Арганізацыя дарожнага руху каля школ у сталіцы пад пільным кантролем

- 11:52Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Для папярэджвання дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам дзяцей Дзяржаўтаінспекцыя сталіцы праводзіць комплекс мерапрыемстваў па падрыхтоўцы вулічна-дарожнай сеткі да пачатку навучальнага года. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама.

У Мінску новы навучальны год сустрэнуць у 248 установах агульнай сярэдняй адукацыі, 446 дашкольных установах, 9 раённых цэнтрах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. “Інспектары абследуюць усе ўстановы адукацыі сталіцы на прадмет арганізацыі дарожнага руху на прылеглай тэрыторыі, у тым ліку наяўнасць бяспечных падыходаў да школ, гімназій, дзіцячых садоў. ДАІ вывучыць наяўнасць тратуараў і пешаходных дарожак, арганізацыю транспартнага абслугоўвання школ, забеспячэнне прапускнога рэжыму, які выключае магчымасць доступу індывідуальных транспартных сродкаў”, — расказалі ў прэс-службе.

Па кожнай установе будзе складзены акт абследавання ўстаноўленага ўзору. Асаблівую ўвагу дзяржаўтаінспектары ўдзеляць дзіцячым паліклінікам і цэнтрам дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

У ДАІ звярнулі ўвагу вадзіцеляў на неабходнасць строга выконваць правілы праезду пешаходных пераходаў і скорасных рэжымаў у дваровых тэрыторыях. “З улікам хуткага заканчэння летніх канікул будзьце гатовы да раптоўнага з’яўлення дзяцей на дарозе, асабліва паблізу дзіцячых устаноў, школ, кінатэатраў, паркаў, прыпынкаў грамадскага транспарту”, — адзначылі ў Дзяржаўтаінспекцыі.