Art-шэдэўры ад эколагаў

- 11:49Апошнія запісы, Выхаванне, Рознае

Сапраўдны парад дароў юннацкага лета пачаўся на гэтым тыдні ў адным з самых зялёных куточкаў Мінска — Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства. Уся разнастайнасць палявых, лекавых, агароднінных, кветкава-дэкаратыўных раслін, якія вырашчаны юнымі эколагамі на вучэбна-доследных участках, шыкоўныя калекцыі пладоў, якія налічваюць больш за тысячу сартоў, відаў і разнавіднасцей, — такім стаў вынік працоўнага года эколагаў, які і склаў экспазіцыю рэспубліканскага конкурсу “Юннат-2014”.

Куточак восені ў кожнай вобласці яго аўтары — фларысты-дызайнеры з устаноў экалагічнага профілю — аформілі ў сваім непаўторным стылі. Але каля кожнага адчувалася, з якой любоўю і фантазіяй працавалі дзеці, вырошчваючы ўраджай, і педагогі, прэзентуючы яго ў выставачнай галерэі.
Здзіўляе не толькі багацце ўраджаю, а нават тое, якім чынам яно трапіла на выставу. Каб прывезці адну толькі калекцыю гарбузоў, прадстаўнікам Брэсцкай вобласці спатрэбіўся цэлы воз. Яны змайстравалі драўляныя колы, напоўнілі іх арэхамі, яблыкамі і ягадамі, прымацавалі да воза, запрэглі драўляную кабылку ў рабінавыя лейцы і адправілі на конкурс. Акурат да адкрыцця яна “даставіла” ўраджай. Са Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці “прывёз” увесь скарб трактар, які выпусцілі на сваім “агародным заводзе” пры Лукскай сярэдняй школе выхаванцы Таццяны Міхайлаўны Козкі — Павел Козка і Аліна Гулевіч. Трактар у іх незвычайны — бульбяны, на гарбузовых колах, з кабачковым бамперам і капотам, зробленым з морквы.
У тым, што нават трактары тут можна вырабляць з бульбы, заслуга і метадыста Гомельскага абласнога эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі Любові Міхайлаўны Гараўцовай, якая сярод мноства экзатычных экспанатаў, накшталт мелотрыі і ўнікальных сартоў чэры, з пазіцыі сапраўднай беларускі пачынае знаёміць са сваёй калекцыяй менавіта з бульбы. Па заданні намесніка дырэктара Рагачоўскай абласной доследнай станцыі яна і яе выхаванцы праводзілі доследы па вывучэнні гатункаў.
“Адзін і той жа гатунак бульбы па-рознаму пакажа сябе ў розных рэгіёнах і нават раёнах, — тлумачыць Любоў Міхайлаўна. — Таму мы ўзялі на доследнай станцыі некалькі гатункаў і правялі сваё даследаванне, каб парэкамендаваць для насельніцтва самы лепшы для вырошчвання ў нашым і суседніх раёнах. І сёння мы можам запэўніць, што самы лепшы для Гомельскага рэгіёна — “Гасцінец”. Яго ўраджайнасць проста здзівіла, акрамя таго, ён зусім не паддаўся паршы — вядомай бульбяной хваробе”.
Прыцягвалі ўвагу і экспанаты, якія са звычайных зрабілі незвычайнымі выхаванцы Таццяны Фёдараўны Любінай, педагога, якая ўсяго толькі другі год кіруе гуртком “Карвінг” у Жлобінскім РЦТДіМ. Напрыклад, яе выхаванка Наталля Доўнар змагла гарбуз ператварыць у дзіцячую карусель з коньмі, якія, здаецца, імчаць па крузе, цокаючы капытамі.
Мінскую вобласць прадставілі на конкурсе тры раёны: Смалявіцкі, Барысаўскі і Дзяржынскі. А самая прыемная ва ўсіх адносінах кампазіцыя “Ягадны мікс”, аўтарамі якой сталі навучэнцы аб’яднання па інтарэсах “Пралеска”, іх бацькі і педагог Святлана Генадзьеўна Буліна (Чэрнікаўшчынскі дзіцячы сад — базавая школа Дзяржынскага раёна). Нягледзячы на тое, што ўжо, здавалася б, даўно адышоў ягадны сезон, мікс склалі ажно 24 віды ягад: сакавіты кавун, рознакаляровы вінаград, айва, чырвоная і чарнаплодная рабіна, алыча, чарнасліў, абляпіха, глог і інш. Заклікалі да сябе наведвальнікаў выставы неймаверна духмяныя маліны, суніцы, клубніцы… Пахваліліся прысутнасцю ў гэтай калекцыі і лекавыя ягады лаканоса і ўвогуле ўжо рэдкай для Беларусі санберы.
