Штогод валанцёры атрада Starfall, які складаецца з навучэнцаў Гомельскага медыцынскага каледжа, рэалізуюць маладзёжную ініцыятыву па арганізацыі культурна-забаўляльных мерапрыемстваў у дзіцячых аздараўленчых лагерах у летні перыяд.
Угэтым годзе валанцёры вырашылі аказаць дапамогу і эмацыянальную падтрымку маленькім пацыентам абласнога дзіцячага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі “Жывіца”. Цэнтр быў створаны для аказання рэабілітацыйнай дапамогі хворым і інвалідам з асноўнымі інвалідызуючымі захворваннямі і наступствамі траўм, прафілактыкі ўскладненняў і зніжэння рызыкі інваліднасці, забеспячэння сацыяльнай адаптацыі і інтэграцыі ў грамадства дзяцей-інвалідаў.
Добры настрой таксама спрыяе паляпшэнню здароўя, упэўнены валанцёры. Яны размясціліся на тэрыторыі цэнтра на два дні, і ўвесь гэты час не дазвалялі дзетвары сумаваць. Конкурсы і віктарыны, спаборніцтвы і эстафеты, майстар-класы па аказанні першай медыцынскай дапамогі і канцэрты, трэнінгі і квесты — вось няпоўны пералік таго, чым жыў два дні дзіцячы рэабілітацыйны цэнтр. Валанцёры і дзеці атрымалі адно ад аднаго зарад станоўчых эмоцый, шмат яркіх і незабыўных уражанняў. Не засталіся хлопчыкі і дзяўчынкі і без прэзентаў — салодкіх падарункаў і набораў касметычнай прадукцыі, якія прадаставіла Гомельская абласная арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.
Наталля ЛУТЧАНКА.