Арт-прастора для маладых

Маладзёжны тэатр эстрады апошнім часам стаў сапраўднай арт-прасторай для маладых, таленавітых і перспектыўных артыстаў, кампазітараў і рэжысёраў, у якой яны могуць раскрыць свой прафесійны патэнцыял і рэалізаваць творчыя ідэі. Тым больш мастацкі кіраўнік тэатра заўсёды іх падтрымлівае і дапамагае як словам, так і справай. Нядзіўна, што ў мінулым годзе разам яны паставілі ні многа ні мала ажно 20 прэм’ер — запамінальных мюзіклаў і яркіх канцэртаў. Сёлета замахнуліся на імерсіўны мюзікл. Пра яго адметнасці, новыя пастаноўкі і шоу-праграмы пагаворым з Уладзіславай Арцюкоўскай.

— Уладзіслава Ігараўна, што змянілася ў Тэатры эстрады за апошні год і якія прэм’еры змаглі ацаніць вашы гледачы?

— У нашай зале адбылося 20 прэм’ер, падрыхтаваных па абсалютна новых сцэнарыях. Сярод іх — і мюзіклы, і камедыі, і эксперыментальны праект “Гараж” у выглядзе Late night show з бэндам і ўдзелам Івана Вабішчэвіча, які зараз вельмі запатрабаваны і падабаецца гледачам. Прынамсі, аналагічнага праекта з жывым гукам і бэндам у нашым тэатры раней не было.

У нас выйшла камедыя “Сваты”, якая зараз мегапапулярная. Яна пастаўлена па п’есе “Паўлінка” Янкі Купалы, праўда, на новы лад, з сучаснымі рэаліямі і забаўнымі гісторыямі. Мы стварылі эстрадны мюзікл “Бурлеск” па матывах аднайменнага мюзікла К.Бека, які таксама пастаянна збірае аншлагі. У нас атрымалася яркае шоу з элементамі стрып-пластыкі і ўдзелам лепшых беларускіх выканаўцаў. Мы замахнуліся, па сутнасці, на галівудскі праект, у якім з поспехам ігралі Хрысціна Агілера і Шэр, і трэба сказаць, што наша публіка яго шыкоўна прымае, заўсёды з авацыямі. Усе песні ў нашым мюзікле занава напісаны, а Жанэт і Каця Муратава настолькі добра іх выконваюць, што многія пачы­наюць параўноў­ваць з арыгіналам і сцвярджаюць, што беларускі мюзікл нічым не саступае замежнаму. Акрамя таго, мы зрабілі чатыры канцэрты ў Палацы Рэспублікі, якія прайшлі з тэлевізійнымі здымкамі.

— Мінулай вясной у тэатры прайшоў конкурс Estrada.by, які праводзіўся для таго, каб знайсці  таленавітых маладых людзей, як выканаўцаў, так і кампазітараў, аранжыроўшчыкаў. Якія высновы зрабілі пасля першага конкурсу і ці будзе ў яго працяг?

— Так, у нас прайшоў кастынг маладых выканаўцаў, у выніку чаго ў штаце з’явіўся малады спявак Аляксей Грос. Нагадаю, ён на конкурсе маладых выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск-2016”, што ладзіцца ў межах “Славянскага базару”, стаў уладальнікам гран-пры. Як пазней высветлілася, Аляксей марыў іг­раць у нашым тэатры. Да нас прыйшлі і Alen Hit, які паказаў сябе ў навагодняй праграме, і Дзмітрый Нікіцін, які выканаў галоўную ролю ў “Сватах”. Да таго ж у нас цяпер выступае студэнтка тэатральнага аддзялення Вераніка Грыгаровіч, якая ўсё жыццё займалася вакалам.