“Гэта калектыўная работа педагога, навучэнцаў і іх бацькоў, — гаворыць Ала Кузьмінічна Хаменка, дырэктар Эколага-біялагічнага цэнтра Дзяржынскага раёна. — І гэта не адзінае ўвасабленне нашага супрацоўніцтва з бацькамі. Напрыклад, таты і мамы з задавальненнем займаюцца экадызайнам разам са сваімі дзецьмі і педагогам Святланай Ігараўнай Патапчык на базе Данілавіцкага ВПК Дзяржынскага раёна. Нядаўна яны даследавалі гатунковую разнастайнасць таматаў у сваёй вёсцы. У экспазіцыі мы прадставілі толькі частку з 16 гатункаў, рэдкіх для нашага рэгіёна. Зараз Святлана Ігараўна плануе сумесна з бацькамі распачаць даследчую работу па вывучэнні мэтазгоднасці вырошчвання такіх гатункаў, як “Ірландскі лікёр”, “Чарнамор”, “Апельсін”, “Залатая кісць”, “Чорная гронка”, “Цукар белы”, “Мядовы салют”, “Амерыканскі онікс” і інш.”.
Сваё важкае слова сказалі выхаванцы аб’яднання па інтарэсах “Эказнайкі” Путчынскага дзіцячага сада — пачатковай школы Дзяржынскага раёна кампазіцыяй “Сябру-юць дзеці на планеце”. Розныя віды цыбулі паўсталі тут у выглядзе хлопчыкаў і дзяўчынак розных нацыянальнасцей і з розным “колерам скуры”. Яны водзяць карагод вакол усёй планеты — глобуса, быццам кажуць, што агульныя інтарэсы аб’ядноўваюць самых розных людзей ва ўсім свеце.
Калі бачыш усё гэтае багацце, проста дзіву даешся, як удаецца атрымаць такі ўраджай, як можна правесці столькі даследаванняў, зрабіць такую колькасць нарыхтовак у слоіках, нават перасяліць у нашу беларускую зямлю заморскія расліны. І прыемна, што ўдзельнікі конкурсу, акрамя гэтага, могуць заўважыць сярод ураджаю такія “ўсмешкі прыроды”, як, напрыклад, гурок, падобны на кракадзіла, бульбіну, падобную на гіпапатама, лагенарыю, якая нагадвае дракона, ці дайкон — двайнік вярблюда.
З году ў год для ўдзельнікаў конкурсу ў творчай галерэі застаецца ўсё менш і менш месца. Каб не стрымліваць маштаб іх фантазій яе сценамі, сёлета арганізатары прапанавалі выкарыстаць і дваровую тэрыторыю. Менавіта тут з’явіліся самыя незвычайныя элементы выставачнай экспазіцыі — кветкавыя дываны, створаныя з пладоў і ягад, агароднінных і кветкава-дэкаратыўных раслін.
“Сама па сабе такая ідэя — ствараць фларыстычныя дываны — не новая, — гаворыць намеснік дырэктара РЦЭіК Лідзія Паўлаўна Каліноўская. — Упершыню яе ажыццявілі педагогі нашага цэнтра яшчэ 15 гадоў назад на конкурсе ў Літве. І за гэты час імі было створана нямала такіх кампазіцый, у прыватнасці выхаванцамі Вольгі Ула-дзіміраўны Камінскай, якая была кіраўніком майстэрні “Блікі”. Штогод у верасні з нагоды пачатку навучальнага года мы стваралі дываны на нашай тэрыторыі. Гэтую ідэю сталі пераймаць школы, летась гэтыя ўменні навучэнцаў мы ацэньвалі ў рамках нашага конкурсу “Лэнд-арт”. Восень — пара, калі ўжо недастаткова кветак, але час, калі мы захапляемся прыгажосцю апалага, расфарбаванага восенню лісця, самых розных пладоў. Калі вам трэба хутка ўпрыгожыць пэўны ўчастак да пэўнага свята ці без нагоды проста захочацца ўзняць настрой сваім супрацоўнікам і навучэнцам, то гэта, бадай, самы лепшы варыянт. Дыван можна пакласці на прышкольнай тэрыторыі, на падлогу ў памяшканні, напрыклад, у фае, можна упрыгожыць ім стол, а можна і павесіць на сцяну. Няхай настрой такая кампазіцыя будзе дарыць нядоўга, але гэта таго варта”.
