Сёння маладому педагогу, каб стаць цікавым і аўтарытэтным настаўнікам у вачах вучняў, акрамя валодання прафесійнымі ведамі, неабходна быць яркай і цікавай асобай, пераканальнай у дыялогу як са школьнікам, так і з аксакаламі педагогікі. Таму без педагагічнай эрудыцыі, інтуіцыі, імправізацыі, назіральнасці і знаходлівасці нікуды. Дабаўце ў гэтую ж скарбонку педагагічнае прадбачанне і рэфлексію. Развіццю гэтых якасцей у навучэнцаў педагагічных класаў і маладых педагогаў сярэдняй школы № 13 Барысава спрыяе ўдзел у школьным клубе “Дэбаты”.

На яго пасяджэннях падчас аргументаванай спрэчкі, публічнага абмену думкамі школьнікі і педагогі адстойваюць палярныя пункты гледжання па адной і той жа праблеме або актуальнай тэме. І вучацца рабіць гэта дакладна, лагічна і аргументавана.
Удзельнікі клуба — члены профільнай школы “#Будуучителем”, навучэнцы педагагічных груп 10—11-х класаў і члены школы маладога настаўніка “Педагог.skills”, чый працоўны стаж меншы за 5 гадоў. Сёння ў клубе дваццаць тры пастаянныя ўдзельнікі: сямнаццаць школьнікаў і шэсць маладых педагогаў, адзін з якіх — Віталь Анатольевіч Горбач, настаўнік гісторыі і грамадазнаўства, кіраўнік клуба.
— Дэбаты — гэта асобасна арыентаваная развіццёвая тэхналогія навучання, якая звычайна выкарыстоўваецца пры вывучэнні сацыяльна-гуманітарных дысцыплін, — расказвае Наталля Сцяпура, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 13 Барысава. — Удзел у іх развівае вучэбна-пазнавальную актыўнасць школьніка, навучае пошуку і збору інфармацыі, вучыць працаваць у камандзе, будаваць дыялог. Уступаючы ў палеміку, старшакласнікі вучацца па-майстэрску выкарыстоўваць аргументы і факты ў працэсе камунікацыі, асвойваюць крытычнае мысленне, навыкі сістэмнага аналізу. Першасная мэта дэбатаў — гэта не перамога, а асобаснае развіццё, набыццё пэўных прафесійных кампетэнцый, сярод якіх — уменне прыводзіць аргументы, слухаць довады апанентаў, паслядоўна і пераканаўча адстойваць свой пункт гледжання.
Гульнявая форма, у якой праходзяць дэбаты, спадабалася барысаўскім школьнікам адразу. Пасяджэнні клуба звычайна праходзяць раз на чвэрць. Старшакласнікі з задавальненнем удзельнічаюць у дэбатах супраць педагогаў. Спрачаючыся на тую ці іншую тэму, свае пазіцыі адстойваюць каманды з 3—5 чалавек. Адна з іх сцвярджае нейкі тэзіс (гэтую каманду называюць сцвярджаючай), а другая (адмаўляючая) яго абвяргае. Арганізацыя дэбатаў уключае ў сябе тры этапы: падрыхтоўку, правядзенне і абмеркаванне вынікаў.
На падрыхтоўчым этапе навучэнцы ўсе разам выбіраюць тэму. Як правіла, гэта нейкае актуальнае для школы пытанне. На гэтым жа этапе ідзе пошук аргументаў, збор доказаў (у гэтым школьнікам дапамагаюць кіраўнік клуба Віталь Горбач і настаўнік, які вядзе факультатыўныя заняткі “Уводзіны ў педагагічную прафесію”, Наталля Сцяпура — Заўв. аўтара). Затым хлопцы і дзяўчаты вызначаюць, хто з іх увойдзе ў тройку або пяцёрку спікераў падчас дэбатаў, размяркоўваюць ролі, вывучаюць літаратуру, фармулююць тэзісы і аргументы, якія складуць кейс каманды.
У ходзе дэбатаў спрачальнікі сустракаюцца ў канферэнц-зале па розныя бакі рассоўнага мабільнага стала. Спікер адной з каманд выходзіць да трыбуны і агучвае аргументы на карысць і ў падтрымку тэмы, якую вядучы заявіў у пачатку сустрэчы. Затым свае контраргументы прыводзіць удзельнік другой каманды. Выказваючыся па чарзе, апаненты агучваюць свае пазіцыі і пацвярджаюць іх фактамі, цытатамі, данымі статыстыкі, спасылаючыся на кампетэнтныя крыніцы і выкарыстоўваючы магчымасці інтэрактыўнай дошкі. А пасля адказваюць на перакрыжаваныя пытанні.
