Арфаграфічныя навыкі ў вучняў пачатковых класаў фарміруюцца на кожным этапе ўрока: падчас правядзення хвілінак чыстапісання, тлумачэння новага матэрыялу, праверкі першаснага ўспрымання зместу правіла і замацавання. Разам з тым арганізацыя вучэбнай дзейнасці на ўроку беларускай мовы (асабліва ў школах з рускай мовай навучання) павінна садзейнічаць не толькі выпрацоўцы арфаграфічных навыкаў, але і актывізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў, станоўчай матывацыі вывучэння беларускай мовы, павышэнню цікавасці да прадмета.
Аналіз заданняў да практыкаванняў пацвярджае іх даволі высокі метадычны ўзровень, арыентаваны на фарміраванне арфаграфічнай пільнасці. Аднак настаўнік павінен улічваць узроставыя асаблівасці вучняў пачатковых класаў і ўключаць у змест урокаў розныя гульнявыя дзеянні, прыёмы слыхавой і зрокавай нагляднасці, займальныя пытанні, моманты неспадзяванасці, якія не толькі актывізуюць пазнавальную дзейнасць, але і дапамагаюць больш эфектыўна арганізаваць работу па пераадоленні недахопаў у фарміраванні арфаграфічных навыкаў.У даследаваннях па арфаграфіі разглядаюцца розныя падыходы да фарміравання арфаграфічнай пільнасці школьнікаў, сярод якіх асаблівае месца займае выкарыстанне творчых работ у развіцці пісьменнасці вучняў. Значнасць рэалізацыі гэтага падыходу адлюстравана ў работах Н.М.Алгазінай, А.П.Астафуравай, Д.М.Богаяўленскага і інш.
Аналіз вынікаў анкетавання паказвае, што настаўнікі беларускай мовы эпізадычна выкарыстоўваюць творчыя работы для фарміравання арфаграфічнай пільнасці, у асноўным абапіраюцца на рэкамендацыі традыцыйнай методыкі. Таму неабходна больш падрабязна спыніцца на дадатковых магчымасцях выкарыстання творчых работ у працэсе фарміравання арфаграфічнай пільнасці вучняў, сярод якіх можна вылучыць творчыя работы, заснаваныя на прымяненні мнематэхнікі. Пра значэнне і асаблівасці прымянення мнематэхнікі ў вывучэнні арфаграфіі гаворыцца ў работах Л.А.Аксёнавай, Л.М.Новікавай і інш.
Мнематэхніка (мнемоніка) тлумачыцца ў псіхалогіі як сукупнасць прыёмаў і спосабаў, якія аблягчаюць запамінанне і павялічваюць аб’ём памяці шляхам утварэння асацыятыўных сувязей. Падчас эксперыментальнага даследавання, праведзенага ў пачатковых класах сярэдняй школы № 2 Ляхавіч, выкарыстоўваліся розныя віды творчых работ: складанне рыфмаваных правіл і рыфмаванак, напісанне лінгвістычных казак і іх драматызацыя, складанне тэкстаў рэкламы тэлевізійных перадач з выкарыстаннем арфаграфічных правіл і іх інсцэніраванне, разгадванне рэбусаў і крыжаванак, напісанне лістоў сябрам на матэрыяле слоў, у якіх вучні дапускаюць арфаграфічныя памылкі.
Для дасягнення мэты эксперымента патрабавалася вырашыць шэраг задач: вызначыць, як уплываюць творчыя работы на аснове мнематэхнікі на фарміраванне арфаграфічнай пільнасці; распрацаваць комплекс розных відаў творчых работ на аснове мнематэхнікі; выявіць, наколькі эфектыўным з’яўляецца ўвядзенне элементаў творчых работ на аснове мнематэхнікі ў практыку навучання арфаграфіі з мэтай фарміравання арфаграфічнай пільнасці. Пры планаванні эксперымента меркавалася, што выкарыстанне творчых работ па арфаграфіі не толькі станоўча паўплывае на засваенне арфаграфічных правіл, але і на адносіны школьнікаў да ўрокаў беларускай мовы.
Зыходным матэрыялам для работы сталі арфаграмы, напісанне якіх грунтуецца на фанетычным прынцыпе арфаграфіі: “Правапіс падоўжаных зычных”, “Правапіс галосных о, э, а”, “Ужыванне ў”, “Правапіс прыставак на з (с)” і “Правапіс прыстаўных галосных і зычных”. Азнаямленне з канкрэтным відам работы складалася з некалькіх этапаў: матывацыйнага (пастаноўка вучэбных мэт і задач), змястоўнага (актуалізацыя вядомых і паведамленне новых ведаў аб прапанаванай форме работы), аперацыйнага (аналіз прапанаванага ўзору і суаднясенне яго са зместам правіла; аналіз прыкладаў, прапанаваных у змесце правіла; выдзяленне апорных слоў; абмеркаванне варыянтаў прэзентацыі апорных слоў правіла ў выглядзе моўных вобразаў) і кантрольнага (прэзентацыя і аналіз работ школьнікаў).
Асаблівасць дыдактычных практыкаванняў заключалася ў тым, што вучням на розных этапах урокаў прапаноўвалася скласці рыфмаванае правіла, напісаць лінгвістычную казку з апорай на вывучаны тэарэтычны матэрыял, скласці тэкст рэкламы тэлевізійных перадач і інш. Падчас праверкі першаснага ўспрымання зместу правіла вучням прапаноўваліся гатовыя займальныя практыкаванні творчага характару (рэбус, крыжаванка і інш.).
Аналіз вынікаў эксперымента, які завяршыўся кантрольнай дыктоўкай, паказаў, што колькасць арфаграфічных памылак у работах вучняў зменшылася амаль у два разы ў параўнанні з пачаткам даследавання. Гэта азначае, што творчыя работы на аснове мнематэхнікі з’яўляюцца адным з эфектыўных сродкаў рэалізацыі прынцыпу ўзаемасувязі тэорыі і практыкі. Сістэматычнае ўвядзенне ў курс беларускай мовы ў пачатковых класах творчых работ на аснове мнематэхнікі станоўча ўплывае на паспяховае засваенне ведаў і фарміраванне арфаграфічнай пільнасці, павышае ў вучняў цікавасць да ўрокаў роднай мовы.
Іна МАНЕВІЧ,
настаўніца пачатковых класаў;
Вольга ШКУТ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 2 Ляхавіч.