Арганізацыйна і тэхналагічна падрыхтаваны

- 11:44Суразмоўца

З 4 красавіка па 25 мая бягучага года ў навучальных установах краіны пройдзе тэсціраванне PISA — Міжнароднай праграмы па ацэнцы вучэбных дасягненняў навучэнцаў. Арганізацыйнае і тэхналагічнае суправаджэнне ўдзелу рэспублікі ў праграме забяспечвае Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў, які з’яўляецца Нацыянальным цэнтрам правядзення PISA. Пра адметнасці арганізацыі і правядзення параўнальнага даследавання расказвае начальнік вучэбна-метадычнага ўпраўлення РІКВ Аляксандр Паўлавіч ЯКАБЧУК.

— Аляксандр Паўлавіч, мяркую, што прадстаўнікі нашай сістэмы адукацыі ведаюць, што такое PISA, таму давайце спынімся на некаторых адметнасцях гэтага даследавання.

— У свеце існуе шмат міжнародных параўнальных даследаванняў. Сярод іх можна выдзеліць тры найбольш масавыя і аўтарытэтныя. Найперш, канечне, гэта PISA, затым TIMSS і PIRLS. PISA па колькасці краін-удзельніц з’яўляецца найбольш масавым даследаваннем вучэбных дасягненняў школьнікаў. У PISA-2018 возьмуць удзел навучэнцы з 82 краін — 15-гадовыя падлеткі, якія заканчваюць базавую школу. Такі ўзроставы цэнз выбраны невыпадкова. Фактычна ва ўсіх краінах свету менавіта ў гэтым узросце навучэнцы заканчваюць базавы этап адукацыі і вызначаюцца з далейшай траекторыяй свайго адукацыйнага або ўжо працоўнага развіцця.

Праводзіць тэсціраванне PISA Арганізацыя па эканамічным супрацоўніцтве і развіцці (АЭСР). Яе ядром з’яўляюцца ЗША, Вялікабрытанія, Канада, Аўстралія, краіны Заходняй Еўропы. Да міжнароднага параўнальнага даследавання можа далучыцца любая краіна. Мы і яшчэ 10 краін будзем навічкамі. Тэсціраванне PISA ідзе цыкламі па 3 гады. Папярэдняе даследаванне праводзілася ў 2015 годзе, наступны цыкл будзе ў 2021 годзе. І калі ў 2015 годзе ў ім прыняла ўдзел 71 краіна, то ў 2018 іх ужо 82.

Для нас важна ўпершыню ўзяць удзел у міжнародным параўнальным даследаванні, убачыць цікавыя тэставыя заданні, паглядзець, як беларускія школьнікі справяцца з імі, параўнаць вынікі нашых удзельнікаў з іх аднагодкамі з іншых краін. На аснове атрыманай інфармацыі вызначыць, якія кампетэнцыі і міждысцыплінарныя сувязі неабходна браць пад увагу пры падрыхтоўцы нашых навучэнцаў. Тэсціраванне PISA складаецца з пробнага этапу і асноўнага. Пробны ў нашай краіне праходзіў у красавіку 2017 года і праводзіўся на базе 66 устаноў адукацыі. Канечне, мы не можам рабіць нейкіх прагнозаў на тое, што станем лідарамі. Але мы ўбачылі, што нашы школьнікі даволі ўпэўнена спраўляюцца з заданнямі PISA.

— Пробны этап — своеасаблівая рэпетыцыя. Раскажыце, калі ласка, як ён прайшоў у нас.

— Пробны этап тэсціравання PISA ва ўсіх установах адукацыі прайшоў у штатным рэжыме, без надзвычайных сітуацый. Навучэнцы і члены арганізацыйных камісій ва ўстановах адукацыі адказна паставіліся да ўдзелу, падрыхтоўкі і правядзення даследавання. Новая, нязвыклая форма тэсціравання і фармулёўка задач адыгралі станоўчую ролю. Навучэнцы праяўлялі цікавасць да тэста, многія з іх выказвалі жаданне прайсці тэсціраванне яшчэ раз. У пробным этапе прыняло ўдзел 59 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі (1 ліцэй, 11 гімназій, 47 сярэдніх школ), 4 сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы, 3 установы прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Удзельнікамі пробнага тэсціравання PISA сталі 3100 чалавек.