Што тычыцца сёлетняга кастынгу, то мы плануем правесці яго не толькі ў Мінску. Адзін адбудзецца ў Лідзе, а другі — у Бабруйску, дзе мы таксама правядзём майстар-класы, каб паказаць, што змянілася ў тэатры. Спадзяёмся адшукаць таленавітую моладзь з неверагодным голасам, якая зможа ўжо восенню выступіць на адным з нашых канцэртаў.

Дарэчы, днямі ў нас адбылася прэм’ера мюзікла-прытчы “Ты і я”, у якім галоўныя ролі выканалі Вераніка Грыгаровіч і Аляксей Грос. Хачу падкрэсліць: у гэтым спектаклі задзейнічаны выключна маладыя артысты, але ўсе яны лаўрэаты музычных конкурсаў. Праўда, у іх не было магчымасці паказаць сябе больш шырокай аўдыторыі, а ў нашым тэатры, думаю, яны змогуць раскрыць свой патэнцыял.

— Наколькі я ведаю, спектакль “Ты і я” — гэта ўнікальнае шоу, у час якога расказваецца кранальная гісторыя пра каханне, прычым цалкам на беларускай мове. А яшчэ ў чым яго адметнасць?

— “Ты і я” — гэта падарунак нашым гледачам да Дня закаханых з абсалютна новым арыгінальным матэрыялам у стылі мадэрн, на стварэнне якога мяне натхніла карціна Марка Шагала “Прагулка”, дзе паказана, як Ён ідзе па зямлі, а Яна лунае ў паднябессі. Гэтая прытча пра каханне — галоўны сэнс чалавечага жыцця. Увесь музычны матэрыял напісаны спецыяльна для гэтай праграмы кампазітарам Аляксандрам Сухаравым. Сюжэт і меладычнасць новага мюзікла падкрэслі­ваюць беларускую мову, якая дазваляе стварыць неверагоднае музычнае рашэнне, пераплятаючы і сінтэзуючы такія напрамкі, як фолк-мадэрн і рок. На такі эксперымент мы пайшлі свядома, каб паказаць сур’ёзны, цікавы і кранальны твор, у якім змаглі б раскрыцца нашы вакалісты.

Па сюжэце, два персанажы — Ён і Яна — цягнуцца адно да аднаго як дзве супрацьлегласці. І якія б сілы ні заміналі ім, як бы ні раздзялялі іх час і лёс, яны не могуць адно без аднаго. Таму што Ён — гэта карані, а Яна — галіны аднаго дрэва жыцця. Да таго ж мы зрабілі новае сцэнічнае афармленне: падлога нібы абсыпана пяском, а прастора ўяўляе сабой празрысты шкляны пакой. Белае адзен­не персанажаў у стылі мадэрн дазваляе ім станавіцца своеасаблівым экранам для відэапраекцыі.

— Цікава, якія падарункі вы рыхтуеце сваім гледачам да мужчынскага і жаночага святаў?

— Мы падрыхтавалі цэлы блок праграм для моцнай паловы чалавецтва. Адкрые яго эстрадная шоу-праграма “Ад вінта!”, якая раскажа пра кур’ёзныя і цікавыя выпадкі, што могуць адбыцца ў любым з аэрапортаў якога-небудзь горада N. Пасля мы запрашаем усіх на святочны выпуск музычнага праекта “Гараж”. Бо што такое гараж?.. Гэта месца, дзе збіраюцца аднадумцы, звычайна мужчыны. У нас, праўда, гэта музычны гараж, а таму ў ім прагучыць і рок, і поп. Думаю, што атрымаецца цікавы праект з нечаканасцямі, гумарам, правакацыямі і гульнямі, прычым з удзелам гледачоў. Яркай кропкай віншавальнага блока для мужчын стане святочная шоу-праграма “Лютаўскі прызыў”, у якой мужчын павін­шуюць вядомыя артысты.

