеснае пасяджэнне прэзідыума Цэнтральнага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі, пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па адукацыі, культуры і навуцы і запрошаных супрацоўнікаў Міністэрства адукацыі адбылося напярэдадні важнай падзеі — VІII З’езда галіновага прафсаюза, правядзенне якога запланавана на 3 красавіка бягучага года. Агульная тэма, заяўленая да абмеркавання, — аналіз выканання асноўных напрамкаў дзейнасці галіновага прафсаюза за апошнія пяць гадоў і абмеркаванне праекта праграмы асноўных напрамкаў дзеянняў прафсаюза да 2020 года.
Аднак, па сутнасці, асноўным пытаннем пасяджэння стала сацыяльна-эканамічнае становішча работнікаў галіны. Тое, што ў гэтай сферы сёння патрабуюцца змены, відавочна. Вось некалькі фактаў.
У апошні час галіна апынулася ў няпростай сітуацыі. Даволі складанымі як для эканомікі краіны ў цэлым, так і для бюджэтнай сферы сталі 2011—2012 гады. Са жніўня 2012 года сістэма адукацыі па ўзроўні налічанай сярэднямесячнай заработнай платы сярод іншых галін перамясцілася на перадапошнюю пазіцыю, на якой яна знаходзіцца па цяперашні час. Нягледзячы на ўсе прынятыя сацыяльнымі партнёрамі меры — а за мінулыя гады быў прыняты шэраг дакументаў па павышэнні заробку розных катэгорый педагагічных работнікаў, узровень заработнай платы работнікаў сістэмы адукацыі застаецца недастатковым.
— Прынятыя за апошнія пяць гадоў нарматыўныя акты па павышэнні заробку супрацоўнікам сістэмы адукацыі крыху палепшылі сацыяльна-эканамічнае становішча гэтай катэгорыі. Аднак у апошні час назіраецца зніжэнне тэмпаў росту як намінальнай, так і рэальнай заработнай платы работнікаў галіны. Рэальны рост заработнай платы пачынаючы з 2011 года не пакрывае рост коштаў на тавары і паслугі. Асабліва засталіся не кампенсаванымі страты 2011 года, — адзначыла загадчык аддзела сацыяльна-эканамічнай работы Цэнтральнага камітэта галіновага прафсаюза Валянціна Рыгораўна Герасімовіч.
У адносінах да нізкааплатных катэгорый рабочых і спецыялістаў склалася зусім парадаксальная сітуацыя. З 1 студзеня бягучага года быў павялічаны памер мінімальнай заработнай платы — да 2 млн 100 тысяч 100 рублёў. У выніку ў шэрагу катэгорый работнікаў, якія тарыфікуюцца з 1 па 11 разрад, налічаная заработная плата ў цяперашні час ніжэйшая за памер мінімальнай заработнай платы. Нават пры максімальна магчымым павелічэнні тарыфных ставак (акладаў) за стаж работы і выплаце прэміі заработная плата такіх работнікаў ніжэйшая за ўзровень мінімальнай.
— У выніку работнікі, якія тарыфікуюцца па адным разрадзе і маюць аднолькавы стаж работы, але розныя прэміі ў адпаведнасці з іх асабістым укладам у дзейнасць установы, атрымліваюць аднолькавую заработную плату — у памеры мінімальнай. Гэта ніяк не спрыяе павышэнню эфектыўнасці іх работы. Такая сітуацыя ў бюджэтнай сферы назіраецца ўжо з 2012 года.
Прычым такія выпадкі далёка не адзінкавыя.
— У некаторых раёнах да 30% спісачнага складу работнікаў галіны атрымліваюць даплату да мінімальнай заработнай платы, — прывёў даныя Мікалай Мікалаевіч Башко, старшыня Мінскай абласной арганізацыі галіновага прафсаюза. — Вось канкрэтны прыклад: за сакавік аднаму работніку (які мае максімальна магчымыя даплаты) неабходна даплаціць да мінімальнай заработнай платы 381 100 рублёў. Прычым гэтыя грошы не ўлічваюцца пры фарміраванні каштарысаў расходаў бюджэтаў аддзела адукацыі, спорту і турызму. Павышаць заработную плату за вынікі работы па Дэкрэце № 29 такім работнікам, даваць прэміі няма сэнсу — работнік усё роўна атрымлівае мінімальную заработную плату.
Па меркаванні спецыялістаў галіновага прафсаюза, прычына такога становішча — у існуючай сістэме аплаты працы работнікаў бюджэтнай сферы.
— Прычынай невысокай аплаты працы работнікаў адукацыі, як і іншых работнікаў бюджэтнай сферы, з’яўляецца нізкі памер іх тарыфных ставак (акладаў), якія вызначаюцца шляхам паслядоўнага памнажэння тарыфнай стаўкі першага разраду на адпаведныя тарыфныя каэфіцыенты Адзінай тарыфнай сеткі работнікаў бюджэтных арганізацый Рэспублікі Беларусь, карэкціруючыя каэфіцыенты, — адзначыла Валянціна Рыгораўна Герасімовіч. — Тарыфная стаўка першага разраду за апошнія пяць гадоў пераглядалася 13 разоў і павялічылася ў 3,6 разу. У абсалютным выражэнні — з 81 тысячы рублёў па стане на 1 студзеня 2010 года да 292 тысяч рублёў у цяперашні час. Аднак у апошнія два гады назіраецца рэзкае зніжэнне тэмпаў росту памеру тарыфнай стаўкі першага разраду на фоне апераджальнага росту коштаў на тавары і паслугі. Вырашыць гэтую сітуацыю магчыма праз змяненне сістэмы аплаты працы. Для рэалізацыі права ўсіх работнікаў на аплату працы не ніжэй за ўзровень мінімальнай заработнай платы памер тарыфнай стаўкі першага разраду павінен павялічыцца не менш чым у два разы. Неабходна таксама перагледзець суадносіны карэкціруючых і міжразрадных каэфіцыентаў.
Зразумела, гэта пытанне не аднаго дня. Але нам усім неабходна працаваць на перспектыву.