Тэставыя матэрыялы (54 варыянты) былі падрыхтаваны міжнароднымі падрадчыкамі. У Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў гэтыя матэрыялы былі перакладзены з англійскай і французскай моў (у адпаведнасці з патрабаваннямі тэхнічнага стандарту PISA), адаптаваны для вучняў нашай краіны. Акрамя таго, арганізатары тэсціравання правялі экспертызу ўнесеных адаптацый. Нароўні з кагнітыўнымі (тэставымі) матэрыяламі РІКВ правёў работу па перакладзе і адаптацыі анкет для ўдзельнікаў тэсціравання і для кіраўнікоў устаноў адукацыі, якія прымаюць удзел у тэсціраванні PISA. Тэставыя матэрыялы і анкеты былі падрыхтаваны на рускай і беларускай мовах.

Выбарка ўстаноў адукацыі — удзельнікаў пробнага этапу тэсціравання PISA, ажыццяўлялася арганізацыяй WESTAT (ЗША) на аснове прадстаўленай РІКВ інфармацыі. Пры выбары ўлічваўся тып установы адукацыі, месцазнаходжанне (горад, сяло), мова выкладання (руская, беларуская), колькасць 15-гадовых навучэнцаў. Дарэчы, па выніках заканчэння работ па перакладзе, адаптацыі і экспертызе кагнітыўных матэрыялаў і анкет ад міжнародных падрадчыкаў і сакратарыята АЭСР па пытаннях правядзення PISA ў адрас Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь прыйшоў падзячны ліст, які пацвярджае адпаведнасць праведзенай работы міжнародным стандартам.

Цяпер варыянты заданняў, якія ўжо не з’яўляюцца канфідэнцыяльнымі, выкладзены на сайтах НІА і АПА. Нашы школьнікі і настаўнікі могуць з імі пазнаёміцца. Фармулёўкі заданняў не сухія, больш інфармацыйныя, але вельмі жыццёвыя. Тых ведаў, якія нашы школьнікі атрымліваюць у працэсе навучання, дастаткова, каб разабрацца з прапанаванымі ў PISA заданнямі. Важная пільнасць пры прачытанні задання і нацэленасць на добры вынік.

— Я пазнаёмілася з некаторымі заданнямі. Цікавыя, але нязвыклыя для масавага беларускага школьніка. Акрамя таго, заданні тэста маюць сваю структуру, пра якую лепш ведаць загадзя.

— У тэсціраванні PISA тры асноўныя блокі: заданні на чытацкую граматнасць, матэматычную і прыродазнаўчанавуковую. Кожны цыкл PISA адбываецца ратацыя: у цыкле 2018 года найперш будзе правярацца чытацкая граматнасць, а ў 2021 годзе ўпор будзе зроблены на матэматычную граматнасць. Гэта азначае, што большая частка тэстаў будзе складацца з заданняў менавіта па гэтым раздзеле. Для амаль 40% нашых навучэнцаў падчас тэсціравання 2018 года прыкладна палова заданняў будзе на праверку чытацкай граматнасці, а другая палова — на матэматычную. Для наступных 40% палова тэставых заданняў будзе на чытацкую граматнасць, а другая палова — на прыродазнаўчанавуковую. 20%, што засталіся, атрымаюць тэст з паловай заданняў на чытацкую граматнасць, чацвярцінай на матэматычную граматнасць і чацвярцінай на прыродазнаўчанавуковую.

Паколькі РІКВ з’яўляецца Нацыянальным цэнтрам правядзення PISA-2018, то мы забяспечваем тэхніка-тэхналагічную функцыю, перакладаем і злёгку адаптуем заданні PISA. Распрацоўка тэстаў праводзіцца вядомымі міжнароднымі арганізацыямі ў галіне тэсціравання. Сакратарыятам АЭСР кожныя тры гады праводзіцца тэндар на распрацоўку заданняў PISA. Тэсты для PISA-2018 распрацоўвалі англійская арганізацыя і амерыканская служба тэсціравання і адукацыі ЗША (ЕТS), якая, напрыклад, распрацоўвае тэставыя заданні для паступлення ў каледжы Амерыкі.