На заключным этапе падводзяцца вынікі спрэчак і вызначаецца, хто больш паспяхова справіўся з задачай.
— Вынікі можа падводзіць адзін суддзя з ліку настаўнікаў вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі або з вялікім вопытам работы, — тлумачыць Наталля Віктараўна, — або ацэньваць дэбаты бярэцца цэлая каманда арбітраў-педагогаў. Дарэчы, у журы могуць уваходзіць і старшакласнікі, але не навучэнцы педагагічных груп, каб пазбегнуць канфлікту інтарэсаў. Выступаючы ў ролі арбітра, падлетак вучыцца слухаць і чуць іншых, аналізаваць матэрыял, прымаць у разлік існаванне розных жыццёвых пазіцый. Выстаўляючы балы, суддзі ацэньваюць многае: наколькі змястоўнымі, сістэмнымі, лагічнымі, доказнымі, аргументаванымі былі выступленні спікераў, наколькі пераканаўча і хутка каманда адказвала на пытанні, адстойваючы сваю пазіцыю, ці ўклаліся спрачальнікі ў часавы рэгламент. Рашэнне аб тым, якой з каманд аддаць перавагу, арбітры прымаюць, не раячыся паміж сабой, але пры гэтым кожны дае каментарый да свайго рашэння.
Сярод тэм дэбатаў, якія барысаўскія спікеры закраналі апошнім часам, — “Імідж установы: яго складнікі”, “Гаджэты ў жыцці навучэнцаў”, “Прадукцыйная форма адукацыі: вочная або завочная?”.
— Дыскутуючы пра тое, хто фарміруе імідж школы, каманда выпускнікоў настойвала на тым, што вобраз установы адукацыі стварае толькі калектыў навучэнцаў, бо па іх знешнім выглядзе, паводзінах, паспяховасці, актыўнасці ў школьным і штодзённым жыцці, перамогах на спартыўных спаборніцтвах, у інтэлектуальных спаборніцтвах, міжнародных конкурсах і канферэнцыях мяркуюць аб установе адукацыі, — гаворыць навучэнка 11 класа Святлана Дзедзянок. — У процівагу педагогі адстойвалі сваю гіпотэзу: створанаму аўтарытэту школа абавязана настаўнікам. Маўляў, залог паспяховасці — у заслугах паспяховых і аўтарытэтных настаўнікаў. Перамога, на думку журы, была на нашым баку! Цікава, што пасля займальных дэбатаў да знешнасці, вучобы і паводзін удзельнікі клуба сталі ставіцца больш уважліва.
Яшчэ адну дзіўную і для сябе, і для настаўнікаў выснову юныя спікеры зрабілі пры падрыхтоўцы да абмеркавання тэмы пра тое, што гаджэт — вораг школьніка. Яны здолелі даказаць, што чытанне з выкарыстаннем гаджэта прыносіць найменшую асалоду, бо пазбаўлена тактыльных адчуванняў, без якіх няма ўсведамлення, што кніга — гэта рэальны аб’ект і вынік інтэлектуальнай, творчай і, нарэшце, матэрыяльнай дзейнасці чалавека.
З гэтага вынікае, што дыскусія без заўзятага жадання толькі даказаць сваю правату, а з мэтай паглядзець на рэчы з розных бакоў, навучыцца браць пад сумненне факты і ідэі, лагічна будаваць аргументацыю, пераконваць і, нарэшце, набліжацца да ісціны — гэта карысны і прадукцыйны занятак для падлеткаў. Асабліва калі яны імкнуцца стаць педагогамі.
Правілы правядзення дэбатаў распрацаваны аўстрыйскім філосафам і сацыёлагам XX стагоддзя Карлам Поперам у Інстытуце адкрытага грамадства ў Нью-Ёрку ў 1994 годзе. Асноўная ідэя — развіццё ўмення разважаць і крытычна думаць. Дэбаты ў фармаце Карла Попера развіваюць у навучэнцаў навыкі, неабходныя для эфектыўных зносін і паспяховай камунікацыі.
Марына КУНЯЎСКАЯ.