“АРТ-вакацыі-2015”: цэлае суквецце навацый у Год моладзі

- 11:48Да 70-годдзя Вялікай Перамогі

27 сакавіка ў Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі быў дадзены старт другому этапу Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі “АРТ-вакацыі-2015”. На сцэне МДПДіМ адбыўся гала-канцэрт мінскіх удзельнікаў агляду-конкурсу “АРТ-вакацыі”. Па традыцыі арганізатарамі фестывалю выступаюць Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Дэвіз “АРТ-вакацый” у Год моладзі і год 70-годдзя Вялікай Перамогі больш чым красамоўны: “Моладзь і час: подзвіг у імя будучыні”.

Сёлета арганізатары фестывалю падрыхтавалі цэлы шэраг сюрпрызаў-навацый, якія абяцаюць расфарбаваць яго яскравымі і ўнікальнымі колерамі. Пачаць ужо хоць бы з таго, што фінальныя мерапрыемствы “АРТ-вакацый-2015” пройдуць 22 і 23 мая не ў сталіцы, а ў Маладзечне, прычым адразу на некалькіх пляцоўках — у маладзечанскім амфітэатры, Палацы культуры, парку Перамогі і інш. Нагадаем, што ў розныя гады заключныя гала-канцэрты “АРТ-вакацый” праходзілі ў Палацы Рэспублікі, Канцэртнай зале “Мінск”, Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, у Летнім амфітэатры ў Віцебску. Маладзечанскія ж сцэны — зусім не горшыя за ўсе пералічаныя вышэй — прымуць фестывальны фінал упершыню. 22 і 23 мая там адбудзецца буйное рэспубліканскае дзейства “Мая прафесія — мая будучыня”, накіраванае найперш на прафарыентацыю і дэманстрацыю лепшых набыткаў нацыянальнай сістэмы прафесійнай адукацыі. У рамках гэтага свята і пройдзе фінальны гала-канцэрт удзельнікаў “АРТ-вакацый-2015”.
Адразу некалькімі цікавымі інавацыйнымі іскрынкамі адзначыцца сёлета і Рэспубліканскі конкурс лічбавай творчасці “Арт-партал”, які праводзіцца ў межах “АРТ-вакацый”. Удзельнікам конкурсу прапанавалася стварыць творчыя работы па такіх намінацыях, як інавацыя (3D-візуалізацыя, time lapse, фрызлайтынг, сэлф), відэафільм, відэакліп, рэкламны ролік, анімацыя, прэзентацыя, калаж, фотаработа. У кожнай намінацыі — свае асаблівасці. Напрыклад, героямі знятых навучэнцамі відэафільмаў стануць ветэраны працы, якія раскажуць пра сваю прафесію, гады пасляваеннага аднаўлення Беларусі. Намінацыя “Рэкламны ролік” скіравана на папулярызацыю службы ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь у маладзёжнай аўдыторыі. А відэакліпы навучэнцам прапаноўваецца зняць на песню Пятра Ялфімава “Сонца каласы”. На гэта, зразумела, сваю згоду ласкава даў сам спявак. Ён жа выбера і лепшую работу.
І, нарэшце, бадай, самай адметнай навінкай сёлетніх “АРТ-вакацый” стаў інтэрактыўны праект “Рэцытацыя. Караткевіч. Повязь часоў”. Гэты конкурс мае на ўвазе стварэнне навучэнцамі відэакліпаў ці відэасюжэтаў з індывідуальным ці калектыўным прачытаннем фрагмента з аднаго з твораў Уладзіміра Караткевіча (рамана “Лісце каштанаў”, апавядання “Дрэва вечнасці”, нарысаў “Твой зорны час”, “Родная мова”, “Людзі зямлі беларускай”, верша “На Беларусі Бог жыве”). Як паведаміла метадыст аддзела сацыякультурных праектаў і маладзёжных ініцыятыў Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Таццяна Грышукевіч, на сённяшні дзень у праекце “Рэцытацыя” прынялі ўдзел 160 творчых работ з усіх абласцей краіны. Усе відэасюжэты былі дасканала прааналізаваны членамі журы, у фінал выйшлі 50 найбольш адметных ролікаў. “Калі мы задумвалі гэты праект, мы нават і не думалі, што ён знойдзе такі шырокі водгук ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, — адзначыла Таццяна Валер’еўна. — Прычым некаторыя інтэрпрэтацыі проста неверагодна ўражваюць! Напрыклад, навучэнцы Лідскага прафесійнага ліцэя меліярацыйнага будаўніцтва прачыталі верш “На Беларусі Бог жыве” ў стылі рэп на вельмі цікавым мультымедыйным фоне. Арыгінальна падышлі да справы ў Пінскім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы імя А.Я.Кляшчова: навучэнцы арганізавалі здымкі ў сапраўднай вясковай хаце, дзе прапанавалі гледачу захапляльную экскурсію па традыцыях, жыцці і побыце беларусаў — дакладна так, як пра ўсё гэта напісаў пісьменнік. Некаторыя сюжэты былі зняты ў музеі Уладзіміра Караткевіча ў Оршы. Словам, можна адназначна гаварыць пра тое, што праект “Рэцытацыя” цалкам апраўдаў сябе. Дарэчы, некаторыя відэасюжэты, знятыя па творах Караткевіча, ужо выкладзены на сайт Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі www.nchtdm.by.