Згодна з тэхнічным стандартам PISA, эталонныя варыянты заданняў перакладаюцца з англійскай і французскай моў на асноўныя мовы навучання ў краіне. У нас тэсціраванне PISA будзе праходзіць на дзвюх мовах — рускай і беларускай. Некаторая адаптацыя, якую мы зрабілі, неабходна для таго, каб усе ўдзельнікі PISA былі ў аднолькавых умовах і дзеля аб’ектыўных вынікаў атрымалі аднолькавы тэст. Адаптацыя датычылася, напрыклад, змен у імёнах, пераводзе міль у кіламетры. Прапанаваныя заданні мы рабілі зразумелымі для нашых вучняў.

Сам тэст доўжыцца 2 гадзіны. І дзеліцца на тры асноўныя часткі: першая гадзіна кагнітыўная (выкананне тэста), затым невялікі перапынак, і гадзіна на выкананне другой кагнітыўнай часткі. Пасля яшчэ 35 мінут даецца на запаўненне анкеты ўдзельніка тэсціравання. Тэст PISA дастаткова аб’ёмны. У ім шмат тэкстаў, якія трэба ўважліва прачытаць, адказаць на пытанні. У агульным колькасць пытанняў можа быць каля 70 у нашым разуменні. Пытанні ідуць групамі, з прывязкай да пэўнага тэксту.

— Ці магчыма спецыяльна падрыхтавацца да тэстаў PISA?

— Тыя матэрыялы, якія рассакрэчаны і знаходзяцца ў свабодным доступе, павінны выкарыстоўвацца не як вучэбныя, а як азнаямляльныя. На PISA нельга натрэніраваць і пытанне такім чынам ставіць нельга. Нешта падобнае можна пачуць і пра падрыхтоўку да ЦТ. Але такі падыход глыбокапамылковы. Чалавек, які прыходзіць на тэсціраванне (цэнтралізаванае, PISA), найперш павінен валодаць багажом ведаў, які ён атрымаў на працягу навучання ў агульнай установе адукацыі. Калі мы гаворым пра PISA, то гэта веды па рускай, беларускай мовах, матэматыцы, хіміі, біялогіі, фізіцы. Калі вучэбная праграма па гэтых вучэбных прадметах засвоена, то тэст PISA выканаецца без асаблівых цяжкасцей.

Даступныя для азнаямлення заданні PISA дапамогуць зняць эмацыянальнае напружанне (эфект нечаканасці), бо вучні будуць ведаць іх будову. Дарэчы, калі вы звернецеся да гэтых заданняў на сайце АЭСР, то зможаце пазнаёміцца з імі ў тым камп’ютарным фармаце (паслядоўнасць размяшчэння), які будзе перад вачыма ў будучага ўдзельніка PISA. Сітуацыю можна прайграць, што мы і рэкамендуем. Пра гэта будзе весціся гаворка і на спецыяльным семінары для прадстаўнікоў навучальных устаноў, дзе будзе праходзіць тэсціраванне PISA. Мы прадаставім усю патрэбную інфармацыю. Адпаведныя семінары з нашым удзелам ужо былі праведзены на базе АПА для метадыстаў абласных інстытутаў развіцця адукацыі.

— Аляксандр Паўлавіч, заданні выконваюцца за камп’ютарамі?

— Раней тэсты PISA былі на папяровых носьбітах (раздрукоўваліся буклеты), але пачынаючы з 2018 года тэсты PISA школьнікі будуць выконваць за камп’ютарамі. Гэта прывяло да яшчэ аднаго новаўвядзення — будзе прыменены адаптыўны алгарытм тэсціравання (калі ўдзельнік папярэднія заданні выканаў паспяхова, то далей праграмнае забеспячэнне аўтаматычна прапануе яму больш складанае пытанне, а калі ён адказваў кепска, то будуць прапанаваны больш простыя пытанні).