Да самага прыемнага вяснова-жаночага свята мы падрыхтавалі адразу тры віншавальныя праграмы, дзве з якіх прэм’ерныя. 5 сакавіка ў Палацы Рэспублікі адбудзецца вялікае святочнае шоу “Дзявочнік” з вызначанай сюжэтнай лініяй, у цэнтры якой — адна з любімых жаночых гісторый “Дзённік Брыджыт Джонс”. А ў ім ёсць усё: ад думак, як паху­дзець, да разваг, як сустрэць і ўтрымаць мужчыну сваёй мары. У нашай гісторыі прататып гераіні Брыджыт Джонс трапляе на грэчаскі востраў, дзе жывуць Багіня Прыгажосці, Кахання і нават Зеўс. На адной сцэне мы збяром больш за 300 чалавек, як дарослых выканаўцаў і танцораў, так і дзіцячыя калектывы. А яшчэ мы рыхтуем адпаведныя дэкарацыі з грэчаскімі калонамі і падсветкай, будуць падымацца і апускацца экраны, зробім цікавае светлавое шоу і раскошную графіку. Таксама для сваіх гледачоў мы падрыхтавалі сюрпрызы — шчаслівыя месцы. Гледачы, якія будуць сядзець на іх, стануць уладальнікамі спецпрызоў.

7 і 8 сакавіка Тэатр эстрады пакажа яшчэ адну прэм’еру — шоу-праграму “Мужчыны на дэсерт”. Чакаюцца яркія эстрадныя нумары, шмат гумару, арыгінальных пастановак і, вядома, прэм’ерныя песні ад мужчын — зорак эстрады. Мы ўпэўнены, што такі эстрадны дэсерт пакіне пасля сябе незабыўнае ўражанне.

— Упэўнена, што толькі та­кімі святочнымі праектамі вы не абмяжуецеся. Што яшчэ Тэатр эстрады рыхтуе для сваіх гледачоў?

— У канцы сакавіка і красавіка мы пакажам яшчэ адзін мюзікл, з інтрыгуючай назвай “Стрыптыз душы”, пра Галівуд, які стане першай імерсіўнай пастаноўкай. Гэта цікавая гісторыя са сваімі тайнамі, інтрыгамі. Бо хэпі-энд бывае толькі на экране, а калі здымаецца фільм, то яго акцёраў ахопліваюць страсці — і гэта неверагодна цікава. Галоўную ролю выканае знакаміты кінаакцёр, які і спявае, і танцуе, былы бальнік Руслан Чарнецкі. Нашы госці, так бы мовіць, змогуць паўдзельнічаць у здымачным працэсе чарговага кінашэдэўра, пазнаёміцца з моладдзю, якая марыць пра кінакар’еру, і пачуюць шмат плётак пра зорак кіно. Гэта будзе сапраўдны мюзікл на дзве дзеі. Гледачы змогуць убачыць хвалюючае жыццё багемы.

А восенню мы збіраемся паставіць мюзікл пра Джэка Трыбушыльніка. Такі своеасаблівы дэтэктыў, у якім будуць замешаны ўсе і будзе ўражанне, што Джэкам можа быць любы. Такім чынам, сёлета мы прадставім тры новыя мюзіклы: беларускамоўны, галівудскі і філасофскі пра жыццё і смерць у рок-стылі. Я спецыяльна зрабіла такія, якія нідзе больш не ставіліся.

“Тэатр эстрады — гэта мой дом, куды я прыходжу з радасцю. Адчыняю дзверы свайго кабінета і разумею, што прыйшла ў роднае месца, дзе з задавальненнем праводжу цэлы дзень, з ранку да ночы, і пакідаю тэатр апошняй. І не таму, што мяне хтосьці прымушае. Я прыйшла сюды тварыць і зрабіць штосьці добрае для нашай эстрады, культуры. І мяне вельмі радуе, што ёсць калегі, якія раздзяляюць мае памкненні. Мая мара — ехаць па горадзе і бачыць на шматлікіх афішах імёны і твары нашых беларускіх артыстаў, якія жывуць побач з намі і працуюць для нас”.