А 27 сакавіка, як мы ўжо гаварылі ў самым пачатку, на сцэне Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі ў рамках рэспубліканскага агляду-конкурсу “АРТ-вакацыі” свае таленты дэманстравалі навучэнцы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Мінска. Па добрай традыцыі сталічны гала-канцэрт складаўся з нумароў у выкананні пераможцаў гарадскога фестывалю-конкурсу самадзейнай творчасці навучэнцаў “Юнацтва”. На працягу амаль дзвюх гадзін канцэртнай праграмы разгортвалася яркае відовішча з плаўнымі пераходамі ад умоўнага гукання вясны да ваеннай тэмы і ад вайны да сучасных захапленняў моладзі.
Аўтара гэтых радкоў па-сапраўднаму ўразілі вельмі многія прадстаўленыя нумары і асобныя ўстановы адукацыі. Так, напрыклад, нельга было не заўважыць, што практычна чвэрць канцэрта (ажно 6 нумароў!) “зрабіў” Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж гандлю, і гэта былі сапраўды цудоўныя моманты. Асобны дзякуй вакальнай групе каледжа і ансамблю народнага танца “Радасць”. А джаз-банд пад кіраўніцтвам Івана Ляўкоўскага так запальваў на сцэне, што магутных дэцыбелаў не вытрымаў вялізны гаршчок з кветкамі, які стаяў на калонцы: з чарговым узятым акордам ён задрыжэў і… паваліўся ўніз, разбіўшыся на друзачкі!
Хораша прадэманстравалі сябе Мінскі дзяржаўны каледж электронікі (фальклорная вакальная група “Пралескі” і аркестр народных інструментаў “Музыкі”, калектыў жэставай песні “АРТ-жэст” і Мікіта Бысюк разам з групай The Alleyways, чытальнік уласнай жа беларускамоўнай паэзіі Арсень Пятровіч), Вышэйшы дзяржаўны каледж сувязі (мужчынскі вакальна-інструментальны ансамбль, салістка студыі вакальных эстрадных спеваў “Салаўіная калыска” Вікторыя Піўтарак, вакальны калектыў “Час ПІК”, харэаграфічны калектыў “Ажыны”), Мінскі дзяржаўны прафесійны ліцэй № 2 лёгкай прамысловасці (спявачка Маргарыта Гардзіевіч і вядучыя канцэрта Юлія Вярбіла, Ганна Харошых, Георгій Хількевіч), Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж кулінарыі (чытальнік — акцёр музычнага тэатра “АРТ-кулінар” Ілья Ярмаловіч), Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж швейнай вытворчасці (спявачкі Дана Стражэвіч і Вера Леўчанка, тэатр моды “Смелае рашэнне”), Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж лёгкай прамысловасці і бытавога абслугоўвання (вакальная група “Флеш”, дзяўчаты — выканаўцы яскравага неонавага шоу Кацярына Хомчык і Хрысціна Аляксеева), Мінскі дзяржаўны прафесійны ліцэй № 10 будаўніцтва імя І.М.Жыжаля (ансамбль “Братка беларус”, хіп-хоп-група TRESC, ансамбль эстраднай музыкі “Фіеста”), Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж чыгуначнага транспарту імя Я.П.Юшкевіча (спявак Андрэй Крачкоўскі).