Сродкі адукацыі — на адукацыю

Іншае пытанне, дзе браць сродкі на згаданыя мэты? Апошнім часам пры абмеркаванні пытання павышэння заробку педагогам асноўнай крыніцай магчымага паляпшэння сітуацыі называлася аптымізацыя. Аднак да нядаўняга часу рэгіянальныя сістэмы адукацыі не маглі ў поўным аб’ёме разлічваць на сродкі, вызваленыя ў працэсе аптымізацыі, для павышэння заробку работнікам галіны. Зараз сітуацыя павінна змяніцца да лепшага.
— У бюджэце на 2014 год упершыню былі замацаваны дзве пазіцыі. Па-першае, тыя грошы, што выдзяляюцца на сістэму адукацыі, павінны быць захаваны ў галіне. Практыка паказвае, што на месцах дапускаліся адваротныя сітуацыі. Па-другое, уся эканомія, якая складваецца ў сістэме адукацыі, павінна ісці на павышэнне заработнай платы педагогаў, — падкрэсліў Аляксандр Іванавіч Сягоднік, старшыня профільнай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. — Гэтыя палажэнні замацаваны ў артыкуле 26 закона аб бюджэце.
Да гэтага варта дадаць наступнае. У лютым 2014 года Саветам Міністраў была выдадзена пастанова № 110, згодна з якой кожны рэгіён абавязаны быў распрацаваць свой парадак выкарыстання сродкаў, атрыманых ад аптымізацыі, на павышэнне заробку педагогаў. Агульныя рэкамендацыі для гэтага былі распрацаваны Міністэрствам адукацыі. Аднак на месцах гэты дакумент практычна не працаваў. Сёння праект гэтага дакумента ў новай рэдакцыі ўжо знаходзіцца на ўзгадненні ў галіновым ведамстве. Мяркуецца, што ў хуткім часе згаданая схема будзе спрошчана.

Больш свабоды кіраўнікам у распараджэнні сродкамі

Разам з тым, як слушна было заўважана на пасяджэнні, аптымізацыя — працэс не бясконцы. Больш за тое, у многіх рэгіёнах гэты рэсурс ужо практычна вычарпаны. Наўрад ці прыходзіцца сёння разлічваць і на значнае павелічэнне працэнта фінансавання галіны ў адносінах да валавога ўнутранага прадукту.
— Удзельная вага фінансавання сістэмы адукацыі ад валавога ўнутранага прадукту ў 2014 годзе склала 4,7%. Сёлета гэты паказчык павялічыўся.
На бягучы год запланавана накіраваць на адукацыю 5,1% ад валавога ўнутранага прадукту, — прывёў даныя намеснік міністра адукацыя Сяргей Валянцінавіч Руды. — Гэта бюджэтныя сродкі. Акрамя таго, у галіне спланаваны і, як правіла, выконваюцца паказчыкі па пазабюджэтнай дзейнасці — яшчэ 0,47% ад ВУП. У выніку галіна павінна атрымаць 5,7% ад ВУП. Гэта добры еўрапейскі ўзровень фінансавання адукацыі.
Прычым у гэтай агульнай суме 71% (!) ідзе на заработную плату, з налічэннямі на заработную плату гэты паказчык дасягае 80,5%, харчаванне навучэнцаў — яшчэ плюс 16%. А яшчэ ж ёсць і шэраг іншых артыкулаў: рамонты і іншае. Іншымі словамі, рэзерваў для павышэння заробку ў вызначанай суме практычна не застаецца.
Таму на дзень сённяшні бачыцца два шляхі паляпшэння сітуацыі: з аднаго боку, жорстка замацаваць тыя сродкі, якія павінны выдзяляцца і на ўстанову, і на раён, і на вобласць, а з другога, даць як мага больш правоў кіраўнікам у кіраванні гэтымі сродкамі.
— Адзін з першых шляхоў вырашэння, і мы просім падтрымкі ў гэтым у прафсаюзаў на месцах, — нармаваць грошы ў адукацыі. Гэта і эксперымент па нарматыўным фінансаванні, і норма ў Законе аб бюджэце — фіксацыя сродкаў на адукацыю па абласцях, — патлумачыў С.В.Руды. — Эксперымент па нарматыўным фінансаванні дае большую самастойнасць кіраўніку ўстановы і магчымасць гарантавана атрымаць грошы з бюджэту, які фінансуе ўстанову. Але мы не можам прымусіць вобласці ўключаць вялікую колькасць устаноў у эксперымент. Як правіла, яны абыходзяцца мінімумам, бо гэта дадатковыя сродкі з мясцовых органаў. Неабходна падтрымка, у тым ліку прафсаюзных органаў, для пашырэння эксперымента.
Зрэшты, неабходнасць такіх крокаў падтрымліваюць і ў галіновым прафсаюзе. На цяперашні момант у эксперыменце па апрабацыі новай сістэмы аплаты працы ўдзельнічаюць 17 устаноў адукацыі. Згодна з маніторынгам, праведзеным прафсаюзнымі органамі, у мінулым годзе заработная плата ў гэтых установах павялічылася ў сярэднім на 25%. Таму прафсаюз будзе выступаць за пашырэнне гэтага эксперымента і за тое, каб рэгіёны знаходзілі магчымасці для яго рэалізацыі.

Алена МАРКЕВІЧ.