Арганізацыйная культура школы ў метадычнай арганізаванасці

З сярэдняй школай № 19 імя Янкі Купалы Мінска знаёма даволі даўно. Школа славіцца традыцыямі матэматычнай адукацыі і вядомым настаўнікам матэматыкі настаўнікам-метадыстам Аляксандрам Маркавічам Фельдманам. Разам з тым метадычная работа ў навучальнай установе вядзецца ў розных напрамках (не толькі матэматычным), адметна, што будуецца яна на навуковай аснове. У канцы мінулага навучальнага года педагагічны калектыў 19-й школы ў межах гарадскога конкурсу “Лепшая ўстанова адукацыі — 2018” атрымаў трэцяе месца ў намінацыі “Лепшая сярэдняя школа” і ўзнагароджаны спецыяльным дыпломам “За эфектыўную арганізацыю і ажыццяўленне метадычнай работы, накіраванай на павышэнне прафесіяналізму педагагічных работнікаў як паказчыка якасці кадравага патэнцыялу ўстановы адукацыі”. Гэта ўнікальная і адзіная ў сваім родзе ўзнагарода, таму сёння ў суразмоўнікі мы запрасілі намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 19 Мінска кандыдата педагагічных навук Святлану Васільеўну Дзюбенка.

— Святлана Васільеўна, атрыманы дыплом сведчыць пра сур’ёзную метадычную работу вашай установы адукацыі, прычым не фармальную, а намінальную.

— Сапраўды так, асноўным працэсам у кожнай школе выступае адукацыйны, а арганізацыя метадычнай работы з’яўляецца надпрацэсам. Менавіта метадычная работа дазваляе больш якасна забяспечыць функцыянаванне і ўдасканаленне адукацыйнага працэсу.Пры стварэнні сістэмы метадычнай работы ў сваёй школе мы ўлічвалі традыцыі навучальнай установы, асаблівасці педагагічнага калектыву. У нас стабільны калектыў вельмі вопытных, дасведчаных настаўнікаў і выдатны кіраўнік — дырэктар школы Ала Віктараўна Жукоўская, якая разам з намі і наперадзе нас. Вельмі важна, калі кіраўнік прымае і падтрымлівае эфектыўныя ідэі сваіх настаўнікаў, натхняе і дапамагае іх рэалізоўваць. Наша Ала Віктараўна якраз з такіх — перадавых кіраўнікоў.

Трэба адзначыць высокі прафесійны ўзровень педагагічнага калектыву школы: у нашай школе працуюць чатыры педагогі, якія кіруюць раённымі метадычнымі аб’яднаннямі, гарадской творчай майстэрняй настаўнікаў. З 2017/2018 навучальнага года ў школе рэалізуецца рэспубліканскі інавацыйны праект па тэме “Укараненне мадэлі цьютарскага суправаджэння даследчай дзейнасці вучняў шляхам узаемадзеяння ўстаноў агульнай сярэдняй і вышэйшай адукацыі”.

Асаблівасцю метадычнай работы ў нашай установе адукацыі з’яўляецца выкарыстанне фасілітацыйных прынцыпаў у кіраванні развіццём арганізацыйнай культуры педагогаў. Напрыклад, прынцыпу спалучэння самаадукацыі і педагагічнай падтрымкі, прынцыпу свабоднага выбару індывідуальнага адукацыйнага маршруту прафесійнага росту. Паспяхова рэалізуецца прынцып першаснасці абагульнення настаўнікам уласнага педагагічнага вопыту, накіраваны на стварэнне ім уласнай дыдактычнай сістэмы.

Навуковымі тэарэтычнымі асновамі пабудовы нашай метадычнай сістэмы выступаюць ідэі сістэмнага, кампетэнтнаснага, андрагагічнага, асяроддзевага падыходаў, якія вызначаюць развіццё прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў. Для арганізацыі метадычнай работы ў школе эфектыўна выкарыстоўваем ідэі герменеўтычнага падыходу, якія дазваляюць праз работу з асобаснымі сэнсамі настаўнікаў лепш зразумець іх педагагічную пазіцыю і вопыт. У выніку зыходзячы з выяўленых запытаў настаўнікаў у школе арганізуюцца творчыя групавыя кансультацыі па абмеркаванні актуальных пытанняў тэорыі і практыкі забеспячэння якасці адукацыі.