Праўда, пэўныя хітрасці могуць прадоўжыць жыццё такіх твораў мастацтва. Удзельнікі конкурсу “Юннат-2014” пра тое, каб радасць іх творы дарылі як мага даўжэй, паклапаціліся. Для гэтага аўтары кожнага дывана стварылі аснову, якая здольная ўтрымліваць ваду і насычаць ёю “пасаджаныя” кветкі.
Віцебскія эколагі свой дыван “выткалі” на падушцы з імху-сфагнуму. Яго якасць адначыла Лідзія Паўлаўна Каліноўская, але пашкадавала, што ў гатовым выглядзе амаль увесь ён быў схаваны: “Мне асабліва спадабалася гэтая ідэя віцяблян, якая стала асабліва актуальнай сёлета, калі мы адзначаем 70-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Мы з дзяцінства ведаем, што мох-сфагнум — гэта цудоўны антысептык. Гэтая яго якасць выратавала жыцці многім людзям у гады Вялікай Айчыннай вайны, калі яны абгортвалі мохам раны”.
Тэму часу і яго значэння можна прасачыць каля магілёўскага дывана, зробленага ў выглядзе гадзінніка.
Брэсцкая вобласць парадавала сваім кветкавым багаццем, з якога эколагі стварылі матылька. І не скажаш, што ўжо восень: адны астры чаго вартыя.
Эколагі з Гомельшчыны ўразілі сваёй агароднінай. Якая ў іх вырасла цыбуля! На яе без зайздрасці немагчыма глядзець. Ніякая турэцкая ці іранская цыбуля з гандлёвых цэнтраў не параўнаецца з гэтай. А якія прыгожыя, роўныя як на падбор перцы! Вось вам яшчэ адзін прыклад імпартазамяшчэння: у супермаркетах яны каштуюць па 65 тысяч рублёў за кілаграм. Хіба гэта не дасягненне юных натуралістаў?
З дызайнерскага пункту погляду работы ацанілі прафесіяналы. Каменціруючы дываны, яны часцей гавораць пра ўдалыя прапорцыі, правільную структуру і фактуру, выгаднае колеравае рашэнне. А ацэньваючы творчасць эколагаў, перайшлі і на іншыя катэгорыі: дыван з Брэстчыны, па іх ацэнцы, смачны, дыван з Мінскай вобласці і яго вобраз — хлеб-соль на ручніку — яны назвалі вытанчаным і ювелірным, работу віцяблян — чысцюткай.
“Радуе тое, што ў імкненні паказаць увесь свой ураджай удзельнікі конкурсу імкнуліся адчуць меру, што ў стварэнні дывана асабліва актуальна, — гаворыць фларыст Ларыса Белабровіч. — Гэты ж прынцып важна ўлічваць нават пры прыгатаванні баршчу: буракоў мы кладзём у яго больш, дадаём значную колькасць бульбы, менш — морквы і цыбулі, а перцу — зусім крышку, інакш будзе нясмачна. У кампазіцыі ж пры пераборы першапачатковыя лініі размываюцца, губляецца ідэя. Заўважылі мы і тое, наколькі зладжана працавалі каманды. Прафесіяналам асабліва прыемна, калі беражліва адносяцца да матэрыялу: да кожнай кветкі, да кожнага плода. Але, мабыць, інакш і быць не магло: гэта ж эколагі. Увесь “матэрыял” ім трэба было вырошчваць цэлы год”.
Вырасціць такі багаты ўраджай для кожнага эколага — ужо перамога, аднак конкурс ёсць конкурс. Балы за выставачныя кампазіцыі і дываны падсумоўваліся, у выніку 3 месца падзялілі паміж сабой Брэсцкая і Магілёўская вобласці. 2 месца — Гродзенская і Гомельская. А на першую прыступку ўзняліся эколагі з Віцебскай і Мінскай абласцей.
Калі вы, паважаныя чытачы, таксама хочаце яшчэ раз павітаць восень з яе дарамі, Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства запрашае вас па ўражанні і натхненне да сябе ў галерэю творчасці і мастацтва.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.