Улічваючы камп’ютарызацыю PISA, цяпер мы праводзім адпаведную арганізацыйную работу. У першую чаргу ствараюцца арганізацыйныя камісіі ў тых навучальных установах, якія будуць адказнымі за правядзенне тэсціравання. У РІКВ рыхтуюцца нацыянальныя адміністратары (60 чалавек), якія будуць праводзіць тэсціраванне PISA на месцах. Яны прыйдуць у школы са спецыяльным праграмным забеспячэннем і матэрыяламі. Напярэдадні прадстаўнікі школ прыедуць да нас на вучэбны семінар.

Усе прадстаўнікі нацыянальных цэнтраў, якія працуюць з тэставымі матэрыяламі, на міжнародным узроўні падпісалі дамову аб канфідэнцыяльнасці. Па такім жа прынцыпе будзе наладжаны работа арганізацыйных камісій на месцах, праведзены інструктаж аб неабходнасці забеспячэння канфідэнцыяльнага рэжыму. Пэўныя абавязацельсты будуць замацаваны адпаведнымі дакументамі.

Уся інфармацыя, якая трапляе ў школу, знаходзіцца ў зашыфраваным выглядзе. Для кожнага ўдзельніка будуць раздрукаваны індывідуальныя лагін і пароль для ўваходу ў сістэму. Схема правядзення такая, што наяўнасць падключэння камп’ютара да інтэрнэту не абавязковая ўмова. Мы рыхтуем кожны камп’ютар, бо тэсціраванне PISA не сеткавы варыянт. Гэта звязана з тым, што не ва ўсіх краінах ёсць доступ да інтэрнэту з неабходнай хуткасцю. Аднак наяўнасць лакальнай сеткі будзе садзейнічаць хуткасці перадачы і збору інфармацыі.

Праграмнае забеспячэнне патрабуе адпаведнага ўзроўню апаратнага забеспячэння. Прыдатным з’яўляецца любы сучасны камп’ютар. Тым не менш на кожным камп’ютары патрэбны будуць пэўныя настройкі (каб не было канфлікту паміж праграмамі). У школах ведаюць пра гэтыя патрабаванні. Да таго ж мы перадалі ў школы спецыяльную дыягнастычную праграму. Яе можна спампаваць з нашага сайта. За некаторы час да правядзення PISA ў школы прыедуць нашы тэст-адміністратары, якія вызначаць прыдатныя камп’ютары для правядзення PISA. На аснове атрыманай інфармацыі будзе распісана колькасць сесій па кожнай школе.

— А хто будзе мець права прысутнічаць у класе падчас выканання заданняў тэстаў PISA?

— Падчас выканання заданняў тэстаў PISA доступ у класы з удзельнікамі будзе абмежаваны. Тэхналагічныя і тэхнічныя асаблівасці тэсціравання забяспечвае тэст-адміністратар РІКВ. Наш тэст-адміністратар павінен агучыць усе інструкцыі ў класе слова ў слова, як прапісана ў сцэнарыі правядзення PISA. Тэст-адміністратары ва ўсіх краінах і ва ўсіх класах гавораць адно і тое ж. Усе ўдзельнікі павінны быць у роўных умовах.

За кожнай школай замацаваны 2 тэст-адміністратары (як правіла, у кожнай школе задзейнічаны 2 камп’ютарныя класы). У час правядзення тэсціравання ў класе можа знаходзіцца толькі член арганізацыйнай камісіі школы. Мы абавязкова прапісваем, каб у арганізацыйную камісію ўключалі чалавека, які будзе адказваць за тэхнічнае забеспячэнне камп’ютараў. Таксама могуць прысутнічаць адказныя асобы ад упраўлення адукацыі, якія на нацыянальным узроўні будуць кантраляваць арганізацыю правядзення тэсціравання PISA.

Акрамя таго, у час правядзення тэсціравання ў нашай краіне будзе прысутнічаць некалькі міжнародных кантралёраў якасці PISA. Яны наведаюць школы, правядуць невялікае апытанне кіраўнікоў школ. Кіраўнік установы адукацыі павінен запоўніць спецыяльную анкету, пытанні якой не сакрэтныя, таму ў школы яны трапяць загадзя. Запоўніць іх можна таксама загадзя.

