Зрабіць адпачынак дзяцей яркім, незабыўным і казачным — да гэтага кожнае лета імкнецца калектыў Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Родничок” Магілёва. Штогод педагогі ўстановы стараюцца зрабіць аздараўленне дзяцей не толькі карысным, але і максімальна цікавым.
— Да арганізацыі летняга аздараўлення наш калектыў ставіцца вельмі сур’ёзна. Стараемся прыцягнуць да нас як мага большую колькасць дзяцей. На базе цэнтра ў летнія месяцы працягваюць функцыянаваць аб’яднанні па інтарэсах, рэгулярна праводзяцца майстар-класы, тэматычныя мерапрыемствы. Наведаць іх, а таксама наш гульнявы пакой, квест-пакой могуць усе жадаючыя. Прычым знаходзіцца на тэрыторыі цэнтра дзеці могуць з раніцы да вечара. Мы імкнёмся, каб у нас кожны мог знайсці сабе занятак па душы, — расказала дырэктар установы А.У.Драздова.
У цэнтры “Родничок” дзяўчынкам і хлапчукам прапануюць і арганізаваны адпачынак. Улетку тут ужо традыцыйна ладзяцца аздараўленчыя лагеры. Вельмі цікавы дзецям палатачны летнік з кругласутачным знаходжаннем. Ды і як інакш? Дзецям прапануюць адправіцца ў незвычайнае падарожжа ў таямнічае Лахвалессе. Такую назву педагогі цэнтра прыдумалі для наваколля ракі Лахва, дзе арганізоўваюцца стаянкі лагера. На працягу дзевяці дзён навучэнцы акунаюцца ў захапляючы свет прыгод, створаны педагогамі па матывах вядомых фэнтэзі-твораў Толкіена.
Не меншым попытам карыстаецца аздараўленне ў лагеры з дзённым знаходжаннем “Лідар”, асноўны напрамак якога — развіццё лідарскіх якасцей дзяцей, а таксама іх грамадзянска-патрыятычнае выхаванне. Аздаравіўшыся аднойчы ў гэтым летніку, многія хлопцы і дзяўчаты імкнуцца трапіць сюды зноў.
— Я тут адпачываю ўжо другое лета, таму што гэты лагер самы лепшы. Мы кожны дзень удзельнічаем у разнастайных мерапрыемствах, даведваемся шмат новага, — дзеліцца эмоцыямі ад знаходжання ў лагеры Ульяна Ягорава.
— Адпачываць у “Лідары” па-сапраўднаму крута! Тут заўсёды цікава, а яшчэ — у нас самыя класныя педагогі, — дадае яе сяброўка Таня Голік.
Педагогі “Родничка” на самай справе неардынарныя. Кожны з іх імкнецца праявіць крэатыўнасць, каб сапраўды захапіць выхаванцаў. У лагеры “Лідар” пастаянна мяняюць формы дзейнасці, занятасці дзяцей. Сумаваць тут проста няма калі.
— Штогод змены ў нас праходзяць у форме сюжэтна-ролевай гульні. Як даказала практыка, менавіта такі метад дазваляе дзецям рэалізаваць свае здольнасці, актывізуе іх сацыяльнае, асобаснае развіццё. У гэтым годзе змена праходзіць па мадэлі вядомай турыстычнай перадачы. Мы далі ёй назву “Арол і рэшка. Беларусь. Перазагрузка”, — паведаміла дырэктар летніка загадчык аддзела цэнтра В.А.Сяліцкая.
Сёлета ў “Лідары” арганізавалі дзве змены. Зараз у самым разгары другая. Аздараўленне праходзяць 18 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 10 да 12 гадоў. З улікам няпростай эпідэміялагічнай сітуацыі дзеці падзелены на два малыя атрады. Большасць мерапрыемстваў праводзіцца на свежым паветры. Дарэчы, яны даволі разнастайныя — штодня флэш-мобы, конкурсы, спартландыі, алімпіяды. Большасць з іх — тэматычныя і накіраваны на вывучэнне роднай краіны. Кожныя тры дні ў лагеры прысвечаны пэўнаму беларускаму рэгіёну. У рамках рэалізацыі сюжэтна-ролевай гульні педагогі пастараліся падрабязна пазнаёміць навучэнцаў з сучаснай Беларуссю, яе славутасцямі, гістарычнай спадчынай.
— Адпачынак у “Лідары” заўсёды карыстаецца вялікім попытам. Напэўна, таму што ў нас дзеці могуць сябе праявіць. Яны адкрываюць сябе ў розных плоскасцях: у спорце, творчасці і не толькі. Мы стараемся падтрымліваць іх у любых пачынаннях, ствараць так званыя сітуацыі поспеху, каб кожнае дзіця хоць у чымсьці стала лепшым. Пасля заканчэння змены ўсе атрымліваюць за свае дасягненні медалі, — адзначыла В.А.Сяліцкая.
Такі падыход прыносіць адпаведны вынік. Дзеці заўсёды ў захапленні ад аздараўлення ў “Лідары”, у прыватнасці і ад знаходжання ў “Родничке” ў цэлым. Многія хлопчыкі і дзяўчынкі пазней становяцца навучэнцамі аб’яднанняў па інтарэсах цэнтра. За дзяцей, якія добра адпачылі, педагогам установы пастаянна дзякуюць бацькі. Іх плённая праца таксама была не раз адзначана прызавымі дыпломамі рэспубліканскага конкурсу на лепшы аздараўленчы летнік, які праходзіць у НДЦ “Зубраня”. Прафесійнае майстэрства педагогаў “Родничка” было заўважана і Міністэрствам адукацыі. За выніковую працу па арганізацыі і правядзенні летняй аздараўленчай кампаніі ў мінулым годзе цэнтр быў узнагароджаны граматай профільнага ведамства.
Ганна СІНКЕВІЧ.
Фота аўтара.