Педсаветы і семінары праводзяцца з пагружэннем педагогаў у сэнсавае поле, з праяўленнем іх канцэптасферы. Выбар настаўнікамі-інаватарамі тэмы педагагічнага даследавання абумоўлены папярэднім усведамленнем уласнай дыдактычнай сістэмы і выяўленнем праблемы даследавання. Напрыклад, наш настаўнік гісторыі Аляксандр Анатольевіч Зайцаў, у якога заўсёды шмат зацікаўленых вучняў, якія хочуць напісаць даследчую работу, сфармуляваў тэму свайго педагагічнага даследавання так: “Спосабы і сродкі цьютарскага суправаджэння даследчай дзейнасці вялікай групы навучэнцаў”.

— Перад вамі стаіць даволі амбіцыйная мэта — павысіць узровень прафесіяналізму ўсіх сваіх педагогаў, нягледзячы на іх вопыт. Не сакрэт, што многіх настаўнікаў разварушыць няпроста.

— На самай справе гэта не так цяжка, калі ў школе існуе творчая каманда педагогаў і ініцыятыўны, мудры дырэктар. Менавіта дзякуючы Але Віктараўне, мы варушымся і рухаемся ў сваім развіцці наперад, паралельна развіваючы метадычную структуру школы. Структурнымі метадычнымі фарміраваннямі нашай школы з’яўляюцца 8 метадычных аб’яднанняў настаўнікаў-прадметнікаў, творчая група па інфарматызацыі, творчая група па рэалізацыі інавацыйнага праекта, часовыя творчыя групы, напрыклад, па падрыхтоўцы педагагічнага савета або да ўдзелу ў конкурсах.

З мінулага навучальнага года ў школе працуе пастаянны семінар па вывучэнні актуальных пытанняў тэорыі і практыкі адукацыі. Былі праведзены семінарскія заняткі па тэмах “Крытэрыі эфектыўнасці сучаснага ўрока”, “Тэхналогія развіцця крытычнага мыслення з дапамогай чытання і пісьма”, “Тэхналогія актыўнай ацэнкі” і інш. Змест метадычнай дзейнасці ўключае некалькі кірункаў. Гэта вывучэнне нарматыўнай і метадычнай дакументацыі па пытаннях адукацыі; абагульненне і распаўсюджванне перадавога педагагічнага вопыту; суправаджэнне інавацыйнай дзейнасці і інш.

— Акрэсліце, калі ласка, напрамкі вашай метадычнай дзейнасці.

— Шматгранна прадстаўлены такі кірунак, як вывучэнне актуальных пытанняў тэорыі і практыкі адукацыі, сучасных педагагічных тэхналогій, метадаў навучання. Тут можна вылучыць некалькі змястоўных тэматычных ліній. У нашай школе склалася сістэма матэматычнай адукацыі. Распрацаванае метадычнае і дыдактычныя забеспячэнне, вопыт і традыцыі профільнай матэматычнай падрыхтоўкі вучняў запатрабаваны настаўнікамі матэматыкі Мінска і краіны. Штогод на базе нашай школы для настаўнікаў матэматыкі сталіцы А.А.Фельдман праводзіць семінары і майстар-класы, вучэбныя заняткі для студэнтаў педагагічнага ўніверсітэта.

Другая тэматычная лінія — стварэнне ўмоў для інтэлектуальна-творчага развіцця вучняў. Лічу, што падрыхтоўка да алімпіяд павінна быць сістэмнай і сістэматычнай, грунтавацца на прынцыпе пераемнасці. Вопыт па падрыхтоўцы навучэнцаў да алімпіяд па фізіцы і астраноміі, гісторыі і грамадазнаўстве, рускай і англійскай моў, матэматыцы і хіміі ўяўляе узаемазвязаную дзейнасць, накіраваную на засваенне вучнямі метадаў рашэння алімпіядных задач, псіхалагічную арыентацыю на матывацыю дасягненняў, узаемадзеянне з установамі вышэйшай адукацыі.

