“Архнавацыя-2020”

- 11:07Навіны рэгіёнаў

Падведзены вынікі абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу дзіцячай творчасці “Архнавацыя-2020”. На ім былі прадстаўлены работы ў намінацыях “Жывапіс”, “Графіка”, “Стрыт-арт”, “Мастацкая фатаграфія”, “Відэаролік”, “Архітэктурнае макетаванне”. Удзельнікамі сталі навучэнцы ўсіх тыпаў устаноў адукацыі Гомельшчыны ва ўзросце ад 4 да 20 гадоў.

Як расказалі ў Гомельскім абласным палацы творчасці дзяцей і моладзі, маладыя аўтары прадставілі жывапісныя і графічныя работы, праекты роспісу (мазаікі, графіці, стрыт-арту) фасадаў будынкаў, мікрараёна, архітэктурныя макеты, мастацкія фатаграфіі, відэастужкі. Асноўнымі тэмамі работ сталі “Будаўніцтва ўчора, сёння, заўтра”, “Архітэктары Беларусі”, “Рэстаўрацыя ў Беларусі”, “Будуем новую Беларусь”, “Гісторыя аднаго дома, вуліцы, горада”, “Сучасны горад”.Навучэнцы малявалі партрэты беларускіх архітэктараў, якія зрабілі ўклад у развіццё будаўнічай галіны, адрэстаўрыраваныя помнікі архітэктуры, новыя архітэктурныя праекты, якія змянілі ці зменяць аблічча нашых гарадоў, невялікіх населеных пунктаў і прыродных зон. 60 лепшых работ увойдуць у экспазіцыю ад Гомельскай вобласці і будуць прадстаўлены на заключным этапе конкурсу.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.