Акрамя таго, восенню ў нас будзе цікавы канцэрт, прысвечаны Дню маці, Mamma Mia, у якім прагучаць песні ABBA, але мы іх зробім з новай аранжыроўкай і рускамоўнымі тэкстамі. Дарэчы, маніторынг пакупнікоў білетаў нашых мерапрыемстваў паказвае, што ўсё больш да нас прыходзіць моладзь ад 16 гадоў.

— А які спектакль больш скла­дана паставіць: музычны ці драматычны?

— Па адукацыі я драматычны рэжысёр, і мая прафесія — ставіць драматычныя спектаклі. Але так атрымалася, што пасля заканчэння Акадэміі мастацтваў мой талент заў­важылі ў Міністэрстве культуры і запрасілі праявіць сябе ў мерапрыемствах, бо ім спатрэбіліся свежыя ідэі. Так я асвоіла яшчэ адну спецыялізацыю. А таму магу сказаць, што паставіць як драматычны, так і музычны спектакль — справа нялёгкая. І ў адным, і ў другім артысты павінны данесці галоўную ідэю да гледача. Зараз ідзе такая тэндэнцыя, што ўсё больш у драматычныя спектаклі ўключаюць музычныя сцэны, усе так або інакш імкнуцца да музычных форм.

Я разумею, што для артыста, які спявае ў тэатры, галоўнае — гэта яго голас, а акцёрскае майстэрства другаснае. Аднак мы збіраемся для нашых артыстаў ладзіць трэнінгі па акцёрскім майстэрстве, каб яны заў­сёды былі ў тонусе. Я сама нядаўна прайшла майстар-клас у Маск­ве па імерсіўных пастаноўках, таму сёлета ў нашых спектаклях з’явяцца элементы імерсіўнасці — узаема­дзеяння з гледачом, які, як толькі пераступіць парог тэатра, адразу бу­дзе станавіцца ўдзельнікам дзеі.

— Дарэчы, які сярэдні ўзрост вашых артыстаў?

— Да 30 гадоў. Наш артыст павінен не толькі мець добрыя акцёрскія даныя, а яшчэ і выдатна спяваць.

Перыядычна мне тэлефа­нуюць знакамітыя артысты, якім ужо каля 50 гадоў, і гавораць, што таксама хочуць удзельнічаць у нашых канцэртах. Аднак нам прыходзіцца ім адмаўляць, бо наш тэатр мала­дзёжны, таму яго спецыфіка — нацэленасць на маладых, якім мы даём пуцёўку ў жыццё.

Часам мы праводзім канцэрты, на якіх выступаюць знакамітыя артысты разам з моладдзю. І гэта выдатна, бо нашы артысты маюць магчымасць пераймаць іх вопыт. Мне вельмі хацелася б, каб у тэатры была школа, дзе моладзь магла вучыцца ў зорак і ўзнікалі новыя кірункі і трэнды.

— Тэатр эстрады — мала­дзёжны. А ці працуюць у вас студэнты?

— Канечне. Калі я прый­шла, то цалкам змяніла рэжысёрска-пастановачную групу. Да нас прыйшлі два маладыя рэжысёры адразу пасля заканчэння УВА: Іван Клешчанка з БДУКМ і Яўген Гоф­бранд з БДАМ. Адзін мае больш тэатральную адукацыю, а другі — эстрадную, таму ад зін лепш разумее акцёрскае рамяство, як іг­раць і гаварыць, а другі — як ставіць шоу-праграмы, каб яны былі эфектнымі і цікавымі гледачам. Кожны з іх за год паспеў паставіць некалькі канцэртаў. Думаю, што, дзякуючы іх узаемадзеянню, у нас з’явіцца яшчэ не адна аншлагавая праграма. Мая галоўная задача — дапамагчы моладзі рэалізавацца ў тэатры.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.