Трэцяя тэматычная лінія звязана з рэалізацыяй інавацыйнага праекта па цьютарскім суправаджэнні даследчай дзейнасці вучняў, якое прадугледжвае аказанне навукова-педагагічнай падтрымкі ў розных формах: індывідуальных кансультацый выкладчыкаў УВА, анлайн-кансультацый, групавых заняткаў, сустрэч з навукоўцамі, экскурсій, наведванняў лабараторый. Школа ўзаемадзейнічае з БДУ, БДУІР, БДПУ, Інстытутам сучасных ведаў. Мы працуем над праблемай цьютарскага суправаджэння вучняў толькі год, але ўжо цяпер бачны вынікі. Напрыклад, за мінулы навучальны год праведзены тры школьныя канферэнцыі даследчых работ, у якіх у сукупнасці прынялі ўдзел 268 навучэнцаў 2—11 класаў. Па выніках гарадскога конкурсу работ даследчага характару вучні школы атрымалі тры дыпломы, а на рэспубліканскім узроўні вынікова выступілі вучні 11 класа па інфарматыцы і атрымалі дыплом II ступені (настаўнік Л.Г.Карневіч).

Змест метадычнай дзейнасці ўключае абагульненне і распаўсюджванне перадавога педагагічнага вопыту, суправаджэнне інавацыйнай дзейнасці педагогаў. Шматгранна прадстаўлены такі кірунак, як вывучэнне актуальных пытанняў тэорыі і практыкі адукацыі, сучасных педагагічных тэхналогій, метадаў навучання.

— А якія педагагічныя мадэлі і тэхналогіі самыя запатрабаваныя вашымі настаўнікамі?

— Галоўным звяном метадычнай работы ў школе з’яўляецца метадычнае аб’яднанне настаўнікаў-прадметнікаў, а галоўнай задачай — аказанне рэальнай, дзейснай педагагічнай дапамогі кожнаму настаўніку на аснове яго прафесійных запытаў. Вынікі дыягностыкі дазваляюць выявіць педагагічныя мадэлі і тэхналогіі, найбольш запатрабаваныя педагогамі, якія мы потым разглядаем на пасяджэннях МА, дзелімся вопытам пры правядзенні прадметных тыдняў, вывучаем на семінарах у школе і ў рамках сістэмы павышэння кваліфікацыі. Так, у мінулым навучальным годзе найбольш запатрабаванымі сярод настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры былі тэхналогія развіцця крытычнага мыслення вучняў з дапамогай чытання і пісьма, кейс-метад, тэхналогія актыўнай ацэнкі. Пачынаем вывучаць сутнасць і метады медыяадукацыі.

Настаўнікі пачатковых класаў актыўна выкарыстоўваюць у арганізацыі вучэбных заняткаў метад праектаў. У рабоце з малодшымі школьнікамі рэалізуем ідэю стварэння прадукцыйнага, творчага, дзейснага адукацыйнага асяроддзя, пабудаванага на станоўчым эмацыянальным фоне, сітуацыях поспеху і самарэалізацыі дзіцяці. Безумоўна, тут прадугледжана цеснае ўзаемадзеянне з бацькамі. Настаўнікамі пачатковай школы назапашаны педагагічны вопыт, распрацаваны метадычныя матэрыялы (распрацоўкі вучэбных заняткаў, пазакласных мерапрыемстваў), якія прадстаўлены ў метадычным кабінеце. Тэхналагічны блок метадычнай сістэмы аб’ядноўвае формы, метады, сродкі, якія выкарыстоўваюцца ў метадычнай рабоце з педагогамі школы. Формай правядзення пасяджэнняў метадычнага савета, пасяджэнняў творчых груп і метадычных аб’яднанняў часта выступаюць майстар-класы, праблемныя семінары, навукова-практычныя канферэнцыі, інтэрактыўныя лекцыі, дзелавыя гульні.

— Святлана Васільеўна, вы сказалі, што эфектыўнымі для прафесійнага развіцця педагогаў вашай школы з’яўляюцца метады фасілітацыйнай падтрымкі педагогаў. Чым вас прывабіла гэтая тэхналогія?

— Для таго каб арганізацыйная культура ўстановы адукацыі была стабільна накіравана на выніковасць і эфектыўнасць, неабходна развіваць актыўнае ўзаемадзеянне паміж кіраўніком і педагогамі (для прыняцця карпаратыўных каштоўнасцей, дасягнення адзінай мэты).