— Што будзе адбывацца пасля выканання тэстаў?

— Пасля правядзення тэсціравання ўсю інфармацыю збяруць нашы тэст-адміністратары. Разам з пратаколамі яна будзе перададзена ў Рэспубліканскі інстытут канролю ведаў, дзе па завяршэнні PISA пачнецца апрацоўка матэрыялаў. Гэта таксама строга рэгламентаваны працэс. Пасля завяршэння апрацоўкі адбудзецца перадача дадзеных у службу тэсціравання і адукацыі ЗША (ЕТS), за якой замацавана гэтая частка работы. У адрозненне ад ЦТ вынікі PISA апрацоўваюцца значна даўжэй. Пра іх мы даведаемся толькі ў 2019 годзе. На працягласць апрацоўкі ўплывае і той факт, што PISA ў розных краінах праходзіць у розны час. У нас з 4 красавіка па 25 мая, а ў іншых краінах — у жніўні.

Па выніках тэсціравання рыхтуецца адзін з асноўных дакументаў — міжнародная справаздача, над якой працуюць у сакратарыяце АЭСР. Дарэчы, хто пільна сочыць за вынікамі PISA, то ведае, што апошні, 5-ы, том такой справаздачы па 2015 годзе выйшаў толькі ў 2017-м. Другім важным дакументам з’яўляецца свая, нацыянальная, справаздача, якая будзе рыхтавацца ў РІКВ. У кожнай краіны ёсць свае нацыянальныя адметнасці, якія можна абазначыць у гэтай справаздачы. Сваю мы апублікуем пасля з’яўлення міжнароднай. І як толькі заканчваецца адзін цыкл PISA, адразу пачынаецца падрыхтоўка да наступнага.

— Выбарка ўстаноў адукацыі і школьнікаў для правядзення асноўнага этапу PISA адбывалася гэтак жа, як і падчас пробнага этапу?

— Не зусім так. Выбарка ўстаноў адукацыі, якія прымуць удзел у асноўным этапе тэсціравання PISA, таксама ажыццяўляецца арганізацыяй WESTAT на аснове інфармацыі, прадстаўленай нашай краінай. Аднак адрозненні ёсць. Выбарка ўдзельнікаў асноўнага тэсціравання адбываецца ў два этапы. Спачатку выпадковым чынам вызначаюцца ўстановы адукацыі, якія прымуць удзел у тэсціраванні. На гэты момант вызначаны 236 такіх устаноў. На наступным кроку зноў выпадковым чынам вызначаюцца навучэнцы, якія прымуць удзел у тэсціраванні ў кожнай адабранай установе адукацыі.

— Аляксандр Паўлавіч, а калі хто з адабраных вучняў не прыйдзе на тэсціраванне PISA? Напрыклад, захварэе.

— У кожнай школе будуць інструкцыйныя матэрыялы і спісы адабраных удзельнікаў. Калі ў школе, напрыклад, 100 15-гадовых навучэнцаў, то ўдзельнічаць у тэсціраванні будуць 35 чалавек (адабраных спецыяльнай камп’ютарнай праграмай). А калі ў навучальнай установе да 30 або 35 навучэнцаў, то ўдзельнічаць будуць усе.

У PISA ёсць паняцце рэзервовага дня, але яно мае свае адметнасці. Калі, напрыклад, з адабраных 35 чалавек некалькі захварэлі, то іх адсутнасць можа не ўлічвацца. Па правілах, калі на тэсціраванні адсутнічае не больш за 12% удзельнікаў, то для іх дадатковае тэсціраванне можна не арганізоўваць. Тэсціраванне PISA будзе лічыцца адбыўшымся пры наяўнасці 88% удзельнікаў ад заяўленай колькасці. Калі адсутных будзе больш за 12%, то для іх будзе арганізавана тэсціраванне ў рэзервовы дзень.

З вопыту правядзення пробнага этапу, у нас толькі ў адной школе быў арганізаваны рэзервовы дзень. Гэта было ў Гомельскай вобласці, дзе ў той час частка дзяцей выязджала на аздараўленне.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.