З некаторымі героямі сталічнага гала-канцэрта давялося пазнаёміцца бліжэй. Так, акцёр музычнага тэатра “АРТ-кулінар” МДПТК кулінарыі Ілья Ярмаловіч, які да слёз расчуліў сваім прачытаннем Эдуарда Асадава “Эту собаку я запомнил как человека…”, усур’ёз звязвае сваё захапленне тэатрам з прафесіяй кандытара. “Бо і там жа, і там — Творчасць з вялікай літары, — гаворыць мой суразмоўца. — У тэатры я імкнуся ўплываць на людзей праз слова, а на кухні я займаюся творчасцю праз прыдумванне ўсё новых і новых упрыгажэнняў на тартах, новых рэцэптаў кандытарскіх вырабаў і г.д. Заўважце, я вучуся менавіта на кандытара, а не на кухара і афіцыянта. Кухар і афіцыянт, магчыма, і абышліся б без творчасці, а кандытар — ні ў якім разе”.
Яшчэ адзін мой суразмоўца — кіраўнік джаз-банда Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа гандлю (таго самага, які зрабіў перапалох на сцэне з разбітым гаршком) Іван Мікалаевіч Ляўкоўскі. Кіруе сваім калектывам ужо 15 гадоў, і на працягу ўсяго гэтага часу яго джаз-банд штогод нязменна атрымлівае дыпломы І ступені на гарадскім фестывалі-конкурсе самадзейнай творчасці навучэнцаў “Юнацтва”. Прызнаецца, што з навучэнцамі яму працаваць нялёгка, але цікава. Самае прыемнае — калі адчуваеш, што з хлопцаў без музычнай адукацыі вырастаюць сапраўдныя музыканты і потым, ужо скончыўшы каледж, яны ўсё адно не пакідаюць любімы калектыў. А наконт разбітага падчас канцэрта гаршка Іван Мікалаевіч хітра ўсміхаецца: “Значыць, энергетыка такая ў нас магутная!”
Нарэшце, я знаёмлюся з, напэўна, адной з самых яркіх удзельніц сталічнага гала-канцэрта — навучэнкай Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа швейнай вытворчасці Данай Стражэвіч, якая выканала песню ў стылі сінці-поп на народныя словы “Баравое сонейка”. Дана была адной з самых яркіх як у пераносным, так і ў літаральным сэнсе — рэдка калі можна ўбачыць выканаўцу ў народным строі з… сінімі валасамі. Яна прызнаецца, што песню “Баравое сонейка” напісаў яе родны бацька прафесійны кампазітар і музыкант Ягор Стражэвіч. Народны тэкст быў вышуканы спецыялістамі-фалькларыстамі параўнальна нядаўна, і тыя словы тады вельмі ўразілі Данінага бацьку, як, зрэшты, потым і саму Дану. Пра сябе яна расказвае, што закончыла мінскую сярэднюю школу № 1, дзе спявала ва ўзорным хоры “Дружба”, паступала сёлета ў каледж мастацтваў, але туды яе не ўзялі з-за колеру валасоў. “Я тады вельмі засмуцілася, была ў страшэннай разгубленасці, а потым выпадкова знайшла ў рукзаку рэкламку каледжа швейнай вытворчасці. І паступіла без ніякіх праблем! Я, канечне, вывучуся на швачку, у жыцці такая прафесія не перашкодзіць. Але калі закончу вучобу ў каледжы, пайду ўсё-такі па музыцы… Буду паступаць на факультэт акадэмічнага вакалу музычнага вучылішча імя М.Глінкі. Паралельна збяру групу і буду спяваць. Я хачу, каб мяне ўспрымалі як чалавека, які займаецца музыкай…”
Вось такі рознакаляровы аказаўся Мінск.
7 красавіка ў Гомелі пройдзе гала-канцэрт выканаўцаў і калектываў Гомельскай вобласці, 8 красавіка ў Магілёве — Магілёўскай вобласці, 9 красавіка ў Віцебску — Віцебскай вобласці, 15 красавіка ў Маладзечне — Мінскай вобласці, 16 красавіка ў Гродне — Гродзенскай вобласці і 17 красавіка ў Брэсце — Брэсцкай вобласці. Усё самае цікавае толькі пачынаецца…

Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.