Аршаншчына: канстатаваны дадатныя зрухі ў развіцці

- 10:59Інфармацыйная гадзіна

У развіцці Аршанскага раёна Віцебскай вобласці адзначаюцца дадатныя тэндэнцыі. Аб гэтым заявіў прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, дзе абмяркоўвалася выкананне даручэнняў кіраўніка дзяржавы па развіцці Аршанскага раёна.

“Адзначу дадатныя зрухі ў выніках рэгіёна. Індэкс прамысловай вытворчасці па Аршанскім раёне пакуль ніжэйшы за 100 працэнтаў, але вырас у параўнанні з першым кварталам, павялічыўся тэмп росту будаўніча-мантажных работ (88,6 працэнта — за студзень — сакавік, 155,5 працэнта — за студзень — май). Узрос аб’ём рознічнага тавараабароту да 100,2 працэнта”, — сказаў Андрэй Кабякоў.

Колькасць стратных арганізацый скарацілася з 28 да 25. Дадатнае сальда знешняга гандлю павялічылася з $10 млн да $15 млн. Сярэднямесячная зарплата вырасла з Br596 у першым квартале да Br611 за пяць месяцаў 2017 года. Пры гэтым яна цалкам выплачана і на 1 чэрвеня, і на 1 ліпеня. Хоць на 1 сакавіка запазычанасць па заработнай плаце была ў 5 арганізацый на суму амаль Br630 тысяч.

Зацверджаны і рэалізоўваецца комплексны план першачарговых мер па развіцці Аршанскага раёна. Выконваюцца мерапрыемствы па навядзенні парадку ў вытворчых, бытавых памяшканнях, на тэрыторыі прадпрыемстваў, па павышэнні эфектыўнасці іх работы і паляпшэнні ўмоў працы. Напрыклад, па Аршанскім інструментальным заводзе разблакіраваны рахункі, рэструктуравана запазычанасць па банкаўскіх крэдытах, рамантуецца дах вытворчага корпуса, выконваецца рашэнне сканцэнтраваць на гэтым заводзе вытворчасць інструменту ў рэспубліцы, а таксама на ім і на станказаводзе “Чырвоны барэц” (Орша) — тэрмічную апрацоўку дэталей у Аршанскім раёне. Акрамя таго, Аршанскаму інструментальнаму заводу аказана дапамога ў рэалізацыі складскіх запасаў, прааналізаваны рынак інструменту, распрацоўваецца бізнес-план развіцця прадпрыемства.

Паводле слоў прэм’ер-міністра, прапрацоўваюцца стратэгіі сярэдне — і доўгатэрміновага развіцця ўсіх праблемных прадпрыемстваў, якія павінны быць фармалізаваны ў выглядзе бізнес-планаў. Адначасова рыхтуецца сярэднетэрміновая праграма развіцця рэгіёна да 2020 года і комплекс мер па яе выкананні.

“Работа вядзецца. Разам з тым гэтага недастаткова. Некаторыя рашэнні не выкананы, па некаторых сарваны тэрміны, — звярнуў увагу Андрэй Кабякоў. — Напрыклад, на прэзідыуме ў Оршы вырашылі, што кожны орган кіравання дэталізуе свае задачы ў галіновых планах, разгорне ў іх мерапрыемствы комплекснага плана першачарговых мер. Дадзена адпаведнае даручэнне ўрада, але да гэтага часу такія падрабязныя галіновыя планы не зацверджаны нават тымі органамі кіравання, у якіх сканцэнтраваны праблемныя прадпрыемствы: “Мінпрамам”, “Мінбудархітэктуры”, “Дзяржкамваенпрамам”. Акрамя таго, іх не зацвердзілі самыя зацікаўленыя — Віцебскі аблвыканкам і Аршанскі райвыканкам”.