Мы лічым, што адным з рэсурсаў развіцця арганізацыйнай культуры можа стаць канцэпцыя фасілітацыі, якая прымяняецца ў кіраванні працэсам развіцця арганізацыйнай культуры школы. Фасілітацыя — гэта тэхналогія выкарыстання эфектыўных псіхалагічных, стратэгічных інструментаў і тэхнік, якія дапамагаюць чалавеку або калектыву знайсці лепшае рашэнне для дасягнення вынікаў пастаўленых мэт.

Плануючы выкарыстанне фасілітацыі ў групавым узаемадзеянні педагогаў, у школе вылучаны цэнтры творчых майстэрань, у якіх сустрэчы, пасяджэнні і кансультацыі праводзяцца з выкарыстаннем прынцыпаў, метадаў і тэхнік фасілітацыі, напрыклад, метады “дынамічная фасілітацыя”, “мазгавы штурм”, “саміт пазітыўных перамен”, “сусветнае кафэ”, “ментальныя карты”, тэхніка “галасаванне меткамі”. Перспектыўным уяўляецца выкарыстанне інструментаў фасілітацыі на бацькоўскіх сходах і для ўключэння законных прадстаўнікоў вучняў у жыццё школы для абмеркавання праблем, звязаных з інавацыйнымі зменамі.

І ў канцы хацелася б расставіць акцэнты ў выкарыстанні фасілітацыі. Фасілітацыя — гэта перш за ўсё філасофія ініцыятыўнасці, падтрымкі, сумеснай творчасці і павагі. Усе тэхнікі фасілітацыі патрабуюць абавязковай візуалізацыі, забеспячэння ўзаемадзеяння і прэзентацыі. Але ёсць цяжкасці і рызыкі — не заўсёды ў школе ёсць педагогі, якія маглі б выконваць ролю фасілітатара.

Мы ўсведамляем, што прымяненне фасілітацыйных прынцыпаў і метадаў у кіраванні змяшчае велізарны патэнцыял для развіцця арганізацыйнай культуры школы, якая ўяўляе сабой спецыфічную сістэму адносін, якой вучацца, якую ствараюць і выкарыстоўваюць педагогі. Высокі ўзровень арганізацыйнай культуры, да якога мы імкнёмся, характарызуецца дэлегаваннем задач і паўнамоцтваў педагогам, якія прымаюць на сябе адказнасць за іх выкананне. На сённяшні момант можна вылучыць групу настаўнікаў (Аляксандр Маркавіч Фельдман, Вольга Мікалаеўна Войнава, Зінаіда Іванаўна Мароз, Аляксандр Анатольевіч Зайцаў, Іна Міхайлаўна Шапкова, Людміла Георгіеўна Гутнік, Таццяна Леанідаўна Жыбуль, Ганна Віктараўна Сіліна, Іна Леанідаўна Керко, Ніна Мітрафанаўна Плясоўская), здольных выканаць прапанаваную ім задачу і несці адказваць за паспяховае яе рашэнне.

Гісторыя сярэдняй школы № 19 імя Янкі Купалы Мінска пачынаецца ад часу яе ўзнікнення ў 1919 годзе. З 1945 года школа носіць імя класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы. У 1980 годзе за вялікую творчую работу па прапагандзе гісторыі і культуры Беларусі, за паспяховае выхаванне дзяцей і моладзі на прыкладзе лепшых баявых і працоўных традыцый беларускага народа школьнаму музею было прысвоена званне “народны”. У 1974 годзе адбылася яшчэ адна важная падзея — школа атрымала статус “школа з паглыбленым вывучэннем матэматыкі”. Пуцёўку ў жыццё за 70 гадоў пасляваеннага часу атрымалі больш за 15 тысяч выпускнікоў.

У 2019 годзе ўстанова адукацыі адзначыць 100-годдзе.

У школе працуюць 82 педагогі. Педагагічны калектыў адрозніваецца высокім прафесіяналізмам і стабільнасцю. Сярод педагогаў — настаўнік-метадыст, заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь, выдатнік адукацыі А.М.Фельдман; кандыдат педагагічных навук С.В.Дзюбенка; уладальнік прэміі Мінгарвыканкама 2017 года Л.Г.Карневіч. Настаўнікі школы з’яўляюцца аўтарамі метадычных дапаможнікаў па матэматыцы, фізіцы, інфарматыцы, педагогіцы, шматлікіх публікацый у педагагічных выданнях. У мінулым навучальным годзе прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў узнагароджаны 5 вучняў.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *